ДЗЕДАВІЦА

ПЯТНІЦА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЯТНІЦА

    Пяты дзень тыдня нясе ў сабе жаночы пачатак, з'яўляецца няцотным і посным днём. У сукупнай характарыстыцы дня прысутнічаюць і станоўчыя, і негатыўныя рысы. У гадавым цыкле святкаванняў пятніца карыстаецца вялікай павагай.

    Ва ўсходніх славян існуе шэраг паданняў, у якіх персанаж Пятніцы атрымаў дэталізаваную партрэтную характарыстыку: "Яна ходзіць па дварах і праз вокны назірае за тым, як людзі ўшаноўваюць яе...";

    Гістарычная прыналежнасць пятніцы да значных хрысціянскіх падзей робіць зразумелым пажаданне прытрымлівацца паста. Існавалі адпаведныя рэгламентаваныя нормы паводзін беларусаў. Напрыклад: "Хто смяецца ў пятніцу, той у нядзелю будзе плакаць".

    Пятніца сярод астатніх дзён тыдня займае першае месца па колькасці забарон і рэгламентацый. Асабліва засцерагаліся, калі яна папярэднічала вялікаму святу. На Віцебшчыне лічылася, калі пасціцца ў пятніцу перад Благавешчаннем або ў Чысты панядзелак, то летам чалавеку будзе шанцаваць у пошуку яек дзікіх птушак. Лічылася, калі карова ацеліцца ў пятніцу, то будзе мала даваць малака. Каб не псаваць воўну, у пятніцу забаранялася мыць і стрыгчы авечак. У пятніцу забаранялася шыць, каб ягняты не адбіваліся ад статка. Араць, шыць і прасці ў пятніцу лічыцца ў беларусаў за вялікі грэх. "Хто народзіцца ў посны дзень, у сераду або пятніцу, той будзе скупы", — гаварылі ў народзе.

    Звесткі аб ушанаванні пятніц у старажытнасці прыводзяцца ў вядомым апакрыфічным творы "Павучэнне Кліменты пра дванаццаць пятніц...". Самыя першыя спісы "святых" пятніц датуюцца XІІІ-XV стст. Падобныя апісанні можна знайсці і ў беларускай этнаграфічнай літаратуры. Аналіз гадавых святочных пятніц дае падставу сцвярджаць, што яны часцей за ўсё распачыналі рытуальна-абрадавы комплекс па ўшанаванні продкаў. На Палессі памерлых сваякоў паміналі асобна: у пятніцу — мужчын (Дзедава пятніца), у суботу — жанчын (Бабы).

    Разам з тым з усіх святочных пятніц года асобна вылучаюцца пятніцы, так або інакш звязаныя з Пасхальным цыклам: Пахвальная пятніца на трэцім перадвелікодным тыдні; Вялікая пятніца, Красная, Чырвоная, Велікодная — пярэдадзень святкавання Вялікадня; Градавая пятніца першага Велікоднага тыдня, Дзевятуха і Дзесятуха — пятніца на дзявятым і дзясятым тыднях пасля Вялікадня і інш.

    Аксана Катовіч, Янка Крук

    Звязда

    ПЯТНІЦА
    Жаночы дзень, якому адпавядае няцотны лік 5. П. лічылася самым спрыяльным днём для пасадкі і праполкі цыбулі. Але ў гэты дзень не раілі вывозіць гной, мог апусцець хлеў, жывёла пераставала весціся. Вясной імкнуліся ў гэты дзень першы раз выгнаць карову ў поле. Катэгарычна забараняецца стрыгчы пазногці, каб іх не “зганяла” і не прыкідвалася панарыца; нельга заплятаць валасы ў касу, кажуць, будзе доўга балець галава.
    Серада і П. у праваслаўных хрысціян лічацца поснымі днямі. Аднак да паста ў П. існуюць больш жорсткія патрабаванні, таму што ў адпаведнасці з евангельскай традыцыяй Ісус Хрыстос быў укрыжаваны менавіта ў гэты дзень. Тыя неймаверныя пакуты, якія ён пацярпеў за грахі чалавечыя, нарадзілі культ пакутніцы Параскевы Пятніцы, за хрысціянізаваным вобразам якой стаіць не сапраўды існаваўшая гістарычная постаць жанчыны, а персаніфікаванае легендарна – міфалагічнае ўвасабленне выключнага ў гісторыі чалавецтва дня. Евангельскі сюжэт стаў асновай узнікнення легендаў пра Пятніцу, якая, з аднаго боку, дапамагае тым жанчынам, якія строга прытрымліваюцца хрысціянскіх канонаў, а з другога – можа жорстка пакараць тых, хто парушае этыкетныя прадпісанні звычаёвага права. Культ Параскевы даволі пашыраны ў асяроддзі беларусаў, пра што сведчыць шматлікія табу і прадпісанні. Напрыклад, жанчыны мыліся ў лазні толькі ў П. Даўней перад Дзядамі (суботнім ушанаваннем даўно памерлых па мужчынскай лініі) адзначаліся “бабы” – ушанаванне радаводу па жаночым адгалінаванні. У дзень Параскевы дзяўчаты хадзілі ў храм і прасілі ў святой сабе суджанага. Калі доўгая засуха выпальвала ўсё наваколле, то жанчыны з малітоўнымі словамі звярталіся да сваёй апякункі Параскевы – Пятніцы і выконвалі абрад прадзення ручніка – “абыдзённіка”. Некалькі жанчын збіраліся ў якой – небудзь хаце, прыносілі з сабой кужаль, пралі яго з яго ніткі, па чарзе ткалі ручнік, асвячалі яго ў храме, а затым распускалі і з даўжэзнай ніткай абыходзілі вакол вёскі. Уся гэта магічна – ахоўная дзея выконвалася ў П.
    Аднак гэта рабілася ў выключнай сітуацыі, а вось у штодзённым жыцці існавала забарона прасці ў П., бо верылі, што святым “радзіцелям” вочы кастрыцай засыпле.
    Ва ўсходніх славян бытуе даволі шмат легендаў, у якіх персанаж Пятніцы мае сваю партрэтную характарыстыку. Звычайна гэта старэнькая баба, апранутая ў дзіравую світку, галава якой пакрыта рознай старызнай, з-пад якой вытыркаюцца каўтуны сівых валасоў. У беларускай легендзе яна паўстае міфалагічнай істотай, якая ходзіць па дварах і праз вокны назірае за паводзінамі жанчын.
    Акадэмік Б. Рыбакоў перакананы, што напаўхрысціянская Параскева – Пятніца з’яўляецца двайніком старапаганскай багіні Мокашы, якая была ахоўнікам урадлівасці зямлі і шчаслівых шлюбаў, жаночых клопатаў, дзявочага лёсу. Сведчанне таму – святкаванне дня Параскевы 28 кастрычніка, г. зн. у той час, калі ва ўсходніх славян быў самы разгар Вялікай вясельніцы 9часу найбольш актыўнага правядзення восеньскіх вяселляў). Пра тое, што Параскева пераняла ў Сярэднявеччы функцыі міфалагічнай Мокашы, сведчыць і яецесная сувязь з вадой. Сярод усходніх славян бытуе мноства легендаў аб тым, што іконы Параскевы Пятніцы знаходзяць каля ручаін або крыніц, вада з якіх набывае пасля з’яўлення нерукатворнай іконы гаючыя якасці.
    Існуе народная забарона купаць дзяцей у П., каб не напаў “сушэц”. Калі ж маці нечакана забылася м пакупала дзіця ў П., то, каб папярэдзіць магчымае пакаранне хваробай, яна звала да сябе суседку, перадавала ёй дзіця за капейку. У асяроддзі беларусаў ёсць павер’е: “Калі свята Калядаў выпадае ў П., то на той год будзе паміраць больш жанчын, чым мужчын, а калі ў панядзелак, то жанчыны ў тым годзе з цяжкасцю будуць раджаць”.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4493 http://mifijslavyan.ru/stories2/254.htm




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz