ДЗЕДАВІЦА

"Д" (міфалогія)
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЖЫВЁЛЫ І ПТУШКІ Ў ПАХАВАЛЬНЫМ АБРАДЗЕ КУРГАНОЎ БЕЛАРУСІ

    Л. ДУЧЫЦ

    Крыніца: Дучыц Л. Жывёлы і птушкі ў пахавальным абрадзе курганоў Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік №11, Мн., 1997.С. 147 – 150. / С. 147/ Культ жывёл і птушак вядомы ва ўсіх народаў свету і ягo адгалоскі захаваліся да нашых дзён. Пэўную ролю ва ўсе часы жывёлы і птушкі адыгрывалі ў пахавальным абрадзе (Крижевская, 1991. С. 82 — 95; Нікольскі, 1933; Соколова, 1972; Шилов, 1995. С. 196 — 236).

    Паведамленні аб такіх знаходках у археалагічнай літаратуры даволі шматлікія, але, на жаль, не заўсёды падаецца поўная інфармацыя і нават не ўказваецца косткі якой жывёлы ці птушкі былі знойдзены. Ёсць паведамленні аб адначасным знаходжанні ў пахаваннях костак жывёл і птушак, або ўвогуле аб вялікай колькасці костак (Покровский, 1893; Цыбишев, 1893. С. 73 — 74).

    У. Зaвітневіч канстатуе, што ў Рэчыцкім уездзе ў яме курганнага пахавання ён знайшоў 6 чарапоў быка, 2 чарапы каня, некалькі чарапоў свіней і інш. (Завитневич, 1884. С. 124). Больш поўная інфармацыя падаецца ў працах сучасных археолaгаў дзякуючы вызначэнням палеазаолага В.В. Шчагловай.

    Найбольш вартыя ўвагі косткі каня. Конскія пахаванні разам з нябожчыкам у розныя часы вядомы ў многіх народаў. У Еўропе яны найбольш характэрны для тэрыторыі Усходняй Літвы (Вайскунскене, 1990. С. 201 — 206; Куликаускене, 1953. С. 211 — 212) і для скандынаўскіх пахаванняў (Авдусин, 1974. С. 74 — 86; Моця, 1987).

    На тэрыторыі Беларусі ўлічаны 8 курганых пахаванняў, дзе ёсць косткі каня. З найбольш ранніх (трэцяя чвэрць І тыс. н.э.) вядомы пахаванні каля вёсак Гарадок Маладзечанскага, Дарахі Гарадоцкага і Баркі Полацкага раёнаў. У першым побач з пахаваннем чалавека па абраду трупаспалення ў яме глыбінёй 0,7 м знойдзены шкілет каня, які ляжаў на правым баку, ногі падагнуты, галава павернута на паўднёвы ўсход.

    Рэчаў не выяўлена (Зверуго, 1974. С. 372 — 373). У Дарахах трупаспаленне знаходзілася ў яме. Разам з кальцыніраваннымі касцямі чалавека былі перапаленыя косткі каня, а таксама фрагменты ляпнога гаршчка і жалезны шлак. Зафіксаваны дзве рытуальныя ямы, а непадалек ад пахавання каменны жорнаў і міскападобны гаршчок (Штыхаў, 1992. С. 132).

    У Барках сярод кальцініраванных костак чалавека выяўлены косткі каня і хатняга быка, якія належалі маладым асобінам. Агульная вага ўсіх костак складала 4,3 кг (Штыхаў, 1992. С. 116 — 117).

    Каля в. Банонь Полацкага раёна ў курганным могільніку Х — ХІ стст. конь быў спалены разам з воінам. Агульная вага касцей 3,2 кг. Сярод костак знойдзены перапаленыя жалезныя рэчы (цуглі, кальцо, наканечнікі стрэлаў, спражкі) і кругавы гаршчок (Штыхаў, 1992. С. 120 — 121). Да ХІ ст. адносяцца пахаванні з канямі каля вёсак Замошша і Багрынава Талачынскага раёна.

    Каля в. Замошша нябожчык пахаваны па абраду трупапалажэння, а конь спалены (Сергеева, 1973. С. 368). У Багрынаве сківіца каня знойдзена побач з жаночым касцяком у парным пахаванні. Абодва нябожчыкі пакладзены галовамі на захад.

    Жаночае пахаванне суправаджалі серп, два пярцёнкі, пярсцёнкападобнае скроневае кальцо, бронзавае паясное кальцо і спражка, а мужчынскае — нож, ключ, на поясе бронзавае кальцо і падковападобная спражка (Сергеева, 1969. С. 107 — 111).

    Каля в. Дзям’янкі Добрушскага раёна вядомы курган ХІІ ст. з косткамі каня ў ровіку. У гэтым кургане быў пахаваны мужчына па абраду трупапалажэння галавой на захад. Каля галавы стаяў гаршчок (Соловьева, 1967. С. 196). Косткі каня згадваюцца ў адным з курганоў каля в. Хаценчыцы Вілейскага раёна.

    Яны знаходзіліся ў мацерыковай яме і зверху былі накрыты перавернутым уверх дном гаршчком, пад якім аказалася чорная зямля і некалькі медных шарыкаў велічынёй з гарошыну. Каля гаршчка знойдзена жалезная спражка (Покровский, 1893. С. 25). Аб знаходках у курганах Наваградчыны конскіх шкілетаў паведамляе А.Г. Кіркор (Живописная..., 1882. С. 239 — 240).

    Рэшткі каня таксама вядомы ў сінхронных курганам грунтовых могільніках. Цэлы шкілет каня быў у яме глыбінёй 1,5 м на грунтовым могільніку Х — ХІ стст. каля в. Казлоўцы Міёрскага раёна, дзе адбываліся пахаванні па абраду трупаспалення і трупапалажэння (Семянчук, 1993. С. 124). На грунтовым могільніку каля в. Вялемічы Столінскага раёну рэшткі каня былі ў трох пахаваннях.

    У адным сківіца ляжала каля левай рукі нябожчыка, у другім — на адлегласці 1 м на поўдзень ад бедраных костак. У /С. 148/ 20 м ад пахаванняў на паўночны ўсход, на глыбіні 0,7 м выяўлены цэлы конскі шкілет. Ён ляжаў на левым баку, галавой на ўсход, ногі падагнуты. Рэчаў побач не было (Кухаренко, 1971. С. 71).

    Цікавыя звесткі падае Ф.В. Пакроўскі — каля мястэчка Вязынь на Вілейшчыне, на беразе ракі быў вырыты чалавечы шкілет, а ніжэй шкілет каня (Покровский, 1893. С. 27). Увагі заслугоўвае адзін з курганоў каля в. Рудня Полацкага раёна. Тут выяўлены рэшткі трупаспалення ў глінянай вурне, а побач пяць ляпных гаршчкоў і нож.

    У вурне разам з касцямі было дзве шкляныя пацеркі і касцяная мініяцюрная галоўка каня даўжынёй 2,6 см. Пахаванне датавана ІХ — ХІ стст. (Штыхаў, 1992. С. 121). З абрадам пахавання каня трэба звязваць асобныя знаходкі цугляў (Перавоз, Чарневічы). Значна менш зафіксавана пахаванняў, дзе прысутнічалі косткі быка ці каровы.

    Поўная інфармацыя аб чатырох такіх курганах — Баркі Полацкага раёна, дзе косткі быка былі разам з косткамі каня, два пахаванні каля Дарахоў Гарадоцкага і адно каля Батвінаўкі Чачэрскага раёнаў.

    У Дарахах адно пахаванне жаночае і адно мужчынскае. У першым знойдзены два зуба, адзін з якіх належаў цяляці, а другі — хатняму быку. Пахавальны інвентар складаўся з жалезнага вырабу (звяно ланцуга), жалезнага кальца і бронзавай спіральнай пранізкі. У другім пахаванні зубы хатняга быка былі сярод спаленых костак чалавека.

    Тут таксама знойдзены жалезная шпора і гліняная пасудзіна. Датыроўка дарахоўскіх пахаванняў — трэцяя чвэрць І тыс. (Штыхаў, 1992. С. 127, 129). У кургане каля Батвінаўкі косткі каровы, перавязаныя скураным раменьчыкам, ляжалі ў нагах нябожчыка, пакладзенага галавой на поўдзень.

    Пахаванне суправаджалі дротавы бранзалет з завязанымі канцамі, падковападобная фібула, два нажы, адзін з якіх быў у скураным футарале з меднымі накладкамі і на доўгім ланцужку. Ёсць курганныя пахаванні з чарапамі казлоў (баранаў ці авечак). Такіх насыпаў вядома пяць і ўсе яны сканцэнтраваны на Глыбоччыне — тры ў Чарневічах і два ў Шо.

    Так, у Шо чарапы былі ў жаночым і ў дзіцячым пахаваннях. Вядома больш падрабязней пра дзіцячае пахаванне. У ім знойдзены падковападобная фібула, рэшткі суконнай світы, пояс з сярэбранымі бляшкамі і на поясе нож. На правай руцэ быў бранзалет, каля ног ляжала вялікая сякера і паблізу чэрап барана (Голубович Е., Голубович В., 1945. С. 134).

    Пахаванні з чарапамі казлоў (баранаў, авец) характэрны для скандынаваў. Шмат іх у Гнёздаве (Авдусин, 1974. С. 74 — 86; Петрухин, 1975. С. 85 — 92). Варта згадаць і пра сярэбраную падвеску-амулет з выявай барана, якая знойдзена ў кургане каля в. Наўры Мядзельскага раёна.

    Аналагічныя вядомы на востраве Готланд (Cehak-Holubowiczowa, 1937. S. 1 — 51). Культ барана на паўночным захадзе Беларусі праіснаваў амаль да нашых дзён. Сведчаннем таму этнаграфічныя дадзеныя. В. Ластоўскі гаворыць аб святкаванні Дзядаў у 60 — 70-ыя гады ХІХ стагоддзя каля Новага Пагоста на Дзіснешчыне.

    У вёсцы Рэчкі ў ноч на Дзяды збіраліся старыя сяляне, прыводзілі казла або барана, рабілі на цвінтары вогнішча, рэзалі казла, варылі яго і затым у капліцы ладзілі памінальную вячэру з абрадавымі песнямі (Пагашчанін, 1926 — 1927. С. 68).

    У 70-ыя гады ХІХ ст. на Бягомельшчыне згадваецца аб існаванні рытуальнага кашаля ў гонар авечак (Нечто..., 1874. С. 227 — 232). М. Косман піша, што ў 1830 годзе на тэрыторыі Літвы і Прусіі яшчэ існавалі патаемныя ахвярапрынашэнні казлоў, якіх забівалі ў стадолах (Kosman, 1974. S. 113 — 114). У літаратуры згадваецца адзін курган з чэрапам сабакі.

    Гэта мужчынскае пахаванне каля в. Залезькі Глыбоцкага раёна (Голубович Е., Голубович В., 1945. С. 134). Але, ўлічваючы, што гэтае пахаванне знаходзіцца паблізу ад тых курганных могільнікаў, дзе сканцэнтраваны знаходкі чарапоў баранаў (казлоў, авечак), то магчыма і тут быў чэрап авечкі, а не сабакі. Вядомы курганы з рэшткамі свінні (кабана).

    Так, у пахаванні па абраду трупаспалення каля в. Вусце Браслаўскага раёна сярод спаленных костак дарослай жанчыны была пятачная костка свінні. Пахавальны інвентар уключаў ляпны посуд, нож, некалькі шкляных пацерак невыразнага колеру (Дучыц, Шадыро, 1992. С. 77). Другое пахаванне вядома ў Нісімкавічах Чачэрскага раёна.

    Тут быў цэлы шкілет свінні, які ляжаў у яме побач з нябожчыкам (Александрович, 1986. С. 16 — 17). Са знаходак костак дзікіх жывёл пакуль што маюцца звесткі толькі аб амулетах. Напрыклад, мядзвежы зуб і кіпцюр згадваюцца ў адным з радзіміцкіх курганоў (Багамольнікаў, 1979. С. 66 — 72). Вядома, што тры круганныя пахаванні з рэшткамі птушак (Кастрыца, Бяскатава Гарадоцкага і Глінішча Полацкага раёнаў).

    Каля Кастрыцы амаль на сярэдзіне падэшвы кургана стаяў кругавы гаршчок з рэшткамі костак птушак. Акрамя таго ў кургане былі тры валуны, 16 паставых пацерак, вочкападобная пацерка, сярэбрашкляная пацерка, металічная круглая прывеска і паясное бронзавае кальцо. Датыроўка пахавання ХІ ст. (Штыхаў, 1992. С. 151 — 152).

    У Бяскатаве сярод кальцініраванных костак чалавека /С. 149/ было некалькі птушыных костачак і касцяная фігурка качачкі (Штыхаў, 1992. С. 117 — 118), а ў Глінішчы — птушыная костачка і білонавы шырокасярэдзінны пярсцёнак з завязанымі канцамі (Штыхаў, 1992. С. 124 — 125).

    Варта яшчэ згадаць і гаршчок знойдзены на курганным могільніку каля в. Новы Крыўск Рагачоўскага раёна. На дне пасудзіны было кляймо ў выглядзе вадаплаваючай птушкі (Соловьева, 1971. С. 68).

    Такім чынам, на падставе ўсіх сабраных звестак можна зрабіць некаторыя высновы аб ролі жывёл і птушак у курганным абрадзе. Гэтаму дапамагаюць і дадзеныя па суседнім раёнам (Авдусин, 1974. С. 7 — 86; Андреева, 1969. С. 189 — 192; 1980. С. 56 — 63; Вайткунскене, 1990. С. 201 — 206; Голубева, 1981. С. 87 — 98; Жарнов, 1991. С. 76 — 88; Куликаускене, 1953. С. 211 — 222; Моця, 1987; Успенская, 1972. С. 134 — 137).

    На тэрыторыі Беларусі фаўністычныя знаходкі (спаленыя і неспаленыя) сустракаюцца ў курганах па абраду трупаспалення і трупапалажэння. Косткі жывёл і птушак траплялі ў курган ў якасці ахвяры нябожчыку, менш як рэшткі трызны. Найчасцей сустракаюцца косткі хатніх жывёл — каня, быка, барана (казла, авечкі) і свінні.

    Дзікія жывёлы прадстаўлены амулетамі з клыкоў таранных костак ваўка, зайца, мядзведзя і бабра. Косткі жывёл і птушак у курганных пахаваннях найбольш характэрны для наваколіц Полацка, паўночна-усходняй Беларусі і Пасожжа.

    Як правіла, такія пахаванні шматінвентарныя, а ўсе знойдзеныя жывёлы звязаны як з загробным светам, так і з культам пладароддзя.

    ЛІТАРАТУРА

    1. Авдусин Д.А. Скандинавские погребения в Гнездово// Вестник МГУ. Серия история. М., 1974. N 1. C. 74 — 86.

    2. Алексадровіч Н., Багамольнікаў У., Макушнікаў А. У радзіміцкім кургане// ПГКБ, 1986. N 2. C. 16 — 17.

    3. Андреева Е.Г. Ксоти животных из курганов в окрестностях Вышнего Волчка// Экспедиция Государственного исторического музея. М., 1969. С. 189 — 192.

    4. Андреева Е.Г. Остеологические материалы из Гнездова// СА, 1980. N 1. C. 56 — 63.

    5. Багамольнікаў У.У. Асноўныя вынікі вывучэння радзіміцкіх курганоў// Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. Мн., 1979. N 3. C. 66 — 72.

    6. Вайткунскене Л.К. К вопросу о роли коня в древнелитовском погребальном обряде (V — XIII вв.)// Исследования в области балто-славянской духовной культуры. Погребальный обряд. М., 990. С. 201 — 206.

    7. Голубева Л.А. Конские погребения в курганах северо-восточной Руси VIII — XI вв.// СА, 1981. N 4. C. 87 — 98.

    8. Голубович Е., Голубович В. Славянские поселения правобережнйо Дисны в Вилейском округе БССР// КСИИМК, 1945. Вып. ХІ. С. 126 — 137.

    9. Дучыц Л.У., Шадыра В.І. Аб славянскім рассяленні на паўночным захадзе Беларусі (па матэрыялах курганнага могільніка каля в. Вусце Браслаўскага раёна)// Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. Мн., 1992. N 3 — 4. C. 73 — 79.

    10. Жарнов Ю.Э. Животные в погребальном обряде курганов периода становления древнерусского государства// СА, 1991. N 2. C. 76 — 88.

    11. Живописная Россия. СПб., 1882. Т. ІІІ. С. 239 — 240.

    12. Завитневич В. Археологическая поездка по Черниговской и Минской губерниям // Древности. М., 1884. Т. XV, вып. 1.

    13. Зверуго Я.Г. Работы в Верхнем Понеманье// АО 1973 года. , 1974. С. 372 — 373.

    14. Крижевская Л.Я. Погребения животных как форма проявления первобытных верований// Реконструкция древних верований: источниик, метод, цель. СПб., 1991. С. 82 — 95.

    15. Куликаускене Р.К. Погребения с конями у древних литовцев// СА, 1953. Т. XVII. C. 211 — 222.

    16. Кухаренко Ю.В. Погребения ХІ — ХІІ вв. на могильнике у дер. Велемичи// КСИА, 1971. Вып. 125. С. 69 — 72.

    17. Моця А.П. Население Среднего Поднепровья ІХ — ХІІІ вв. (по данным погребальных памятников). Киев, 1987.

    18. Нечто из религиозных обрядов и суеверий в Бегомльском приходе Борисовского уезда (о поминовении умерших)// Минские Епархиальные Ведомости. Мн., 1874. N 7. C. 227 — 232.

    19. Нікольскі Н.Я. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства// Працы секцыі этнаграфіі. Мн., 1933. Т. ІІІ.

    20. Пагашчанін. Крывічанскія дзяды// Крывіч. 1926 — 1927. N 12. C. 66 — 69.

    21. Петрухин В.Я. Ритуальные сосуды из курганов Гнездова и Чернигова// Вестник МГУ. Серия история. М., 1975. N 2. C. 85 — 92.

    22. Покровский Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии// Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне ІХ Археологического съезда. Вильна, 1893.

    23. Семянчук Г.М. Новая катэгорыя археалагічных помнікаў на тэрыторыі Полацкай зямлі (грунтовыя могільнікі ХІ — ХІІІ стст.)// ГАЗ, 1993. N 2. C. 124 — 139.

    24. Сергеева З.М. курганы у дер. Багриново вблизи древнерусского Друцка (БССР)// КСИА, 1969. Вып. 120. С. 107 — 111.

    25. Сергеева З.М. Обследование в Витебской области// АО 1972 года, 1973. С. 368.

    26. Соколова З.П. Культ животных в религиях. М., 1972.

    27. Соловьева Г.Ф. Славянские курганы близ д. Демьянки// СА, 1967. N 1. C. 187 — 198.

    28. Соловьева Г.Ф. Славянские курганы близ села Новый Кривск// КСИА, 1971. Вып. 125. С. 65 — 68.

    29. Соловьева Г.Ф. Славянские курганы у с. Ботвиновка Гомельской области// КСИА, 1982. Вып. 171. С. 75 — 80.

    30. Успенская А.В. Женские погребения с конем Х в. из Березовецкого могильника// Новое в археологии. М., 1972. C. 134 — 137.

    31. Цыбишев М.А. Раскопки в конце 1892 года некоторых курганов близ Новогрудка Минской губернии// Каталог предметов доставленных на археологическую выставку при ІХ Археологическом съезде в Вильно. Вильна, 1893.

    32. Шилов Ю. Прародина ариев. Киев, 1995.

    33. Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992.

    34. Cehak-Holubowiczowa H. Materialy i zagadnienia cmentarzyska kurhanowego kоlo wsi Nawry w powiecie Postawskim// Rocznik archeologiczny. Wilno, 1937. N 1. S. 5 — 51.

    35. Kosman M. Zmierzch poganstwa wsrod Baltow// Euhemer — Przeglad ruligioznawczy. Warszawa, 1874. R. XVIII, N 4 (94). S. 97 — 114.

    Крыніца: http://paganstva.org/viewtopic.php?f=19&t=124




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz