ДЗЕДАВІЦА

КУЛЬТ СОНЦА Ў СЛАВЯНСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ МІФАЛОГІІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КУЛЬТ СОНЦА Ў СЛАВЯНСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ МІФАЛОГІІ

    Аўтар: Хмелянок Алена,

    Дадана: 03-10-2011,

    Крыніца: "Наша Слова" № 1 (789) 3 студзеня 2007 г.

    Сонца мела першачарговае значэнне ў земляробчым жыцці народаў антычнай эпохі. Яно цанілася як крыніца цяпла і святла, а таксама як ўмова росту ўсяго жывога. Увесь гадавы цыкл дахрысціянскай абраднасці быў заснаваны на чатырох сонечных фазах і падпарадкаваны 12 сонечным месяцам.

    Станаўленне і развіццё ўяўленняў пра салярнасць генетычна ўсходзіць да першабытнай эпохі, часу нараджэння першых архетыпаў у ментальнасці нашых продкаў. З другога боку адкрыццё некалькіх магчымасцяў здабычы агню прывяло да таго, што ў ментальнасці архаічнага чалавека першапачаткова сонца ўспрымалася як вялізнае касмічнае вогнішча, якое сагравае ўвесь Сусвет, увасабляе такім чынам агонь увогуле.

    У рэшце рэшт усё гэта знайшло сваё ўвасабленне ў моўных формах, але звычайна "моўныя носьбіты" не ведаюць, што нейкая частка мовы ўяўляе сабою сістэму ведаў пра тую ці іншую частку Сусвету, але даволі актыўна ёю карыстаюцца.

    Станаўленне міфалагічных матываў, звязаных з сонцам, непарыўна звязана з пастаянна назіранай зменай дня і ночы, што не магло застацца без спроб перакладу прыроднай з'явы на паняцці першабытнага чалавека. З іншага боку, у аснове салярных уяўленняў знаходзіцца функцыянальнае атаясамліванне дзённага і начнога свяціла, што прывяло да збліжэння поўдня і поўначы.

    Першы крок на шляху тлумачэння "сонечнасці" ўяўляў сабой персаніфікацыю самога сонечнага дыска. Сонца паважалі розныя народы свету. Адны пакланяліся яму як бажаству, што найбольш поўна ўвасобілася ў індаеўрапейскай традыцыі, іншыя лічылі яго сімвалам дзяржаўнасці, як, напрыклад, у Японіі.

    Галоўнае месца займала яно і ў уяўленнях нашых продкаў славян. У міфалогіі ўсходнеславянскіх народаў прадстаўлена спроба разгляду развіцця салярных уяўленняў. У працах даследчыкаў старажытнаславянскай эпохі ўказваецца на тое, што першапачаткова пачынае ўшаноўвацца Хорс у якасці бога сонца як свяціла, г.зн. непасрэдна бог сонечнага дыска.

    Гэтая ідэйная лінія была вядома і прадстаўнікам іншых культур. Так, напрыклад, старажытныя грэкі сонечным богам называлі Геліяса, егіпцяне лічылі Атона богам сонечнага дыска, індыйцы - Сур'ю, старажытныя японцы багіняй сонца называлі Аматэрасу.

    Зыходзячы з вышэйадзначанай тэндэнцыі і склаўшы разам вышэй прадстаўленыя тэзісы, можна зрабіць выснову, что Хорс, хутчэй за ўсё даволі старажытнае бажаство, якое стала абагульненнем уяўленняў аб светланосным нябесным бажастве. Усё гэта дае магчымасць казаць, што культ сонцасвяціла з'явіўся ў эпоху энеаліту, што прывяло да ўзнікнення ў эпоху бронзы ўяўленняў пра начное сонца, якое свой шлях праходзіць па падземных водах.

    Тут неабходна адзначыць, што ў больш позніх уяўленнях усходніх славян сонца ўзыходзіць зза краю зямлі раніцай, а ноччу адпачывае за морам з тыльнага боку зямлі. Перш чым разгледзець асобныя моманты, неабходна звярнуць увагу на дыхатамію сонца як свяціла і сонца як крыніцы цяпла. Як адзначыў М.М. Галькоўскі, даследчык славянскай міфалогіі, «солнце как светило рассматривалось только как субъект света; оно не являлось причиной и источником света, выступая всего лишь как «дневное око».

    Найбольш падрабязна сонца як свяціла разглядаецца ў індаеўрапейскай міфалогіі. Падобным да Хорса ў індаарыяў лічыцца Сур'я (бог сонца, які пераязджае неба на бліскучай калясніцы), які лічыцца адным з найбольш вялікіх багоў і ў наш час. У ведыйскай літаратуры ён даволі часта называецца Савітарам (Першапродкам), Вівасватам (Які ззяе), что непасрэдна звязана з культамі плоднасці, якія даволі распаўсюджаны ў індыйскай культуры. Неабходна адзначыць, што існуе даволі цікавы пункт гледжання пра суадносенні бога сонца Сур'і з месячнымі цыкламі.

    Атаясамліванне сонца і месяца старажытнымі народамі, магчыма, мела месца ў сілу падобнасці бачных дыскаў і іх прасторавай апазіцыйнасці, што дазваляе па знаходжанні поўнага месяца вызначыць знаходжанне сонца.

    Культ Хорса хутчэй за ўсё не існаваў самастойна, у адрыве ад абраднасці, звязанай, перш за ўсё з аховай зерня і раслін, а таксама і рытуалаў, звязаных з падачай вільгаці на ніву. Прааналізаваўшы этнаграфічны і фальклорны матэрыял, можна зрабіць выснову, што гэтае бажаство неабавязкова магло паходзіць з асноўнага "вышэйшага" пантэону, як раз гэты факт назіраецца ў славянскай культуры.

    Аднак у пантэоне князя Уладзіміра Хорс знаходзіцца на другім месцы пасля Перуна, што падкрэслівае яго важнасць ва ўмацаванні пытанняў сонечнага паходжання правячай дынастыі. Спроба апісання знешняга выгляду Хорса даволі складаная. Гэта звязана перш за ўсё з тым, что этнаграфічны матэрыял не захаваў пра яго сведчанні.

    Міфалогія ўсходніх славян не дае адказу на пастаўленае пытанне. Аднак у больш пазнейшай інтэрпрэтацыі з'явілася тлумачэнне формы сонца як адлюстраванне ў вялікім касмічным павелічальным шкле, пастаўленым з боку зямлі. Прынцыпова іншая сітуацыя склалася ў індаарыйскай традыцыі.

    У гэтым рэгіёне культ сонца займае вядучае месца, таму знешні выгляд Сур'і даволі падрабязна разгледжаны ва ўсіх старажытных літаратурных крыніцах. Міфы яго апісваюць наступным чынам: "… Ён убачыў бліскучага Сур'ю ў залатой вопратцы, упрыгожанага чырвонымі лотасамі, які ззяў тысячамі праменяў".

    Такое апісанне звязана з асэнсаваннем колеру сонечнага дыска на працягу дня: ад ружовага ці чырвонага на ўсходзе і захадзе да белазалатога ў поўдзень, перыяд найбольш моцнага ззяння. Зыходзячы з функцыянальнай падобнасці гэтых двух багоў, можна ўявіць, што Хорс у сваім персаніфіцыраваным выглядзе мог знешне быць падобным на Сур'ю, пераймаючы асноўныя характарыстыкі бачнага сонечнага дыска.

    Хорс, бог сонца, сваёй назвай указвае на індаіранскае паходжанне разам з такімі багамі як Дажбог, Стрыбог і Сімаргл. Аднак, калі прагледзець тэрміналагічнае вызначэнне, то Хорса можна паставіць у адзін рад са славянскімі і грэцкімі словамі, якія азначаюць «круг», «акружнасць», «акругу».

    Так у славянскіх мовах шмат слоў, якія суадносяцца з дадзеным паняццем: «хоровод», «хоро», што азначае кругавы танец. Пры далейшым семантычным разглядзе назву гэтага бога можна суаднесці і з індаарыйскай традыцыяй. У літаратуры сустракаецца даволі цікавая пазіцыя ў разглядзе паходжання слова "каляндар".

    У шэрагу выпадкаў даследчыкі звяртаюць увагу на паходжанне народнай формы слова ад кораня "кол", што паказвае на магчымыя сувязі з паняццем круга, сонечнага дыска, Хорса.

    Данная інтэнцыя генетычна магла адносіцца да назіранняў за зменай часін года, што натуральна прыводзіла да рознай моцы пасыланага на зямлю цяпла і святла, ад якога залежала жыццё архаічнага чалавека. Хаця тэрмін "каляндар" даволі позні. Пры падрабязным аналізе навуковай літаратуры становіцца бачным, што ва ўсходнеславянскай міфалогіі назіраюцца дзве формы сонечнага культу.

    З аднаго боку, можна казаць пра культ "сонечнасці" ці "белага святла", цяпла як крыніцы жыцця раслін, што несумненна паказвае на культ бога, які то памірае, то нараджаецца, і першапачаткова быў звязаны з Дажбогам, якога потым у нейкай ступені замяніў Ярыла. З іншага боку - культ самога сонечнага свяціла, які здзяйсняе свой штодзённы шлях вакол зямлі і падземнага свету на конях ці птушках, што адзначаецца ў міфалогіі розных народаў свету.

    Гэты пункт гледжання дазваляе казаць непасрэдна пра Хорса як пра сонечны дыск. Найбольш поўна салярныя культы прасочваюцца са з'яўленнем Дажбога. Перш за ўсё, ён божы цар, які суадносіцца з сонцам, гэта бог, які ўсім дорыць дабро. Гэты перыяд характаразуецца таксама пашырэннем ўяўленняў пра сонечнага бога. З'явілася тлумачэнне сонца па часінах года. Так, зімовае сонца ў пантэоне ўсходніх славян стала называцца Калядой, летняе - Купалам. Функцыі веснавога сонца, якое перш на перш звязана з плоднасцю прыроды, пачынае выконваць Ярыла.

    Магчыма, менавіта ў гэты перыяд і ўзнік культ бога, памірае і нараджаецца. Таксама гэты перыяд звязаны з атаясамліваннем з сонцам і усходнеславянскіх князёў. «Дажбогавым унукам» (унукам сонца), згодна з даследаваннямі Б. Рыбакова, названы князь з Прыдняпроўя, што дае магчымасць набліжаць матывы міфалагічных сюжэтаў, якія існавалі ў часы Кіеўскай Русі, з даволі старажытнымі напластаваннямі міфаў пра нашчадкаў сонца, якія існавалі ў гэтай мясцовасці ўжо ў V ст. н.э.

    Прасачыць такія матывы дазваляюць рускія народныя казкі, дзе даволі часта прысутнічае расповяд пра "тры царствы" ці пра "залатое царства". Сонца заўсёды лічылася крыніцай святла і цяпла, але на працягу гістарычнага развіцця ўсходнеславянскай свядомасці стваралася градацыя дадзеных паняццяў. Яно першапачаткова з'яўлялася бажаством Хорсам, "Вялікім Хорсам", ад назвы якога бярэ свае вытокі сучаснае рускае слова «хорошо», якое перш за ўсё суадносіцца з паняццем "сонечнасці".

    Прыняцце усходнеславянскімі народамі рэлігійнай і культурнай традыцыі хрысціянства прынесла прынцыповыя змены ў міфалагічнае мысленне нашых продкаў. Распаўсюджванне хрысціянства прывяло да запавольвання і своеасаблівага спынення развіцця салярнай тэматыкі. Аднак, народнае мастацтва захавала да нашага часу хрысціянізаваныя рысы сонечнай сімволікі.

    Так, напрыклад, хрысціянскія храмы аздоблены дэкаратыўна адкаванымі крыжамі, якія сваім знешнім выглядам нагадваюць сонца са ззяннем. Такія матывы сустракаюцца па ўсёй Беларусі, але асабліва шмат іх у яе заходніх рэгіёнах - на Панямонні, Заходнім Палессі, на захадзе Паазер'я. Найбольш пашырана сонечная сімволіка ў народнай вышыўцы.

    Выявы сонца часцей прадстаўлены ў выглядзе ромба з прамянямі, аднак гэты матыў вызначаецца вялікай разнастайнасцю, што звязана з рознымі родаплемяннымі саюзамі нашых далёкіх продкаў. Разгляд сонечнай тэматыкі будзе няпоўнай, калі не звярнуць увагу на найбольш архаічны пласт паданняў, звязаных з далёкай паўночнай прарадзімай, дзе працягваецца пачаты ў далёкай старажытнасці "залаты век", калі сусвет быў напоўнены праўдай, дабром і адказнасцю за свае ўчынкі.

    Гэта месца ў свядомасці першабытнага чалавека атаясамлівалася з раем, праяву якога можна ўбачыць у выглядзе цёмных сонечных плямаў. Менавіта яны, на думку нашых продкаў, з'яўляюцца напамінам пра тыя далёкія часы.

    Збліжэнне сонца і раю заўсёды падкрэсліваецца ў фальклорных матывах: "Рай зверху, там каля яснага сонейка, дзесці на поўдні, куды ў вырай лятуць птушкі". Усё гэта і абумовіла высокі семіятычны стан сонца і яго суаднесенасць з найвялікшым касмічным дабром.

    Крыніца: http://pawet.net/library/v_ethnography/sun/Культ_сонца_ў_славянскай_і_беларускай_міфалогіі.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz