ПЧАЛЯР
Чалавек, надзелены звыш натуральнымi (знахарскiмi, чарадзейскiмi) уласцiвасцямi ў сiлу свайго прафесiйнага занятку, што разглядаўся як пастаянная камунiкацыя з «тагасветам», здзяйсняная з дапамогай пчолаў. Высокi сацыяльны статус П. вынiкаў як з сакралiзаванага стаўлення да самой пчалы («вястункi Бога»), так i з вялiкай каштоўнасцi самiх прадуктаў пчалярства (мёд, воск), што знайшло сваё адлюстраванне ў III Статуце ВКЛ (1588), дзе галоўшчына за бортнiка складала 40 коп грошай, а за селянiна толькi 25 (раздз. 12, арт. 3). Паводле народных уяўленняў, П. валодалi таемнай, прафесiйнай ведай (недасяжнай большай частцы вясковай грамады), якая, апрача пчалярства, магла быць выкарыстана i ў iншых мэтах (знахарства, чарадзейства). Так, адзiн з мацнейшых «ведзьмакоў» Вiцебшчыны пач. ХХ ст. Цiт Старасельскi (Вялiскi пав.), да якога штогод па дапамогу звярталіся каля 600 чалавек (у тым ліку месцiчы i шляхта), з'яўляўся выбiтным П. i трымаў каля 90 калод пчолаў. Тэзiс «П. знахар (чараўнiк)» знаходзiць пацверджанне ў этнаграфiчнай фактуры канца ХХ ст. Так, моцныя («патомныя») чараўнiкi «Сенька» i «Дзед Макар», шырока вядомыя адпаведна на Расоншчыне i Бешанковiччыне, з'яўляюцца добрымi П. У адрозненне ад «сапраўдных чараўнiкоў», што прадаюць душу «нячыстаму», П., як i iншыя прадстаўнiкi «прафесiйнага чарадзейства» (пастухi, млынары, кавалi ды інш.), былi надзелены пазiтыўнымi якасцямi: «Пчолы водзяцца толькi ў добрага чалавека, а лiхога нялюбяць» (Слуцкi пав.). Аднак для дасягнення большага поспеху ў сваёй справе П. маглi знацца з «чартамi ляснымi», якiя асаджвалi раi пчол у лясныя борцi, i вадзянiкамi (Гарадзенская губ.). Па звестках Е. Раманава, П. Падняпроўя яшчэ на пач. ХХ ст. верылi ў iснаванне нейкага асаблiвага «пчалiнага бога», што сведчыць пра наяўнасць у архаiчнай беларускай традыцыi адпаведнага мiфалагiчнага персанажа (магчыма, тоеснага лiтоўскаму богу пчолаў Bubilosу), якi ў хрысцiянскiя часы быў замешчаны св. Зосiмам. Прысвятак у гонар св. Зосiма (30 красавіка) паўсюль на Беларусi лiчыўся святам П., а сам ён, як апякун пчолаў, фiгуруе ў адпаведных замовах. Асноўны спектр магiчных прыёмаў, непасрэдна звязаных з пчалярствам, быў скiраваны на ахову, захаванне раёў, павелiчэнне iх колькасцi i прадуктыўнасцi. Так, напрыклад, каб засцерагчы пчолаў ад розных сурокаў i псоты, вуллi патрэбна было ставiць сярод глухой крапiвы. А дзеля таго каб раi не адляталi з пчальнiку, П. павiнен быў, узяўшы жменю зямлi з сярэдзiны першай баразны, «тройчы патрусiць ёю на кожны вулей» (Вiцебская губ.) або закапаць у пчальнiку цвiк з шыбенiцы. Паказальна, што некаторыя спосабы асаджэння рою, пабудаваныя на прынцыпах iмiтатыўнай магii, мелі выразны антыхрысцiянскi характар. Так, тройчы аббягаючы са сцiснутымi пальцамi дрэва, дзе абсеў рой, гаспадар прамаўляў замову: «Як гэтыя пальцы да маёй далонi не прыстануць, так гэта мецiшча (рой) ня ўстануць. Матка Зорка! Будзем госпада Бога брахаць i гэта мецiшча абiраць» (Усх. Палессе). Аднак найбольшы эфект мелi магiчныя манiпуляцыi на Каляды. На Палессi з тым, каб раi не блудзiлi i не гублялiся, былi трывалыя i меданосныя, П. гатавалi на Шчадрэц (31 снежня ст. ст.) адмысловую мядовую сыту i спажывалi яе разам з куццёй, узлезшы на «пячны стоўп» (сiмвалiчны цэнтр сусвету). На 12-ы дзень Калядаў iмкнулiся да абеду ўсцягнуць вулей на дрэва, бо ў гэтым выпадку ў яго абавязкова мусiў сесцi рой (Слуцкi пав.). Дзеля падвышэння прадуктыўнасцi пчолаў абкурвалi воскам ад згарэўшай царкоўнай свечкі, трэскай дрэва, разбiтага Перуном, цi «пышам» кончыкам ваўчынага носу (Вiцебская губ.). З другога боку, iснавалi П., якiя маглi навесцi згубу на пчолаў непрыяцеля, наслаўшы пчолаў-рабаўнiкоў, што адбiралi мёд, цi вылiўшы ў пчальнiк ваду, якой абмывалi мерцвяка. Прафесiйна-магiчная веда П. трымалася ў вялiкай таямнiцы i магла быць перададзена толькi старэйшаму нашчадку па мужчынскай лiнii (прынцып iдэнтычны механiзму перадачы веды «прыроднымi» чараўнiкамi), што абумовiла мiнiмальны аб'ём этнаграфiчных матэрыялаў на гэтую тэму. У маральна-этычным аспекце паказальным ёсць пачатковае значэнне словаў «сябры», «сябрына» як таварыства П., што мелi агульных пчолаў i вызначалiся памiж сабой шчырасцю, узаемапавагай i ўзаемадапамогай нават большай, чым сярод крэўных сваякоў.
http://mifijslavyan.ru/stories2/262.htm