ДЗЕДАВІЦА

КОЛАС
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МАГІЯ ХЛЕБНАГА КОЛАСА

    24.07.2008

    Колас у культуры славян заўсёды быў сімвалам пладаноснасці, дабрабыту, багацця, шчасця. Згодна з адным паданнем, каласы раслі адным кустом ад самай зямлі, але жнейкі пачалі прасіць Бога, каб яны сталі даўжэйшымі, таму што так іх нязручна жаць. Бог выканаў просьбу жанчын-жней.

    У другім паданні распавядаецца, што Бог пакараў людзей за непавагу да хлеба: выцягнуў колас, зрабіў яго доўгім, але пустым — зерне пакінуў толькі на канцы сцябліны і зусім няшмат, каб людзі толькі не памерлі з голаду.

    На Беларусі дзецям расказвалі, што першы колас Бог кінуў сабаку, які вельмі хацеў есці, але ён прынёс яго свайму гаспадару — чалавеку, які пасадзіў гэта зерне. Так у людзей з’явіўся хлеб.

    * Таптаць каласы лічылася недаравальным, смертным грахом.

    * Каласы былі цэнтральным сімвалам жніва на зажынках і дажынках, менавіта таму асабліва ўшаноўваліся першыя і апошнія каласы на полі.

    * Першыя каласы даручалі жаць самым шаноўным ці спецыяльна абраным для гэтага людзям: гаспадару, гаспадыні, жнейцы з лёгкай рукой, святару, старэйшаму ў сям’і.

    Часцей за ўсё з гэтых каласоў рабілі сноп, радзей — букет, які павінен быў выкупіць гаспадар поля і прынесці дадому. На працягу ўсяго года ён захоўваўся ў хаце. Часам частку гэтых каласоў пакідалі ў сярэдзіне поля — для хлебнага ахоўніка.

    * Першыя зжатыя каласы надзяляліся магічнай сілай: імі перавязвалі спіну ад болю ў паясніцы; спавівалі першынца; неслі да вясковага крыжа, каб дождж не перашкаджаў у час жніва і г.д.

    * Салому ад першага снапа давалі хворай жывёле, таму што верылі ў яе магічную лекавую сілу.

    * З апошніх каласоў на дажынках плялі “жніўны” вянок, завівалі “бараду”, збіралі сноп пад назвай “дзед”, рабілі крыж і іншыя рытуальныя рэчы. Апошнімі каласамі ўпрыгожвалі косы і сярпы.

    * Апошнія каласы (сем, дзевяць, дванаццать, трыццать, сорак) пакідалі на полі, бо лічылі, што менавіта ў іх знаходзіцца асобая пладаносная сіла, якая адродзіць ніву на наступны год.

    * Сноп з апошніх каласоў перавязвалі чырвонай стужкай, поясам-абярэгам і неслі ў хату, ставілі ў чырвоным куце і свірне.

    * На бажніцы на працягу года заўсёды знаходзілася некалькі апошніх каласоў ці зярнятак з іх.

    * Маці нявесты клала ў абутак дачкі два жытнёвыя каласы, каб тым самым “справакаваць” пладавітасць у гаспадарцы будучай сям’і.

    * У час вяселля ў хаце над абразамі і ў кожным куце за бэлькамі ў столі вешалі дзевяць пучкоў каласоў.

    * Хлебнымі каласамі ўпрыгожвалі вясельнае дрэўца, каравай і іншыя рытуальныя рэчы, якія выкарыстоўвалі ў час вяселля.

    * Пры цяжкіх родах парадзіху паілі настоем з дванаццаці каласоў, якія бралі з апошняга снапа.

    * Некалькі зярнятак (тры, дзевяць, дванаццаць) абавязкова клалі ў ваду пры першым рытуальным купанні дзіцяці.

    * У час пахавання каля памерлага чалавека заўсёды гарэла свечка, якую ставілі ў зерне. Пасля вынасу труны з нябожчыкам з дому на падлогу сыпалі прыгаршчу зерня, якое зноў-такі бралі з апошняга снапа.

    * Асаблівыя адносіны былі да каласоў-спарышоў. Знайсці такі колас — значыць, мець шчасце і поспех на наступныя сем гадоў. Такі колас трэба было абавязкова насіць пры сабе (у адзенні, у шапцы і г.д.).

    * Дзяўчыне колас-спарыш прадказваў хуткі шлюб, жанчыне — нараджэнне двойні.

    * Каб муж і жонка жылі душа ў душу, ім неўпрыкмет давалі з’есці зярняткі з коласа-спарыша.

    * Не ўсюды адносіны да коласа-спарыша былі станоўчымі. На Беларусі лічылі, што спарыш жыта прадказвае хуткую смерць гаспадара поля. Такі колас закопвалі ў зямлю адразу ж на полі.

    * Лічылі, калі колас-спарыш з’есць карова, яна будзе даваць малака ўдвая болей ці прывядзе двойню.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=23844




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz