ДЗЕДАВІЦА

МЕНЕСК, МЯНЕСК, МЕНСКІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МЕНЕСК, МЯНЕСК, МЕНСКІ

    Асілак – чараўнік, персанаж беларускай міфалогіі. Паданне пра М. было апублікавана ў сярэдзіне XIX ст. П. Шпілеўскім. Згодна з ім, М. быў заснавальнікам горада Мінска (Менска, Менеска) і жыў паміж пазнейшым Татарскім канцом І Пярэспай. Ён пабудаваў на Свіслачы вялікі мураваны млын з сямю коламі. У гэтым млыне мука малолася не са збожжа, а з камянёў. Ніхто ніколі не бачыў М.

    Толькі ноччу на млыне былі чутны нейкія дзіўныя крыкі, гіканне, песні, музыка і скокі. Апоўначы М. раз’язджаў на сваім млыне па дарогах, набіраў дружыну з дужых людзей і рабаваў у наваколлі. Ад яго хаўруснікаў утварыўся асобны народ, які стаў сяліцца побач з млынам чараўніка.

    Пазней захавалася прымаўка: “Не пайду я да Менска ад шляху Віленскага; а (калі) пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з менескам”. Стомленыя рабаўніцтвамі М., навакольныя жыхары звярнуліся па дапамогу да яшчэ больш магутнага чараўніка, і той, спаліўшы небяспечны млын, прагнаў назаўсёды М. з ваколіцаў Менска.

    Але памяць аб ім захавалася ў назве горада. Наконт інтэрпрэтацыі падання існуюць розныя пункты погляду. Э. Зайкоўскі звяртае ўвагу на тое, што калі першапачаткова Менск, як абгрунтавана часткай беларускіх археолагаў, узнік на рацэ Мена (цяпер блізу в. Гарадзішча Мінскага р-на), то і назва горада з’яўляецца вытворнай ад гідроніма.

    Таму прывязка падання пра М. да гісторыі ўзнікнення Менска ўяўляецца штучнай і дастаткова позняй, зробленай па правілах народнай этымалогіі. У міфалогіях розных народаў сустракаюцца імёны персанажаў, якія нагадваюць па гучанні імя М. Так, блізкімі да яго могуць быць словы, якія абазначалі Месяц: параўн. праі.-е. *mes - , *mens- і іх вытворныя ў і.-е. мовах.

    З другога боку, у германскай міфалогіі Манн з’яўляўся першым чалавекам, а ў індыйцаў ён называўся Ману. У рымлянаў існавала вера ў багоў замагільнага свету Манаў, якія лічыліся і захавальнікамі грабніцаў. У ведыйскай міфалогіі Манью – божышча гневу, якое называюць забойцам Ўрытры, правадыр войска.

    Аднак імаверна, што аснову імя М. належыць звязваць з этымонам і.-е. *men- “мяць, расціраць” (адкуль, у прыватнасці, слова “мука”, а таксама такія словы, як “меншы”, “мянціць” – вастрыць касу з дапамогай “мянташкі” і некаторыя іншыя), што адпавядае асноўным функцыям М. у паданні (С. Санько). Пры аналізе падання пра М. можна адзначыць наступныя характэрныя рысы гэтага персанажа:

    1) асілак і чарадзей;

    2) млынар;

    3) сувязь з культам камянёў (мука малолася з камянёў);

    4) начныя гучныя пацехі на млыне;

    5) правадыр дружыны.

    Начныя дзіўныя крыкі і гіканне на млыне нагадваюць матыў забаваў нячыстай сілы ў шэрагу фальклорных твораў. Праца млына звязана з вадой, а значыць, з істотамі накшталт Вадзяніка. Але, з другога боку, працэс пераломвання нагадвае выкрасанне Грымотнікам маланак з каменных жорнаў ці з двух камянёў, а ўказанне на М. як на правадыра дружыны таксама збліжае яго з Богам Навальніцы, апекуном вайсковай справы.

    Магчыма, М. мае прататып у праіндаеўрапейскай міфалогіі, які потым зазнае трансфармацыю ў розных лакальных міфалогіях. А. Прохараў адзначае, што паданне захавалася ў двух варыянтах, якія амаль паўтараюць адзін адно, але адрозніваюцца ў некаторых дэталях.

    Абапіраючыся на адзін варыянт падання, П. М. Шпілеўскі выказаў гіпотэзу аб магчымасці існавання гістарычнай постаці мясцовага князя, ад якога, магчыма, атрымаў назву і горад.

    На самай справе бясспрэчна, што назва горада пайшла ад ракі Менкі, а назва героя – ад назвы горада. Нягледзячы на тое што ў паданні выкарыстаны старажытныя матывы, само паданне пра М. мае дастаткова позняе паходжанне. У гэтым пераконваюць наступныя матывы падання:

    а) матыў аб нябачнай нячыстай сіле, якая апоўначы збіраецца на пір у нейкіх месцах і забудовах на ўскраіне людскіх паселішчаў. Ён быў вельмі папулярны менавіта ў .сярэднявеччы (у чарадзейных казках адмыслова падкрэсліваецца, што ў млыне ўдзень малолі людзі, а ўначы – чэрці).

    З гэтым матывам генетычна спалучаецца і матыў язды ноччу М. на млыне, што адпавядае сярэднявечным уяўленням аб ведзьмах. Сярэднявечны фальклор, у тым ліку заходнееўрапейскі, ведае і матыў мукі з камення. Млыны пачалі будаваць на Беларусі ў познім Сярэднявеччы, што длбра паказвае храналагічныя межы ўзнікнення падання.

    Млыны будавалі на ўскраінах населеных пунктаў. Да млынароў у народзе ставіліся з насцярогай, і хадзілі пагалоскі аб тым, што яны знаюцца, з нячыстай сілай і апраўляюць нейкія спецыяльныя абрады , што, магчыма, і зафіксавала паданне.

    У гэтым плане цікава, што ў сярэднявечным Мінску ўзапраўды існаваў млын, які адзначаюць падарожнікі. Так, напрыклад, Пётр Талстой, стольнік рускага цара Пятра І, у 1697 г., праязджаючы праз Мінск, узгадвае раку Свіслач і “на ёй ёсць млын аб 4 каменях”, што можа адпавядаць у паданні “на сямі колах”;

    в) матыў аб разбойніках, імя якіх потым дало імя гораду, быў вельмі пашыраны на беларускіх землях: дастаткова прыгадаць паданні аб назве Магілёва, ваўкавыска, Брагіна ды інш.

    Але ўсе гэтыя паданні маюць дастаткова выразнае позняе пакходжанне. У выніку магчыма сказаць, што паданне пра М. – яскравы прыклад позняга ўзнікнення падання па прынцыпе “народнай этымалогіі”, якая ад назвы горада стварыла паданне з легендарнай постаццю.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz