ДЗЕДАВІЦА

ВЕДЗЬМЫ МАЛОЧНЫЯ, ВЕДЗЬМЫ-КАРОЎНІЦЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЕДЗЬМЫ МАЛОЧНЫЯ, ВЕДЗЬМЫ-КАРОЎНІЦЫ

    Ведзьмы і чорны казёл. Валера Славук.

    Міфічныя істоты, шкоднасць якіх палягае ў адбіранні ім ў кароў малака, ад чаго змяншаўся ўдой, яно рабілася ведкае, без вяршкоў, тым часам як у саміх В. м. малако станавілася надзвычай густое і адразу ў даёнцы збівалася ў масла. Свае чарадзейскія намеры В. м. найчасцей ажыцяўлялі ў тыя дні, “калі раса малочная” – на святога Юр’я ( першае запасванне скаціны) і на Купалле.

    На купальскую ноч В. м. і чэрці (гл. Чорт) збіраліся разам і ладзілі агульнае купанне ў малацэ, адабраным у чужых кароў. У гэты ж день В. м. ездзілі на каровах з пашы да ваколіцы. В. м. ніколі не насілі з сабою малака – ім дастаткова было ўтыркнуць нож у дрэва, і адтуль яно пачынала струменніца.

    Пад В. м. падазравалі асобных тутэшых жанчын, здольных ажыцяўляць чарадзейскія дзеянні не толькі ў сваім натуральным абліччы (на ліхі промысел яны выходзілі голымі ці ў кашулі, з раскудлачанай галавой), але і ператвораных ў нейкую зааморфную істоту: жабу-рапуху, сабаку, кошку, ласку, курыцу, гругана, леляка (казадоя), гадзюку, яшчарку, муху.

    Здаралася, у народным уяўленні ствараўся кампілятыўны вобраз В. м.: яна малявалася велічынёй з саву, з жабінай галавою і на курыных нагах. Заўважаным у вядзьмарстве асобам стараліся нічога не даваць, каб праз пазычаную рэч В. м. не адабралі малака. Пашыранасць веранняў пра В. м. прывяла да стварэння разнастайных лакальных варыянтаў гэтых вобразаў.

    Спосабы здабычы В. м. малака ўяўляліся неаднолькава. Адабраць малако ў каровы В. м. магла нават толькі глянуўшы на яе вымя ці пакаштаваўшы яе малака, а таксама ўзяўшы касмыль яе пошсці, пусціўшы сваю карову ў агульную чараду, пазбіраўшы раскіданыя пастухамі крошкі (ва ўсіх выпадках-праява кантактнай магіі), бо “доячы” зубы бараны (імітацыйная магія) з думкамі пра пэўных кароў. В. м. нібыта перакідвалася ў дробную жывеліну, падчэплівалася да вымя і высмоктвала малако, ад чаго карова шалела і захворвала на мастыт.

    Да ўсходу сонца В. м. бралі хустку ці анучу, цадзілку, кашулю, ручнік з кутасамі, размахвалі імі і цягалі па расе на чужых межах, градах, нівах. Пры гэтым прамаўлялі розныя магічныя словы: “Няхай з вады малако будзе”; “Малако з кветак чырвоных, жоўтых, белых…плыві да нас!”; “Кароўкі ўсялякае масці, няхай ваша малако да мяне ідзе!” Цягаючы анучку, па мянушках пералічвалі ўсіх кароў, і таму гаспадыні давалі каровам падменныя мянушкі, адпаведныя дням іх нараджэння (Васкрасёха, Панедзя, Аўтурэня, Сярода, Чацвера, Пяцёха, Субоня), або мянушкі свінні, кошкі , сабакі і г.д., у выніку чаго В. м. атрымае ці малако, ці мачу ад гэтых жывёлаў.

    Потым тую ж палатніну В. м. падвешвалі ў хаце і падстаўлялі збанок, куды сцякала малако, або кідалі яе ў бочку, і тая напаўнялася малаком. В. м. збіралі ў Чысты Чацвер з поля абранага гаспадара 9 камянёў і, напаліўшы іх, кідалі ў збанок з вадою, пасля чаго малако ад суседавай каровы пераходзіла да чарадзейкі. В. м. давалі чужой карове трыпутнік, сарваны ім зубамі на межах, а таксама выкідвалі на вуліцу дзяркач ці цадзілку, і якая карова зачэплівала іх , тая і страчвала малако.

    Ад шкоднага ўздзеяння В. м. існавалацэлая сістэма абярэгаў: на шыю карове вешалі васковыя свечкі, часнык, асвечаную соль, а на рогі – вянкі з папараці і з асінавых галінак; першацёлам у рагу свідравалі дзірачку і , заліўшы туды ртуць, залеплівалі воскам ад грамнічнай свечкі; пры запасванні, каб усе чары аказаліся марныя, працціралі вымя асвечаным макам, змазвалі асвечаным салам, клалі на Юр’я ў варотах жалеза, ніты ад кроснаў (“Як гадзюка нітоў не разбярэ, так ад кароўкі малака не адбярэ.

    Як жалеза гадзюка не ўгрызе, так каб ведзьма маю кароўку не згрзанула”); гаспадары падкурвалі кароў асвечанымі зёлкамі; давалі з’есці карове стоўчаную высушаную змяю, знойдзеную напярэдадні Юр’я; пакрывалі карову кажухом; абсявалі абору крапівою, макам; вешалі на вароты хлява калючыя, пякучыя і з горкім пахам расліны, грамнічныя свечкі, на якіх, казалі, застаюцца сляды зубоў В. м., якая так і не здолела прабрацца ў хлеў;

    на Вадохрышча рабілі драўляны крыж, апускалі яго ў калодзеж на ваду, а дастаўшы, прымацоўвалі на варотах; праганялі карову праз распалены на вуліцы агонь, які мусіў знішчыць чары. Каб дакладна ўстанавіць, хто сярод вяскоўцаў В. м., таксама існавалі розныя спосабы: перасыпалі ў паселішчы вуліцу льняной кастрыцаю ці прынесенай з лесу ігліцаю з мурашкамі або працягвалі ўпоперак дарогі спрадзеную левай рукою канапляную ці льняную нітку,

    і тады менавіта ведзьміна карова не здолее пераадолець гэтай перашкоды; трэслі канаплю – самасейку, у выніку чаго В. м. павінна была прыбегчы; набіралі з купальскага вогнішча попелу і стаялі на ростаньках, і туды мусяць сабрацца ўсе В. м., каб выпрасіць таго попелу; В.м. можна, лічылі, убачыць, выйшаўшы за хлява з хамутам на шыі або калі глядзець праз барану на статак ці праз дзірачку ад агарка лучыны – на людзей, што моляцца ў царкве ў велікодную ноч; В. м. можна выявіць і па тым, што менавіта каля яе хаты спыняюцца і рыкаюць суседскія каровы.

    Супраць В. м. стараліся змагацца і актыўнымі дзеяннямі. Угледжаную ў хляве вялікую жабу ці не сваю кошку тройчы білі крыж-накрыж лазовым прутом як пераўвасобленую В. м. і выгуквалі яе імя. Падазронай жабе наносілі раны, спадзеючыся, што адпаведнае калецтва праявіцца і на сапраўднай ведзьме або наагул праколвалі яе асінавым калом.

    У пакаранні В. м. таксама прымянялася імітатыўная магія: у толькі што падоенае малако ўкідвалі напаленую да чырвані падкову, і сэрца шкодніцы абавязкова заскварыцца. Гэтаксама прынятую заВ. М. муху завязвалі ў цадзілку, калолі іголкамі і вешалі ў анучцы пад загнетам, распаліўшы агонь асінавымі дровамі і крапівою, каб дакладна так пякло і калола ліхадзейцы.

    За суткі такіх выпрабаванняў, казалі, В. м. можна давесці да смерці. Калі ж яна ўсё-такі прыбяжыць прасіць літасьці, трэба пільнаваць, каб, адыходзячы, не знесла з двара шчопаць зямлі ці якую трэску, бо ўсе свае чары паўторыць ізноў.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/372

    ПАДАННЕ: АБ ЧАРАЎНІЦТВЕ МАЛОЧНАЙ ВЕДЗЬМЫ

    Алесь Гарбуль

    "Гэта была чыстая праўда. Пра гэта распавядала мая мама. Паехаў на Яна мой дзед на начлег. Асталася мая бабуля адна ў хаце. Ну, маёй мамы матка. Ідзе дзед з начлегу і бачыць: вясковыя бабы выгналі кароў. А адна баба чараўніца ў белым фартуху цягае цадзілкай ззаду за каровамі па расе і выкручвае ў вядро сабе. А дзед быў такі надта цікавы чалавек.

    Як загледзеўся на гэту бабу, з рук у яго аброць звалілася на зямлю. Пасля падняў і ідзе дахаты, ды на яе ўвагі не абрашчаіць. Павесіў аброць на цвік пад хлеў і пайшоў у хату. А жонка пайшла свінням даваць. Прылятае дахаты і крычыць на дзеда: - Ігнась, глянь што робіцца, - Ігнась Лось, так дзеда звалі, - у нас малако цячэ з тваіх абрацёў! - Слухай, - дзед кажыць, - гэта ж баба, як кароў выгналі, цягала нейкай трапкай па расе.

    Я тады зацікавіўся, і мне так стала не па сабе. І думаю, што гэта яна там робіць? Можа, яна малако адбіраіць ад кароў, ад людзей? І ў мяне тады абраціны і паляцелі. Вось з-за таго, - гаворыць, – і цячэ малако. Трэба ехаць да чараўніцы. Ну, якая чараўніца, раней знахары такія былі. Як звалася гэта вёска?.. Ну, тут недзе за Клюшчанамі. Вось тут была гэта вёска… Ці, можа, якія Перакрындаты?... Ці якая вёска?..

    Не, не помню, гэта ж многа гадоў прайшло, гэта ж мама мне малой гаварыла. І нам было вельмі цікава, мы з братам слухалі. Вот, тады, што ж рабіць. Падставіў ён пад аброць вядро (цёплае малако было). Сабраўся, на каня і паехаў. А ў яго многа пшчол было. А быў скупы. І што вы думаеце: наліў два слоікі мёду. Ну, раней былі ж нейкія там слоікі. Ці літровыя…

    Ці літры гэтыя там былі раней? Ну, нешта ж было. Ці збанкі якія. Ну, наліў гэтыя два слоікі і паехаў да гэтай бабы. Ну, тут, тут недзе пад Клюшчанамі праз мост ён пераязджаў. І адзін слоік гэтага мёду паставіў пад мост, а другі з сабой. І думаіць: “До ёй будзе аднаго слоіка. Што ж гэта дорага будзе, як два”. Знаеш, як скупы чалавек! І паехаў да гэтай бабы. А гэта баба гаворыць…

    Не, ён спачатку гэтай бабе расказаў, што баба, кароў выгнаўшы, цадзілку гэту цягала, і ўсё сабе ў вядро, у белым фартуху хадзіла. І, вот, вы можа мяне спасіцё, бо паставілі вядро, і накапала цёплага малака. І тады, гаворыць, і другое паставілі вядро, і зноў так сама робіцца. Так яна гаворыць: - Знаіш ты што, я ад цябе нічога не вазьму, ад такога чалавека.

    Але я спасу цябе радзі тваіх дзяцей і радзі жонкі. А цябе так бы не спасла. Але ў цябе сям’я вялікая, так я пажалею, – кажыць, – жонкі тваёй і дзяцей. Ты ўтапіўся б у гэтым малаку. – На яго, - Не паняў? Забяры гэты мёд, што стаіць пад мастом, што ты ў гэным слоіку пакінуў, і гэты слоік тожа. Так ён там укленчыў перад ёй і на калені. Кажа: - Праўда, я гэта зрабіў. Ну, я, - кажыць, - проста не падумаў. У мяне, - кажыць, - пшчол многа. І гэта баба кажа: - Ты болей такога не рабі глупства.

    А я табе адраблю, загавару, каб табе было ўсё добра. Каб твая жонка не плакала і дзеці не галасілі б, гледзячы на гэта чужое малако. Загаварыла яна яму. І вот, прыехаў ён дахаты, а там аброць вісіць яшчэ (ён у дарогу другую ўзяў).

    А жонка і кажыць яму:

    - Ты паглядзі, Ігнась, у нас малака ўжо няма. З аброці не цячэць.

    А гэта малако, што нацякло (два вядры нацякло), тая знахарка сказала:

    - Вазьмі і вылій тое малако на зямлю. Хай яна пользуецца. Хай з зямлі ліжыць тое малако. Ён і выліў. А тады яго і мучыць, што ён так нядобра зрабіў. І тады, проста, ад шчырай душы набраў два другія слоікі мёду, за тое, што яна яму так добра зрабіла, і завёз ёй.

    Ён не казаў, што там на лякарства, ці як, а проста сказаў: “За дабрату Вашу”. Во, тады і ўзяла, бо сказала: “Гэта ад шчырага сэрца”. Так вот. Гэта было на Яна, у Жукойнях Страцкіх. Гэта раней так называлі, а цяпер проста Жукойні.

    Бо раней былі Жукойні Страцкія і Жукойні Жэлядскія. Ужо пры Саветах Жукойні Страцкія сталі проста Жукойні, а Жукойні Жэлядскія назвалі Жэлядзямі. Так вот. На Яна бабы некаторыя пазней кароў выганялі.

    А гэта баба і прыпорціла некаторых кароў. І ніхто не знаў прычыны. А дзед быў такі чалавек сакрэтны, набожны. Ён нічога нікому не сказаў і паехаў тады. І пасля, прасіў ён гэту бабу, каб хаця гэтым бабам вярнула млека.

    А вы знаеце, што раней людзі сямейныя былі. Гэта ж не адно дзіця, другое. Вот, у нас колькі дзяцей было?.. – Можа пяць, ці шэсць дзяцей было. А ў людзей і па дзесяць, і болей было.

    Вот такая гісторыя. А гэта праўда, точна, праўда было. Мая мама расказвала. Прымхі Перасцярога ад Хлеўніка- дамавіка, калі ён скаціну мучае: Па вясне коні худыя выходзяць. Кажуць: “Рады няма”.

    Ну, з хлева, панімаеце, на вясну. Добра хазяін корміць. Усё. Ну, знаеце. Ну і што, свечкі грамнічныя палілі, у хлеў хадзілі, каб паглядзець, што гэта там робіцца гэтаму каню. А ён топаіць і топаіць, спакою не маіць. Ну, да касцёла хадзілі, да ксяндза на раду. Ну і трэба крэйдай свянцонай каня спісаць, а тады і ўспакоіцца. Вот такое было.

    Перасцярога ад малочнай ведзьмы: Па вёсках кажуць: “Не трэба кароў рана выганяць. Асабліва на Яна”. Лячэнне ад хвароб ветру Спачатку трэба, каб знахарка замовіла, бо ад хвароб ветру і рожы дапамагае толькі Боская сіла.

    А тады, узяць травы падвейчыка, толькі крынічнага (што ля крыніц расце). Грамнічнай свечкай пакапаць на гэты падвейчык, абкрыць хворага і абкурыць тры разы гэтым падвейчыкам. І пасля даць вадзічку гэтага, чым кураць. І вот, паглядзіш, яму адпусціць".

    Запісана ад Леакадзіі Іванаўны Гарбінскай (Лукашэвіч) 1933 г.н., з в. Жукойні. 23 чэрвеня 2005 года ў мястэчку Лынтупы Пастаўскага раёна.

    Запісаў Алесь Гарбуль. (у тэксце захавана мова і вымаўленне апавядальніцы).

    Крыніца: http://westki.info/artykuly/638/padannie-ab-charaunictvie-malochnay-viedzmy




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz