ДЗЕДАВІЦА

ГАЛОЎНЫЯ ВЯСЕЛЬНЫЯ ЧЫНЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ГАЛОЎНЫЯ ВЯСЕЛЬНЫЯ ЧЫНЫ

    У традыцыйным беларускім вяселлі звычайна былі задзейнічаны не толькі блізкая і далёкая радзіна жаніха і нявесты, але і амаль усё насельніцтва вёскі. Разам з тым складаная вясельная ўрачыстасць вымагала наяўнасці абавязковага кола людзей, якія павінны былі выконваць самыя адказныя абрадавыя ролі.

    Мы паспрабуем хаця б контурна апісаць тое кола абавязкаў і патрабаванняў, якія тычыліся самых галоўных вясельных чыноў. Бліжэй за ўсё да жаніха і нявесты знаходзіліся (і ў сэнсе паўсядзённых адносін, і ў плане фармальнага знаходжання — пасадкі за вясельным сталом) іх самыя блізкія сябры — шафер і шаферка.

    Шафер — бліжэйшы сябра жаніха. Шаферка — сяброўка нявесты, часцей за ўсё менавіта з ёй нявеста “кумілася” на Тройцу. Клятва аб сяброўстве дзвюх дзяўчат звязвала іх да моманту вяселля адной з іх. Дружак у жаніха было звычайна двое — вялікі і малы, старэйшы і малодшы; у некаторых выпадках дружак было сем, часам — дванаццаць.

    Адносіны паміж шаферам і шаферкай не абмяжоўваліся толькі вясельным сталом ці ўрачыстасцю ўвогуле. Паступова яны маглі складвацца ў цэласную сістэму міжродавых сувязяў.

    Было добрым знакам, калі шаферку ці шафера пазней запрашалі стаць хроснымі бацькамі ў першынца ці калі шаферы праз некаторы час самі ладзілі вяселле, станавіліся жаніхом і нявестай, г.зн. пераймалі “вясельную” эстафету. У гэтым месцы было б пажадана зрабіць адно істотнае ўдакладненне.

    Часам маладыя людзі могуць загадзя дамовіцца аб тым, каб хрысціць дзяцей адзін у аднаго: мы — вашых, а вы — нашых. Рабіць гэта вельмі непажадана, таму што ў гэтым выпадку будзе парушана важнае правіла народнай культуры: муж і жонка не могуць быць хроснымі бацькамі аднаго і таго ж дзіцяці.

    Вельмі важна памятаць пра яшчэ адно прынцыповае правіла: імя шаферкі не павінна супадаць з імем нявесты, а імя шафера — з імем жаніха. Шафер і шаферка ў розных рэгіёнах Беларусі зваліся па-рознаму: дружкі, маршалкі, баяркі, старшая сяброўка, галоўны дружка і яго намеснік, паджанішок.

    Сёння шырокае распаўсюджанне атрымала афіцыйна-грамадзянская назва іх статусу — гэта ганаровыя сведкі, якія павінны сваёй прысутнасцю і сваімі подпісамі ў кнізе рэгістрацыі грамадзянскіх актаў пацвердзіць сапраўднасць шлюбу двух маладых людзей.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27327

    У структуры вясельнай урачыстасці роля шафера і шаферкі была найбольш прыкметнай у момант выкупу нявесты. У гэтым рытуале адбілася тая эпоха ў развіцці грамадства, калі існавала “ўмыканне нявесты” ці авалодванне ёю сілай з дапамогай самых блізкіх сяброў — дружыны маладога.

    Такое рэха мінулага яшчэ і сёння можна ўбачыць на пачатковым этапе развіцця вяселля: шлях дружыне жаніха перакрываюць сталамі, а раней — бярвеннем, часткай плота і г.д., жадаючы спыніць яго рух і патрабуючы выкуп. На Беларусі гэты абрад зваўся “выкуп стала” ці “лоўля зайца”.

    Дружкам жаніха неабходна было павітацца з радзінай і сябрамі нявесы, “прызначыць” цану, а дружкі нявесты не саступалі “тавар” адразу, а пачыналі гарэзліва “гандлявацца”.

    Пры гэтым спявалі песні, гучалі жарты ў бок маладога і яго дружыны, адбываліся рытуальныя дзеянні: “Верабей, дружко, верабей, Па суметніку паскакаў, Нагой шэлег выкапаў, Сваю дзеўку выкупляў”. Немалаважную ролю выконвалі дружкі і на працягу ўсяго вяселля.

    У некаторых рэгіёнах менавіта старшаму шаферу было даручана кіраваць вяселлем. Ад яго ўмення размаўляць, жартаваць, ад яго ведання абрадаў і рытуалаў залежала тое, наколькі ўдала пройдзе вяселле.

    Вельмі негатыўным было стаўленне да тых дружак, якія, выпіўшы зашмат за вясельным сталом, забываліся на свае абавязкі: “Звязалі дружка, звязалі! А дзе ж яго паймалі? Запіўся дружко, запіўся! І на дружыну забыўся!”

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27361

    Нарэшце падсумуем некаторыя высновы і сфармулюем некалькі правілаў, якія тычацца шафера і шаферкі:

    *Дружак, шафераў ці ганаровых сведак выбіраюць сярод самых блізкіх сяброў. Пры гэтым неабходна памятаць, што ганаровую ролю шафераў на вяселлі можна выконваць толькі адзін раз у жыцці, каб своечасова стварыць сваю сям’ю, у адваротным выпадку, лічылі ў народзе, можна нашкодзіць самому сабе — застацца шаферам назаўсёды: “Калі дзеўка ўжо была два разы дружкаю, то як яе просяць, павінна адмовіць, бо ўжо больш ніяк няможна”.

    * Шаферам і шаферкай маглі быць толькі незамужнія, нежанатыя маладыя людзі, якія не мелі сваіх дзяцей.

    * У храме ў час вянчання абавязак шафера і шаферкі — трымаць вянцы над галовамі маладых.

    * Яны павінны разаслаць ручнік, на якім будуць стаяць маладыя, яны ж паднімуць яго пасля вянчання, каб больш ніхто не змог наступіць на дарогу жыцця і “перабіць” долю маладых.

    * На працягу ўсяго вяселля шафер і шаферка павінны стаць аб’яднальным звяном паміж маладымі і ўдзельнікамі вясельнай урачыстасці. Іх абавязак — захаваць маладых ад непатрэбных кантактаў з удзельнікамі вяселля, дапамагаць у любых абставінах, спрыяць таму, каб маладых у час вяселля ніхто не мог “раз’яднаць”, няхай нават на некалькі хвілін.

    * І сёння жыццё прыносіць нам нямала “сюрпрызаў” нават з боку самых блізкіх людзей, якія рознымі спосабамі жадаюць нарабіць шкоды маладой пары ў час вяселля. Менавіта аб гэтым папярэджвалі нашы продкі:

    “Дружкі пільнуюць, уся дружына глядзіць, і маладая таксама ўвесь час асцерагаецца, каб з вянка, які аздабляе яе галаву, не адшчыкнуў хто-небудзь лістка руты, бо ў такім разе не зможа яна ўжо зберагчы ніводнага з тых дзетак, якіх ёй наканавана мець”.

    “Калі пад вянцом у нявесты выпадае хустка, жаніх не павінен падымаць яе, іначай такі неасцярожны муж нядоўга пражыве” — падняць любую рэч, якую выпусцілі з рук жаніх ці нявеста, маглі толькі самыя блізкія да іх у гэты момант людзі, г.зн. шафер і шаферка. Для іх рэчы, перададзеныя ад жаніха і нявесты, наадварот, прадказвалі хуткі шлюб.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27386




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz