ДЗЕДАВІЦА

ВЯСЕЛЬНЫЯ ГАЛАЎНЫЯ ЎБОРЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЯСЕЛЬНЫЯ ГАЛАЎНЫЯ ЎБОРЫ

    І СТУЖКА Ў ВАЛАСАХ

    Ці праўда, што вясельныя галаўныя ўборы маглі рабіць з простага сіта, а белыя вяночкі надзявалі толькі нявесты-сіроты? Ці праўда, што вясельныя галаўныя ўборы маглі рабіць з простага сіта, а белыя вяночкі надзявалі толькі нявесты-сіроты? Адным з самых галоўных і радасных момантаў жыцця ва ўсе часы лічылася вяселле.

    Асабліва для дзяўчат, якія рыхтуюцца да гэтай падзеі з усёй адказнасцю. Сёння, вядома, недахопу ні ў сукенках, ні ў вэлюмах няма — шаўковых, атласных, карункавых і іншых вясельных строяў хапае і ў салонах, і ў інтэрнэце. Безумоўна, сто-дзвесце гадоў таму ні пра якія онлайн-магазіны, вясельныя салоны і парады дызайнераў будучыя нявесты і падумаць не маглі.

    І калі сукенку нашы бабулі і прабабулі маглі яшчэ замовіць у суседкі-швачкі, то вясельныя галаўныя ўборы, як правіла, майстравалі самі са звычайных падручных матэрыялаў і з дапамогай сябровак-дружак. Ці існавала мода на вясельныя галаўныя ўборы, якія кветкі ўпляталі ў вянкі, чым адрозніваўся чапец ад каптура і навошта вэлюм абкручвалі вакол шыі высветліла карэспандэнт “НГ”.

    КАБ НЕ СУРОЧЫЛІ

    — Доўгі час асноўным галаўным уборам нявесты былі вяночкі, — расказвае выкладчык кафедры касцюма і тэкстылю БДАМ Вераніка Багачова. — У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя традыцыя крыху мяняецца. Пачынаюць з’яўляцца ўборы з вэлюмам.

    Спачатку вэлюм проста чаплялі да вяночкаў, пасля стварылі ўбор з брылямі. З шырока распаўсюджаных галаўных убораў у маладых гэтага перыяду Вераніка Юр’еўна вылучае тры віды вянкоў — віты вянок з жывых кветак, вянок-абручык (на дроціку або каркасіку) і вянок на цвёрдай аснове — з лубу, бяросты ці кардону.

    — Маглі выкарыстаць простае сіта, яго абгортвалі з благога боку звычайным палатном, а з добрага — дарагой тканінай, да прыкладу, аксамітам, шоўкам, і аздаблялі рознымі кветкамі, — тлумачыць Вераніка Багачова.

    Існавалі і палатняныя галаўныя ўборы. Гэта маглі быць перавязкі і скіндачкі — складзеныя ручнікі, завязаныя ззаду, з вышыўкай на лобнай частцы і канцах. На вяселле дзяўчына магла надзець і звычайную хустку, якую часта завязвалі проста пад падбароддзем, а таксама павівайлу.

    — Гэта яшчэ адзін распаўсюджаны вясельны галаўны ўбор — вялікі кавалак тканіны проста пакрываў твар нявесты. Дарэчы, гэта даўняя традыцыя — хаваць нявесту ад чужых вачэй. Раней, да прыкладу, па дарозе да царквы яе ўвогуле накрывалі некалькімі посцілкамі і коўдрамі, — расказвае Вераніка Юр’еўна.

    — Магчыма, каб не сурочылі ці каб жаніх загадзя не ўбачыў нявесту.

    НА ГАЛАВЕ... ГІРЛЯНДА

    Акрамя шырока распаўсюджаных відаў вясельных галаўных убораў маладой на тэрыторыі Беларусі вядомы цэлы шэраг іх лакальных відаў. — Па сваёй канструкцыі, тэхналогіі і мастацкім вырашэнні яны з’яўляюцца ўнікальнымі, але былі ва ўжытку толькі на невялікай тэрыторыі, у асноўным у Заходнім Палессі.

    Гэта гірлянда з некалькіх рознакаляровых стужачак, да сёння невядома, як яна чаплялася. Вянок-шапачка — каркас з дроту ці галінак дрэў — укладвалі птушыным пер’ем, пафарбаваным у зялёны колер, колер цнатлівасці. Дзе-нідзе выходзілі замуж у падвічцы, калі вакол галавы павязвалася палатно і ў ім мацаваўся цэлы букет жывых кветак (уяўляеце, букет не ў руках, а на галаве!).

    І, бадай, самым яркім і знакамітым вясельным галаўным уборам з’яўляецца стаўбуновы вянок. Ён складаўся з трох частак і багата аздабляўся. Давялося патрымаць гэты вянок у руках. Ён нібы жывы, рухаецца і трымціць, як букет жывых кветак. Як правіла, галаўныя ўборы, як і ўвесь вясельны касцюм беларусаў, былі каляровыя. Т

    олькі нявесты-сіроты не апраналіся ў каляровае. Іх вянок рабілі манахромным, часцей белым ці проста светлым. Цалкам белым вясельны строй стаў толькі ў першай палове ХХ стагоддзя. Але і ён доўгі час аздабляўся зелянінай.

    — Як правіла, гэта былі рута, аспарагус, мята, барвенак, часам папараць, — пералічвае Вераніка Юр’еўна.

    — Зеляніна лічылася сімвалам дзявоцтва, і ёю ўпрыгожвалі, як правіла, толькі цнатлівых дзяўчат.

    “КАРОНА” Ў ПАЗЫКУ

    Галаўны ўбор нявесты рабілі з жывых і штучных кветак, карункаў, пацерак, ватных камячкоў — вату накручвалі на дроцік і апускалі ў воск, атрымліваліся “кроплі”. Ён не быў даўгавечны, таму рабілі, як правіла, напярэдадні вяселля ў суборную суботу, звычайна нявеста са сваімі сяброўкамі.

    Калі жаніх быў заможны, то вясельны галаўны ўбор замаўляў ён. Гэта магла быць, да прыкладу, багата аздобленая карона. І калі звычайны вянок пасля вяселля, як правіла, спальвалі, зашывалі ў падушку, клалі за абразок або разбіралі і раздорвалі сяброўкам, то такі галаўны ўбор захоўвалі і перадавалі адзін аднаму ў вёсцы.

    — У другой палове вяселля галаўны ўбор маладой змяняўся на галаўны ўбор маладухі, што сімвалізавала набыццё дзяўчынай іншага, замужняга статусу, — расказвае Вераніка Багачова.

    — Галоўная розніца паміж дзявочымі і жаночымі ўборамі была ў тым, што дзявочы не закрываў макаўку — гэта лічылася сімвалам дзявоцтва і незамужняга жыцця. Такі ўбор мянялі на намітку, хустку, чапец або каптур (чапец з вушкамі).

    — Мода мянялася, і часта новае адзенне было вельмі адкрытым, асабліва ў вобласці шыі і дэкальтэ, — расказвае Вераніка Багачова.

    — Аголеныя месцы стараліся схаваць з дапамогай вэлюму. Нявесту імкнуліся захаваць чыстай нават ад чужога погляду — дзеля адзінага чалавека. Павучыцца б і нам у сваіх бабуль і прабабуль такой “разумнай” модзе.

    Крыніца:http://www.ng.by/ru/issues?art_id=73607




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz