ДЗЕДАВІЦА

ВЕРШНIК НА КАЧЦЫ — КРЫЧАЎСКI АБЯРЭГ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЕРШНIК НА КАЧЦЫ — КРЫЧАЎСКI АБЯРЭГ

    Алена КАЗЛОВА

    Невялiкая глiняная свiстулька ў выглядзе вершнiка на качцы, сцвярджаюць у Крычаве, пайшла ад язычнiцкiх часоў, дахрысцiянскай эры. Як i iншая цацка-«абаротнiк»: паўптушка-паўконь. Мяркуецца, што гэта абярэгi, i нашы продкi верылi, што такiя глiняныя цацкi аберагаюць чалавека ад злых духаў. Абломкi падобных старажытных глiняных вырабаў — качак, конiкаў i iншых свiстулек — былi знойдзены пры археалагiчных раскопках на Замкавай гары ў Крычаве.

    Цяпер адраджаюць традыцыйную крычаўскую i падняпроўскую цацку ўдзельнiкi дзiцячай народнай студыi дэкаратыўна-прыкладной творчасцi «Свiстулька», якой кiруе народны майстар Вячаслаў Якавенка. Усходнi беларускi горад Крычаў вядомы як старажытны цэнтр ганчарства, i яшчэ ў XV стагоддзi далёка за яго межамi былi папулярныя вырабы крычаўскiх майстроў.

    Дзецi ў студыi «Свiстулька» далучаюцца да старажытнага майстрэства, робяць глiняныя цацкi. Тут займаюцца два дзесяткi крычаўскiх дзяцей — ад 9 да 16 гадоў. Студыя працуе больш за дзесяць гадоў, i работы крычаўскiх дзяцей з поспехам выстаўлялiся ў розных краiнах. Напрыклад, тыповая крычаўская цацка — гэта галава каня, падобная на шахматную фiгуру.

    А глiняных соў рабiлi ў XVIII стагоддзi: паплечнiкам лiдара сялянскага паўстання Васiля Вашчылы быў ганчар Фёдар Сыч, якi прыдумаў ляпiць свiстулькi ў выглядзе соў i за гэта атрымаў адпаведную мянушку. З лёгкай белай глiны ў дзiцячай студыi робяць народныя музычныя iнструменты, розныя дудкi.

    А цацка ў выглядзе конiка — спецыяльна для малых дзяцей: зручная, без вострых вуглоў, каб не бiлася. — Дзецi мiма нашых цацак нiколi не праходзяць, — гаворыць Вячаслаў Якавенка. — Так, цяпер усё «забiлi» пластмасавыя робаты i Барбi.

    I майстрам не вельмi выгадна рабiць глiняныя цацкi: яны маленькiя i танныя. Аднак мы на любым свяце ад дзесятка да паўсотнi нашых вырабаў прадаём. I заўважылi, што немаўля адразу цягнецца да глiнянай цацкi, бярэ ў рот i свiшча! Дзецi, якiя займаюцца ў студыi, расказваюць, што цацкi трэба ляпiць толькi пры добрым настроi, iнакш нiчога не атрымаецца.

    I яны вераць, што сама глiна, мяккая i цёплая, — нiбы жывое рэчыва, якое супакойвае i лечыць ад хвароб. — Крычаўская глiна — розных колераў i гатункаў, дзе нi капнi — усюды яе досыць, — расказвае кiраўнiк студыi «Свiстулька».

    — Мы робiм з яе цацкi паводле старажытных тэхналогiй. I адна з iх — так званая гатаваная керамiка. Пасля абпальвання цацка гатуецца ў расоле — капусным, агурочным альбо ў малацэ.

    Вынiк заўсёды цiкавы, але толькi з крычаўскай глiны, да здзiўлення нашых калег з iншых мясцiн, цацка атрымлiваецца ў некалькi колераў. Сёння вырабы маладых майстроў глiны з Крычава можна набыць на святах, якiя праходзяць у Магiлёўскай вобласцi: за сiмвалiчныя грошы (некалькi тысяч рублёў) вы можаце займець арыгiнальную свiстульку альбо званочак.

    Яны зробленыя рукамi дзяцей, якiя вельмi ганарацца сваiм дачыненнем да сакрэтаў старых майстроў-ганчароў.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz