ДЗЕДАВІЦА

АСІНА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АСІНА

    Не належыць да шанаваных і ўлюбёных беларусамі дрэваў хоць яе якасьці шырока выкарыстоўваліся ў гаспадарчай дзейнасьці і магічнай практыцы. Сырая асіна вельмі кепска гарыць, дровы з асіны не цаніліся.

    Затое яе драўніна не гніе; гэта выпрацавала прымхлівае да яе стаўленьне, уключэньне ў матэрыялы для магічных дзеяньняў, як, напрыклад, забіваньне асінавага калка ў магілу нябожчыка, які блукае непрыкаяны па начах, ды інш.

    Вонкавая рыса асіны — яе трапяткое лісьце — спарадзіла этыялагічны міф на хрысьціянскай аснове. Паводле яго, асіна спала, калі на ёй павесіўся Юда, усьвядоміўшы сваё жахлівае здрадніцтва. Прачнуўшыся, асіна вельмі спужалася вісельніка, затрэслася ад страху, і з тае пары лісьце на ёй трапечацца нават без ветру.

    У фальклоры вогнішча з асінавых дроў — надзейны ачышчальны сродак ад усялякай нечысьці. (Беларуская міталогія).

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/84

    АСІНА

    Ёсць у нашых лясах адно незвычайнае дрэва – асіна, вакол якой аплялося мноства легендаў і паданняў, прыкмет і павер'яў. Самае дзіўнае – у яе «паводзінах», нават калі прырода, здавалася б, заснула глыбокім сном, які не парушаецца і лёгкім павевам ветру, асіна трымціць, шапоча сваім лісцем, бы хвалюецца за нейкі непапраўны грэх. Так яно ці не так – адзін Бог ведае, але праз стагоддзі, з глыбокай даўніны даляцела легенда, быццам наканавана ёй вечна трэсціся за тое, што з яе быў зроблены крыж, на якім Сын Божы Ісус Хрыстос быў распяты іншаверцамі.

    Народнае паданне сцвярджае, што і цвікі, якімі прыбілі Збавіцеля да крыжа, таксама былі асінавымі. Ёсць яшчэ адно тлумачэнне незвычайных «паводзінаў» гэтага дрэва. Падчас уцёкаў у Егіпет іудзеяў Маці Боская схавалася са сваім сынам пад асінай, але тая шапаценнем лісця выдала іх. А адна са старажытных легендаў паведамляе, што на асіне павесіўся самы вядомы здраднік з роду чалавечага – Іуда.

    Усе гэтыя аповеды пра лёс дрэва, відаць, у многім і прадвызначылі стаўленне да яго беларусаў і іншых славянскіх народаў. Каб перасцерагчыся ад хваробы, нашы продкі не выкарыстоўвалі гэта дрэва пры будаўніцтве хаты, не садзілі на падворку. Але, каб пазбавіць гумно і хлеў ад нячыстай сілы, у сцяну абавязкова клалі некалькі асінавых плашак. У шэрагу рытуалаў, звязаных з чорнай магіяй, яскрава прасочваецца цесная сувязь асіны з чортам, з нячыстай сілай.

    Жыхар вёскі Вялікі Рожан Салігорскага раёна М. Коўчык (дарэчы, таленавіты майстар слова, які ведае процьму мясцовых казак, легендаў і паданняў) расказаў нам, як тутэйшы люд вызначаў, хто з вясковых жанчын-вядзьмарак забіраў у кароў малако. Гаспадар высякаў вялікі асінавы кол і ўбіваў у зямлю, здзіраў з яго кару і кідаў на раскладзенае вогнішча, над якім падвешвалася даёнка, дзе кіпяцілася марлевая цадзілка.

    Кажуць, ведзьма абавязкова прыйдзе прасіць патушыць вогнішча. Распазнаць ведзьму можна было і іначай. Асінавымі дрэвамі палілі ў печы, а затым на полымя ставілі патэльню з соллю. Праз некалькі хвілін у хату ўлятала вядзьмарка і абяцала адрабіць назад нанесеную карове шкоду, якая ні з таго ні з сяго пачынала даіцца крывёю. Асіна як адзін з галоўных рытуальных атрыбутаў шырока выкарыстоўвалася ў пахавальнай абраднасці, асабліва ў выключных сітуацыях.

    Вядома, што над магілай чалавека, памерлага «сваёй» смерцю, ставілі сасновы крыж. Самагубцаў або тых, хто памёр заўчасна, хавалі не на агульных могілках, а асобна. Лічылі, што яны маглі нават пасля смерці ўчыняць шкоду жывым, таму прама ў цела нябожчыка ўбівалі вялізны асінавы кол. Гэты звычай даў жыццё ўстойліваму словазлучэнню «колам стаў», якое па сваёй стылістычнай афарбоўцы нагадвае звычайны праклён.

    На поўдні Беларусі на магіле мёртванароджанага дзіцяці распальвалі вогнішча з асінавага голля, а на магілцы ж няхрышчанага дзіцяці пакідалі камень або трохкутнік, складзены з галін асінавага дрэва. Зразумела, што такое вялікае кола ахоўна-магічных рытуалаў не магло не паспрыяць выкарыстанню асіны ў народнай медыцыне. Вялікае няшчасце, калі ў сям'і дзіця хварэе на эпілепсію.

    Што толькі ні спрабавалі народныя лекары, каб пазбавіцца гэтай бяды! Нават шматок валасоў затыкалі ў вушак дзвярэй і забівалі асінавым калком. Меркавалі: дзіця перарасце (перагоніць) сваю хваробу і такім чынам назаўсёды адолее яе. Бяссонніцу, крыксы, начніцы таксама лячылі з дапамогай асіны: з невялікага палена выдзёўбвалі спецыяльныя ночвы і клалі іх у калыску.

    Лекавалі таксама зубны боль, грыжу і спуд. Неаднаразова на сваім уласным досведзе пераконваліся, што «збіць» павышаны ціск і суцішыць галаўны боль можна вельмі простым спосабам: да патыліцы прыкласці асінавы кругляк і патрымаць некалькі хвілін. А каб адчуваць сябе лепш, на тое ж месца затым пакладзіце бярозавую дошчачку.

    Вельмі хутка ваша стомленасць пройдзе. (Беларуская міталогія).

    Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a376dd4a83eeec7f.html

    АСІНА

    Асiна – прыгожае, стройнае лiставое дрэва, якое ў народнай культуры стала сiмвалам страху, палахлiвасцi i няўпэўненасцi – яго закругленае лiсце дрыжыць пры кожным павеве ветру. Лiчыцца, што асiна «крадзе» (паглынае, забiрае да сябе) энэргiю чалавека. У казках Дабрыня павесiў Змея Гарыныча менавiта на асiну – каб той не вярнуўся да жыцця.

    Завостраны асiнавы кол – «Перунова палiца» – быў моцным сродкам барацьбы з ведзьмакамi, калдунамi i ваўкалакамi. З асiны рабiлi барану, якой абганялi вёску ў час барацьбы з эпiдэмiямi. У хрысцiянскай культуры асiна атрымала назву «iудзiна дрэва», таму што Іуда павесiўся менавiта на асiне. З таго часу i трымцiць асiна, калi ўзгадвае аб самазабойстве здраднiка Хрыстовага: «Злараднiк Iуда на асiне задавiўся, а на алешыне кроў пускаў, таму асiна мае горкi смак, а сырая алешына – крывавы колер».

    * Святых апосталаў Сiлу i Сiлуана, якiя ўшаноўваюцца 12 жнiўня, у народным асяроддзi ўспрымалi лiтаральна па iх iмёнах i iх «сiлай» надзялялi менавiта хлеб: «Сiла хлеб сiлiць».

    * Таксама лiчылася, што «святая Сiла дадасць мужыку сiлы» сабраць ураджай i засеяць новае поле: «Хто пасее жыта на Сiлу – народзiць яна сiльна», «Хто на Сiлу жыта пасее, у таго на хлеб надзея».

    * Каб пазбавiцца ад болю ў суставах цi радыкулiту, збiралi лапуховае лiсце – па тры лiсты з кожнага куста, не больш, сушылi на печцы. Затым сушанае лiсце прыкладалi да хворых месцаў тры разы – на тры Спасы (14, 19 i 29 жнiўня).

    * На Сiлуана сушылi венiк з асiны. Знахары «правiлi» iм сурочанага чалавека i варажылi над цяжкахворым чалавекам: будзе жыць цi не.

    * На Сiлу i Сiлуана «захоўвалi» карову ад ведзьмака – у варотах падворка i па кутках хлява ставiлi маладзенькiя асiнавыя дрэўцы цi забiвалi асiнавыя калы.

    * Цiкавы факт: асiна – дрэва з мяккай драўнiнай, якая ў той жа час найменш з усiх астатнiх падпадае пад уплыў гнiення. Працягласць жыцця гэтага дрэва – больш за 100 гадоў. З асiны вырабляюць самыя трывалыя старчакi для маставой.

    * Калi пакласцi асiнавае палена ў мех з нягашанай вапнай, яна не будзе вiльготнай i не «запарыцца»; калi пакласцi кавалак асiны ў цэбар з квашанай капустай – яна не забродзiць i не скiсне.

    * Прыкмячалi: калi на асiне вялiкiя пупышкi – да ўраджаю ячменю, асiна з «завушнiцамi» – да ўраджаю аўса. (Беларуская міталогія).

    Аўтар: Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК, «Звязда».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/eef902907f78064e.html

    ЧАМУ ДРЫЖЫЦЬ АСІНА

    Ёсць у нашых лясах яшчэ адно незвычайнае дрэва – асіна, вакол якой мноства легенд і паданняў, прыкмет і павер’яў. Самае дзіўнае ў яе «паводзінах»: нават калі прырода, здавалася б, заснула глыбокім сном, які не парушаецца і лёгкім павевам ветру, асіна трымціць, шапоча сваім лісцем, бы хвалюецца за нейкі непапраўны грэх.

    Так яно ці не так – адзін Бог ведае. Але праз стагоддзі, з глыбокай даўніны даляцела легенда, быццам наканавана ёй вечна трэсціся за тое, што з яе быў зроблены крыж, на якім быў распяты іншаверцамі Сын Божы Ісус Хрыстос. Народнае паданне сцвярджае, што і цвікі, якімі прыбілі Збавіцеля да крыжа, таксама былі асінавымі.

    А адна са старажытных легенд паведамляе, што на асіне павесіўся самы вядомы здраднік з роду чалавечага – Іуда. Больш позняе беларускае паданне «Пра бярозу і асіну» па-свойму «асэнсоўвае» прыродную асаблівасць дрэва. Яно зазначае: бяроза і асіна – гэта няверная жонка і яе палюбоўнік. Жонка разам з каханкам забіла свайго мужа, за што Бог ператварыў яе ў бярозу, і тая штогод абліваецца слязамі (сок пускае) за свой учынак.

    «Палюбоўнік жа астаўся асінаю, якая ўвесь час трасецца ад страху дрыжачай лістотай,» – падводзіць вынік паданне, укладваючы ў гэтыя словы маральна-этычнае асэнсаванне злачынства. Усе гэтыя аповеды пра лёс дрэва, відаць, у многім і прадвызначылі стаўленне да яго беларусаў і іншых славянскіх народаў.

    Каб засцерагчыся ад хваробы, нашы продкі не выкарыстоўвалі гэта дрэва пры будаўніцтве хаты, не садзілі на падворку. Але, каб пазбавіць гумно і хлеў ад нячыстай сілы, у сцяну абавязкова клалі некалькі асінавых плашак. Асіна выкарыстоўвалася падчас розных святкаванняў як надзейны абярэг гаспадарчых пабудоў і свойскай жывёлы.

    Напрыклад, на Юр’я, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыня сцёбала карову галінкамі вярбы, а вось каб засцерагчы яе ад ведзьмаў, якія спраўлялі шабас у купальскую ноч, у дзверы хлява ўтыкалі некалькі галінак асіны.

    Праз асінавае галлё, пакладзенае перад парогам хлява, павінен быў пераступіць конь, якога толькі што купілі і прывялі дадому. Неаднаразова на сваім уласным вопыце пераконваліся, што збіць павышаны ціск і суцішыць галаўны боль можна вельмі простым спосабам: да патыліцы прыкласці асінавы кругляк і патрымаць некалькі хвілін.

    А каб адчуваць сябе лепш, на тое ж месца затым пакладзіце бярозавую дошчачку. Вельмі хутка ваша стомленасць пройдзе.

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/af322cd62957c0ab.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz