ДЗЕДАВІЦА

ПЛОТ, АГАРОДЖА, ВОР, ПАРКАН, ТЫН
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЛОТ, АГАРОДЖА, ВОР, ПАРКАН, ТЫН

    Драўляная агароджа вакол сялібы, у міфапаэтычнай традыцыі беларусаў увасабленне мяжы “свайго”, прасторы, засвоенай чалавекам (“гасподай”), і “іншасветам”, выконвае абарончыя функцыі супраць умяшання зла. Узвядзенне агароджы, закліканае абараніць “свій” свет ад дэструктыўнага ўздзеяння “іншасвету”, фігуруе як сродак лімітацыі сакральнай (рытуальнай) прасторы.

    Так, на Палессі месца святкавання Купалля абгароджвалася бярозкамі. Параўн. шматлікія назвы накшталт Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, многія з якіх звязаны з колішнімі свяцілішчамі. У песнях і чарадзейных казках апавядаецца пра “жалезны тын”. Гэты жалезны, а значыць, вельмі моцны П., павінен быў сімвалізаваць недаступнасць да сядзібы ўсялякаму ліху.

    У абрадавым фальклоры “зялезны тын” агароджвае міфічны “багаты двор”, “царкоўку”, якія з’яўляюцца ўвасабленнем сакральнага цэнтра. П. набываў дапаўняльную абарончую здольнасць у адкрытыя, межавыя адрэзкі часу праз маляванне на ім мелам на Вадохрышча крыжоў, затыканне крапівы на Купалле, завязванне лыкам ды інш. Каб каршун не хапаў куранят, на П. вешалі старое вядро без дна, праз якое папярэдне пранялі кожнае кураня.

    У замовах гучыць просьба да св. Юр’я “абгарадзіць скаціну жалезнымі тынамі”. Не менш важкім станавіўся і слоўны, замоўны абярэг: “Сонцам асвячуся, звёздамі абгараджуся, залатым тыном застынюся, царскімі варотамі зачынюся”. П. як мяжа паміж асвоеным і неасвоеным, станоўчым і адмоўным станавіўся месцам, куды адпраўлялася ўсё нячыстае і непатрэбнае. Так, напрыклад, пад П. вылівалі ваду, якой абмывалі нябожчыка. Пасля Калядаў на П. адпраўлялі свае “грахі”, звязаныя з забаронай шыць, плесці і да т. п.

    “Калі ж падобныя работы выконваліся, дык гаспадар на апошнюю куццю перасякаў у П. тры пары галінак, імнучыся прадухіліць беды для сваёй жывёлы”. Звернутасць П. вонкі, да “іншасвету” дазволіла шукаць на ім прытулку дэманічным персанажам – на П. каля агарода бачаць русалак (але параўн. “Сядзіць Купалка на плоце, // Яе галоўка ў злоце…”). П. станавіўся нерэгламентаваным уваходам: “Займі чорта ад варот, дык ён цераз плот”. У замове ад змей: “Шучыя, гадзючыя, прашу вас, вазьміце сваё жала, падплотныя, падтынныя…”, ад уроку – “За сінім морам, за шчырым борам стаіць зялёны тын, пад тым тынам рассыпаны чорны мак.

    Як таго маку ніхто не саберыць, так…” Каля П. адбываліся асобныя народнамедыцынскія рытуалы – хворае дзіця праймалі праз П., каб у п. засталася дзіцячая кашулька, якую дзеля таго толькі напіналі на дзіця. “Памежнае” становішча П. вызначае яго ролю ў варожбах і магічных практыках: на Каляды дзяўчаты ахоплівалі частакол рукамі – калі захопіш цотны лік жэрдак, дык вяселле хутка, калі ж няцотны – то не. На Шчодры вечар у частаколе лічылі калы і на кожны казалі “маладзец”, “удавец”, “маладзец” і г. д.

    Калі на апошні кол прыходзіўся “маладзец”, такога чакалі і мужа. Куванне зязюлі на П. азначала хуткі мор ці хваробу хатняй скаціны. Седзячы на П. і выклікаючы кароў па мянушках, чараўніца магла адбіраць у іх малако. Як ахвяру “іншасвету” праз П. кідалі шчанюка – першанца. П. і выйсце за яго ў народных поглядах метафарычна стасуецца са шлюбна – эратычнымі дачыненнямі, але туды змяшчаюцца пераважна незаконныя, несанкцыяваныя сацыяльныя падзеі: “Шлюб быў пад плотам, а вяселле потым”; пазашлюбнае дзіця ў дыялектнай лексіцы называецца падплотнікам.

    Далучэнне П. да жаночых сімвалаў прадвызначыла рэкамендацыю даваць карове, якая доўга заставалася непакрытай, праз П. хлеб з соллю, прытым пажадана, каб гэта зрабіла цяжарная жанчына. На Віленшчыне на Звеставанне дзеці тройчы аббягалі вакол П., каб “бусел павесіў на ім боты”.

    П., тын – гэта не толькі матэрыяльныя адзнакі бяспекі, аддзеленасці ад суседзяў, не менш важны матыў завершанасці, цэласнасці сядзібы, калі да кожнайдробязі ў двары можа быць прыкладзена азначэнне “мой2, “наш”, а значыць, станоўчы і дарагі. Таму мудрасць і павучае: “Паміраць збірайся, а загароду гарадзі”.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4193

    ПЛОТ

    Плотам агароджвалі не толькі сядзібу, загон для жывёлы, але і могілкі. У далёкія часы плотам з дранкавага бярвення або цэглы – сцяной – агароджвалі ўсю вёску, паселішча, горад, што нярэдка служыла адзінай абаронай ад нападу ворагаў. У традыцыйнай культуры ўсходніх славян плот набыў статус небяспечнага, «нячыстага», але ў той жа час і сакральнага месца.

    Плот надзялялі статусам цэласнасці і недатыкальнасці. Таму выхад за плот не праз вароты ці браму, разбурэнне агароджы параўноўвалі з незаконным нараджэннем дзіцяці, стратай нявіннасці і пазашлюбнымі адносінамі: «Хата без плота, што баба без мужыка», «Вяселле пад плотам, а шлюб потым», «Хадзіць з дзіркай у плоце» – значыць, страціць цнатлівасць па-за шлюбам. Цяжарнай жанчыне забаранялася пералазіць цераз плот, каб «не выкінуць», не страціць дзіця.

    У той жа час, калі роды былі цяжкімі, мужу раілі разламаць частку плота. Лічылася, што такія магічныя дзеянні паспрыяюць хутчэйшаму нараджэнню дзіцяці. Нярэдка травой, сабранай пад плотам (а значыць, той, да якой ніхто не датыкаўся), народныя лекары лячылі людзей і свойскую жывёлу. Каля плота абмывалі людзей, якія пакутавалі на падучую хваробу.

    Пад плот закопвалі рытуальныя прадметы, на якія «адсылалі» хваробы і няшчасці. Каб вылечыць дзіця ад псоты ці сурокаў, пад плотам рабілі падкоп і прымушалі хворае дзіця тры разы пралезці гэтым лазам. Існаваў звычай: жанчыны, якія адпраўляюцца на зажынкі, пралазілі пад плотам. Гэта рабілі з адной мэтай: каб не балела спіна падчас доўгай, знясільваючай працы.

    На плот вывешвалі рытуальныя прадметы, якія павінны былі служыць абярэгам для ўсёй гаспадаркі: старыя паношаныя лапці, бітыя гліняныя чыгуны, траецкую і купальскую траву. У старажытнасці на калы вывешвалі чэрапы кароў ці быкоў. Самым небяспечным месцам лічылі стыкі ці куты плота. У народзе верылі, што там пасяляюцца нячысцікі.

    Нездарма ва Украіне імкнуліся рабіць агароджу вакол двара закругленай, без кутоў. Плот стаў асноўным месцам Калядных варожбаў. Дзяўчына перакідвала цераз плот чаравік і спрабавала даведацца: у якім баку жыве суджаны. Абхапіўшы штыкетнік, варажыла: ці выйдзе яна сёлета замуж.

    Цотная колькасць абхопленых калоў абяцала «пару», няцотная – адзіноту. На плот падчас калядавання аднавяскоўцы маглі надзець пудзіла, якое сімвалізавала сквапнасць, нядбайнасць ці злосць гаспадароў хаты.

    Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/ee066349f67c441e.html

    ШТО НА ПЛОТ ВЕШАЛІ

    Агароджа стала сімвалічнай мяжой, якая падзяляла «сваю» і «чужую» прасторы. Плотам абносілі не толькі жылыя памяшканні, але і могілкі, загоны для жывёлы. У даўнія часы агароджай з вялікіх бярвенняў (валам, сцяной) абносілі ўсю вёску ці горад, што часам было адзінай аховай ад ворагаў. Галоўная функцыя плота – паказаць асвоеную тэрыторыю.

    У традыцыйнай культуры ўсходніх славян тын набыў статус небяспечнага, «нячыстага», але ў той жа час сакральнага месца ці рэчы. Плот быў надзелены статусам цэласнасці і недатыкальнасці. Таму выхад за плот не праз вароты ці злом плота параўноўвалі з незаконным нараджэннем дзіцяці, стратай нявіннасці і пазашлюбнымі адносінамі: «Хата без плота, што баба без мужыка», «Вяселле пад плотам, а вянчанне потым», «Хадзіць з дзіркай у плоце» – страціць нявіннасць па-за шлюбам, «ісці за плот» – зрабіць аборт.

    Дзіця, якое нараджалася па-за шлюбам, звалі «подзаборным». На плоце ніколі не сушылі дзіцячае адзенне, пялёнкі. Лічылася, што зубы і валасы дзіцяці вырастуць такімі ж рэдкімі, як штыкеціны. На плот вешалі рытуальныя рэчы, якія з’яўляліся абярэгам для ўсёй гаспадаркі: старыя лапці, бітыя гліняныя гаршкі, траецкія і купальскія травы і г.д.

    Плот быў асноўным «удзельнікам» варажбы на Раство. Дзяўчаты перакідвалі праз плот боты і жадалі даведацца, у якім баку жыве суджаны. Яны абхоплівалі плот і варажылі: возьме яна шлюб у гэтым годзе ці не. Цотная колькасць штыкецін прадказвала пару, няцотная – адзіноту. Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/ea12ed9a88b57040.ht




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz