
ЧАТЫРЫ БАКI СВЕТУ
Чатыры бакi свету – усход, захад, поўнач i поўдзень – заўсёды падавалiся на выявах у выглядзе крыжа. У народнай культуры лiчылася, што з гэтых напрамкаў прыходзяць вятры, якiя нясуць цi доўгачаканы дождж, цi знiшчальны ўраган; што па краях свету жывуць багi, якiя кiруюць жыццём людзей на зямлi.
Усход – «там, дзе ўзыходзiць сонца» – бок свету, якi заўсёды сiмвалiзаваў святло, крынiцу жыцця, дзяцiнства i юнацтва, уваскрэсенне, аднаўленне, новае жыццё, вясну. У хрысцiянстве ўсход сiмвалiзуе Хрыста – «Сонца Сусвету».
Праваслаўныя, калi звяртаюцца да вышэйшых сiлаў нябёсаў, моляцца тварам да ўсходу. Па першым громе, якi пачулi ўвесну, варажылi аб будучым ураджаi: гром з усходу прадказваў прыбытак, з захаду – няўрод i голад. Лiчылася, калi чалавек будзе спаць галавой на ўсход, будзе бадзёрым i здаровым.
Захад – бок свету, дзе заходзiць сонца, у народнай культуры сiмвалiзаваў сон, смерць, свет сатаны цi д'ябла, месца, куды сыходзяць душы памерлых. У шэрагу рытуалаў рух на ўсход атаясамлiваўся са станоўчым пачаткам, рух на захад – з адмоўным.
Пры гэтым пачатак параўноўвалi з усходам, а заканчэнне – з захадам. Калi чалавек памiраў, апошнiм месцам яго прытулку станавiлася магiла. Прычым, беларусы-праваслаўныя старалiся рабiць так, каб галава памерлага была зарыентавана на захад.
Поўнач заўсёды звязвалася з моцнымi, злоснымi, агрэсiўнымi сiламi прыроды, цемрай, голадам, злом, ноччу i смерцю. Менавiта на поўнач была зарыентавана так званая «глухая» сценка хаты (сценка без акон).
Поўдзень у народнай культуры славян быў сiмвалам цеплынi, вогнiшча, полымя, мужнасцi, лета i маладосцi. На поўдзень выходзiлi вокны хаты, каб максiмальна асвячаць хату сонейкам. (Беларуская міталогія).
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/e3b7e1340dc48eca.html
|