ДЗЕДАВІЦА

“ВАРВАРАЎСКАЯ СВЕЧКА”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АБРАД “ВАРВАРАЎСКАЯ СВЕЧКА”

    Абгрунтаванне мэтазгоднасці вылучэння абраду “Варвараўская Свечка” на статус помніка нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. 16 і 17 снежня 2009 г. мы сталі сведкамі выканання абраду “Варвараўская Свечка” ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

    Лічу мэтазгодным уключыць яго ў спіс на наданне статуса помніка нематэрыяльнай гісторыка - культурнай спадчыны беларусаў у адпаведнасці з Канвенцыяй ЮНЕСКА.

    У гэтым дакуменце дакладна вызначаны навуковыя крытэрыі, якія прад’яўляюцца да фальклорна-этнаграфічнага комплексу або з’вы, якая можа атрымаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Перакананы ў тым, што зафіксаваны намі абрад цалкам адпавядае акрэсленым патрабаванням.

    1). Абрад зафіксаваны ў жывым бытаванні, кола яго ўдзельнікаў не тое, што не звужаецца, а наадварот, паступова пашыраецца, каб, як гавораць самі ўдзельнікі, традыцыя нашых продкаў не перапынялася.

    2). Арэал бытавання абраду “Вынас Свечкі” (у розных лакальных варыянтах і назвах) даволі шырокі і ахоплівае не толькі ўсходнія раёны Магілёўшчыны (гэта своеасаблівы эпіцэнтр намінуемай традыцыі), але часткова, лакальна, калі не сказаць кропкава, сустракаецца і на Гомельшчыне. Аднак у адным выпадку – Гомельшчына, дзе абрад захаваўся толькі ў памяці людзей, у другім – суседнія раёны з Мсціслаўскім (Горацкі, Дрыбінскі) – увесь абрадавы сюжэт разгортваецца вакол галоўнага хрысціянскага атрыбута – абраза святой Варвары.

    Акрамя таго, на Гомельшчыне гэты абрад фактычна зліўся ў адно цэлае з абрадам “Ваджэнне і пахаванне стралы”: спачатку адбываецца хатняе набажэнства каля абраза Мікалая Цудатварцы, а затым у структуру абрада ўключаецца свяча, пасля чаго гурт жанчын пакідае хату і кіруецца да жытнёвага поля.

    Абрад, у тым выглядзе, у якім ён зафіксаваны ў вёсцы Басценавічы, - з’ява выключная, таму што ўсё двухдзённае дзеянне разгортваецца перш за ўсё, вакол самой свячы.

    3). Важна і тое, што абрад захаваў сваю першапачатковую рытмічнасць: штогод свечка пераносіцца з адной хаты ў іншую, людзі наперад(!) ведаюць, калі, у якім годзе жаданая госця вернецца назад.

    4). Калі фалькларыстаў непакоіць перш за ўсё аўтэнтычнасць і ступень захаванасці абраду, то ў дадзеным выпадку мы сталі сведкамі таго, як абракалася адна з маладзейшых жанчын і праз адпаведную ахвяру была далучана да спецыфічнага жаночага саюза.

    Гэта яшчэ адно з ключавых патрабаванняў Канвенцыі ЮНЕСКА – захаванне жывой міжпакаленнай пераемнасці. 5). Мяркую, што мы маем права гаварыць аб непарушным сакральным статусе святочных падзей.

    Аб гэтым сведчыў цэлы шэраг фактараў: назапашванне воску, падрыхтоўка спецыяльнага адзення, падрыхтоўка святочнага стала-падзякі ў хаце гаспадыні-захавальніцы, а потым і ў хаце гаспадыні-пераемніцы, нарэшце, абавязковае асвячэнне абноўленага атрыбута ў раённым храме.

    Перакананы ў тым, што найбольшую каштоўнасць для навукі мае рэгіянальная адметнасць абрадавых падзей і іх дакладная захаванасць, таму абрад “Варвараўская свечка” неабходна вылучыць на наданне статуса помніка нематэрыяльнай гісторыка – культурнай спадчыны нашага народа.

    І. І. Крук кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік, дактарант Беларускага Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў

    Крыніца: http://mogomc.by/ru/informaczionnyij-razdel/nematerialnoe-nasledie/svecha/abgruntavanne-metazgodnascz-vyiluchennya-abradu-varvaraskaya-svechka-na-status-pomnka-nemateryiyalnaj-gstoryika-kulturnaj-spadchyinyi.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz