ДЗЕДАВІЦА

КАЛI НАДЫХОДЗIЦЬ КАЛЯДНАЯ НОЧ?
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЛI НАДЫХОДЗIЦЬ КАЛЯДНАЯ НОЧ?

    Такое пытанне задала Любоў Мiкалаеўна з горада Жыткавiчы Гомельскай вобласцi. Каб адказаць на яго, зробiм невялiкi, але абавязковы ў гэтым выпадку, экскурс у гiсторыю фармiравання беларускага народна-хрысцiянскага i грамадзянскага календара. Старажытны славянскi каляндар (у тым лiку i беларускi) фармiраваўся ў цеснай суаднесенасцi з прыродна-касмiчнымi рытмамi i цыкламi.

    Самым галоўным фактарам аказаўся гадавы рух Сонца па небасхiле. Поўны цыкл абарачэння Зямлi вакол Сонца атрымлiваў у сабе чатыры найважнейшыя падзеi: зiмовае сонцастаянне, веснавое i асенняе раўнадзенствы, летнi сонцаварот. У поўнай адпаведнасцi з iмi славяне пачалi адзначаць свае самыя галоўныя святы: Каляды – Купалле, Ярылаў Вялiкдзень i восеньскi Багач.

    Гэта былi фазавыя святы, а ў роўных прамежках памiж iмi адзначалi яшчэ чатыры святы, якiя фiксавалi пераходны стан прыроды ад адной пары года да iншай. Памiж зiмой i вясной – Масленiцу, вясной i летам – Зялёныя святы (Сёмуху), летам i восенню – багатыя i складаныя абрады Жнiва, восенню i зiмой – Восеньскiя Дзяды.

    Аднак у перыяд з 988 г. па канец ХIV ст. на тэрыторыi пражывання ўсходнiх славян (беларусы, рускiя, украiнцы) паступова пачынае распаўсюджвацца царкоўна-хрысцiянскi каляндар, структурную аснову якога складаў старажытнарымскi каляндар, а вось месца Сонца заняў жыццяпiс зямнога i нябеснага iснавання Хрыста, а таксама святы ў гонар Багародзiцы.

    Змянiўся аб’ект ушанавання – пакланення, але ключавая iдэя засталася той самай. З 18 па 23 снежня ў прыродзе ўсталёўваўся непрацяглы перыяд уяўнай раўнавагi (дзень i ноч не павялiчвалiся i не памяншалiся), а вось у ноч з 24 на 25 снежня Нябеснае Свяцiла паварочвала «на лета» – пачынаўся новы цыкл прыроднага iснавання, i адпаведна – у жыццi людзей.

    Нашы продкi, якiя абагаўлялi бога Сонца, якраз у гэты час i адзначалi «перанараджэнне» бога жыццядайнай энергii, а свята ў гонар маладога Сонца атрымала назву Каляды. У 325 г. на Нiкейскiм саборы мудрацы пад патранажам Канстанцiна Вялiкага выпрацавалi свой алгарытм напластавання хрысцiянскага календара на матрыцу язычнiцкага календара, якая iснавала ўжо шмат гадоў.

    Вядома, што дакладнай даты нараджэння Хрыста нiхто не ведае, яна не прапiсана i ў Бiблii. Аднак было вырашана, што дата нараджэння Сына Божага павiнна быць прымеркавана да даты ўяўнага нараджэння Каляды – маладога бога Сонца. Нованароджанае свяцiла паступова набiрала моц, ноч памяншалася, а дзень павялiчваўся.

    I вось 21 сакавiка ў прыродзе наступала аднадзённая раўнавага, а з 22 сакавiка днi станавiлiся даўжэйшымi за ноч. Iх сталi называць «вялiкiмi». У сувязi з гэтым дзень канчатковай перамогi Дня над Ноччу стаў называцца Вялiкдзень (= Вялiкi дзень). А Сонца, маладое, каляднае, набрала моц i стала ярым (яркiм), таму i называлася ў гэты перыяд Ярылам.

    Менавiта да гэтай значнай касмiчнай падзеi была прымеркавана яшчэ адна знамянальная падзея ў жыццi Хрыста – дзень яго ўваскрэсення. I яшчэ адзiн паказальны прыклад. У ноч з 23 на 24 чэрвеня нябеснае свяцiла дасягала свайго апагея – найвышэйшай моцы. У народных песнях ёсць словы, якiя дакладна адлюстравала i сутнасць падзеi: «На Купалле сонца iграла». Дзень, калi Сонца «iграе» – «купаецца», i пачалi называць Купалле.

    У царкоўным календары якраз да гэтага часу прымеркавалi дзень нараджэння Iаана Хрысцiцеля, якi пахрысцiў («пакупаў») у «Ярданi» Збавiцеля. Таму Iван, якi пакупаў Хрыста, i стаў у нас называцца Iванам Купалам. Яшчэ раз нагадаем: царкоўны каляндар абапiраўся на старажытнарымскi каляндар, якi быў распрацаваны iмператарам, фiлосафам i матэматыкам Гаем Юлiем Цэзарам, таму да нашага часу i называецца Юлiянскiм.

    Аднак здарылася так, што разлiкi вялiкага матэматыка аказалiся не зусiм дакладнымi, што прывяло да з’яўлення аднаго лiшняга дня ў перыяд за 128 год. У сярэднявеччы гэтых дзён набегла аж 10, тым самым дзень веснавога раўнадзенства (не нябеснага, а каляндарнага) «паплыў» на 10 дзён наперад.

    Выправiць становiшча вырашыў Папа Рымскi Грыгорый ХIII (вось i не вер, што лiк 13 утрымлiвае энергiю непаразумення). У 1582 г. ён прымае рашэнне скасаваць «лiшнiя» 10 дзён i вярнуць каляндар да прыроднай сузалежнасцi. Пачынаючы з 1583 года еўрапейскiя краiны паступова пераходзяць на новы, так званы грыгарыянскi стыль.

    Зiмой 1918 года У. Ленiн, жадаючы аддзялiць царкву ад дзяржавы, выдае дэкрэт аб пераводзе грамадзянскага летазлiчэння на еўрапейскi стыль, выкрэслiваючы з календара ўжо 13 дзён (яшчэ тры днi «набеглi» за час з 1582 года). Краiна Саветаў прыняла грыгарыянскi (чытай: каталiцкi) стыль, а вось Руская праваслаўная царква не пажадала перайсцi на чужое летазлiчэнне i да нашых дзён засталася на старажытнарымскiм – Юлiянскiм – календары.

    З часоў ленiнскай рэформы ў нас i пачалiся непаразуменнi ў правядзеннi нашых святаў. Праваслаўная царква, абапiраючыся на два прыродна-касмiчныя феномены (асвячэнне вады на Вадохрышча i цудадзейнае з’яўленне Благадатнага агню на Вялiкдзень – Пасху) адзначае святы па адной традыцыi, а каталiцкi Касцёл – па iншай.

    Калi ж гаварыць пра тое, што святы народнага календара заўсёды адзначалiся ў адпаведнасцi з рухам i рытмам Прыроды, то, безумоўна, правiльна святкаваць пачатак Калядаў вечарам з 24 на 25 снежня, а Купалле ў ноч з 23 на 24 чэрвеня. А той Новы год, якi мы з вамi святкуем зараз, простая фармальнасць, таму што сапраўдны пачатак года падказвае ўсё тая ж прырода.

    Калядная ноч з 24 на 25 снежня – гэта i ёсць сапраўдны Новы год. Каляднiкi для таго i абыходзiлi хаты, каб павiншаваць людзей з самай вялiкай падзеяй – нараджэннем Сонца, нараджэннем Хрыста i, адпаведна, Новым годам. Аднак склалася так, што беларусы – праваслаўныя святкуюць Раство Хрыстова з 6 на 7 студзеня, а разам i Першую куццю, так званы пачатак Калядаў.

    I не будзе непаразуменнем тое, калi доўгачаканыя госцi – калядоўшчыкi завiтаюць да вас у хату менавiта ў гэты вечар. Галоўнае – каб вашу хату не абмiнула сонечнае навалецце, святло, дабро i шчасце.

    Аўтар: Аксана Катовiч, Янка Крук, «Звязда».

    НОЧ

    Безумоўна, самым загадкавым i таямнiчым перыядам сутак з'яўляецца ноч. Ноч — гэта час нараджэння Бога i яго ўваскрэсення, гэта час галоўных таямнiц жыцця. Асаблiва яскрава гэта можна ўбачыць на прыкладзе купальскай ночы.

    Яна запоўнена загадкавай таямнiчасцю святкавання, у якiм пад покрывам цемры амаль што аб'ядналiся еўрапейскi сiмвал надзеi на шчаслiвую долю — папараць-кветка i сатанiнскi шабаш дэманiчных сiлаў, якiя напаўняюць стыхiю вады i балотнай прасторы.

    Супрацьстаянне дзвюх сiлаў было даволi адкрытым i напружаным. Адзiн бок вытанчана дзейнiчаў з мэтай нанесцi шкоду чалавеку, яго сям'i, гаспадарцы, уключаючы паласу жыта, якое спее.

    У iм спецыяльна рабiлiся заломы. У сваю чаргу чалавек звяртаўся па дапамогу да шматлiкiх рытуальных дзеянняў, атрыбутаў, амулетаў, каб папярэдзiць або нейтралiзаваць стыхiю змроку i цемры.

    Самым моцным ахоўным патэнцыялам валодала полымя начнога вогнiшча. Напрыканцы купальскай ночы моладзь выконвала незвычайнае рытуальнае дзеянне — скакала цераз вогнiшча, якое дагарае, тым самым абвяшчала ўсiх прысутных аб сваiх намерах стварыць новую сям'ю.

    l Не спалi ў гэтую ноч i клапатлiвыя гаспадынi.

    Яны ведалi, для таго, каб завязалiся добрыя галоўкi на капусце, трэба было яшчэ да ўзыходу сонца распрануцца i аббегчы вакол раслiн вялiкi круг.

    l Аналагiчны абрад выконвалi i ў ноч на 21 верасня, у дзень Малой Прачыстай. Трэба было ўстаць яшчэ да ўзыходу сонца, узяць качаргу, пабегчы з ёй на агарод i там стукнуць кожны качан — ён вырасце вялiкi i цвёрды.

    l У традыцыйнай культуры вельмi высокiм статусам надзелена i калядная ноч. Лiчылася, што ў прамежку ад 2 да 5 гадзiн ранiцы раскрываюцца нябёсы: у гэты час можна прасiць Усявышняга аб пазбаўленнi ад шматлiкiх невылечных хваробаў i здзяйсненнi самых запаветных жаданняў.

    Магчыма, таму амаль усе ночы вялiкiх святаў з'яўляюцца найбольш спрыяльным часам для варожбаў самага непрадказальнага характару, i, вядома ж, перш за ўсё пра свайго суджанага.

    l Такiм жа свяшчэнным было i стаўленне да велiкоднай ночы, на працягу якой у храмах праводзiлася ўсяночнае набажэнства.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz