ДЗЕДАВІЦА

ЖЫВЁЛЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЖЫВЁЛЫ

    Культ Ж. вядомы ў многіх народаў свету і яго адгалоскі захаваліся да нашых дзён. У міфалогіі Ж. выступаюць як адзін з варыянтаў сімвалічнага коду. У судачыненнях з трохчастковым падзелам Сусветнага дрэва з верхам звязваюцца птушкі, з сярэдзінай – капытныя Ж., а з нізам – змеі, жабы, мышы, рыбы, бабры, выдры.

    У казках Ж. часта выступаюць у якасці цудоўных памочніках герояў або як самастойныя персанажы. Ж. шырока распаўсюджаны ў сферы сімволікі, геральдыкі, у ювелірным мастацтве. Дзіцячыя цацкі робяць у выглядзе Ж. Пякуць крэндзелі ў форме Ж., а таксама каравайныя фігуркі, звязаныя з магіяй плоднасці. У старажытнасці былі пашыраныя амулеты з іклаў і зубоў свойскіх і дзікіх Ж.

    Абрады, звязаныя з Ж., скіраваныя на тое, каб надаць сілу і здольнасці Ж. людзям (абрад Камаедзіцы, ваджэнне мядзведзя, “пячы ката”, калядныя абрады з казою і да т. п.). Мядзведзя, сабаку, бусла, жаўну і некаторых іншых Ж. беларускі фальклор лічыць ператворанымі людзьмі. Ж. выступалі ў ролі будаўнічай ахвяры (асабліва конь, певень, курыца).

    Перад засяленнем гаспадара ў новы дом у ім начуюць Ж.: у першую ноч певень і курыца, у другую – гусь або кот і котка, у трэццю – парася, у чацвертую – авечка, у пятую – карова, у шостую – конь. І толькі на сёмую ноч, калі ўдала прайшлі папярэднія, засяляўся гаспадар. Ідэя такой герархіі мае агульнаіндаеўрапейскія вытокі.

    Пэўную ролю адыгрывалі Ж. у пахавальным абрадзе, пра што сведчаць фаўністычныя знаходкі ў старажытных пахаваннях: напрыклад, косці каня знойдзены ў курганах X – XII ст.ст. блізу в. Дарахі Гарадоцкага, в. Патока Клічаўскага, у грунтовым могільніку блізу в. Велямічы Столінскага, касцяк свінні ў кургане каля в. Нісімкавічы Чачэрскага р-наў, косткі каровы, якія былі перавязаныя скураным раменьчыкам, у кургане блізу в. Батвінаўка Чачэрскага р-на ды інш.).

    На Палессі напярэдадні Купалля адбывалася спальванне костак каня, каровы, авечкі. Каб унікнуць эпідэміі, у ахвяру прыносілі Ж. (на Барысаўшчыне на перакрыжаванні дарог закопвалі жывым чорнага пеўня, яго ж на Смаленшчыне спальвалі перад абворваннем вёскі і г. д.). Шмат магічных дзеянняў рабілася ў народнай ветырэнарыі (на Навагрудчыне карову, якая ацялілася, пакрывалі якой-небудзь вопраткай і паілі спецыяльнымі напарамі).

    Магічныя дзеянні здзяйснялі пры продажы-куплі жывёлы. Так, на Піншчыне крыжападобна выстрыгалі шэрсць з крыжа цяляці, якога збіраліся прадаваць, і затыкалі ў сцяну хлява (каб карова пасля продажу не перастала даіцца), купленую карову ці каня пры ўводзе ў двор аблівалі вадой, каб ведала дарогу дамоў, скармлівалі новаўведзенай жывёліне хлеб з соллю з пячной засланкі і г. д.)

    У Беларусі шырокавядомыя валуны, якія, паводле народных уяўленняў, лічацца ператворанымі Ж. (камяні-валы блізу вв. Быкавічы Бярэзінскага, Бібікі Мазырскага, Лазовічы Нясвіжскага, Крынкі Асіповіцкага, Сцеберакі Вілейскага, Іканы Барысаўскага, Брынёў Петрыкаўскага р-наў; камяні-мядзведзі блізу в. Знаменка Крупскага, Юхнаўка Докшыцкага р-наў ды інш.).

    Кажуць, што некаторыя камяні лячылі Ж. Каля в. Краснагорка Браслаўскага р-на ёсць камень са следам каня. Дажджавая вада са слядка на камені блізу в. Навіцкавічы Камянецкага р-на лечаць бародаўкі ў кароў. Вядомы камяні-следавікі са слядамі мядзведзя (в. Наўгароды Мёрскага, Пушкары Сенненскага р-наў), ката (Кеўлы Смаргонскага р-на).

    На камені блізу в. Журавец Асіповіцкага р-на ў народзе паглыбленні называлі слядамі мядзведзя, ваўка, зайца і лісіцы. Паводле падання, камень ляжыць з таго часу, к4алі яшчэ быў мяккі, і кожны звер, які прабягаў міма, пакідаў на ім свій след. Ёсць таксама камяні, звязаныя са змеямі (змееў камень блізу в. Гогалеўка Чашніцкага, Валэйкішкі Астравецкага р-наў ды інш.). Малюнкі Ж. (сабакі, пеўня, ката і бусла на шырокавядомай у наваколлі Шчыткавіцкай прошчы на Бабруйшчыне (цяпер тэрыторыя Старадарожскага р-на).

    Ж. у народным мастацтве беларусаў пашыраны з першабытных часоў, калі з імі звязвалася складаная сістэма павер’яў, ім прыпісвалася ахоўная функцыя. На думку першабытных людзей, сілуэты Ж. у дэкоры вырабаў ці вырашэнне формы вырабу ў выглядзе свяшчэннай Ж. павінна было забяспечыць здароўе, дабрабыт, засцерагчы ад нячыстай сілы.

    Схематычныя гравіраваныя малюнкі ці дробная пластыка зааморфнага характару на тэрыторыі Беларусі вядомыя з часоў неаліту. На Паазер’і на сценках керамічных вырабаў трапляюцца выявы, што нагадваюць змеяў. Вельмі дакладна зроблена падвеска – амулет у выглядзе змяі са стаянкі Асавец Бешанковіцкага р-на.

    Багатыя знаходкі трапляюцца пры раскопках гарадзішчаў жалезнага веку, асабліва ў Падняпроўі. Досыць рэалістычна з гліны вылеплены коні, сабакі ды іншыя свойскія Ж. Матывы Ж. (коней, сабак, ільвоў), т. зв. “тэраталагічны (звярыны) стыль”, вельмі папулярны ў аздабленні рэчаў дружынна-баярскага побыту XI – XIII ст.ст.: накладак калчаноў, рукаятак нажоў, зброі ды інш.

    У народным мастацтве беларусаў найбольшай папулярнасць карысталіся вобразы каня, казы, барана. Іх сілуэты можна бачыць у дэкоры народнага жытла (вільчакі, ліштвы, каваныя клямкі), на драўляных каўшах-карцах, дошках-штампах для фігурнага пячэння, у вырашэнні гліняных цацак-свістулек.

    У наш час сімвалічная роля вобразаў Ж. страчаная, але яны з’яўляюцца асноваю для формаўтварэння вырабаў утылітарна – мастацкага характару ў саломапляценні, глінянай і драўлянай пластыцы ды інш. Традыцыйныя вобразы дапоўнілі новыя:Зубра, ільва, аленя, ката.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1652




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz