ЗВЯЗДА
Рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі (вялікую З. часам вазілі) так званыя звездары; атрыбут каляднай абраднасці.
Да каркаса (ім мог быць абечак) са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай і аздаблялі разнаколернымі выцінанкамі, паскамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з разнаколернай паперы.
Цэнтр. Асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзілі толькі промні пры дапамозе спецыяльных прыстасаванняў) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму.
Мяркуюць, што звычай нашэння З. бярэ пачатак у язчыніцкіх абрадах славян, калі ў гонар адраджэння бога сонца ярылы насілі выяву свяціла (каляды супадаюць з перыядам зімовага сонцазвароту).
Звездары звычайна адкрывалі калядны карнавал, таму З. успрымалася як своеасаблівы сімвал гэтага свята і прыстасаванага да яго традыцыйнага тэатралізаванага прадстаўлення.
У суправаджэнні гурту калядоўшчыкаў звездары спявалі калядныя песні, калі хадзілі з батлеечнікамі або самі па сабе, - пераважна псальмы і канты. Звычай нашэння З. быў пашыраны на Беларусі да 1920-х г.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/13863