ДЗЕДАВІЦА

ПЧОЛЫ І НАРОДНЫЯ ТРАДЫЦЫІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЧОЛЫ І НАРОДНЫЯ ТРАДЫЦЫІ

    Аляксей НЕНАДАВЕЦ, доктар філалагічных навук, прафесар

    У красавіку пасля аповеду пра гісторыю пчалярства ў Беларусі ў рэдакцыю патэлефанавалі некалькі чытачоў і папрасілі прадоўжыць гэту тэму. Што мы з радасцю і робім. А пачнём сёння з народных легендаў на біблейскія матывы, у якіх тлумачыцца ўзнікненне на зямлі шэршняў.

    Так, у адным з паданняў гаворыцца: «Першапачаткова Усявышні стварыў толькі карысных пчолак, тых, якія мёд здабывалі людзям на радасць. Але ўбачыў чорт, што Бог выпусціў у свет гэткіх добрых істот, і зайздрасць яму спакою не стала даваць: як жа так, у людзей ёсць пчолы, а ў яго няма ніводнай? Стаў ён прасіць Бога, каб і яму хоць некалькі пчолак даў. Усявышні надта добра ведаў чортаву натуру — абавязкова потым дзе-небудзь нашкодзіць. Таму спачатку катэгарычна адмовіў. Ды чорт усё роўна не адставаў. Бог і так, і гэтак спрабаваў выкруціцца — не атрымліваецца. Тады ён са злосці ўхапіў жменю пчолак і кінуў чорту прама ў твар. Ад надзвычай моцнага ўдару пчолы раптам сталі намнога буйнейшымі і разляцеліся ў розныя бакі, а ад таго, што трапілі ў чорны і зарослы чортаў твар, зрабіліся чорнымі і здольнымі балюча кусацца. Вось таму нават цяпер, перш чым укусіць чалавека, шэршань імкнецца ўдарыць яго ў твар».

    Прыкладна такім чынам людзі тлумачылі з’яўленне на зямлі ўсіх жывых істот, раслін, дрэў, як увогуле і самой зямлі, — менавіта зыходзячы з усеагульнай хрысціянскай тэорыі боскага паходжання. Безумоўна, фальклорныя творы гэткай тэматыкі носяць ярка акрэслены рэлігійны кірунак, але ўсё роўна мы іх адносім да вусна-паэтычнай творчасці, бо ствараліся яны ў асяроддзі беларусаў.

    У народзе існавала вялікая колькасць практычных парад і ўсемагчымых прафесійных сакрэтаў, якія, на думку пчаляроў, дапамагалі ім атрымліваць добры збор мёду і захоўваць сваіх пчолак жывымі. Фёдар Буслаеў падкрэсліваў наступнае: «Сваіх пчолак абкуры воўчай губой, і панясуць тады мёд з чужых борцей у твае борці. Косць асятра ўхваляюць: уваткні ў сярэдзіну пчалінага вулля, дзе пчолы жывуць, ды і ў пусты вулей косць асятра ўваткнеш ці ў борць, і ў тым дрэве пчолы потым жывуць і водзяцца. Ёсць траўка высокая, падобная на набелу, матачнік завецца, а кветкі на ёй сінія, як званочкі, а наверсе, як хвосцік, кветачка і па баках кветкі сінія таксама, а расце на ўзмежжах. На той траўцы, на кветачцы, матка пчаліная сама, здараецца, і бярэ, што ёй толькі патрэбна. Той траўкай добра вуллі націраць і ўсялякія борці; у тым дрэве і ў вулеі пчолы любяць жыць. І той траўкай падфарбоўваюць пчол і падарожнія вуллі і борці вясной: пасля гэтага падлятаюць пчолы. Добра падкурваць асінавым лістом, гэта вельмі здорава.

    А каму ісці да пчол, узяць тры лісты падарожніку і трымаць у роце, таго пчолы не ўкусяць».

    Як мы ўжо згадвалі, пчала лічылася ў народзе свяшчэннай істотай, нярэдка яе звалі божай. Таму адзінае месца, дзе не мог схавацца нячысты дух, ці нячысцік (чорт), — гэта вулей або борць. Сюды не асмельваўся біць сваёй маланкай нават усемагутны Ілля, якому ўсе іншыя мясціны былі даступныя. Праўда, старажытныя беларусы адзначалі, што ад яго стрэл чарцей выратоўвае балота, куды ён таксама не пажадаў лезці. «Каго ўкусіць пчала, — гаварылі патрыярхальныя людзі, — той грэшны чалавек». Калі ў нечы двор залятаў рой, гаспадар мог смела радавацца — яму прываліла шчасце. Нават калі ў хаце, дзе-небудзь пад вуглом ці пад падлогай, звілі сваё кубло восы, гаспадар не асмельваўся яго разбураць, бо на яго магло зваліцца нечаканае няшчасце.

    Чамусьці старажытныя людзі вельмі часта параўноўвалі пчолак з начнымі зоркамі. І сапраўды, калі пільна прыгледзецца, яны падобныя — гэтак жа нечакана з’яўляюцца і знікаюць, а тыя, якія быццам бы свецяць пастаянна, таксама неяк бліскаюць-рухаюцца. І ў значна пазнейшы гістарычны час грэкі лічылі, што мёд спасылаюць на зямлю нябесныя зоркі, а пчолы збіраюць з кветак толькі воск. На небе ў пчолак-зорак быў і свой цар, яго роля, калі верыць міфам розных народаў свету, належала месяцу. Вакол яго зоркі ў начны час водзяць свае вясёлыя карагоды, а днём іх замяняюць пчолкі, якія спусціліся на зямлю і там працягваюць насіць мёд у вуллі.

    Продкі верылі ў тое, што менавіта пчала прыводзіць на нашу зямлю вясну. У 1989 годзе ў вёсцы Радзеева Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ад Л. А. Трэскінай, 1921 г. н., намі была запісана народная песня, якая лішні раз пацвярджае трываласць веры людзей у гэты факт:

    Ты, пчолка ярая,
    Ты вылеці з-за мора,
    Ты вынесі ключыкі залатыя,
    Адкрый лета,
    Лета цёплае;
    Замкні зіманьку,
    Зіму сцюдзёную.

    Можна яшчэ прыгадаць і тое, што калі ў рускіх народных казках станоўчы герой паступае на службу да Бабы-ягі, то тая прызначае яго спачатку на вельмі адказную працу: сачыць за кабыламі, якія ўсялякі раз імкнуцца разбегчыся ў розныя бакі. Але яму дапамагаюць незвычайныя сябры-памочнікі — пчолы. Яны даганяюць уцякаючых кабыл, пачынаюць іх кусаць, і тым нічога не застаецца, як вяртацца назад. Толькі гэтак казачны персанаж вытрымлівае цяжкія выпрабаванні і дасягае сваёй мэты. А пакаранне яго чакала самае суровае і бязлітаснае. Баба-яга магла зрабіць з ім усё, што пажадае. Матыў гэты, мабыць, з’явіўся ў вуснай народнай творчасці ў значна пазнейшыя часы, калі на змену язычніцтву прыйшло хрысціянства і, відаць, ужо паспела трывала замацаваць свае пазіцыі. Менавіта ў гэты перыяд узнік папулярны і ў нашы дні матыў боскай дапамогі, якім вельмі актыўна карысталіся як стваральнікі вусна-паэтычных твораў, так і прафесійныя пісьменнікі. Таму ў дадзеным выпадку і трэба весці гаворку пра адзін з такіх варыянтаў, калі герою казкі на дапамогу ў цяжкі момант жыцця прыходзяць самыя што ні на ёсць боскія стварэнні — пчолы. З пакалення ў пакаленне перадаваліся гэткія фальклорныя шэдэўры, бо ў іх у некаторай ступені адлюстроўвалася вера і памкненні абяздоленага сялянства на нейкую пабочную дапамогу.

    Неабходна згадаць яшчэ і пра тое, што ў прыродзе ў пчолак заўсёды было вельмі многа ворагаў, і пра гэта выдатна ведалі спрактыкаваныя пчаляры. Так, да пчаліных вуллёў часта наведваюцца… звычайныя дзятлы. Прадзёўбваючы адтуліну, птушка дабіраецца да мёду. Абараняючыся ад гэткага медалюба, бортнікі замацоўваюць перад лятком нешта падобнае на плоскі венік з тонкіх галінак. Раздзяўбці яго ў птушкі проста не атрымліваецца. Але ў яе ў лесе ёсць своеасаблівы саюзнік — куніца. Цікава, колькі стагодзяў спатрэбілася, каб дзяцел і куніца пачалі выступаць сумесна. Куніца старанна прагрызае адтуліну ў веніку, а потым ужо дзяцел прыступае да сваёй часткі ўзлому.

    З вуллёў рабаўнікам здабыць мёд складаней, бо абарону пчолам дапамагае трымаць чалавек. Там, дзе блізка ходзяць мядзведзі, пчаляр заўсёды напагатове трымае стрэльбу. Рызыка для мядзведзя вельмі вялікая, але цяга да ласунка неадольная, і ноччу ён ціха прыходзіць на пасеку. Калі ўмовы спрыяльныя, то мядзведзь не ламае вулей на месцы, а нясе-валачэ яго да возера ці да рэчкі і топіць у вадзе. Такім чынам атрымліваецца, што ярасць пчол умела нейтралізуецца.

    Часта да вісячых на дрэвах вуллёў, для абароны ад мядзведзяў прыстасоўваюць самабіткі (тоўстыя кавалкі дрэва з убітымі ў іх вострымі шыпамі, накіраванымі ў розныя бакі. Каб адхіліць самабітку, звер адхільвае ці адштурхоўвае яе і тым самым павялічвае амплітуду замаху, і яна з большай сілай ударае па ім, а шыпы робяць сваю справу — бязлітасна ўпіваюцца ў цела). У рускіх самабітку называюць тукмак.

    З буйных аматараў мёду трэба назваць яшчэ барсука-мёдаеда. Гэты ўласную душу аддасць за мёд. І зноў жа мы назіраем саюз двух жывых істот. Ёсць у Афрыцы птушка — мёдаўказчык. Адшукаўшы пчалінае кубло, яна ўсялякім чынам стараецца звярнуць на сябе ўвагу мёдаеда, а той ужо выдатна разумее, у чым справа. Прабіраючыся за пералятаючай з галінкі на галінку птушкай, мёдаед знаходзіць кубло і разбурае яго. Птушцы застаюцца рэшткі мёду. А галоўнае — воск, таму што мёдаўказчык — адзіны, хто ў прыродзе можа жывіцца воскам.

    Ёсць яшчэ драбяза, напрыклад мурашы, якіх пах мёду можа спакусіць забегчы ў вулей прама праз дзверы-ляток. З імі пчолам змагацца вельмі няпроста, кожны мураш — у своеасаблівай брані і ядам яго не заб’еш. Але пільная пчаліная ахова робіць усё магчымае для таго, каб не пусціць чужынцаў у вулей.

    І калі нельга ў вулей прабіцца з ходу, то можна скарыстацца… падманам. Ёсць матылькі, якіх называюць «мёртвая галава». Яны ведаюць «пароль» для ўваходзячага ў вулей — умела падрабляюць гукі пчалінай маткі. Матка ў вулеі — уладарка, рэгулятар паводзін пчолак. Яе голас, але галоўнае, пах — закон для кожнага з работнікаў, і матылёк, пераймаючы гукі гаспадыні вулея, уводзіць ахову ў зман і паспявае прабрацца да мёду.

    Ёсць у пчол і ў пасечнікаў яшчэ адзін злы вораг, які мае назву «пчаліны воўк». Гэта шэршань — аса вялікая і агрэсіўная. Ён ловіць пчолак на ляту і тут жа ласуецца «мясам пад салодкім сокам». Шэршні пасяляюцца паблізу ад вуллёў і, такім чынам, далёка лётаць на паляванне ім не трэба. Гэтая вялікая аса небяспечная для чалавека. Яд сямі — дзесяці шэршняў для яго можа стаць смяротным.

    Вось і ўсё, што даведаліся мы пра міфалагічнае мінулае самых звычайных пчолак, гуду-звону якіх, на жаль, у апошнія часы мы не надаём асаблівай увагі.

    http://lesgazeta.by/people/nashy-karani/pcholy-i-narodnyja-tradycyi




    Copyright MyCorp © 2018
    Конструктор сайтов - uCoz