ДЗЕДАВІЦА

ПАГАНСКАЕ КАПІШЧА Ў МЕНСКУ Ў XIХ – ПАЧАТКУ ХХ СТ.
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАГАНСКАЕ КАПІШЧА Ў МЕНСКУ Ў XIХ – ПАЧАТКУ ХХ СТ.

    Міхаіл Кацар

    17.09.2008 г.

    Сярод помнікаў беларускай паганскай старасвеччыны адзін з найбольш славутых — гэта культавы камень Дзед, або Старац, які цяпер знаходзіцца ў сталічным музеі валуноў, а раней быў цэнтральным аб’ектам шанавання ў святыні, што месцілася на беразе Свіслачы, у раёне цяперашняга рэстарану «Старое русло», ля ліцэю БДУ ў Менску.

    Упершыню і найбольш падрабязна гэты помнік апісаў Эрнст Ляўкоў у сваёй кнізе, прысвечанай валунам[1]. Інфармацыю пра святыню, са словаў самога Э. Ляўкова, ён атрымаў ад даследніка беларускай даўніны Міхаіла Кацара. Паводле Э. Ляўкова, М. Кацара «хваляваў лёс старажытнага валуна», і ўсё, што было вядома пра помнік, той сабраў у этнаграфічным дзённіку, «які цудам захаваўся да нашых дзён»[2].

    І цяпер мы можам апублікаваць матэрыялы дзённіка, копія якога была ў сваім часе перададзеная аўтарам Тодару Кашкурэвічу. Яны збольшага ўвайшлі ў кнігу Э. Ляўкова (у пераказе), але арыгінал палявых запісаў дазволіць даследнікам паганскай мінуўшчыны з большым даверам паставіцца да гісторыі «малельні», што дзеяла на ўскраіне Менску да канца ХIХ — пачатку ХХ ст., параўнаць і ўдакладніць факты, змешчаныя ў арыгінале і ў інтэрпрэтацыі Э. Ляўкова.

    Дзённікавыя запісы М. Кацара датуюцца 1940 г., маюць загаловак «Славянское языческое капище». Дзеля таго, што дзённік фрагментарны (гэта, відавочна, запісы, зробленыя па ходзе экспедыцыі), дык даём мы яго ў сваёй рэдакцыі ў перакладзе на беларускую мову. Беларуская гаворка суразмоўцаў М. Кацара, зафіксаваная ў расійскамоўным арыгінале, адзначаецца рассяроджаным шрыфтам.

    Пры гэтым трэба браць увагу на тое, што пераказ этнографам пачутага, маўленне ягоных «герояў» нярэдка стракаціць тыпова гарадскою, нават канцылярскаю лексікаю, што выклікае сумневы ў дакладнай перадачы сказанага імі слова ў слова, але не дае падставаў сумнявацца ў праўдзівасці занатаванага.

    Пачынаецца дзённік пераказам словаў Хрысціны Савельінай (нар. 1857 г.)[3]: У Менску на Лодачнай вул., на беразе Свіслачы захаваліся часткі паганскага капішча. Складаецца яно з каменя паўсферычнага завяршэння, крыжа, абвешанага вышыванымі ручнікамі і памосту. Частка гэтага памосту ляжыць на зямлі і даходзіць да каменя.

    Другая частка блізка двух метраў ушыркі і да метра даўжынёю навісае над вадою Свіслачы. Памост служыць на адпраўленне набажэнства папом. Потым поп свенціць ваду, затым акрапляе ёю вернікаў. Па гэтым вернікі кладуць у касу грошы (гэта каструля з закрытым верхам, дзе ёсць адтуліна, куды кідаюць грошы).

    Пасля поп дазваляе вернікам браць[4] святую ваду, то значыць ваду са Свіслачы, але свянцоную. Яшчэ ставілі скрыню з дошак. У яе складвалі святыя ахвяры. Гэта найчасцей ручнікі, палатно, у мяшочках (торбачках) жыта, ячмень, крупы. Тут была цікавая гісторыя. Даўней набажэнствы і асвячэнне вады рабіў знахар, ці чараўнік, як яго тады называлі.

    Але чараўнікоў гэта толькі цяпер лічаць за благіх людзей, за служак антыхрыстаў. Тады іх нашы дзяды лічылі як за святых і ўва ўсім слухаліся іх, маліліся ім, прыносілі ім багатыя ахвяры. Што ні здарыцца дрэннае: пажар, крадзеж, паморак на скаціну, хвароба, усё ішлі да чараўніка за дапамогай.

    Ён варажыў па сонцы, па зорках, па вантробах казы ці авечкі, прынесенай чараўніку і тлумачыў сялянам, ад чаго здарылася няшчасце і як ад яго пазбавіцца. За гэта чараўніку прыносілі многа ўсякага дабра. Яшчэ ў час Крымскай вайны быў знахар-чараўнік Савасцей[5], высокі[6] і таўсты мужчына з вялікай чорнай барадой і даўгімі валасамі: хто казаў, што ён злы, а хто казаў добры. <…>[7]

    І ён гэта, Савелі[8], даваў жанчынам па невялікім пеўніку — свістульцы з гліны, ён рабіў іх сам, сам абпальваў, сам размалёўваў. Гэтага пеўніка трэ’ было трымаць у сцяне на покуці. І трэ’ было маліцца, прасіць, каб бог абараніў ейнага мужа ад супастата, ад кулі, ад штыха і ад пікі, ад шаблі.

    Апрача таго гаварылася: „Літасцівы божа, заступіся за раба (такога а такога), абарані яго ад кулі шпаркай, ад шаблі вострай, ад штыха калючага, ад усякай ліхасці і няшчасця”„[9]. Дзённік працягваецца дыялогам між М. Кацарам і яго інфарматаркай:

    ПЫТАННЕ: „Вы сказалі, што ведаеце цікавую гісторыю…”

    АДКАЗ: „А гэта было вот як. Дазналіся папы (царкоўныя), што чараўнік Севасцей разбагацеў пры гэтым малітоўным камені, ці малельні ля каменя, так называлі гэтае месца. Яны пастанавілі адабраць у чараўніка гэты камень, ахрысціць яго па-хрысціянску, паставіць ля яго крыж і служыць па-хрысціянску набажэнства.

    Вось яны выгналі гэтага чараўніка, адабралі ў яго камень і ўсе малельныя справы. Яны паставілі крыж, паставілі святы аналой (такую скрыню з крыжом). У скрыні былі кадзіла, крыж, евангелле і міска, куды клалі грошы. Вось стаў тут служыць поп айцец Яўфімі. Ён таксама разбагацеў. Але пасля папаўзлі чуткі, што сапраўдныя папы і дзякі не хацелі маліцца тут, пры камені.

    Яны казалі, што гэта паганае месца, што там (то бок пры камені) бывае збіраюцца чэрці, што там жыве ведзьма. Аказваецца, што служыў пры гэтым камені канакрад, які ўцёк з турмы, што ён не Яўфімі, а Скардовіч[10] Аўхім з прыгонных на Меншчыне… Пасля ён уцёк няведама куды. Але гэта ўжо было пры саветах”[11].

    ПЫТАННЕ: „Як выглядала паганскае капішча ў пачатку савецкай улады, у 20-я гады ХХ ст., калі ў ім служыў Севасцееў сын Севасцей, да ператварэння гэтай святыні ў хрысціянскую?”

    АДКАЗ: „А было гэта ў канцы 20-х гадоў, не ведаю, калі дакладна. Тады ў малельні гаспадарыў сын Севасцьяна, малодшы Севасцьян. Гэта я памятаю. Тады стаяў як і цяпер святы камень, ці Старац[12], як яго называлі. Быў памост з расколатых бярвёнаў. Ён звісаў на ваду Свіслачы. Але агню пры камені не раскладалі.

    Калі сталі будаваць на Лодачнай вул. дамы, а гэта было пасля пракладання чыгункі і пабудовы ў Менску вакзалу, тады жыла я на Татарскай вул., хадзіла да гэтага каменя мая суседка з Татарскай вул. Праскоўя Калтуковіч (Піліпіха[4]), сястра Севасцеевай жонкі. Вось мы і хадзілі да яго ў госці, то бок да знахара Севасцея. Стары Севасцей памёр да Японскай вайны.

    Яму было тады больш за сто гадоў. Але я памятаю, ён быў дужы стары. Кажуць, што ён быў зачараваны і меў каменнае здароўе. Але як упала яго зорка з неба, так ён праз год пасля гэтага і памёр. Але на могілках яго хаваць не дазволілі. Быў і могільнік людзей, якія хадзілі маліцца ў малельню, а не ў царкву. Тут, дзе цяпер завод[14], яны мелі свае клады. Яны былі праклятыя ад папоў і ксяндзоў.

    Пры саветах камень і месца вакол яго мела гэткі выгляд. Пры камені быў памост. Ён быў як мост над Свіслаччу. Камень, памятаю, быў абвешаны ручнікамі і хвартухамі ды іншымі тканінамі. Калі ў каго баліць жывот, ці жанчына хоча нарадзіць, але дзяцей не мае, тады, каб акрыяць, ці каб радзіць дзіця, яна вешала свой хвартух на гэты камень.

    А калі дзяўчына хоча выйсці замуж, то яна загадываець на якога-небудзь дзецюка (хлопца) і вешае свой рушнік, вышыты ейнымі рукамі, на гэты камень. Вось такімі прывескамі тады быў абвешаны гэты камень. А іншыя вешалі на дуб. Ці спраўдзілася ўсё гэта — не ведаю. Гэта ўсё павінна вісець на камню 33 дні. Ну, а калі хто ўкрадзець, тады трэба вешаць зноў.

    Вось знахар стараўся як скарэй зняць з каменя ахвяру і схаваць у кубел. Многа такой ахвяры хавалася ў мае суседкі з Татарскай вул. Яна часта прадавала на рынку гэтыя хвартухі ці ручнікі. Іншыя рэчы прыносілі на малельню, калі пачыналі адпраўляць набажэнства. Усё гэта ляжала на двары Севасцея. Які від мела малельня яшчэ раней, невядома”„[15]. Далей — гутарка з Хрысцінай Андрэеўнай Несцяровіч (нар. 1853 г.)[16]:

    ПЫТАННЕ: „Як выглядала малельня пры камені тады, як Вы пасяліліся на Лодачнай вул.?”

    АДКАЗ: „То было даўно, мабыць, гадоў семдзесят таму. Але я помню той час. Тады я была маладая, спрытная, дужая. Уся гэтая мясціна пры Свіслачы[17] тады была пад лесам. Лес густы, елка, асіна, бяроза, альшына, не прайсці, не праехаць. Гэта была жудасная тхлань, глуш. Вось у гэтай глушы пад Менскам была гэтая малельня. Яна была ў гушчары, сярод балота, на топкім беразе Свіслачы. Перадусім тут быў камень, які стаіць цяпер.

    Раней я думала, што ён святы. Але папы пасля сказалі, што ён не святы. Што маліцца яму грэх. Памятаю, быў памост з бярвёнаў. Ён ішоў і над Свіслаччу. Ён быў на слупах, што былі ўбітыя ў дно Свіслачы. На гэтай пляцоўцы дзеялася набажэнства. Памятаю, увесь камень быў абвешаны ручнікамі і палатном. На камень вылівалі віно, мёд, малако. Ад яго смярдзела. На яго садзілася многа мух, пчол і чмялёў. Яны кусаліся, але на гэтым камені нічога не палілі.

    Агонь быў недалёка ад каменя. Ён быў на камянях і быў абкладзены камянямі. Блізка 1 м у дыяметры. Дно вогнішча было выкладзенае каменнем, а вакол вялікія валуны. Яны стваралі круглую мяжу (г. зн. бар’ер). Яго вышыня была блізка 30—40 см. На гэтым агні згаралі вантробы авечак, коз, свіней і пеўняў, якіх ахвяроўвалі. Але калі пачалі будаваць у Менску чыгуначную станцыю, пачалі забудоўваць Лодачную вул., агонь сталі тушыць, а камяні раскідваць у Свіслач.

    Памятаю, прыязджалі жандары і раскідалі вогнішча ды затушылі ўвесь агонь. Забаранілі спальваць на агні мяса авечак і коз. Тады знахар Севасцей ледзь адкупіўся. Ён даў паліцэйскаму жандару многа грошай і цэлую бочку мёду. Так тады ў нас казалі„[18].

    ПЫТАННЕ: „Нашто стаяў гэты камень? Якую ён меў ролю?”

    АДКАЗ: „Аб ролі не ведаю. Але ён быў галоўны, ён быў самы вялікі ў гэтай малельні. Ён быў нібы бог, як гэта бывае ў царкве”.

    ПЫТАННЕ: „Ці хадзіла Хрысціна Андрэеўна маліцца да каменя?”

    АДКАЗ: „Калі хадзіла, а калі і не. Я больш хадзіла маліцца ў царкву, там я была кожнай нядзелі. Ну, а калі што забаліць, ці жывот, ці што, тады хадзіла да камню”.

    ПЫТАННЕ: „Ці памагала гэтае лячэнне?”

    АДКАЗ: „Калі памагала, а калі не. Калі дасі знахару больш грошай ці якіх прынашэнняў, то тады ён добра папросіць бога, тады і памагала. Я памятаю, калі збудавалі вось гэты дом. Ён побач з каменем. Яго збудаваў даўным даўно бацька старога Севасцея. Тады яшчэ не было ні чыгуначнай станцыі „Менск”, ні Лодачнай вул.

    Тады быў тут густы лес ды непраходнае балота. Гэта было яшчэ да Расіі[19]. Паставілі дом тады, калі ў людзей не было пілы, ні папярочнай, ні на дошкі. Тады ўсё рабілі рукамі; бярвёны не рэзалі пілой, а ўсё рубілі тапаром. Гэта быў першы дом на Лодачнай вул. Ён быў пры малельні. Тут жыў Севасцей. Адсюль ён хадзіў у малельню. А калі правялі чыгунку, то дом перайшоў у рукі да яўрэя.

    Ён яго перарабіў на лаўку. Ён прадаваў у ім усякія рэчы для мужчын і для жанчын. Гэта я помню. Тады побач з каменем стаяла вялікае дрэва, святы дуб. Ён быў у чатыры ахопы: гэта калі станавіліся чатыры чалавекі і абкружалі яго з раскрытымі рукамі. Пад дрэвам таксама маліліся богу. Але яшчэ ўспомніла: да таго часу, яшчэ раней, быў другі агонь (ахвярнік). Ён стаяў бліжэй да каменя за той агонь, што раскідалі”.

    Паводле расказу Х. Несцяровіч М. Кацар дае апісанне плану «ахвярніка» (агню) у малельні. «Ахвярнік» складзены з камянёў памерам 20—25 см, дыяметр агню — 1,5 аршына, таўшчыня сценкі — блізка 25—30 см. Сценка выкладзеная на густой гліне з розных валуноў. Унутры насціл выкладзены гэтаксама камянямі велічынёю 20—25 см.

    Вышыня «ахвярніка» «большая за чалавечы рост», блізка 2 аршынаў, або пад 1,8 метра, паводле М. Кацара. Глыбіня адтуліны ў «ахвярніку» — да 30 см. Вышыня каменя была большая за аршын, ён меў шурпатую паверхню, стаяў за 3 м ад берага Свіслачы, а ахвярнік быў за 10 м ад каменя. Х. Несцяровіч яшчэ паведаміла: «На гэтым агонь (ахвярнік) скора разваліўся.

    Гліна размокла. Праз агонь з’яўляліся расколіны. Пасля быў зроблены той, пра які я расказала. А святы дуб, што тады яшчэ стаяў, быў яшчэ таўсцейшы за агонь (ахвярнік). Уся пляцоўка была абгароджаная тынам. Тын быў зроблены з яловых галінак. Ён атачаў усю малельню. Меў вышыню да 2,5 аршына.

    Тры жэрдкі, у якія былі ўплеценыя яловыя галінкі. Але калі збіралася многа люду, дык тын часам ламалі. Тады яго палілі на агні». Урэшце М. Кацар падсумаваў сабраныя звесткі ў падраздзеле дзённіка «Зноў пра капішча на Лодачнай вул.»:

    1. «Усе тры прадметы капішча: дуб, камень і алтар, са словаў жанчын, былі своеасаблівымі святымі прадметамі. Кожны з іх прыймаў ахвяру.

    Дуб увешвалі ручнікамі ды іншымі вырабамі.

    2. На камень вылівалі мёд, малако, віно. Гэта была яму ахвяра.

    3. Агонь (алтар) прыймаў тыя ахвяры, што прызначаліся на спаленне. Гэта пераважна часткі ахярнай жывёлы. Кожны з тых прадметаў меў свой назоў. Дуб зваўся Волатам. Камень — Дзедам, або Старцам. Ахвярнік — агонь, жыжа» [20].

    У падраздзеле «План-кампазіцыя капішча» М. Кацар абагульняе наяўную інфармацыю.

    1. «У цэнтры стаяў стары дуб.

    2. З аднаго боку ад дубу стаяў камень Старац, а з другога — ахвярнік (алтар) — жыжа, агонь.

    3. Пры ліпах быў памост, бо месца тут забалочанае. Вакол, г. зн. з трох бакоў, капішча было аточанае тынам. Адным бокам капішча прымыкала да Свіслачы. Такі выгляд капішча мела ў 70-х гадах ХІХ ст.». Наступная — размова з Ф. Іванаўнай Камоцкай (нар. 1862 г.) ды ейным мужам Віктарам Віктаравічам Камоцкім (нар. 1860 г.)[21].

    Паводле Камоцкіх, капішча мела гэткі выгляд:«За дзесяць год да Японскай вайны там стаяў, як і цяпер, камень. Стаяў тоўсты, мабыць, у пяць ахопаў дуб з сухім верхам і з вялікім дуплом. Тады ж тут было пастаўлена нешта з каменю і цэглы — накшталт стаўба з аршын вышынёю. Там гарэў агонь, гэта таксама помніцца».

    Ф. Камоцкая працягвае: «Агонь, ці капішча па-вашаму, мела вялікае значэнне ў жыцці, не меншае, чымся царква. Вось я зараз пра гэта раскажу. Слухайце[22].

    1. Адна жанчына не мела дзяцей, але яна вельмі хацела нарадзіць, толькі ніякія сродкі не памагалі. Вось знахар сказаў, што ён дапаможа ейнай бядзе. А дзеля гэтага трэба зрабіць так. У самую цёмную ноч прыйсці ў капішча. Сесці голым месцам на камень. І каб спадніцаю закрыць увесь камень. Так трэба рабіць тры разы. Пры гэтым трэба сказаць тры разы: „Памажы божа”. Пасля гэтага ў гэтай бабы нарадзілася некалькі дзяцей. Абое, муж і жонка, былі задаволеныя. Быў задаволены і знахар, што выратаваў сям’ю з бяды.

    2. Пры самым камені была нібы студня. У насціле была дзірка. Вось там і змяшчалася святая вада, яна лячыла ад усіх хваробаў: хваробы сэрца і жывата, галавы і рук, вачэй. Была вызначаная такса. Даражэй за ўсё каштавала лячэнне ад бясплоднасці. Многа зараблялі і на нагаворным зеллі. Калі прынясеш барана — атрымаеш цэлае вядро вады ад усіх хваробаў. А за нагаворнае зелле плацілі ў пяць разоў болей.

    3. Каб быць знахарам, трэба быць вельмі спрытным, вельмі разумным. Да чараўніка часта звярталіся па дапамогу, каб адшукаць крадзеную жывёлу. Вось знахар і развязаў гэтае пытанне. Ён наважыўся звязацца са злодзеямі, каб яны казалі, дзе схаваная крадзеная жывёла. Стала больш крадзяжоў. Але рос і аўтарытэт ды прыбытак знахара. Кожны селянін плаціў за знойдзеную скаціну знахару. Але нарэшце сяляне выкрылі гэтую лавачку ды гвалтам пабілі свайго ведзьмара-знахара. Колькі вяровачцы не віцца, а канец будзе.

    4. У часе паморку знахару забаранілі раздаваць ваду са студні капішча. Было вызначана, што гэтая вада пашырае пошасць. Тады чараўнік наладзіў пакрыёмую перадачу ваду. А дома рабіў настой з траваў ды лячыў ім людзей.

    5. Было такое здарэнне. Вясковы хлопец Рыгор закахаўся ў дзяўчыну Таню. Пайшоў да чараўніка па нагаворнае зелле. Знахар запатрабаваў за гэта барана. Уначы хлопец прыносіць барана да чараўніка. Хлопец апанаваў дзяўчыну. Але ўранку браты дзяўчыны выявілі крадзеж. Яны жорстка збілі і Рыгора, і разам з ім чараўніка.

    6. Асноўная маса знахараў працуе дома. Яны не маюць у сябе, як, прыкладам, дактары больніцы, або папы царквы. І толькі шчасліўцы маюць патрэбныя ўстановы, капішчы.

    7. Але было яшчэ і гэтак. Калі самы сапраўдны канакрад стаў знахарам-чараўніком. Ён быў яшчэ спрытнейшы. Ён служыў і як поп, і як знахар. Але яго ўсё ж выкрылі.

    8. Знахар-чараўнік стараўся карыстаць з усіх магчымасцяў дзеля зыску. Дуб даваў шмат жалудоў. Вось ён пастанавіў раздаваць за прадукты людзям гэтыя жалуды. Памятаю, за адзін жолуд — адно яйка. Гэтыя жалуды лічыліся лекавымі. Але калі жалудоў са святога дубу не ставала, чараўнік хадзіў у лес ды збіраў жалуды з іншых дубоў і раздаваў іх вернікам. Але пасля пра гэта даведаліся і далі добра каўхялёў чараўніку.

    9. Чараўнікі-знахары былі таленавітымі людзьмі. Яны ўмелі рабіць усё. Яны былі і жняцамі, і шаўцамі, і ў дудку трышчалі. У гэтым была іхная сіла, іхны аўтарытэт. Гэта былі мудрацы і дзялкі, спрытнюгі і майстры на ўсе рукі.

    10. Знахараў-чараўнікоў было многа. Адзін з іх хадзіў па вёсках, іншыя працавалі дома. І толькі нямногія рабілі ў малельнях, ці капішчах па-вучонаму. Вось гэтыя і былі найгалаўнейшыя. Яны надта варагавалі міжсобку, канкуравалі». Апрача ўсяго Ф. Камоцкая расказала легенду пра камень: «Даўней тут быў густы лес, непраходная балотная тхлань, адным словам, суцэльная глухасць.

    Як пойдзе ў гэты гушчар чалавек, так і задурыць, замуціць яму галаву. Чэрці яго водзяць па балоце, покуль чалавек не завязне ў багне. Вось на пагорку, на высокім капцы, сярод гэтага лесу стаяў гэты камень. Хадзілі аб ім у народзе чуткі: хто авалодае гэтым камнем, той стане багатым і шчаслівым. Вось і захацелася Лесавіку ды Вадзяніку завалодаць каменем.

    Паспрачаліся. Каб развязаць спрэчку, пайшлі да свайго найстаршага. Той сказаў ім: хто без перадыху узнясе камень на скрыжаванне дарог, той і будзе гаспадаром гэтага каменя. Кінулі лёсы, хто першым мае ісці. Першаму давялося Лесавіку. Але, як ні стараўся Лесавік, падняць каменя ён не здолеў. Не памаглі яму і ягоныя падначаленыя, лясныя звяры.

    Тады ўзяўся за камень Вадзянік. Узваліў ён камень на карак і панёс. Спалохаўся Лесавік, што камень дастанецца Вадзяніку. Падставіў ён яму нагу. Упаў Вадзянік на беразе Свіслачы. Упаў і камень на самы бераг ракі. Вось камень і ляжыць. Ні Лесавік, ні Вадзянік не завалодалі ім. А было гэта даўным даўно. Так даўна, што нават самыя старыя людзі не памятаюць.

    Ад таго часу і стаіць гэты камень». Апошні запіс дзённіка — гутарка з Іванам Фёдаравічам Бялькевічам (нар. 1868 г.)[23]. Паводле М. Кацара, ягоны суразмоўца «актыўны вернік. Праваслаўны. Таму ён змагаўся з гэтым каменем»[24].

    І. Бялькевіч паведамляў: «Некаторыя людзі хадзілі ў царкву і да гэтага агню. Калі каму што трэба, то ішлі да знахара, напрыклад, калі хто захварэе, ці здохне жывёла, тады ён ідзе к знахару, к гэтаму агню. Туды ён павінен прынесці ахвяру. Калі яйцо, калі пеўня ці курку. Тады знахар, або чараўнік памагае гэтаму чалавеку.

    Ну, а ў свята хадзілі маліцца ў царкву, каб бог адпусціў грахі ці даў пакаянне». На пытанне, што палілі на вогнішчы, І. Бялькевіч адказаў: «На агні палілі рэшткі ахвяры. Ну калі прынеслі пеўня, то мяса браў к сабе чараўнік, ну а ногі, кішкі, ну ўсякае смецце спальвалі на агні, як ахвяру сваім багам». «Паводле словаў Камоцкіх і І. Бялькевіча, — завяршае хроніку сваёй экспедыцыі М. Кацар, — к пачатку ХХ ст., г. зн. у часе Японскай вайны, ні дубу, ні агню вакол каменя не было. Стаяў адзін камень, г. зн. капішча на Лодачнай вул. знікла ў канцы ХІХ ст.».

    Падрыхтавалі Тодар Кашкурэвіч, Віктар Корбут

    [1] Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992. С. 43—53 (раздзел «Капішча ў цэнтры сталіцы»); параўн. яшчэ з апошніх публікацыяў: Корбут В. Последний из каменных старцев. Из прошлого белорусских чародеев и знахарей // Советская Белоруссия. 2004. 21 февраля.

    [2] Тамсама. С. 43—44.

    [3] Яна жыла на Лодачнай вул., д. 20. М. Кацар прызнаецца, што прозвішча ейнага не памятае.

    [4] Тут М. Кацар паставіў знак „?”.

    [5] У дзённіку імя знахара даецца і як Савастей, і як Севастей, і нават Севастьян.

    [6] Э. Ляўкоў называе знахара Савасцеем Высокім, з чаго нібы вынікае, што Высокі — гэта чараўнікова прозвішча (Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. С. 47), аднак у дзённіку М. Кацара сведчанняў на карысць гэткага меркавання мы не спатыкаем.

    [7] Па шматкроп’і: „калі многіх мужыкоў узялі на вайну”.

    [8] Цікава супаставіць імя па бацьку інфарматаркі Савельіна і форму мяна чараўніка Савелі: ці выпадковае гэтае сугучча, мо’ яны былі сваякі?

    [9] Далей ідзе не аформлены простаю моваю расказ Хрысціны Савельінай. Яна кажа, што ”забыла„, што было далей. Толькі паведаміла: ”Савасцей памёр, калі меў сто гадоў, яшчэ да Японскай вайны. Ён збудаваў недалёка адсюль добры дом з печкаю і вялікімі вокнамі. Пасля стаў знахарам ягоны сын, таксама Севасцей. Ён таксама стаў багатым. Купіў пад Ігуменам 30 дзесяцін зямлі. Але гэта ўжо было ў час Германскай вайны. Але потым яго раскулачылі. Вось я не помню, як гэта было. Усё гэта ведаюць ягоныя сваячкі.

    [10] Гэтае прозвішча ў дзённіку сустракаецца ў дзвюх формах: Скардович і Шкардович.

    [11] Далей ідзе фраза, якая абрываецца: „Прыйшлі суседкі Яўф.”. Па шматкроп’і — канчатак чыйгось прозвішча -леўская і працяг: „…Яна сказала, што круцяля Шкардовіча расстралялі саветы за тое, што той абрабаваў сялянаў і савецкіх службоўцаў. Ягоны старэйшы сын пайшоў у Чырвоную Армію і там быў нейкім чырвоным камандзірам. Гэтак расказвалі ягоныя сваякі”.

    [12] Э. Ляўкоў называе камень Старым (Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. С. 45 і наст.), аднак у дзённіку М. Кацара такога наймення мы не спатыкаем. Камень завецца Старцам, або Дзедам.

    [13] Тут М. Кацар паставіў знак „?”.

    [14] „Завод імя С. Кірава”, — зацямляе М. Кацар.

    [15] Хрысціна Савельіна далей сказала: ”Гэта ведаіць„, маючы на ўвазе некага cа сведкаў, але імя таго чалавека ў спісе дзённіка няма. І далей: ”Бо на Лодачнай вул. я стала жыць толькі з 1923 г. Тады мой муж пачаў працаваць у майстэрні, дзе цяпер стаіць завод».

    [16] Яна жыла на Лодачнай вул. дзесь ад 70-х гадоў ХIХ ст.

    [17] У рукапісе, мабыць, апіска: „от р. Свислоч до р. Свислоч”.

    [18] ”Вось, дарагі Міхаіл Сяргеевіч, усё, што памятаю, — працягвае суразмоўніца. — Старая стала. Многа забылася, але я рада, што мая дапамога прыдалася вучонаму з Масквы”. У Менск М. Кацар прыехаў па заканчэнні ў 1939 г. Маскоўскага інстытуту гісторыі, філасофіі і літаратуры.

    [19] „Г. зн. да ўз’яднання Беларусі з Расіяй”, — паясняе М. Кацар.

    [20] М. Кацар выказвае меркаванне: «Цалкам магчыма, што капішча было прысвечанае некалькім паганскім багам». Але гэтай думкі этнограф, на жаль, нічым не абгрунтоўвае. Няма падставаў згадзіцца і з дапушчэннямі Э. Ляўкова на гэты конт (Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. С. 52).

    [21] Бацька В. Камоцкага быў звычайным селянінам з прыгонных. У 1870 г. ён пабудаваў хату (Лодачная вул., д. 17). В. Камоцкі меў да рэвалюцыі 4 крамы і 8 дамоў у Менску. Як ён сам кажа, «за савецкаю ўладаю я лічыўся нэпманам»: «У мяне пасля адабралі ўсе гэтыя дамы. А жыць я застаўся ў доме № 17. Я яго пабудаваў у 1928 г. З нашага старога дому камень і агонь былі добра відаць». «У 1977 г. стала вядома, што Ф. Камоцкая памерла ў 1954 г., В. Камоцкі — у 1950 г.», — дадае М. Кацар.

    [22] У пп. 3 — 10 расказ пра самазванага папа Яўфімія, які захапіў капішча пасля Севасцеяў. [

    23] Ён жыў на Лодачнай вул., д. 5.

    [24] «Так называў І. Бялькевіч капішча», — паясняе М. Кацар. Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/druvis/pahanskaje_kapiszcza.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz