ДЗЕДАВІЦА

КАРОВА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАРОВА

    Адна з найбольш рана прыручаных жывёл, яе адамашненне адбылося задоўга да прыручэння каня. Працэс асваення некалькіх разнавіднасцяў “дзікага быка” працягваўся, верагодна, доўгі час у двух арэлах – еўрапейскім і заходнеазіяцкім і належыць да часу блізу VII тыс.

    Да н. э. Надзвычай важнае гаспадарчае значэнне, якое мела К, і малако ў жыцці індаеўрапейцаў, спарадзіла асаблівае стаўленне да яе, што выявілася ў багатай культавай, магічнай практыцы, у паэтычнай сімволіцы ды інш.

    Ужо сімволіка “Рыгведы”, абапіраючыся на больш раннюю традыцыю, часта выкарыстоўвае вобразы “дойнай К.” і яе малака як сімвал касмічнай урадлівасці і дастатку. Па ведыйскім абрадзе галоўнай ахвярнай жывёлінай была К,, і гэта натуральна для грамадства, што ў асноўным займалася гадоўляй буйной рагатай жывёлы.

    Рытуальнае забойства К. у якасці ахвяры багам адбывалася вельмі ўрачыста, з адпаведнымі малітвамі дзеля захавання і залагоджвання яе душы. Агульнаіндаеўрапейскі характар мелі рытуалы ахвяравання цельнай (“васьміногай”) К., занатаваныя ў традыцыях хетаў, індаарыяў, старажытных рымлянаў. У малітвах падчас ахвярапрынашэння выказваліся просьбы да багоў паслаць ахвярадаўцам урадлівасць, багацце, дабрабыт.

    Паводле візантыйскіх пісьмовых крыніц, славяне ў VI ст. н. э. прыносілі ў ахвяру Перуну, богу- “стваральніку маланак”, быкоў. У традыцыях беларусаў К. высока цанілася і шанавалася, яна мела шмат узроставых назваў: цялушка-гуменніца (сёлетняя); цялушка-дравушка (пярэзімак); цялушка-траццячка, бычок-траццячок, або падцёлак; маладая кароўка (пасля першага цялення), ялаўка (няцельная К.), проста К.

    У нас не існавала цвёрдай забароны забіваць К., ужываць мяса ў ежу (у рускіх забаранялася есці цяляціну). Аднак К. рэзалі ў рэдкіх выпадках, калі гэта было мэтазгодным і К. некалькі гадоў запар не цялілася (“ялаўка”, адсюльл, пэўна, і “ялавічына”), калі яна скалечылася, калі не было чым карміць ды інш.

    Усё ж традыцыйнае прызначэнне бычкоў і цялушак рознае, такое, як у валачобнай песні:

    “Тыя бычкі – на пажытачкі, 

    А цялушачкі – на прыплодачкі”.

    Яшчэ і цяпер зарэзаць бычка на мяса – звычайная справа, а цялушачку – непрыемная неабходнасць, гора ггаспадыні, здараецца, па ёй плачуць, перажываюць. К. для беларускіх сялян была і важнай карміліцай, асабліва для дзятвы, яна ж забяспечвала ўстойлівую ўрадлівасць глебы. К. надавала і пэўны статус гаспадару (“што гэта за гаспадар без каровы!”), давала яму ўлучанасць у справы абшчыны – найманне пастуха для ўсяго статку, удзел у рытуалах першага выгану на пашу, вызначэнне пастухоў-падпаскаў і да т. п.

    К. знаходзілася пад даглядам гаспадыні ў адрозненне ад каня, які заўсёды быў пад апекай мужчыны, гаспадара. З К. звязана шмат прымхаў, вераванняў, магічных рытуалаў, замоў. К. надавалася роля міфічнай апякункі. У чарадзейных казках К. выступае цудоўнай апякункай дзяўчыны-сіраціны, якая называе яе “кароўка-мамка”, што можа азначаць і згадку пра міф аб паходжанні К. ад жанчыны, асобна не зафіксаваны народазнаўцамі.

    К. чароўным спосабам дапамагае сіраціне выканаць невыканальнае заданне – за дзень спрасці 7 кудзелін на 7 верацён, аснаваць кросны і выткаць палатно. Як вядома, абыдзённае палатно, намітку ткалі ўсе гаспадыні вёскі, праганяючы вечарам статак К. праз яго і адносячы яго ў царкву якраз на Юр’я.

    Прынесеная ў ахвяру кароўка-мамка раіць сваёй апякунцы “разбіраць чаровы” і знайсці там зярнятка яблыні, пасадзіць яго, з яго вырасце чароўная яблынька, якая забяспечыць шчаслівае вырашэнне лёсу сіраты (запіс Л. Салавей, Мядзельскі р-н). Як і чалавек, асабліва жанчына, К. баіцца сурокаў, благіх вачэй, подступаў ведзьмаў ды інш. Існавала ўяўленне пра ведзьмаў малочных, што пранікаюць у Купальскую ноч у кароўнікі, адбіраюць малако, псуюць жывёлу.

    Ад іх ды іншых нягодаў забяспечвалі К. магічнымі рытуаламі, замовамі, абярэгамі, сродкамі народнай медыцыны. У замовах магічным шляхам абгароджвалі К. і выклікалі большую яе прадуктыўнасць:

    “Добры дзень, Дунаю, я к табе прыбываю не за вадою, а за малаком, сырам, маслам і тварагом тваім”

    або

    “Ідзі, кароўка, у поле, травы наядайся, вады напівайся, малачком налівайся, а ведзьме ў рукі не давайся. Ведзьме – галаўня ў зубы, а чэрап на вочы. Як з-пад чэрапа вачэй не відаць, так ведзьме ад маёй кароўкі малачка не ядаць” (Рагачоўскі р-н).

    Каб К. не была збрадлівай, над ёй чынілі наступны магічны рытуал: адстрыгалі поўсці з-паміж рагоў, загортвалі ў анучку і запіхвалі ў хляве пад парог, прыгаворваючы: “Як валасы пільнуюць парог, каб так карова пільнавала двара” (Рагачоўскі р-н). Такіх захадаў з лячэннем і аховай К. занатавана шмат. К. і каравай звязаны як этымалагічна, так і дачыненнем да вясельнага абраду.

    Па этнаграфічных дадзеных, на караваі рабіліся выявы вымя і рагоў, у каравайных песнях сустракаюцца згадкі: “Я рагат і багат, у малыя дзверы не ўлезу”.

    У беларускіх абрадах сватання бык і цялушка фігуруюць як сімвал жаніха і нявесты. Н. Сумцоў выказваў думку, што каравай замяніў асноўную некалі ахвярную жывёліну – К. (у Заходнім Палессі на Купалле ўпрыгожвалі зелянінай каровін ці конскі чэрап, які потым спальвалі ці кідалі ў ваду). Для каравайных абрадаў характэрнае згадванне пра падараванне К.

    Каровіна масла часта згадваецца ў каравайных пытаннях рытуальнага кшталту. Паколькі каравай параўноўваецца з Сусветным дрэвам, то вобраз К. (і аленя ў некаторых славянскіх паралелях) можна інтэрпрэтаваць праз суаднясення з рагатай жывёлінай на выявах Сусветнага дрэва, дзе яна змяшчаецца ўсярэдзіне дрэва.

    Такім чынам, доўгае сужыцце чалавека з К. – карміліцай, К. – маці стварыла вакол гэтай жывёліны густую міфалагічна-магічную атмасферу, спалучыўшы разам прыроднае і надпрыроднае, практычнае і ўзнёслае, паэтычнае, дакладна спраўджанае і фантастычнае, аднак заўсёды значымае і цікавае.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2372

    КАРОВА Ў ЦЯПЛЕ МАЛАКО НА СТАЛЕ

    19.02.2008

    На Агату (18 лютага) узгадвалі, ушаноўвалі памерлых продкаў: бацькоў, дзядоў, прадзедаў, а святую Агаф’ю ў народзе назвалі Памінальніцай.

    * Святую Агату лічылі ахоўніцай ад пажару. У дзень яе памяці асвячалі хлеб з соллю, які захоўвалі ў хатах як надзейны сродак ад полымя: “Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты”.

    Калі здараўся пажар, каб суцішыць полымя, асвечаныя на Агату хлеб з соллю кідалі ў агонь. Каб полымя сышло ў бок чыстага поля, хлеб з соллю маглі кінуць туды.

    * Святая Агата стала народнай апякункай і заступніцай. У шматлікіх рэгіёнах яе ўшаноўвалі як апякунку хатняй жывёлы. У гэты дзень выконвалі шэраг перасцерагаючых (ахоўных) дзеянняў: у хляве вывешвалі старыя лапці, змазаныя дзёгцем (апроч усяго дзёгаць быў дэзінфекцыйным сродкам); жывёле давалі асвечаныя ў гэты дзень хлеб з соллю і прасілі: “Агата-кароўніца, сцеражы нашых каровак!”.

    * У гэты дзень гаспадыні з асаблівай клапатлівасцю ставіліся да каровы. Шматлікія народы свету ўшаноўвалі кароўку-карміліцу як боскую недатыкальную істоту. У славян да каровы заўсёды былі клапатлівыя адносіны, яна заўсёды займала галоўнае месца сярод хатняй жывёлы: “селянін кароўкай жыве”, “карова на двары — ежа на стале”, “свойская цялушка лепш заморскай каровы”.

    * Адсюль вынікае і шэраг правілаў узаемаадносін гаспадара і кароўкі:

    — карову біць — малака не піць;

    — карова ў цяпле — малако на стале;

    — смятану любіш — любі і карову карміць;

    — карова без мянушкі — мяса, і хутка яе зарэжуць;

    — каб прададзеная карова не сумавала па былых гаспадарах, ёй неабходна было даць новую мянушку;

    — набытую карову першы раз кормяць на пячной заслонцы;

    — нельга ставіць даёнку на стул ці цэбар — “малако да вымені прыстане”, г.зн. знікне;

    — падчас дойкі каровы побач не павінна быць пабочных асоб.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=19659




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz