ДЗЕДАВІЦА

ЛЮЛІ-ЛЮЛІ-ЛЮЛІ, ПРЫЛЯЦЕЛІ КУРЫ...
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЛЮЛІ-ЛЮЛІ-ЛЮЛІ, ПРЫЛЯЦЕЛІ КУРЫ...

    Што значыць “спяваць ката” і ці праўда, што праз калыханкі бацькі імкнуліся “запраграмаваць” будучыню дзіцяці? Гэта сучасным дзеткам, каб іх супакоіць, ставяць класіку альбо заводзяць музычную карусель над калыскай.

    А раней магічным снатворным былі бабуліны калыханкі. Мілагучныя, паэтычныя, сюжэтныя, яны не толькі дапамагалі закалыхаць немаўля, але і расказвалі пра свет, у які яно прыйшло, знаёмілі дзіця з першымі беларускімі слоўцамі. Якія вобразы часцей за ўсё сустракаюцца ў беларускіх калыханках, ці праўда, што, спяваючы іх, бацькі імкнуліся “запраграмаваць” будучыню дзіцяці, і ўвогуле, наколькі папулярным быў гэты жанр фальклору?

    — Калыханкамі беларусы карысталіся значна часцей, чым іншымі фальклорнымі творамі, — расказвае доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна ВАЛОДЗІНА.

    — Гэта не лірычная песня ці казка, на якія патрэбныя і ахвота, і час, а самы прагматычны жанр фальклору і практычная рэч, закліканая супакоіць і ўсыпіць дзіця. Гэта першаснае значэнне калыханкі.

    У падручніках пішуць, што калыханкі выхоўваюць дзіця. У пэўнай ступені можа і так, але ўсё ж найперш яны немаўля супакойваюць, рыхтуюць да спакойнага і добрага сну. Ні павучанняў, ні мудрагелістых фраз, ні складаных сімвалаў у іх няма. Сюжэт і тэматыка беларускіх калыханак вельмі набліжаныя да свету дзяцінства.

    — Маці спявае пра ўсё тое, што акаляе маленькага чалавечка. Пра хатніх жывёл, птушак, — расказвае Таццяна Васільеўна.

    — Самы часты вобраз у калыханках — кот. У пэўных мясцовасцях працэс спявання калыханак так і называецца — “спяваць ката”. Чаму кот? Як правіла, менавіта з гэтай жывёліны і пачынаецца знаёмства дзіцяці з жывёльным светам. Дарэчы, даводзілася чуць, што перш чым пакласці дзіця ў калыску, туды клалі ката і закалыхвалi, пакуль ён не “запяець курлы”.

    Лічылася, што кот можа захаваць дзіця ад нядобрых уплываў і “падарыць” немаўляцi моцны i добры сон.

    Люлі, люлі, люлі,

    Палез кот па дулі,

    Памарозіў лапкі,

    Палез на палаткі.

    Сталі лапкі грэцца,

    Недзе кату дзецца.

    А мы купім тапкі

    На катковы лапкі.

    Яшчэ вельмі часты вобраз у калыханках — куры і гусі.

    “Люлі-люлі-люлі,

    Прыляцелі куры,

    Селі на варотах

    У чырвоных ботах.

    Сталі куры сакатаць,  

    Трэба курам нешта даць.

    Ці ячменю жменю,

    Ці жыта карыта,

    Ці бобу каробу,

    Ці гароху троху,

    Ці ярыцы паўмяліцы,

    Ці пшаніцы паўдайніцы,

    А дзіцяці — цыцы.

    — У адзінкавых тэкстах сустракаюцца міфалагізаваныя вобразы Сну і Дрэмы, якія нібы прыходзяць да немаўляці і прыносяць сон, — расказвае Таццяна Валодзіна.

    — Шэраг жа калыханак можна ахарактарызаваць як “што бачу, тое спяваю”. Яны амаль бессюжэтныя, проста маці пасля цяжкага дня пераказвае ў паэтычным ключы свае клопаты і перажыванні. Як правіла, такія калыханкі спяваюцца зусім маленькім дзеткам, якія яшчэ не могуць у поўнай меры зразумець словы маці і адгукнуцца на іх.

    Люлі, люлі, спацькі,

    Няма дома бацькі.

    Пайшоў на работу,

    Прыйдзе ў суботу.

    Прывязе гасцінца

    Поўную хусцінку.

    Мы з табою будзем браць,

    Будзем татку цалаваць.

    Хоць і рэдка, аднак павучальныя калыханкі таксама сустракаюцца ў беларускім фальклоры. Яны, па меркаванні Таццяны Васільеўны, больш набліжаюцца да забаўлянак ці пацешак. Такімі калыханкамі бацькі хутчэй гуляюць з дзецьмі, чым спрабуюць іх супакоіць. Праз свет жывёл у іх паказваецца жыццё звычайнай вясковай сям’і. Можа і дзіўна, але ёсць і такія калыханкі, у якіх дзіцяці жадаюць хутчэйшай смерці.

    — На гэты конт існуе некалькі меркаванняў, — тлумачыць Таццяна Валодзіна.

    — Напрыклад, адны даследчыкі не адмаўляюць, што стомленая жанчына, у якой, да прыкладу дзесяць дзяцей, магла са-праўды пажадаць смер-ці нейкаму дзіцяці. Аднак шэраг даследчыкаў бачаць у такім “пажаданні” простае імкненне вылечыць дзіця. Каму жадаюць смерці? Таму, хто крычыць, не хоча спаць... Такое залішне крыклівае дзіця ўспрымалася як хворае.

    Адным з дзейсных прыёмаў народнай медыцыны з’яўляецца імкненне да другога нараджэння. Хворае дзіця імкнуліся перавесці праз смерць, каб крыкун у ім памёр і нарадзілася добрае ціхмянае дзіцятка. Аднак у беларускай традыцыі такія “жудасныя” калыханкі амаль не сустракаюцца. Калі і маглі папалохаць бацькі сваіх дзяцей, то толькі тым, што

    “Прыйдзе шэранькі ваўчок,  

    Цябе схопіць за бачок”.

    У большасці ж беларускія калыханкі вельмі добрыя. У іх чуюцца бацькоўскія любоў, ласка, пяшчота і жаданне немаўляці добрага здароўя і шчаслівага лёсу.

    — Некаторыя калыханкі нагадваюць замовы, — гаворыць Таццяна Валодзіна.

    — Утрымліваючы розныя сродкі замоўнай вобразнасці, яны накіраваны на тое, каб прасіць у вышэйшых сіл добрай долі для дзіцяці альбо проста канстатаваць, што дзіцятка расце дужае, здаровае, цешыць сваіх бацькоў і вырасце добрым чалавечкам. Адбываецца прайграванне будучага шчаслівага жыцця маленькага чалавечка.

    Люлі, люлі, усе дзеткі паснулі.

    Адзін наш каточак не спіць, не гуляе,

    Не спіць, не гуляе, з касаткамі размаўляе.

    Ды я ж яго, маленькага, пакалышу,

    За яго Бога папрашу:

    Ой, дай жа, Божа, яму сон добры!

    Ой, дай жа яму век доўгі!

    Праспявайце свайму дзіцятку нанач сапраўдную нашу калыханку. Паверце, адным цёплым успамінам з дзяцінства, што застаюцца на ўсё жыццё, у яго стане больш.

    Людміла МІНКЕВІЧ

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=73227




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz