ДЗЕДАВІЦА

ВАДЗЯНІЦЫ, РАЧНЫЯ ДЗЕЎКІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВАДЗЯНІЦЫ, РАЧНЫЯ ДЗЕЎКІ

    Душы тапельніц,, якія паўстаюць у выглядзе маладых дзяўчат з доўгімі распушчанымі валсамі. Яны апранутыя ў доўгія празрыстыя сукенкі да зямлі, на галаве лёгкі вэлюм і вяночкі з белых кветак.

    Час ад часу В. выходзяць з вады, спяваюць сумныя і працяглыя песні і водзяць па беразе карагоды, рухаючыся павольна і плаўна. Таго, хто наблізіцца да іх, В. спачатку заводзяць у карагод, а потым заманьваюць у раку, у самы вір. Такая мадыфікацыя русалак сустракалася ў легендах на Мядзельшчыне.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/172

    ВАДЗЯНІЦЫ

    Русалкі-вадзяніцы — дзеці беларусак, душы якіх па віне бацькоў ці праз самагубства сталі здабычай Нядобрых Духаў і апынуліся ў Падводным гаспадарстве Таго Свету. Русалкі-вадзяніцы выглядаюць як маладыя прыгожыя жанчыны з доўгімі да пят валасамі. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя валасы русага колеру да каленяў.

    У асобных Русалак валасы падобныя да пасмачкаў зялёнай тонкай асакі. У Русалак ласкавыя блакітныя вочы, якімі яны так удала заманьваюць ахвяру. Але калі яны зловяць ахвяру, то іх вочы робяцца шклянымі і нерухомымі, як у нябожчыка. Русалкі-вадзяніцы — вечна вясёлыя, гуллівыя рагатушкі, якія не пакідаюць сваіх вадаёмаў і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам Гаспадарыні-русалкі, якую прыводзіць мясцовы Вадзянік. Русалкі-вадзяніцы — істоты выключна жаночага полу, вечна юныя красуні з чароўным і абаяльным абліччам.

    Яны ці дзяўчынкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, ці тыя, што памерлі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння абавязкова ў вадзе, ці маладыя тапельніцы, што скончылі жыццё самагубствам. Якімі б рознымі ні былі гэтыя ахвяры па ўзросце, стаўшы Русалкай, кожная з iх уяўляе істоту ў найлепшую пару дзявоцтва, і толькі вопытнае вока ўлоўлівае розніцу між імі ва ўзросце.

    Русалкі могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для таго, каб іх цела і валасы высахлі ад макрэчы, пасля чаго яны могуць адразу ж пакутліва загінуць. Русалкі толькі зрэдку на кароткі час выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень ці на бераг, каб заманіць ахвяру ці атрэсці валасы ад вады. Расчэсваючы свае мокрыя валасы,

    Русалка можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе, каб затапіць цэлую вёску. Русалкі жывуць у вадзе толькі з восені да Русальнага тыдня. Пакуль яны не выйдуць з вады, людзям небяспечна купацца, таму што ці хвароба якая-небудзь здарыцца, ці Русалкі да сябе зацягнуць у глыбіню ракі і ўтопяць. У Русальны тыдзень Русалак-вадзяніц выпускаюць на сушу на больш працяглы час, таму што знікае небяспека загінуць на сушы.

    Яны выходзяць на бераг, заплятаюць валасы, што свецяцца ў цемры, плятуць вянкі і ўпрыгожваюць ім галовы. Русалкі смела разгульваюць па беразе вадаёмаў, нават адыходзяць у бліжэйшыя гаі, на палі, залазяць на дрэвы, каб пагушкацца на галінах і вершалінах. Гэтым Русалкі аднаўляюць успаміны пра пакінутую зямлю і пра людзей, сярод якіх яны абавязкова стараюцца злавіць ахвяру.

    Робяць яны гэта так: гуляюць, бегаюць навыперадкі, водзяць карагоды, скачуць, рагочуць, пяюць песні і заманлівымі рухамі клічуць да сябе выпадковага гледача. Калі ён паддасца спакусе і падыдзе да Русалак ці спыніцца, здранцвелы, яны гуртам абступаюць ахвяру, ціскаюць яе ў абдымках і заказытваюць да смерці. Пры гэтым, пачуўшы вясёлы рогат і песні, ніхто не ідзе на дапамогу, бо не падазрае небяспекі там, дзе весяліцца моладзь.

    Выратавацца ад Русалак можна толькі адзіным спосабам: укалоць хаця б адну з іх іголкаю ці шпількаю, якія неабходна мець пры сабе напагатове. Тады ўвесь гурт Русалак з віскам кідаецца ў ваду, дзе яшчэ доўга чуюцца іх галасы. Але лепш за ўсё пазбягаць у Русальны тыдзень мясцін каля вады, не мыцца, не праць бялізну і не лавіць рыбу.

    Згубнае ўздзеянне Русалак на чалавека мацней за ўсё праяўляецца на працягу Русальнага тыдня. У гэты час небяспечна з'яўляцца аднаму на беразе ракі ці возера, асабліва калі бачны рухомыя агеньчыкі і чутна журботная песня. Завабяць яны смельчака гульнёю незлічоных агнёў, зацягнуць чароўнай сілаю тужлівай. песні — і ён беззваротна загіне ў глыбіні цёмных водаў.

    На перадсмяротныя крыкі ахвяры жорсткія жыхаркі Падводнага гаспадарства адкажуць злосным рогатам. Ва ўсе дні Русальнага тыдня дзяўчаты збіраюцца па вечарах і як засцерагальны сродак ад злых хітрыкаў Русалак пяюць своеасаблівыя песні, якія называюцца русальнымі. А ў апошні вечар тыдня дзяўчаты ходзяць у лес і вешаюць на дрэвы вянкі з кветак, упэўненыя, што Русалкі іх выкарыстаюць і будуць бегаць па палях і лясах ў гэтых вянках.

    Такім прынашэннем яны думаюць іх задобрыць. Калі Русалкі завалодаюць ахвяраю, яны заносяць яе ў сваё жытло і тут акружаюць самым пяшчотным клопатам: у ахвяры-жанчыне яны бачаць магчымую жонку свайго ўладара — Вадзяніка, новую сяброўку сабе, а ў мужчыне, асабліва калі той малады і прыгожы, — магчымага палюбоўніка аднае з іх.

    Зразумела, больш за іншых даглядае тапельца тая Русалка, якой ён прыйшоўся даспадобы. Русалка расчэсвае яго валасы, расцірае цела, адганяе вадзяных жывёл, прыбірае ложа лепшымі водарасцямі, а ў Русальны тыдзень выводзіць яго разам са сваім гуртам на сушу, нават дазваляе зазірнуць у родны дом і пабачыць людзей, каб хоць як паслабіць тугу па зямным жыцці.

    Астатнія ахвяры застаюцца без увагі: Русалкі дазваляюць ракам і насякомым нявечыць целы, а калі ахвяра аказалася чамусьці несімпатычнай, яны выштурхваюць труп на паверхню вады, да берага. Акрамя варожых нападаў, калі бязлітасна пераслёдуюцца людзі ўсіх узростаў — ад немаўлят да старых, — вядомы таксама заляцанні Русалак, пераважна тых, хто ў зямным жыцці не ведаў людзей, як, напрыклад, немаўляты.

    Гэтыя заляцанні менш варожыя і не такія небяспечныя; больш за ўсё яны прыходзяцца на маладых мужчын, асабліва хлопцаў, зносіны з якімі новыя і заманлівыя для Русалак. Тут Русалка падхоплівае які-небудзь яго прадмет — адзежу, абутак, рыбалоўную прыладу і, збіраючыся затапіць яго, тым самым прымушае ўладальніка кідацца без разбору лавіць прадмет, сама ж нябачна падштурхоўвае прадмет усё далей і далей, у небяспечнае месца, куды, зразумела, заманьвае і гаспадара.

    Калі той паспяхова пазбегнуў небяспекі, вылавіў украдзены Русалкаю прадмет, гэтаму прадмету не пашанцуе: чалавек абавязкова згубіць яго ў будучым, ці яго ўкрадуць, ці ён сапсуецца. Той, хто выратаваўся ад Русалак ці нават хто бачыў іх або чуў здалёк, не заўсёды застаецца без пакарання. Так, адзін набывае звычку без прычыны нястрымна рагатаць, другі крывіць паходку, твар, некаторыя трацяць тое ці іншае адчуванне, пераважна слых.

    Характэрна, што чым мацней натура ахвяры, тым большыя ў яе пашкоджанні, з якімі чалавек не можа справіцца ўсё жыццё. Якім бы прыгожым ні падавалася жыццё Русалак, у ім больш смутку, які яны не могуць заглушыць забавам!. Перш за ўсё яны з зайздрасцю глядзяць на сваіх зямных сябровак-жанчын, назіраюць матчыны ласкі, якіх многія з іх не мелі.

    Самазабойцам даводзіцца перажываць з-за хвіліннага неабдуманага рашэння развітацца з жыццём, каб потым накласці на сябе, вечную няволю. Але больш за ўсё Русалак-вадзяніц прыгнятае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога яны жывуць і якому падпарадкаваны з той хвіліны, як трапілі сюды.

    Не толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці axoплівае Русалку, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, што гуляе па беразе ці плавае на лодцы. Затое які радасны крык чуецца ў Падводным гаспадарстве парою, калі становіцца вядома пра пагібель ненавіснага Вадзяніка!

    Гэта, аднак, апошні радасны крык, таму што разам з пагібеллю Вадзяніка наступае і іх уласная, калі толькі Русалкі не паспелі сысці з асушанага жытла і перабрацца ў новае. Але тут легка можа здарыцца, што з аднае няволі яны трапляюць у новую, магчыма, больш цяжкую

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/22.htm




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz