ДЗЕДАВІЦА

АВЕЧКА (АЎЦА)
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АВЕЧКА (АЎЦА)

    Паводле міфалагічнага паданьня, як і сьвіньня, зьлеплена богам з гліны, толькі галава ў яе са смалы. Таму авечка баіцца гарачыні, хаваецца ў цень ад сьпякотнага летняга сонца. Прыручаная ў глыбокай старажытнасьці, авечка мела вялікае гаспадарчае і культавае значэньне. Добра дастасаваная да гадаваньня вандроўнымі пастухамі, яна дазваляла чалавеку выжыць ва ўмовах засушлівых, небагатых расьліннасьцю стэпаў, нагор'яў і да т. п.

    Авечка была адной з важных ахвярных жывёл (пасьля каня і каровы) або ўваходзіла ў лік трох іншых: парасё – ягнё – цялё (у старажытных рымлян). Але рытуальны статус авечкі яўна ніжэйшы за статус каровы і каня, у пераліках свойскай жывёлы яна найчасьцей фігуруе на трэйцяй пазыцыі пасьля першых дзьвюх; ёю вельмі рэдка апякуецца Хляўнік.

    У мясьцінах традыцыйнай авечкагадоўлі (напрыклад, на Каўказе) ля стойбішчаў ладзілі адмысловыя пялы для высушваньня авечых скур (аўчынак) у выглядзе невысокага слупка зь дзьвюма перакладзінамі, якія потым трансфармаваліся ў рэлігійны сымвал пакутніцтва, ахвярнасьці. Авечка успрымаецца традыцыйнай сьвядомасьцю і як сымвал маўклівай пакорлівасьці (параўн.: «Ці гэта ж вы людзі, а не авечкі?»). Ягнё было сымвалам Хрыста (ахвярны баранчык, расьпяты на крыжы).

    Як адзін з асноўных відаў жывёл, прызначаных багам, авечка прыносілася ў ахвяру кроўна, шляхам заколваньня, і бяскроўна — у выглядзе састрыганай воўны. Культавая роля авечкі, воўны, ваўняных нітак у традыцыях шматлікіх старажытных народаў неаднаразова падкрэсьлівалася ў спэцыяльных дасьледаваньнях. Авечае руно выкарыстоўвалі ў магічнай практыцы.

    У Беларусі пашыраны паданьні пра рэчкі, заклятыя маткай (чараўніцай) або цыганкай з дапамогай авечага руна ў пакараньне за тое, што ў гэтай рэчцы ўтапіліся яе сын або дачка. Гл. таксама Баран.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/65

    АВЕЧКА

    Авечка — адна са старажытных хатнiх жывёл, якая ходзiць ў статку i ахоўваецца пастухом, таму што не мае магчымасцi i здольнасцi самастойна зберагчы сябе ад драпежных звяроў. Яна стала ўвасабленнем бездапаможнасцi. У казках маладая авечка з'яўляецца сiмвалам чалавечага глупства i бясконцай даверлiвасцi. Дзякуючы лагоднасцi i рахманасцi вобраз авечкi атрымаў у хрысцiянстве алегарычны сэнс: авечкамi ў пропаведзях завуць вернiкаў, а грэшнiкаў называюць авечкамi, якiя збiлiся з правiльнага шляху, заблудзiлiся.

    Баран у культуры ўсходнiх славян стаў увасабленнем упартасцi, нястрыманай iмпульсiўнасцi. Акрамя таго, у народных творах баран сiмвалiзаваў цыклiчнасць пладаноснасцi прыроды i сонечную цеплыню сакавiцкага раўнадзенства. Народныя знахары часта выкарыстоўвалi авечак пры лячэннi цяжкахворых дзяцей. Для гэтага дзiця загортвалi ў кажух i клалi на парозе свiрана.

    Бацька заганяў статак. Лiчылася, што авечкi, якiя пераступяць праз дзiця, забяруць яго хваробу. Для таго, каб павялiчыць колькасць авечак у статку, сяляне старалiся набыць у мяснiка тую авечку, якая iшла "пад нож".

    Лiчылася, што такая авечка прынясе статку поспех i дабрабыт. Калi сяляне збiралiся стрыгчы авечак, яны чакалi, калi на небе з'явiцца маладзiк, бо лiчылася, што ў такiм выпадку новая поўсць нарасце хутка i будзе густой i чыстай. Сяляне лiчылi, што ў сераду i пятнiцу нельга купляць (набываць) цi стрыгчы авечак, iнакш "воўна псуецца, мяшаецца, блытаецца".

    Калi для стрыжкi авечак пазычалi нажнiцы, то, калi вярталi iх гаспадару, абавязкова абкручвалi iх поўсцю з першай i апошняй стрыжанай авечкi. Святы Васiль, якога ушаноўваюць 24 жнiўня, у сялянскiх гаспадарчых клопатах быў звязаны з пачаткам стрыжкi авечак i наступнымi турботамi па пераапрацоўцы поўсцi i вырабе неабходных на зiму цёплых рэчаў. Сяляне ў гэты дзень казалi: "Святы Васiлiй авечкам поўсць дае".

    З гэтага дня паўсюдна пачыналi стрыгчы авечак: да вялiкага марозу яны павiнны былi паспець нарасцiць сабе новую поўсць. Па вёсках ездзiлi майстры гэтай справы са сваiмi прыстасаваннямi для стрыжкi.

    Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz