ДЗЕДАВІЦА

“ПЕРШЫМ РАЗАМ, ЛЕПШЫМ ЧАСАМ”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “ПЕРШЫМ РАЗАМ, ЛЕПШЫМ ЧАСАМ”

    Асабліва шырока магія пачатку або сімволіка “першы” была прадстаўлена ў каляндарнай абраднасці, перш за ўсё ў святах, якія распачыналі той ці іншы перыяд года або цыкл земляробчых прац. Безумоўна, важнай вяхой у структуры календара былі Каляды. Яны распачыналі новы год, таму паводзіны членаў кожнай сям’і паасобку і ўсёй вёскі ў цэлым мадэліравалі іх жыццё на ўвесь надыходзячы год.

    Е.Р.Раманаў падае наступнае апісанне калядных клопатаў беларускіх сялян: “Каб скаціна лепш вялася, трэба першы блін ад кожнай Куцці і ад святаў Раства, Новага года і Вадохрышча — усяго шэсць бліноў — засушыць і, расцёршы іх, усыпаць у корм. Адны гаспадыні робяць гэта на Вадохрышча, іншыя — на Юр’я (6 мая)”.

    З Калядамі звязаны рытуал, які меў на мэце ўплываць на стан здароўя чалавека. У першы дзень Каляд, калі ў хату прыносілі свежую ваду, гаспадар браў дробную сярэбраную манету і кідаў у вядро. Затым пачынаў маліцца сам, а за ім астатнія члены сям’і. Людзі меркавалі, што твар пасля гэтага не будзе псавацца на працягу года ні ад вялікай спякоты, ні ад траскучых марозаў.

    Лічылася: калі на Каляды першы чыхне мужчына, то будуць радзіцца бычкі і баранчыкі, а калі жанчына, то цялушкі і авечкі. Каб куры не несліся на чужых дварах, не выкідвалі смецце з хаты на Новы год, на першы дзень Вялікадня і на другі дзень Каляд. Каб на працягу года сям’я жыла заможна, нічога і нікому не пазычалі на першы дзень Вялікадня і Раства Хрыстова.

    У цыкле земляробчых спраў адказным лічыўся пачатак ворыва і сяўбы. Былі перакананы: “Хто першы пачынае араць, той першым будзе ва ўсіх работах на полі”. Ідучы першы раз араць, гаспадар старанна ўмываўся і апранаў чыстую вопратку, каб збажына была чыстая ад пустазелля. Збіраючыся першы раз на ворыва, гаспадар запрагаў валоў у саху, абходзіў іх кругом тры разы з поўным вядром вады, абліваў іх той вадою, каб у іх хапіла сіл на ўсе веснавыя работы.

    Высокім статусам надзяляўся сімвал “першы” ў юраўскай абраднасці. “У дзень першага выгану жывёлы ў поле пад парог хлява клалі навойчык ад кроснаў, і калі карова пераступіць яго, то ўжо не адаб’ецца ад чарады, дзе б ні згубілася ў лесе — абавязкова прыйдзе дадому”. Асобныя гаспадыні выконвалі складанае абрадавае дзеянне, якое суправаджалася большай колькасцю сакральных атрыбутаў.

    На Віцебшчыне “перад першым выганам скаціны на пашу ля парога хлява кладуць: замок, нож, кажух поўсцю навыварат, хлеб і яйка, каб: а) скаціна была гладкая, як яйка; б) каб у непрыяцеля замкнуліся рукі, а ў звера пашча; в) каб скаціне была простая дарога дадому; г) каб яе напладзілася столькі, колькі ў кажуху шарсцінак.

    Скаціна выганяецца з двара асвечанай вярбою і пераступае цераз пакладзеныя ля парога прадметы, пасля чаго пастух апранае кажух, падпяразваецца папругаю, кладзе хлеб і яйка за пазуху, а замок падвешвае да дзвярэй хлява ці бярэ з сабой у поле, дзе ўвесь час трымае яго ў кішэні. У некаторых мясцінах усе гэтыя прадметы застаюцца некранутымі да вяртання скаціны ў хлеў.

    Калі якая-небудзь жывёліна растопча пакладзенае ля парога хлява яйка, то воўк з’есць гэтую жывёліну”. Каб статак не расходзіўся, каб ні адну карову не загрызлі ваўкі, у першы дзень пастух абходзіць чараду кругом тры разы.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29341

    Вялікая колькасць пачатку зямляробчых і сельскагаспадарчых работ звязана з першай чвэрцю Месяца — маладзіком. Станоўчым лічыцца ўплыў маладзіка і на долю чалавека, яго здароўе, магчымасць стварэння сям’і. Чалавек, які нарадзіўся на маладзік, будзе даўгавечным, рухавым, лёгкім на пад’ём. Менавіта да гэтага часу прымяркоўвалі вяселлі.

    Лічылася: калі ўбачыш Месяц на маладзіку першы раз з правага боку, цэлы месяц будзе шанцаваць. Адпаведна з фазамі Месяца структурыруецца вымярэнне часу працягласцю адзін тыдзень. Сімвалізацыя пачатку гэтай адзінкі набыла розныя характарыстыкі ў народнай і хрысціянскай традыцыях.

    Калісьці першым днём тыдня была менавіта нядзеля, якая як у народнай, так і ў хрысціянскай культуры з’яўлялася вяршыняй акта першастварэння Свету і пачаткам існавання новага часу. Магчыма, менавіта з-за гэтага ў народнай традыцыі негатыўнае стаўленне да сучаснага першага дня тыдня: “Панядзелак — дзень цяжкі”.

    Выключным сакральным статусам надзелены пачатак новага дня — усход Сонца і асабліва ў вялікія святочныя дні: Чысты чацвер, на Вялікдзень, Купалле. Існуе шэраг прыродна-касмічных фактараў, якія не маюць дакладнай часавай прымеркаванасці, але разам з тым могуць аказаць істотны ўплыў на фізічнае здароўе, псіхалагічны стан чалавека, а таксама прадказаць, якім будзе гэты год, які будзе сабраны ўраджай і г.д.

    Сюды адносяцца шматлікія прадказанні, звязаныя з аднаўленнем прыроднага цыкла жыцця (у непасрэднай сувязі стану прыроды і існавання чалавека): l калі першы гром прагрыміць на “голы” лес, то год будзе галодны; l пачуўшы першы гром, трэба было стаць спінай да дуба, або тройчы перакуліцца праз галаву, ці перавярнуцца з боку на бок; а пачуўшы першы раз зязюлю, трэба было патрэсці грошы ў кішэні, каб яны не зводзіліся ўвесь год; калі першы раз убачыш бусла ў палёце, значыць, і сам увесь год на нагах будзеш, калі ж у гняздзе, то можаш цяжка захварэць. Па некаторых прыкметах варажылі аб ураджаі на новы год.

    Так, напярэдадні першага Спаса (Спаса на вадзе, Мядовага) вараць столькі яек, колькі ў двары мужчын. За абедам кожны выбірае яйка з місы і разбівае яго. Той, у каго яно будзе паўней, першы пойдзе засяваць жыта, каб так поўна было ў свірне. У паўночных раёнах Беларусі існавала павер’е, што “добраму вываду гусянят вельмі дапаможа зямля з-пад правай нагі, узятая ўвесну, калі першы раз убачыш у небе дзікіх гусей; гэтай зямлёй трэба злёгку патрусіць наседжваемыя яйкі”.

    Цікавы варыянт барацьбы з пустазеллем прапаноўвалі інфарматары беларускага фалькларыста А.К.Сержпутоўскага: “Калі на полі расце паганае зелле, то яго трэба пераараць тымі сашнікамі, што падвараны ў першую пятніцу”.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29384

    Вядомы яшчэ некалькі прыкладаў магіі “першы”: -- першым снегам працерці твар і прагаварыць: "Сняжок упаў, Бог здароўе паслаў";

    -- калі ўсталёўвалася працяглая засуха, то з мэтай «выклікання» дажджу выконваўся спецыяльны абрад: тры жанчыны-ўдавы збіраліся разам і на ўзыходзе сонца павінны былі абысці дзевяць калодзежаў і пасыпаць у іх мак-відук, асвечаны ў мінулым годзе на Першага Спаса,

    -- калі куплялі карову, то першы раз упіхвалі яе ў хлеў задам, каб яна не баялася сурокаў і не цуралася свайго хлява;

    -- у першы дзень будоўлі хаты закладваўся толькі першы вянок, пры гэтым сачылі, куды паляціць першая стружка: калі ў сярэдзіну хаты, то ў сям'і ва ўсім будзе прыбытак. Калі ж, наадварот, у бок двара, то ўсё дабро сыдзе з хаты;

    -- сярод беларусаў існуе надзвычай пашыраная забарона прадаваць першае цяля. Лічылася, што тым самым перапыніцца плоднасць каровы, якая яго прывяла, пагоршыцца яе малочнасць;

    -- існаваў звычай, які патрабаваў: "Як сядзеш за стол, то першы кавалак аддай сабаку, няхай ён з'есць, бо ніколі не ведаеш, праз чыю ласку жывеш";

    -- у першы дзень жніва зажыналі толькі адзін (першы) сноп, яго на працягу года захоўвалі ў чырвоным куце пад абразамі (зерне з яго каласоў выкарыстоўвалася ва ўсіх абрадах сямейнай накіраванасці);

    -- хто на Вадохрышча набярэ першым вады ў храме, той увесь год будзе наперадзе ўсіх;

    -- на Радаўніцу першую чарку налівалі самаму старэйшаму прадстаўніку роду; -- прадаючы тавар у першы дзень новага года, трэба зрабіць скідку першаму пакупніку

    -- увесь год гандаль будзе ўдалым. Міфалагема “першы” даволі шырока прадстаўлена і ў сямейнай абраднасці беларусаў.

    Лічылася: “як першы раз прыйдуць сваты, то яны не павінны затрымлівацца каля парога ці сярод хаты, а хутчэй ісці да стала і садзіцца там на лаву. Калі ж яны спыняцца, то пэўна за таго малайца дзеўку не аддадуць. Калі сваты, выходзячы з хаты, запнуцца ці спатыкнуцца аб парог, то з таго сватання нічога не будзе".

    Сэнсавыя гарызонты сімволікі “першы” часам бываюць настолькі шырокімі, а асацыяцыі, якія яны выклікаюць, настолькі нечаканымі, што не перастаеш здзіўляцца мастацкаму таленту народа, асаблівасцям яго мыслення, шляхам стварэння вобраза. Напрыклад, усе прысутныя і ўдзельнікі провадаў маладых да вянца ўважліва сачылі, за што перш возьмецца жаніх.

    Калі за лейцы

    -- будзе трымаць жонку ў руках, калі за пугу

    -- будзе біць. У гэты ж час мужчыны кідалі шапку, каб першы нарадзіўся сын. Аналагічныя назіранні тычыліся і вянчання ў храме: “Хто, становячыся пад вянец, першы ступіць на падножнік, той будзе ў доме за галоўнага. У час шлюбу на падножнік трэба пакласці манету, каб маладыя былі багатыя".

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29407

    Выключна багата сімвал “першы” прадстаўлены ў радзільна-хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі. У народным асяроддзі існуе перакананасць: калі дзіця пасля першага рытуальнага купання пакласці на правы бок, то ён будзе “праўшак”, а калі на левы — “ляўшак”.

    Дзяцей на працягу першага года нельга было купаць пасля заходу сонца, а таксама ў той дзень, у які яно нарадзілася. Ваду пасля першага рытуальнага купання вылівалі пад вішню (калі купалі дзяўчынку) або пад яблыню (калі купалі хлопчыка).

    Першым хрэснікам у хроснага бацькі павінна быць дзяўчынка, а ў хроснай маці — хлопчык. Пры з’яўленні першага зуба дзіця садзілі ў рэшата і вазілі ў ім па падлозе, каб хутчэй раслі іншыя зубы. Першы выпаўшы малочны зуб кідалі за печ, каб астатнія трымаліся доўга.

    Затым важнай вяхой у жыцці нованароджанага будзе першы крок (трэба было ў гэты час між ног перарэзаць “путы”), першы пастрыг, які выконвалі тады, калі заканчваўся першы год жыцця. Дзе-нідзе забаранялася даваць дзецям першы блін, “бо не хутка чытаць навучыцца”.

    У народнай медыцыне лячэбны вопыт перадаваўся першаму (старэйшаму) або апошняму дзіцяці. Сімволіка “першага” ў значнай ступені вызначала паводзіны людзей у кантэксце пахавальнай абраднасці.

    Першым з могілак выходзіў самы стары, ён жа першым заходзіў за памінальны стол і першым уставаў з-за яго. Першую чарку на памінальным стале пакідалі для памерлага, “першыя” кавалачкі ўсіх страў адкладвалі на талерку памерламу. Першы блін, спечаны на любое вялікае свята, адкладвалі на талерку і ставілі ў чырвоны кут пад абразы.

    Гэта была даніна, рытуальная ахвяра продкам свайго роду. Пра тое, што першы блін у дзень вялікіх святкаванняў пакідалі продкам, сведчыць прыказка: “Першы блін комам”. Такі ж рытуальны сэнс мела і першая лыжка каляднай куцці.

    На Радаўніцу першую чарку налівалі памерлым, або кожны з прысутных адліваў на магілу некалькі кропель гарэлкі са сваёй чаркі.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29431




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz