ПЯЧОРА
Сакральнае сховішча, месца, дзе знаходзіцца ўваход у ніжні свет (падземнае царства). П. выкарыстоўвалі як свяцілішчы, як раннехрысціянскія храмы, як падземныя храмы ў часы Сярэднявечча. П. вядомыя блізу Мазыра (П. «Татарскае», дзе, згодна з паданнем, загінула сотня перакопскіх татараў ад рукі харобрага Базара), блізу в. Гэдэйкі на Гродзеншчыне (пячора «Царкоўе»), паміж вв. Буды, Лазовічы і Вязоўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (П. «Пацерабы», паводле падання, тут хаваліся разбойнікі), паміж вв. Сялібка і Ясны Лес (П. «Архіпава хатка», паводле падання, тут жыў народны паўстанец, які меў шайку з 12 чалавек і рабаваў паноў). Не менш за 12 культавых падзямелляў ХI-ХII стст. выяўлена ў Гомелі. Паміж ярамі Баярскі Спуск і безыменным 9 пячор, 3 пячоры на паўднёва-заходняй ускраіне старажытнага горада, на схіле берага ракі Сож. Знойдзены камеры з нішамі для ўстаноўкі абразоў. Пячорная царква позняга Сярэднявечча адкрыта ў 1925 г. блізу Воршы ва ўрочышчы Дубкі, якое належала Куцеінскаму манастыру. Побач мяркуецца яшчэ існаванне іншых П.
http://mifijslavyan.ru/stories2/250.htm