ДЗЕДАВІЦА

ВЯЛІКДЗЕНЬ — ЦУДОЎНЕЙШЫ ДЗЕНЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЯЛІКДЗЕНЬ — ЦУДОЎНЕЙШЫ ДЗЕНЬ

    Вялікдзень (Пасха) — адно з двунадзесятых хрысціянскіх святаў, якое прысвечана вяртанню да жыцця Ісуса Хрыста. Сваім уваскрасеннем ён пазбавіў людзей ад смерці і даў надзею на вечнае жыццё.

    ХРЫСТОС УВАСКРОС!

    Па сканчэнні суботы, ноччу, на трэці дзень адбыўся вялікі землятрус, і пасля ўкрыжавання, пакутаў і смерці Ісус Хрыстос уваскрос з мёртвых, і пакінуў Ён сваю грабніцу, не адсунуўшы каменя, які закрываў яе, і застаўшыся не заўважаным стражнікамі, што ахоўвалі яе. Калі жонкі-міраносіцы прыйшлі да труны Хрыстовай з пахошчамі, то ўбачылі яе пустой.

    Яны вырашылі, што цела Госпада скралі. Са слязьмі пабеглі жонкі да апосталаў паведаміць ім, што цела Гасподняе прапала. Агледзеўшы пячору, знайшлі только Яго адзенне. Раптам да іх з нябёс сышоў Анёл Гасподзен у белым адзенні і абвясціў: «Не жахайцеся.

    Што вы шукаеце жывога паміж мёртвымі? Яго тут няма, Ён уваскрос. Вось месца, дзе Ён пакладзены. Успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, што Сыну Чалавечаму належыць быць аддадзенаму ў рукі грэшных людзей і быць укрыжаванаму і ў трэці дзень уваскрэснуць, што Ён сустрэне вас у Галілеі, там вы Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам».

    Адна з жонак-міраносіц Марыя Магдалена, застаўшыся адна, прысела на камень і пачала горка плакаць, але раптам адчула побач чыюсьці прысутнасць. Павярнуўшыся, яна ўбачыла Яго і, упаўшы на калені, працягнула рукі да Яго.

    «Не чапай Мяне, — сказаў ёй Гасподзь, — а ідзі да браціі Маёй і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага». Так усе хрысціяне даведаліся пра ўваскрасенне Госпада свайго Ісуса Хрыста. І сотні людзей з усяго свету пацягнуліся паглядзець на ўваскрослага Госпада.

    СВЯТА СВЯТАЎ

    Вялікдзень адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая адбываецца прыкладна пасля 21 сакавіка і называецца днём веснавога раўнадзенства. Пасха святкуецца на працягу 40 дзён — роўна столькі, колькі прабыў на зямлі Ісус Хрыстос пасля ўваскрасення.

    У Беларусі Вялікдзень — ці не самае ўрачыстае свята ў традыцыйным календары, вакол якога групуецца ўся веснавая абраднасць. Гэта рухомае свята, якое залежыць ад сонечнага і месяцовага цыклаў. У залежнасці ад яго даты разлічваецца як перыяд Вялікага посту, так і Маслены перыяд, а таксама дні паслявелікодных урачыстасцяў.

    — Калі гаварыць пра ідэю Вялікадня, трэба адзначыць, што гэта свята, якое арганічна дэманструе зліццё дахрысціянскай і хрысціянскай абраднасці, — заўважыла загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. 

    — Гэта тое свята, якое ўжо сваёй назвай паказвае, што яно ўстаноўлена ў гонар вялікага дня, у гонар «зацвярджэння» сонца на небасхіле. Гэта перыяд веснавога абнаўлення, а ў пэўныя гістарычныя часы — пачатак новага года.

    Менавіта на яго прыпадае і адно з галоўных святаў хрысціянскага календара — Уваскрасенне Хрыстова. Тыдзень перад Вялікаднём, непасрэдна дзень самога свята, а таксама сорак дзён пасля яго складаюць Велікодны перыяд. Пачынае яго Вербная нядзеля, калі ў храмах нашай мясцовасці асвячаюцца галiнкi вярбы (замест галінак пальмы, кіпарыса ў паўднёвых краінах).

    Такім чынам ідэя вітання Ісуса Хрыста пальмавымі галінкамі ўвасабляецца ва ўшанаванне вярбы, якая, з’яўляючыся сімвалам урадлівасці, веснавога квітнення, набывае рысы магічнага прадмета. Перадвелікодны тыдзень у Беларусі называлі па-рознаму — «святы тыдзень», «белы тыдзень». Назва «белы» у дадзеным выпадку мае некалькі значэнняў.

    З аднаго боку, да чыстага чацвярга ўсе сілы лю¬дзей скіроўвалiся на ўпарадкаванне ў гаспадарцы. Прычым навядзенне парадку ў хатах праводзілася на «глабальным узроўні»: вымываліся падлогі, сцены і г. д.

    На Палессі да гэтай урачыстасці бялілі печы, а таксама хаты. З другога боку, «белы» указвае на ідэю навалецця: пачынаецца новы цыкл, новы земляробчы сезон, белы свет як бы ствараецца наноўку. Надзвычай цікавым і важкім у велікодным календары быў так званы чысты чацвер, калі трэба было прывесці ў парадак і сябе. Варта заўважыць, што ў традыцыі пажадана і абавязкова памыцца да ўзыходу (!) сонца.

    На ўсходзе Беларусі існуе вераванне: каб быць здаровым цэлы год, у чысты чацвер трэба мыцца, «пакуль воран варанят не купаў», гэта значыць — вельмі рана. Перад чыстым чацвяргом на вуліцу выносілі хлеб і соль. Лічылася, што яны набываюць энергію дадзенага перыяду.

    У некаторых мясцовасцях у гэты дзень ішлі ў царкву, дзе асвячалі соль і свечкі, якія потым выкарыстоўвалі ў будзённых справах. З пятніцы пачыналася актыўнае духоўнае прыгатаванне да свята — Вялікая пятніца. Існавала традыцыя так званага чацвяргавання, калі, прыйшоўшы са службы, пераходзілі на вельмі строгі пост, фактычна на адну ваду.

    Усялякая фізічная праца катэгарычна забаранялася. У суботу пяклі булкі, фарбавалі яйкі ў колеры сонца — чырвоны, жоўты, аранжавы. Дарэчы, дадзеная ідэя звязана з дахрысціянскімі ўяўленнямі. З прыняццем хрысціянства чырвоны колер яек стаў суадносіцца з крывёю Хрыста. Што да страваў, якія рыхтавалі ў Беларусі да Вялікадня, — яны былі рознымі.

    Аднак галоўныя з іх — яйкі, булкі, мясныя пачастункі. У некаторых вёсках Палесся да гэтага свята запякалі парася, якому ў сківіцы ўкладвалі фарбаванае яйка. На Усходнім Палессі на велікодным стале абавязкова быў хрэн, які гатавалі так, як і цяпер. У велікодную ноч у хаце не палілі святло, не замыкалі дзверы.

    Стараліся вытрымліваць бадзёрасць, каб адчуваць сябе добра цэлы год. У ноч з суботы на нядзелю ва ўсіх храмах адбываліся службы. Самая цікавая і відовішчная іх па¬дзея — хрэсны ход. Людзі прыходзілі, каб асвяціць яйкі, булкі, іншыя велікодныя стравы і як бы ачысціцца, пранікнуцца атмасферай светлага свята.

    Традыцыі ўсяночных, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе былі цэрквы, даволі строгія. Сярод розных раёнаў Беларусі вылучаецца Заходняе Палессе, дзе на Вялікдзень на вуліцы распальвалі вогнішча, вадзілі карагоды, тым самым ушаноўваючы сонца, якое ў да¬дзены час уваходзіла ў пік сваёй найбольшай энергіі.

    — Незвычайная з’ява раніцы Вялікадня — «гульня сонца». Лічыцца, што гэты цуд адбываецца на пераломныя каляндарныя святы — Дабравешчанне, Уваскрасенне Хрыстова, Купалле, Уздзвіжанне.

    Аднак на Вялікдзень «гульня сонца» найбольш выразная: узыход нябеснага свяціла нагадвае біццё сэрца, і ў бакі ад яго разыходзяцца рознакаляровыя кругі. Убачыць дадзеную з’яву, якая справядліва лічыцца добрым знакам, могуць толькі чыстыя і праведныя людзі, — адзначыла Таццяна Валодзіна.

    Велікодная раніца была вельмі насычанай, і распачыналася яна па-святочнаму. Пасля ўсяночнай трэба было як мага хутчэй ісці або ехаць дамоў, каб быць першым ва ўсіх гаспадарчых справах. Меркавалася, што з набажэнства трэба прынесці свечку. Прычым, калі данясеш запаленай і распаліш ад яе іншыя свечкі ў хаце, — добрая прымета.

    Асвечаныя яйкі клалі ў ваду, а потым ёй мылі твар, каб быць здаровенькімі, чырвоненькімі. У асобных выпадках яйка каталі на твары. Вялікдзень — гэта сямейнае свята, калі за сталом збіраліся ўсе родныя. Адно яйка дзялілі на колькасць членаў сям’і, каб яны былі заўсёды разам. Потым разгаўляліся, спрабавалі скаромінку.

    Да абеду жыццё заціхала. А ўвечары пачыналіся велікодныя гульні. На поўначы Беларусі распаўсюджаны ўнікальны валачобны абрад — абыход дамоў у велікодную нядзелю, які суправаджаўся выкананнем валачобных песень. Яго ўдзельнікі — мужчыны сярэдніх гадоў і маладыя хлопцы. У адрозненне ад калядоўшчыкаў, сярод валачобнікаў не было пераапранутых.

    Узначальваў групу «пачынальнік», або «запявала», які кіраваў усім абрадам, сам пачынаў спевы, прымаў узнагароду ад гаспадароў. Яму дапамагалі музыканты (з дудой і скрыпкай) і «механоша», у абавязкі якога ўваходзіла нашэнне мяшка з атрыманымі за спевы падарункамі.

    Валачобнікі хорам выконвалі адпаведную песню: Гаспадар ты наш з гаспадыняю, Не тамі нас доўга, падары нас борздка Не вялікім скарбам, чырвоным яйцом. Са двара пойдзем, прыпяваючы, Пана гаспадара велічаючы.

    У гэты дзень па вёсцы таксама хадзілі і дзеці, якіх хросныя бацькі, сваякі, суседзі і нават незнаёмыя людзі частавалі яйкамі, булкамі, цукеркамі і іншымі прысмакамі.

    На Вялікдзень прынята вітаць адзін аднаго «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!» і абменьвацца трохразовымі пацалункамі. Гэты звычай увасабляе тую даніну, якую вернікі аддаюць Усявышняму за тое, што ён зрабіў для людзей, і за тыя ахвяры, якія прынёс дзеля іх.

    АКСАНА КУРБЕКА, фотаздымкі з архіва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

    Крыніца: http://vsr.mil.by/2014/04/19/vyalikdzen-cudo%D1%9Enejshy-dzen/




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz