ДЗЕДАВІЦА

ПАВУК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАВУК

    У беларускай міфапаэтычнай традыцыі з вобразам П. асацыююцца найперш працавітасць і добрыя прадказанні. Але заўзятая працавітасць калісьці і падвяла П. і нават сталася для яго конам – праклёнам. Так, паводле захаванай на Гомельшчыне версіі колішняга этыялагічнага міфа, П. і пчала былі братам і сястрой.

    Аднойчы, калі памірала іх маці, прыляцела сарока – спачатку да пчалы, а потым і да П., і паведаміла сумную вестку. Пчала адразу ж кінула сваю працу і паляцела да маці, а П., спаслаўшыся на вялікую занятасць. Застаўся за сваёй працай. За гэта маці пракляла яго, і ён вымушаны вечна ткаць сваё павуцінне і ніяк яго не скончыць.

    Гэты матыў перагукаецца з вядомым старагрэцкім міфам пра суперніцтва майстрыхі – ткаллі Арахны з вялікай Анатэнай і пра яе пакаранне за пахвальбу сваім майстэрствам ператварэннем у П., які з тае пары вечна мусіць ткаць павуцінне. Прыведзеная вышэй версія тлумачыць і пачатак непрыязных, нават варожых дачыненняў паміж П. і пчалой, якія больш выразна праяўляюцца ў казцы “Каваль”, дзе П. палоніць у павуцінне пчалу сабе на спажытак.

    Пчалу ратуе каваль, за што пчала паказвае яму крыніцу з жывой вадой. Разам з тым лёгкасць, “паветранасць” павуціння звязвае П. са сферай нябеснага, боскага. Паводле іншай легенды, “павуку вызначана ад Бога глядзець за хлебам”. Ён пільна сочыць за людзьмі, якія кідаюць крошкі хлеба і, узносячы на павуцінні да неба, дакладае аб гэтым Богу, а Бог карае людзей за гэта памяншэннем ураджаю. П. – “стваральнік”, і, відаць, таму ён выступае своеасаблівым індыкатарам пры выбары месца пад новае жытло: калі на новым месцы ён за ноч сатчэ ў жбане павуцінне – месца лічылася ўдалым.

    Суаднесенасць П. з нябесным, салярным (дзякуючы асаблівасцям будовы, формы павуціння) супрацьпастаўляе яго хтанічным істотам. Так, нельга было абрываць і вымятаць павуцінне ў гумне, бо іначай развядуцца мышы. П. забаранялася забіваць, калі расцішнеш П. або парвеш павуцінне, то будзе балець галава (Тураўшчына) ці здарыцца нейкае іншае няшчасце.

    Суаднесенасць П. з “іншасветам” тлумачыць яго вяшчунскія здольнасці. Так, П., які спускаўся па сваім павуцінні ў хаце, прадвяшчаў з’яўленне гасцей. Блізкая семантыка дарогі праглядае і ў вясельнай песні

    “Божа, Божа!   

    Павучок па сценцы йдзе, 

    Павуцінейка вязе. 

    Божа, Божа!  

    Леначка да столу йдзе, 

    Мамачцы ў ножкі падзе:

    - А мамачка родная,   

    Перайдзі дарожаньку…”

    Наагул жа мела значэнне як месца, так і час спускання П. па павуцінні. Калі П. спускаецца перад кімсьці, то таго чакае нейкі прыпадак, не абавязкова ўдалы. Каб унікнуць непажаданых вынікаў, раілі такога П. спаліць жыўцом. Аднак удача ці няўдача тут залежала ад часу з’яўлення П.: калі перад абедам ці проста ўдзень, то чакае непрыемнасць, калі ж пасля абеду ці ўвечары, то прыпадак будзе ўдалы.

    Калі П. спускаецца проста на галаву чалавеку, той атрымае нейкі падарунак, яго чакае дарога або ён атрымае ліст. П., які спускаецца на стол або ў пасудзіну ў час яды, прадвяшчае прыбытак у хаце, удалае завяршэнне распачатых справаў, але, магчыма, сям’я мае патаемнага ворага. Існавала таксама павер’е, быццам на т.зв ляным дубе водзіцца гэткі П., што як яго з’есць карова, то безварункава памрэ (Случчына).

    Вядомая беларускай традыцыі і асацыяцыя П. з удаўцом. Так, жнеі пасля праполвання барады варажылі пра будучае замужжа – падымалі снапы, на якіх яны спажывалі дажынкавую яешню, і глядзелі, што будзе пад імі. Калі бачылі П., то гэта прадказвала шлюб з удаўцом. Відавочная амбівалентнасць вяшчунскіх здольнасцяў П. звязаная з яго судачыненням з пачатковымі фазамі касмагенезу.

    Ён сімвалізуе сабой менавіта той пракаветны ідэальны стан Сусвету (не крануты яшчэ распадам і хаосам вырай), калі ўсе рэчы і ўсе істоты былі злучаныя паміж сабой і з богам – творцам нябачнымі нітамі – павуцінкамі, і які пазней быў людзьмі страчаны (М. Эліядэ). Нездарма ў старажытных касмагоніях Бог – Стваральнік Сусвету – параўноўваўся менавіта з ткачом – П., а сам працэс стварэння Сусвету прыпадабняўся да працэсу вытыкання тканіны, дзе аснова (у іншых адменах – уток) сімвалізавалася пачатковымі водамі.

    У стараіндыйскай традыцыі гэта сам Брахма. У беларускай касмагоніі гэты вобраз хутчэй суаднесены з іншым удзельнікам стварэння Сусвету, будучым антаганістам Бога – творцы, чортам: “… Моташна чорту, хочацца яму ўсё насенне з жывата выкінуць, от ён снуе па вадзе, бы павук, да ўсё блюе. Па немалым часе ўся вада закрылася лазою да ракітаю”.

    Прыгадайма з гэтай нагоды і беларускі выраз: “У панядзелак свет снаваўся…”, таму, маўляў, і любую справу добра распачынаць з панядзелка (хаця часцей панядзелак лічыўся, наадварот, днём нешчаслівым). Месцазнаходжанне П. у куце (у тым ліку і ў чырвоным) дазваляе разглядаць яго як ахоўніка сям’і і яе дастатку.

    Гэта выяўляецца ў шырока распаўсюджаным яшчэ нядаўна звычаі рабіць саламяныя аб’ёмныя ўпрыгожванні – “павукі” – напярэдадні Калядаў і Вялікадня і вешаць іх “ на шчасце” ў покуці над сталом. Невыпадковай з’яўляецца форма гэтых вырабаў: шарападобная (нагадвае сонца з разыходнымі прамянямі), рамбічная (ромб як архаічны сімвал урадлівасці і плоднасці) і зоркападобная.

    Магчыма, што менавіта касмаганічныя функцыі П. і яго павуціння адлюстраваныя ў адным з народных назоваў сузор’я Пляяды (або Воза) – Сіта, паколькі П. з павуціннем звычайна загадваецца праз сіта: “Вісіць сіта, не рукамі віта, хто адгадае, той многа знае2. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся паданні пра ратаванне П. тых або іншых біблейскіх персанажаў (Хрыста ад цара Ірада, Давіда, Мухамеда і пад.).

    Беларускаму фальклору вядомы матыў пра ратаванне цара Салімона (Саламона): П. заплёў павуціннем уваход у пячору, у якой хаваўся цар Салімон, і тым падмануў варту, якая таго шукала.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3803

    ПАВУК.

    У беларускай міфапаэтычнай традыцыі з вобразам павука асацыююцца найперш працавітасьць і добрыя прадказаньні. Лёгкасьць, паветранасьць, своеасаблівая форма павуціньня зьвязвае павука са сфэраю нябеснага, боскага, салярнага. Суаднесенасьць павука з “іншасьветам” тлумачыць яго вяшчунскія здольнасьці (да прыкладу, калі павук спускаецца па сваім павуціньні ў хаце – чакай гасьцей; наагул жа мае значэньне як месца, так і час спусканьня), відавочная амбівалентнасьць якіх зьвязаная зь яго судачыненьнем да пачатковых фазаў касмагенэзу.

    Павук сымбалізуе сабой менавіта той пракаветны ідэальны стан Сусьвету (не крануты яшчэ распадам і хаосам вырай), калі ўсе рэчы ды ўсе істоты былі злучаныя паміж сабой і з богам-творцам нябачнымі нітамі-павуцінкамі, і які пазьней быў людзьмі страчаны (Бог-Стваральнік Сусьвету-Ткач): “У панядзелак сьвет снаваўся” – навучае беларуская народная мудрасьць распачынаць справу ад панядзелку…

    Месцазнаходжаньне павука ў куце (у тым ліку й покуці – чырвоным куце) дазваляе разглядаць яго як ахоўніка сям’і й яе дабрабыту. Гэта выяўляецца ў шырокараспаўсюджаным яшчэ нядаўна ў беларусаў звычаі рабіць саламяныя аб’ёмныя ўпрыгожаньні – “ПАВУКІ” – напярэдадні Калядаў ды Вялікадня і вешаць іх “НА ШЧАСЬЦЕ” ў покуці над сталом.

    Невыпадковай зьяўляецца форма гэтых вырабаў: шарападобная (нагадвае сонца з разыходнымі прамянямі), рамбічная (ромб як архаічны сымбаль урадлівасьці й плоднасьці) і зоркападобная.

    Магчыма, што менавіта касмаганічныя функцыі павука ды ягонага павуціньня адлюстраваныя ў адным з народных назоваў сузор’я Пляяды (або Воза) – СІТА, паколькі павук з павуціньнем звычайна загадваецца празь сіта: “Вісіць сіта, не рукамі віта, хто адгадае, той багата знае” (паводле Ул. Лобача й С. Санько).

    ПАВУК

    Павук – сiмвалiчная iстота ў культуры ўсходнiх славян, звычайна з негатыўным сэнсавым значэннем: хiтры, жорсткi i шкодны. Уся яго сутнасць заключана ў тым, каб плесцi павуцiнне i атрутным укусам паралiзаваць сваю ахвяру.

    l У паданнi распавядаецца аб тым, што Бог стварыў павука, калi стварыў зямлю, неба i чалавека. Але павук пачаў плесцi сваю сетку, быццам бы другое неба, i стаў прычынай чалавечых грахоў. На Палессi iснавала паданне аб тым, як Бог ператварыў у павука ткача, якi пахваляўся «зацягнуць» сваiм прадзiвам увесь свет. Лiчылася, што павука, як i змяю – Боскiх ворагаў – трэба забiваць, i тады чалавеку будуць дараваны ўсе яго грахi.

    l У хрысцiянстве павук стаў сiмвалам д’ябла, якi манiць чалавека ў грэшныя сеткi i п’е яго кроў.

    l У той жа час у iншых паданнях павук выглядаў станоўчым персанажам: у адным з iх ён суцiшыў муху, якая перашкаджала спаць малому Хрысту, у другiм – выратаваў Багародзiцу, заплёўшы павуцiннем уваход у пячору, дзе яна хавалася ад ворагаў. І лiчылася, што забiць павука – значыць, згубiць сваё шчасце.

    l Павука звалi гаспадаром хаты, усяляк ахоўвалi, лiчылi, што ён прыносiць поспех, багацце i дабрабыт.

    l У беларускiх i ўкраiнскiх паданнях павук узнiмаецца на неба i нясе Богу хлебныя крошкi, пераконваючы яго, што людзi не шануюць хлеб i не павiнны атрымлiваць добры ўраджай. Таму лiчылася вялiкiм грахом пакiдаць пасля абеду крошкi на стале цi на падлозе.

    l У народных прыкметах павук, якi апускаецца са столi, быццам бы з неба, прадказваў хуткiх гасцей; павук, якi апускаецца перад вачыма, з капелюша цi валасоў, прадказваў чалавеку шчасце, поспех; на парозе хаты – прадказваў пахаванне; чорны павук прадказваў няўдачу, белы – шчасце.

    l Калi ўлетку павукi раскiдаюць свае сеткi – будзе добрае надвор’е, прычым, даволi працяглы час; калi павуцiння няма – будзе моцны вецер, навальнiца.

    Аўтар: Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/f732ccf7f8b79d44.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz