ДЗЕДАВІЦА

РАДАЎНІЦА, РАДУНІЦА, РАДУНІЦКІЯ ДЗЯДЫ, ВЯЛІЕДЗЕНЬ МЁРТВЫХ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 52
    Гасцей: 52
    Карыстальнікаў: 0

    РАДАЎНІЦА, РАДУНІЦА, РАДУНІЦКІЯ ДЗЯДЫ, ВЯЛІЕДЗЕНЬ МЁРТВЫХ

    Язычнiцкае веснавое  свята ўсходнiх славян (беларусаў і рускіх), звязанае з культам продкаў, дзень памiнання памерлых. У беларусаў было вядома яшчэ пад назвай «снеданне па радзіцелях». Адзначалася ў праваслаўных на 9–ы дзень пасля Вялiкадня, у аўторак на Фаміным тыдні, непасрэдна на могiлках. У некаторых мясцiнах Р. дзялiлася на «жывую» (у панядзелак малiлiся за жывых) i «мёртвую» (у аўторак памiналi памерлых). Паходжанне слова Р. выводзяць ад розных слоў: ад ст.–гр. йodwniЬ «ружавы куст, дзень ружаў; свята памінання памерлых», лiт. raudа «плач з галашэннем», raudмnл «малітва з плачам і галашэннем па памерлых», ад агульнаславянскiх слоў «род» або «рад», ад iмя мiфiчнага бога Рады i г. д. З увагі на арэал бытавання слова (адсутнічае на Украіне), яго семантыку і супадзенне найбольш характарыстычных элементаў абраду ў беларусаў і літоўцаў самай імавернай здаецца балтыйская этымалогія. На Р. кожная сям’я iшла памiнаць родзiчаў спачатку ў царкву, а потым на могiлкi, дзе прыводзiлi ў парадак магiлы блiзкiх. Рассцiлалi на насыпе абрус i пачыналi памiнальную трапезу, якая нагадвала старажытную язычнiцкую трызну. Гаспадынi клапацiлiся, каб у гэты дзень нагатаваць як мага больш страваў — так званыя «грыбкі» (тоўстыя бліны з пшанічнай мукі, на масле і яйках), яйкi, пiрог з яйкамi, грэчневыя блiны, мёд, тварог, каўбасы, смажанае мяса, вяндлiна ды iнш. Крыху ад стравы (фарбаваныя яйкi, куцця, мяса) i гарэлкi пакiдалi «для мёртвых». Яйка на магiлу клалi як магiчны сродак. Лiчылася, што такiм чынам можна часова ажывiць мёртвага. У размовах успамiналi нябожчыкаў, часта гучалi галашэннi. Рэшту памiнальных страў раздавалiь жабракам. Правядзенне Р. заканчвалася бяседай дома цi ў карчме, згодна з народнай прыказкай: «На Радаўнiцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць». У некаторых мясцiнах Палесся Р. падмянялася т. зв. «Наўскiм вялiкаднем» (вялiкаднем мёртвых), якi адбываўся ў чацвер велiкоднага  тыдня.  На  ўсходзе Беларусi функцыю Р. выконвалi летнiя (траецкiя, сёмушныя) дзяды. У некаторых рэгіёнах Р. спраўлялi толькi жанчыны. Дзе–нідзе Р. мела назоў «грэць бацькоў». У памяць кожнага памерлага разводзiлi вогнiшча. Праз вогнiшчы скакалi, на iх пяклi яешню. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на Чэрвеньшчыне i Дзiсеншчыне захоўваўся звычай — перш чым iсцi на магiлысваiх блiзкiх, людзі заходзiлi на курганныя могiльнiкi (магiлы  сваiх далёкiх продкаў). Курганы падсыпалi, на iх вяршынi закопвалi пятку афарбаванага яйка i пакiдалi крыху ежы. Бывала, разводзiлi вогнiшчы або высыпалi на  вяршынi курганоў вуголлi, прынесеныя з печы з дому. Гаршчок,  у якiм  неслi вуголлi, разбiвалi ўшчэнт. Археолагамi на курганах XI—XII стст. зафiксаваныя сляды памiнання продкаў у часы позняга Сярэднявечча i да ХХ ст. (Сухая Гара Лагойскага, Маяк Бабруйскага р–наў ды iнш.). На Лепельшчыне яшчэ ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у гэты дзень моладзь прыбiрала курганы  зелянiнай i потым  вадзiла  з песнямi карагоды. Аб колiшнiх святкаваннях Р. на курганах сведчаць назвы курганных  могiльнiкаў — Карагодзiца, Гуслiшчы, Цымбалы, Дудкi. У некаторых мясцінах на Сёмуху падмяталі магілы бярозавым венікам для лазні — «парылі» нябожчыкаў (звычай, вядомы  таксама паўднёвым рускім).

       На тэрыторыi дрыгавiчоў захаваўся звычай навальваць на свежую магiлу дубовую калоду — прыклбд, i пазней, толькi на Р., побач ставiлi высокi драўляны крыж.

       На Р. у многiх мясцiнах адбывалiся кiрмашы. Гандлявалi ў асноўным пернiкамi, абаранкамi, гарэлкай, пiвам. У гэты дзень забаўлялiся бiццём яек. Яйкi крыжападобна качалi па магiлах. Правядзенне ўсiх рытуалаў накiроўвалася на тое, каб залагодзіць душы продкаў, заслужыць iх спрыянне.

       З днём правядзення Р. звязвалiся разнастайныя народныя назiраннi i павер’i. Калі яе прыход супадаў з маладзiком — чакалi добрага ўраджаю; калi ж Месяц быў у апошняй квадры — прадказвалi няшчымнiцу. На Р., звязаную з культам нябожчыкаў, не пажадана было нiчога садзiць i сеяць, але ў панядзелак на «жывую Р.» гэта, наадварот, было пажадана Радаўніцарабіць. У Свіслацкім р–не кідалі тры разы яйка цераз гумно так, каб яно не разбілася, тады збожжа будзе добра захоўвацца. У народзе верылі, што гаспадыня, якая першая згатуе вячэру, з дапамогай Бога і душ памерлых першая скончыць жніво; той, хто першы з’явіцца на Р. на могілкі, пачуе ад крэўных нябожчыкаў таемную параду, як здабыць схаваны скарб.

       Магчыма, запачаткоўвалася нейкая тэндэнцыя да персаніфікацыі гэтага свята, пра што могуць сведчыць прымаўкі накшталт рус. «Расплакалась, как усопшая Радуница». Правядзенне абрадавых рытуалаў на Р. калiсьцi было накiравана на тое, каб залагодзіць душы продкаў, заслужыць iх спрыянне ў жыццi i ў гаспадарцы. Трывалае iснаванне Р. i ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбаю жывых ушанаваць памяць памерлых

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1

    РАДАЎНІЦА

    Радаўніца, Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Вялікдзень мёртвых - язычніцкае веснавое свята ўсходніх славян, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Адзначалася ў праваслаўных на 9-ты дзень пасля Вялікадня, у аўторак на Фамінным тыдні, напасрэдна на могілках. Паходжанне слова Радуніца выводзяць ад розных слоў: з літоўскага - "плач з галашэннем", "малітва з плачам і галашэннем па памерлых" .

    На Радуніцу кожная сям'я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі, дзе прыводзілі ў парадак магілы блізкіх. Яйка на магілу клалі як магічны сродак. Правядзенне ўсіх рытуалаў накіроўвалася на тое, каб залагодзіць душы продкаў, заслужыць іх спрыянне. Трывалае існаванне Радуніцы і ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбаю жывых ушанаваць памяць памерлых.

     РАДАЎНІЦА

     Пахавальна-памiнальныя абрады стваралі цэласную сiстэму i мелі строгую ўпарадкаванасць і паслядоўнасць. Пасля смерцi чалавека абавязкова адзначалі пэўныя рытуальныя днi: трацiны, дзевяцiны, саракавiны (сарачыны), угодкi. Пасля года найбольш значнымi вехамi людской памяцi станавіліся Радаўнiца i восеньскія Дзяды.

    Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня як звычайна завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой ільняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню. Прыгатаванне праходзіла ў абстаноўцы спакою і перапаўняючай цішыню ўрачыстасці, з пачуццямі гордасці і павагі адзін да аднаго і да свайго роду. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да «сваіх» магiл.

    Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні – у так званую Жывую Радаўніцу, або за некалькі дзён да вызначанага аўторка. Іх абкладвалі новым дзёрнам, пасыпалі свежым жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалi белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок – калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок – калі дзяўчына. Яшчэ і яшчэ раз нагадваем адзiн з найбольш важных пастулатаў народнай педагогiкі: капаць зямлю да Радаўнiцы было нельга, бо на гэта продкi яшчэ не далі згоды. Спачатку прыводзілі да ладу магiлы памерлых родных i толькi потым браліся ладзiць справу ў сваёй гаспадарцы.

    Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну.

    Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі-перакрывалі лустай хлеба, адно (!) чырвонае велікоднае яйка (толькі не свянцонае), шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно (!) дамашняе пячэнне, адну (!) цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца «разрывам», «раз’яднаннем», вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць.

    Автор: «Народная газета».

     НЯХАЙ ЯНЫ ЗА НАС ПАРАДУЮЦЦА

    Сярод нашых традыцый і звычаяў ёсць адна, бадай што, самая сімвалічная і значная. Сустрэўшы вясну, адзначыўшы свята Вялікадня, мы на Радаўніцу ідзём у храм, а пасля – да родных магіл. Каб павітаць тых дарагіх, каго ўжо няма побач, каб падзяліцца з імі радасцю веснавога абуджэння і аднаўлення. Нездарма ж некаторыя даследчыкі лічаць, што слова «радаўніца» паходзіць ад слова «радасць». Па іншай жа версіі, радаўніца – ад слова «род». І тут нельга не пагадзіцца: менавіта ўвесну на могілках не толькі ўспамінаеш сваякоў, якія сышлі ў нябыт, але і сустракаеш радню, якую даўно не бачыў. Да светлага суму далучаецца радасць сустрэчы. Повязь пакаленняў, повязь часу, повязь Роду адчуваецца ў гэты дзень асабліва яскрава.

    На Радаўніцу прынята ехаць або ісці да родных магіл. Нават калі лёс літасцівы і там не ляжаць самыя дарагія, найбліжэйшыя сваякі. Гэта патрэбна перш за ўсё жывым. А яны, нашы нябожчыкі, са свайго спрадвечнага выраю няхай за нас парадуюцца.

    Автор: «Народная газета».

     РАДАЎНІЦА

     Радаўніца – гэта вясновае свята ў гонар продкаў. Адзначаецца на дзевяты дзень пасля Вялікадня (аўторак). У розных рэгіёнах Бацькаўшчыны назва свята можа быць рознай: Радаўніца, Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Вялікдзень мёртвых, Наўскі вялікдзень. Розныя рэгіёны мелі і свае адметнасці ў тым, як адзначалі свята. Этнографы зафіксавалі звычай, калі людзі перш чым ісці на могілкі бацькоў, заходзілі на курганныя могільнікі, каб ушанаваць сваіх старажытных продкаў. Кожны наведвае могілкі сваіх Дзядоў. Вядома, што яшчэ ў пачатку XX ст. на Чэрвеньшчыне і Дзісеншчыне захаваўся звычай наведваць курганныя могільнікі на Радаўніцу. Людзі падсыпалі курганы, на іх вяршыні закопвалі пятку афарбаванага яйка і пакідалі крыху ежы. Бывала, разводзілі вогнішчы або высыпалі на вяршыні курганоў вуголлі, прынесеныя з печы з дому. Гаршчок, у якім неслі вуголлі, разбівалі ўшчэнт. Таксама археолагамі на курганах XI – XII стст. Зафіксаваныя сляды памінання продкаў у часы позняга Сярэднявечча і да XX ст. (Сухая Гара Лагойскага, Маяк Бабруйскага раёнаў і інш.). На Лепельшчыне яшчэ ў канцы XIX – пачатку XX ст. у гэты дзень моладзь прыбірала курганы зелянінай і потым вадзіла з песнямі карагоды.
    Вядома народныя прыказка: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць”. Свята складаецца з трох частак. Раніцай людзі накіроўваюцца на могілкі (курганы), пачынаюць займацца падрыхтоўкай да свята. Усе дзеянні пачынаюцца з працы па ачышчэнні могілак ад смецця. Могілкі падмятаецца венікам, прыбіраюцца зелянінай. Пасля таго як ўсё прыбраны, на могілках крыжападобна (крыж як сімвал ачышчальнага агня) качаюць афарбаваныя яйкі. Потым у сярэдзіне пляцоўкі на вяршыні кургана рыхтуецца месца для вогнішча. Вогнішча раскладваецца на перакрыжаванні, якое ўтварылі яйкі. Вогнішча складваецца крадай – адмысловае ахвярнае і пахавальнае вогнішча, якое па канструкцыі нагадвае зруб. У гэтае вогнішча кладуць ахвяры продкам і Багам. На Радаўніцу ўшаноўваюць не толькі продкаў, але і бостваў царства мёртвых. Імкнуцца іх залагодзіць, адгарадзіць сябе ад смерці. Запальваецца ахвярнае вогнішча, якое будзе гарэць на працягу ўсяго свята. Звяртаюцца да продкаў, да духаў памерлых, якія пахаваны ў гэтых могілках (курганах), успамінаюць памерлых сваякоў, звяртаюцца да Багоў. Пасля гэтага (калі святкуюць на курганах) ідуць да астатніх курганоў, на якіх таксама запальваюць маленькія вогнішчы, пакідаюць частку ахвярнай ежы, паліваюць курганы півам. Пачынаецца падрыхтоўка да абрадавай трапезы, на якую запрашаюцца духі продкаў, таксама і ўсе тыя, хто прысутнічае на свяце. Пасля трапезы пачынаюць ігрышчы, гульні, спаборніцтвы, спевы, карагоды і інш. Распавядаюць аб мінулым краіны, успамінаюць легенды і паданні. Аб існаванні гэтага звычая сведчаць і назвы курганных могільнікаў – Карагодзіца, Гуслішчы, Цымбалы, Дудкі. Такім чынам, праз гульні і спевы, ўшаноўваюць сваіх продкаў, якія зараз (і заўсёды) побач з намі. Калі сцямнее, надыходзіць час пакідаць курганны могільнік. На могілках пакідаюць ахвярную ежу, афарбаваныя яйкі, паліваюць півам. Вогнішча не гасяць, каб продкі грэліся. Свята накіравана на тое, каб залагодзіць душы продкаў, заслужыць іх спрыянне ў жыцці і ў гаспадарцы.

    РАДАЎНIЦА — ДЗЕНЬ УСЕАГУЛЬНАЙ СПОВЕДЗI I ПАКАЯННЯ

     Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

    Народная энцыклапедыя

    У сiстэме святкаванняў традыцыйнага беларускага календара побач са святамi, настрой якiх скiраваны на абнаўленне жыцця, ёсць святы, якiя заклiканы абуджаць памяць, ажыўляць галiнкi радаводнага дрэва, прымушаць яшчэ i яшчэ раз пераасэнсоўваць сваю ролю i месца ў гiстарычнай эстафеце пакаленняў свайго i агульначалавечага Роду. У аснове гэтых святаў ляжыць глыбокая пашана да продкаў, да тых прадзедаў, якiя ў розныя часы шматлiкiх лiхалеццяў абаранялi сваю зямлю i сям’ю ад паганых чужынцаў, якiя не скарылi галаву пад прэсiнгам палiтычных абставiнаў i аддавалi Богам надоранае Жыццё за сваю Радзiму, за шматвяковае iмкненне «людзьмi звацца!»
    Даўняя беларуская традыцыя правядзення каляндарных або сямейна-родавых святаў абапiралася на некалькi залатых правiлаў нашай духоўнай культуры, сярод якiх найважнейшым было абавязковае ўшанаванне продкаў. Жанчына, у якой памерлi дзецi, не мела права есцi яблыкi новага ўраджаю да Яблычнага Спаса, каб, не дай Бог, святы Пётр не абмiнуў душу яе дзiцяцi райскiм яблыкам у такiм жа Райскiм садзе. Тая ж жанчына, калi прыходзiла ў лес збiраць ягады, то першыя тры жменькi кiдала ўбок — ахвяравала душы памерлага. Адразу ж пасля вянчання маладыя наведвалi могiлкi, каб заручыцца бласлаўленнем продкаў на доўгi шлях сумеснага жыцця.

    Шмат гадоў таму адна беларуская жанчына з-пад Лоева сказала нам мудрую, выключную па сваёй высакароднасцi фразу: «Не чапай зямлю да Радаўнiцы, — можа быць смерць у тваёй сям’i». Адвечная мудрасць гэтага залатога правiла тлумачыцца наступным чынам: перш чым узяцца за рыдлёўку i пайсцi наводзiць парадак на сваiм прысядзiбным участку, схадзi i навядзi парадак на магiлах сваiх продкаў.

    Аднак найбольшае пашырэнне, асаблiва ў апошнiя дзесяцiгоддзi, на Беларусi атрымала традыцыя памiнаць продкаў на дзевяты дзень пасля Пасхi — Вялiкадня, у аўторак на другiм паслявелiкодным тыднi, якi атрымаў самую загадкавую назву — Радаўнiца. Гiсторыя нашай шматвяковай традыцыйнай культуры абрала ў якасцi адзiнага дня ўшанавання памерлых суботу. Некалi iх было шмат: Мясаедная субота перад Масленiцай, Мiкольскiя Дзяды — субота перад зiмовым Мiколам, шэраг субот у перыяд Вялiкага посту. I толькi Радаўнiца выбiлася з гэтай адпрацаванай сiстэмы. Аднак аўторак на другiм, Фамiным, тыднi пасля Вялiкадня стаў ключавым днём нашай усеагульнай пашаны зусiм невыпадкова. У традыцыйнай культуры беларусаў дзейнiчае вельмi ўплывовы ўнiверсальны рытм, аснову якога складаюць наступныя магiчныя лiчбы: 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год. У даным выпадку якраз дзевяты дзень пасля святкавання Вялiкадня i стаў найбольш пашыраным днём правядзення свяшчэннага дыялогу памiж памерлымi продкамi i iх жывымi нашчадкамi.

    Радаўнiца — свята споведзi, дзень духоўнага прасвятлення, асаблiвай павагi да сваiх каранёў. Безумоўна — гэта дзень высакароднага яднання нацыi, рытуал, якi скiраваны на «лячэнне» ад нашага бяспамяцтва, дзень пачцiвага гонару за моц нашага радаводнага дрэва. Адначасова гэта свята ўсеагульнага духоўнага ачышчэння, перш за ўсё ад страху, якi быў асiнавым калом убiты ў свядомасць шэрагу апошнiх пакаленняў савецкiх людзей. Узгадайце: у кожнай вясковай хаце яшчэ на пачатку ХХ ст. была бэлька (яна знаходзiлася блiжэй да чырвонага кута), на якой выразалiся або ўпiсвалiся iмёны памерлых дамачадцаў на працягу не менш чым стагоддзя. У 30—40-я гады мiнулага стагоддзя дзесяткi тысяч нашых суайчыннiкаў былi этапiраваны на бяскрайнiя прасторы Усходняй Сiбiры, пасля чаго амаль што ў кожнай сям’i было накладзена няпiсанае табу на ўспамiны пра сваiх бацькоў, дзядоў i прадзедаў. А каб часам унукi не прачыталi гэтыя iмёны на радаводных бэльках сваiх хат, iх проста зашылi абгабляванымi да бляску дошкамi. I памяць унукаў стала нагадваць блiскучую паверхню чыстых дошак. Менавiта таму сучасныя фамiльныя склепы на вясковых могiлках застаюцца адзiнай повяззю не толькi са сваiм родам, але i з гiсторыяй свайго шматпакутнага народа.

    Як знак агульначалавечай памяцi, нашы продкi пакiнулi нам у спадчыну некаторыя правiлы рытуальнага дыялогу памiж прадстаўнiкамi розных пакаленняў, памiж жывымi i памерлымi. Прывядзём некаторыя з iх.

    Сiмвалам нашай памяцi з’яўляецца абавязковае прыбiранне кожнай магiлкi. Яе ачышчаюць ад смецця, а затым пасыпаюць свежым жоўтым пяском. Нельга, каб на магiле раслi высокiя кусты жывых кветак: магiлы ўпрыгожваюць толькi нежывымi кветкамi. Каля кожнага крыжа, каля кожнага помнiка ставяць маленькi жалобны стол-ахвяраванне: сподачак, чарку гарэлкi, наверх кладуць адзiн кавалачак хлеба, побач — адно чырвонае яйка, адну цукерку, адну пячэнiну. Сёння ўслед за незразумелым iмкненнем iсцi да памерлага з дзвюма кветкамi, каля крыжа могуць пакласцi дзве цукеркi, што заўсёды было, а ў нашых усiх суседзяў i засталося сiмвалам жывых людзей. Успомнiце: дома, калi вы чакаеце гасцей, то на кожную персанальную талерку вы пакладзяце па два кавалачкi хлеба, таму што госцi прыходзяць да вас парамi.

    Затым распачынаецца сцiплая рытуальная трапеза. Але гэта не застолле, гэта не п’янка-лаянка, а сiмвал далучэння да многiх пакаленняў продкаў, сiмвал iх запрашэння да свайго стала. Таму абрад «хрыстосавання» з памерлымi праходзiў наступным чынам. Папрасiце дзяцей пакачаць фарбаваным яйкам па кожнай магiле i пакласцi яго каля помнiка або крыжа. Потым адно пасвяцонае яйка вы падзелiце на столькi кавалачкаў, колькi чалавек сабралася за вашым памiнальным сталом. Па кругу пускаецца толькi адна чарка — яна зробiць сiмвалiчнае кола, тым самым паяднае ўсiх жывых, адновiць цэласнасць вашага роду, якая была парушана смерцю апошняга сваяка.

    Пры гэтым кожны з дарослых (той, каму можна прыгубiць кiлiшак) выканае наступнае рытуальнае дзеянне: некалькi кропель гарэлкi вылье на магiлку, сярэднюю частку вып’е сам, а на дне пакiне некалькi кропель. Чарку напоўняць зноў i перададуць наступнаму прысутнаму. Той, у сваю чаргу, усё паўторыць у той самай паслядоўнасцi. Кропля-сляза, кропля-бяда будзе хадзiць па ланцужку жывых i знiтоўваць-аднаўляць радаводнае кола. Менавiта з гэтай нагоды на вяселлях кажуць: «Першую чарку дапiвай да дна, не пакiдай бяды (зла, гора, слёз)!»

    Сiмвалiчным знакам абнаўлення жыццёвых клопатаў будзе не толькi свежы пясок, пасыпаны на магiлу, але i новыя фартушкi, вяночкi або ручнiкi, якiя павязваюць на надмагiльны крыж. Фартушкi звычайна белыя — гэта сiмвал «таго» свету, у якiм лунае душа памерлага. Але на кожным з iх жанчыны вышываюць або нашываюць невялiкi чырвоны крыжык — гэта сiмвал нашай памяцi, прыналежнасцi да свайго Роду, сiмвалiчны тэкст малiтвы, праз якую жывыя (iх сiмвалiзуе гарызантальная палоска) звяртаюцца па дапамогу да памерлых (iх сiмвалiзуе вертыкальная палоска), да Нябёсаў, да Бога надарыць iх шчасцем Жыцця, Радасцi i Любовi ў новым колазвароце клопатаў, распачатым Вялiкiм днём Уваскрэсення Збавiцеля.

     РАДАЎНІЦА

     Аўторак на Фамiным тыднi — другi аўторак пасля Вялiкадня — атрымаў у беларускiм народным календары назву Радунiца, Радоўнiца, Провады, Мёртвая Радаўнiца, Мёртвы, або Праводны дзень — свята ўшанавання памерлых.

    Ранiцай гаспадыня рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой iльняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да "сваiх" магiл.

    -Яшчэ i яшчэ раз нагадваем адзiн з найбольш важных пастулатаў народнай педагогiкi: капаць зямлю да Радаўнiцы было нельга, бо на гэта продкi яшчэ не далi згоды. Спачатку прывядзiце да ладу магiлы памерлых родных i толькi потым бярыцеся ладзiць справу ў сваёй гаспадарцы.

    -Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну.

    -Абавязковым быў абрад "хрыстосавання з мёртвымi". Дзеля гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабiлi дзецi) брала велiкоднае яйка i качала яго крыж-накрыж па насыпе. Затым на прыбраную магiлу "левым" бокам расцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошкi адкласцi нябожчыку.

    - Сёння столiк i невялiчкiя лаўкi робяць побач з магiлай — гэта дапушчальна. Але бывае i так, што стол ставяць па-за межамi агароджы. Складваецца ўражанне, што блiзкiя людзi "прыйшлi да роднай хаты, але зайсцi ў яе так i не пажадалi..."

    -Маленькiм дзецям (да трох гадоў) i цяжарным жанчынам забаранялася хадзiць на могiлкi як падчас пахавання, так i ў памiнальныя днi.

    -У народзе лiчылася, што той, хто раней за ўсiх у гэты дзень з’явiцца на могiлках, атрымае ад нябожчыкаў асаблiвую падзяку i апякунства на працягу года.

    -Пасля таго, як завяршыўся першы памiнальны год, на магiле ўсталёўвалi помнiкi. Пры гэтым крыж пакiдалi на магiле (клалi уздоўж або ў галаве) або закопвалi ў надмагiльны ўзгорак.

    Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

     




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz