ДЗЕДАВІЦА

МЫШ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МЫШ

    Маленькі грызун, з якім у беларусаў звязана цэлая сістэма ўяўленняў і вераванняў. Існуе павер’е, што ноччу ў вобразе М. прыходзяць душы памерлых, каб даесці пакінутыя кусанкі хлеба. Аднак пасля такога візіту ў гаспадара маглі забалець зубы, з другога боку, раілі даядаць паедзены М. хлеб, каб папярэдзіць зубны боль.

    Прыналежнасць М. да грызуноў легла ў аснову ўяўленняў аб тым, што менавіта яна прыносіць зубы маленькім дзецям. Дзеля таго каб зубы ў дзіцяці рэзаліся хутчэй, на Віцебшчыне выкарыстоўвалі галаву, адарваную ў жывой М., сцертую ў парашок, які ў мяшэчку навязвалі малому на шыю. Малочныя зубы кідалі на каптур печы са словамі: “Мышка, мышка, на табе лубяны, а мне дай касцяны”.

    Даволі папулярным спосабам лячэння хворых зубоў выступае зварот да продкаў, Месяца і да т. п. Відаць, і М. у падобных выпадках дапамагаюць менавтіа як прадстаўнікі памерлых.

    Такое аднясенне М. да продкаў, да замагільнага свету назіраецца і ў прадказаннях смерці: калі ў доме цяжкахворы, а дзе-небудзь пачне грызці ці пішчаць М., хворы неўзабаве памрэ; нядобрым знакам лічылі і тое, калі М. пагрызе чыё-небудзь адзенне ці пачне ў хаце вялікай колькасці М. таксама прадвяшчала вялікае няшчасце.

    Прыналежнасць М. да хтанічнага, варожага чалавеку свету выяўляецца ў здольнасці ведзьмаў набываць яе аблічча на Купалле (Слонімскі павет). Убачыць мноства М. у сне – прыкмета надыходзячага голаду. З другога боку, тая акалічнасць, што М. з’яўляецца самым дробным сысуном у сялібе, тлумачыла М. у сне і як прыкмету цяжарнасці.

    Суаднесенасць М. з “іншасветам”, “нячыстай сілай” выяўляецца і ў легендзе аб сусветным патопе, калі М., створаная Чортам, прагрызае дзірку ў каўчэгу. Уяўленні пра сувязь М. і нячыстай сілы выяўляюцца ў павер’ях, згодна з якімі ў памерлага чарадзея з рота выскоквае пацук, ведзьма пераўтвараецца ў М. і пад., і працягваюць тое ж суаднясенне гэтай істоты з душамі памерлых, з іншасветам.

    Параўн. таксама выраз “сядзіць як М. пад мятлой” (а венік звычайна ўспрымаецца як адзін з локусаў дамавіка). Менавіта як апекуна і дарадцу (якімі і ёсць продкі) малююць М. чарадзейныя казкі: яна дапамагае Янку адшукаць залатую табакерку, падчарцы абхітрыць мядзведзя ды інш. Высушаныя мышыныя вочкі, якія носяць пад кашуляй на грудзях, мусілі засцерагаць ад сурокаў з боку “дробнага чараўніка”.

    І ўсё ж хтанічныя рысы далучаюць М. да “адмоўных” істот. Яе дэманічная прырода зафіксавана ў беларускім варыянце вядомай казкі пра курачку – рабку, дзе метафарычна апісваецца канец свету, калі нават поп запаліў царкву з прычыны таго, што М. разбіла яйка (а яйка міфалагічна тоеснае сусвету).

    Ёсць меркаванні, што расказвалася казка пра М. і залатое яйка напярэдадні Калядаў, калі “сонца на небе знікала і людзі баяліся, ці адродзіцца яно ізноў”. Такім чынам, маленькая М. аказваецца прычынай вялікай катастрофы: ланцуг прычынна не звязаных падзеяў прыводзіць да таго, што згарае царква, якая ў дадзеным выпадку таксама выступае сімвалічным заменнікам усяго Сусвету (параўн. разбітае яйка з Кашчавай смерцю і – па сутнасці сваёй навагодні – звычай біцця велікодных яек як выразныя касмаганічныя сімвалы).

    Беларусы залічаюць М. да міфічных гаспадароў поля, ім часам прысвячаліся апошнія каласы, бо быццам “М. годуюць зэрно, каб не загінуло”. Шматлікія спосабы выгнання і вывядзення М. у большасці маюць асновай міфалагічныя ўяўленні. На Віцебшчыне М. называлі панначкамі, пакідалі ім на полі хлеб-соль, у склеп ці пад стог сена клалі тры каменьчыкі з трох палёў ды інш.

    Снапы звозілі ў пуню ў дзень, на які ў тым годзе прыпала Звеставанне; як закопвалі гародніну, прыказвалі: “Як на том свеце бацька і матка і ўсе нябожчыкі не ядуць, так і М. таксама не есці”. У беларускім фальклоры ёсць сюжэт, які ў тыяморфным кодзе апісвае ўзнікненне некаторых семіятычных апазіцый, у прыватнасці, сабакі і ката, і адначасова ката і М.

    Згодна з ім, даўней сабакі, каты і М. жылі ў поўнай згодзе паміжсобку, але пасля таго як кот (котка) не ўпільнаваў паперы, у якіх былі запісаны ганаровыя правы сабакі, і М. пагрызлі іх, пазбавіўшы тым самым сабак іх спрадвечных правоў, пачалося варагаванне сабак з катамі, а катоў з М. (казкі “Сабакі, кошка і мышы”, “ Сабачыя паперы” ды інш.).

    Такое развіццё падзеяў вельмі характэрнае для міфалагічнага мыслення, а менавіта ад пачатковага ідэальнага стану да заняпаду, ад “Космасу” да “Хаосу”. Параўн. псаванне чортам ідэальнай створанай Богам зямлі ў касмаганічных паданнях; страту людзьмі іх статуса насельнікаў выраю; утварэнне дзікіх звяроў з свойскай жывёлы або нават з людзей і да т. п.

    Вядомы з казачнага эпасу і такі персанаж, як мышыны цар, які меў залатыя лапы і вушы. Па некаторых павер’ях звалі мышынага цара або караля Паднор.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3583




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz