ДЗЕДАВІЦА

МЕДЗЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МЕДЗЬ

    Метал, які ўваходзіў у традыцыйную сімвалічную тэтраду золата – серабро – М. – жалеза. У разгорнутым выглядзе гэтая трэада амаль не сустракаецца ў тэкстах, але ёсць надзейныя кантэксты, дзе яна імпліцытна прысутнічае і пры гэтым у цікавай праекцыі на сістэму пола – ўзроставых стасункаў.

    Параўн. у замове на адмаўленне “закручанага чалавека”: “Па Сіянскай гары Божа Маці хадзіла, у прыполі трое ключоў насіла: адные жалезныя, другія медныя, трэція залатыя. Жалезныя – мужчынскія, медныя – жаночыя, залатыя – дзявочыя”. Прапушчанай тут пазіцыі “сярэбраныя” відавочна адпавядае “хлапечыя”.

    І, такім чынам, уся тэатрада распадаецца на два кшталты дыядаў: 1) жалеза, М. – серабро, золата/ старэйшыя – маладзейшыя; 2) жалеза, серабро – М., золата/мужчынскае – жаночае. Гэтыя прапорцыі падтрымліваюцца і іншымі матэрыяламі. Так, першая выяўляецца ў вядомым казачным матыве “трох царстваў” (меднага, сярэбранага і залатога): менавіта ў медным “царстве” жыве старэйшая з трох паняволеных Змеем сясцёр – царэўнаў.

    Гэтаксама з М. і жалезам звязваюць паданні пра асілкаў пракаветных часоў, калі на нашай зямлі яшчэ толькі з’явіліся першыя людзі (“Струменту ў іх пашці ніякага не было. Кажуць, што ў іх быў на ўсіх адзін тапор, ды і той не жалезны, пра гэта дзяды не сказывалі настаяшча, мусіць, запомнілі”).

    Другая прапорцыя падтрымліваецца ў замовах суадносінамі накшталт “замкі медныя” – “ключы срэбныя” з натуральнай праекцыяй у дыяду жаночае – мужчынскае або “мядзяны вароты, залаты замкі”, дзе і вароты і замкі маюць жаночую сімволіку.

    Звычайна ж базавая тэтрада рэпрэзентавалася дзвюма трыядамі: золата – серабро – М. і золата – серабро – жалеза. Першая трыяда стасавалася найчасцей з іншасветам, параўн. казачныя “тры царствы” – залатое, сярэбранае і меднае.

    Другая трыяда, з аднаго боку, праектуецца на бінарную апазіцыю сакральнае (золата – серабро) і прфаннае (жалеза), а з другога боку – на сацыяльную трыяду цар – князь – мужык (параўн. у казцы “Аб Іване Бяшчасным”: “…золата і серабро і дарагея каменя – ета для цпрэй, для князей, для вялікіх ліц; а сталь і зялеза – ета для мужыкоў”).

    Падобнае размеркаванне назіраецца і ў казцы “Таратурка”: трыяда золата – серабро – М. праектуецца на трыяду цар – кароль – купец (“І прыязджаюць яны к Бабе Язе к Жалезнай назе.

    І ў яе дванаццаць дачок вочынна красівых, вужасна прыўкрасных. І кругом жалезны тын, і ўрыт каля крыльца мядзяны стоўб; і ўбіта ў ём сем калец; царскі сын каня прывяжаць за залатое кальцо; каралеўскі – за сярэбранае кальцо, купечаскі – за медзяное, а прочых вяшчэй ніжы таго”).

    У сваю чаргу трыяда золата – серабро – жалеза мае праекцыю ў колеравым кодзе, дзе ёй адпавядае трыяда чырвоны – белы – чорны колеры. Першая трыяда не мае нагэтулькі адназначнай колеравай праекцыі.

    Так, з аднаго боку, можна меркаваць суадносіны накшталт М. – серабро – золата і чырвоны – белы – жоўты (параўн. тры яскаркі – чырвоную, жоўтую і белую ў паданні пра паходжанне беларусаў, гл. Бай), але, з другога боку, ёсць тэкставыя падставы для прымання і такой прапорцыі, як М. – серабро – золата/сіні (зялёны?) – белы – чырвоны (параўн. у замове на захаванне плода: “А на сінім моры ляжыць сіней медзі камянь. Як гэтаму сіню – медзю камяню наверх ня ўсплываці, каб і так рабе божай младзенца не свергаць”).

    Часам базавая тэтрада распадаецца на шэраг дыядаў з папарнымі супрацьпастаўленнямі металаў: жалеза – медзь, медзь – серабро, серабро – золата , медзь – золата (Змей дзьме чыгунны ток, Іван – медны, Змей – медны, Іван – сярэбраны; змей – сярэбраны, Іван – залаты; або Змей дзьме медны ток, а Іван – залаты).

    Паводле прыродных і спажывецкіх якасцяў металаў, трыядзе М. – серабро – золата ставіцца ў адпаведнасць пэўная аксіялагічная шкала. Пры гэтым М., натуральна, разумеецца як найгоршы з металаў трыяды. Аднак менавіта выбар героем М. або меднага прадмета (як і самага горшага жарэбчыка і г. д. у іншых выпадках) абарачаецца для героя казкі будучым поспехам.

    Так, з трох ключоў – залатых, сярэбраных і “ржавых медных” – адамкнуць ільва герою ўдаецца толькі іржавымі меднымі (“пра Івана бядняцкага сына”). Гэтаксама, выбраўшы з трох крэслаў – залатога, сярэбранага і меднага – менавіта меднае, ён атрымлівае сабе за жонку малодшую прыгажуню сястру – царэўну.

    У казцы “Шчасце даражэй за ўсё” дзядок дэманструе герою тры “краваці” – медную, сярэбраную і (не названую яўна, але відавочна – залатую), з яікх на адной адпаведна стогны і плач, на другой – папераменна то весела, і якім адпавядаюць тры “планеці”: “…калі чалавек нараджаецца на первай планеце, як ён ні стараецца ў жыцці, яму цяжка…дабіцца харошага.

    Усё роўна плоха пападае, і ўсё. А калі чалавек нараджаецца на планеце сярэдняй, дак у яго пераменнае жыццё бывае: бывае і цяжка, , і перажывае ўсё, і бывае харашо – пераменнае жыццё. … А калі чалавек нараджаецца на свет на трэцяй планеце, як бы ён ні рабіў, дажа нехарашо, ўсё роўна ў яго будзе добра.

    Гэты чалавек мае ў жыцці вялікае шчасце”. Герой казкі нарадзіўся на першай нешчаслівай планеце, але дзякуючы парадзе дзядка жаніўся з жонкай з “трэцяй планеці”. Абніжаны семіятычны статус М. адносна золата і серабра выяўляецца і ў прымаўках кшталту:”Госць першы дзень – злота, другі дзень – срэбра, а на трэці – медзь і дадому едзь”.

    Як і іншыя металы, М. у народнай культуре мае даволі высокі семіятычны статус. М. абумоўлены тым, што гэта рэчыва, здабытае ў прыродзе, але шляхам апрацоўкі (выплаўкі, коўкі, апільвання) пераведзенае ў сферу культуры, у чалавечы свет. Гэтае падвойнае паходжанне М. падвойвае і яе сімвалічнае функцыяванне ўва універсуме традыцыйнай культуры.

    Семіятызацыя М., як і металаў наагул, абапіраецца на яе прыродныя ўласцівасці – цвердзіню. Траываласць. Таму найбольш пашыраныя ў тэкстах розных жанраў вобразы прадметаў з М., якія запіраюць, замыкаюць ахоўную прастору: мядзяныя “вароты”, “дзверы”, “вярэі”, “замкі”, “зашчэпачкі”, а таксама “дамы”, “дварцы”, “двары”, “замкі”, медны гарлач з запячатаным у ім зачараваным духам, “медныя горы”, якія паўстаюць з кінутага героем каптура як перашкода на шляху пераследніцы – ведзьмы, “касцёлак” на гаспадаровым двары, з М. выліты, срэбрам накрыты (у валачобнай песні), медныя (а таксама сярэбраныя і залатыя) шапка і адзежа (казка “Меднае Чудавішча”).

    Тую ж семантыку нясуць і вобразы “медзяных стаўпоў”, меднага ( таксама сярэбранага і залатога) токаў або мастоў, на якіх адбываецца бойка героя са змеем, меднай, сярэбранай і залатой аброці, каб забрытаць адпаведна мядзведзя, тыгра і льва. М., як рэчыва, што стасуецца з іншасветам, можа маркіраваць некаторых міфалагічных або казачных персанажаў.

    Так, беларускаму фальклору вядомы такія персанажы, як Меднае Чудавішча ( у якога тры дамы – медны, сярэбраны і залаты – і які дапамагае герою, тройчы падараваўшы адзежу і шапку з адпаведных металаў), мядзяны воўк у аднайменнай казцы з выразным ініцыяцыйным сюжэтам, кантамінаваным з сюжэтам “звярынае малако”, “сцень медзяны” ў адпаведнай замове.

    Залатыя рожкі, мядзяныя ножкі, сярэбраны язык мае “богава кароўка” ў замове ад урокаў карове. У замовах “цар- воран” або “пціца Галіца” маюць або медныя кокці, або дзюбкі, або крылле (іншыя часткі – з золата, серабра або жалеза ў розных камбінацыях). Медныя кіі ці пруты выступаюць у замовах як прылады пакарання змяі ў руках св. Юр’я.

    Гэтыя ж святы залатымі, сярэбранымі і меднымі ключамі замыкае дванаццаць замкоў у замове на захаванне плода. Герой казкі “Іван – Васільевіч – стралок” хітрасцю здабывае ў купцоў медную трубачку і малаточак, якімі як стукнеш, то выскокваюць салдаты ў поўнай баявой амуніцыі. Апроч іншых прадметаў у фальклорных тэкстах сустракаюцца медныя трубы, медны кацёл, медная печ ( з другога боку, печ у загадках згадваецца як “медзяная гара”), медная “чарапаха” на тры вядры, “медзяны кубак” ( у каляднай песні паненцы:

    “Перша надоб’е – медзяны кубак, 

    Другое надоб’е – срэбна талерка, 

    Трэце надоб’е – залаты персцень.

    Медзяны кубак – к запіваннечку, /

    Срэбна талерка – к дараваннечку,

    Залаты персцень – то к вянчаннечку”).

    Тры дна (меднае, сярэбранае і залатое) мае незвычайны Тураў калодзеж, паводле падання, вырыты самім князем Турам – легендарным заснавальнікам горада Турава. Калі прарвецца апошняе, залатое, дно, настане канец свету і ўся зямля ператворыцца ў суцэльны акіян.

    Сімвалічнае абрадавае значэнне мелі і медныя грошы. Калі малады адпраўляўся да вянца, то клаў у халявы ботаў медныя або сярэбраныя грошы, каб жыццё ў шлюбе было заможным.

    З гэтымі ж мэтамі падчас вянчання маладым кладуць “на падношку” па меднай манеце. Параўн. і адпаведныя выслоўі: “Дару жменю медзі, каб былі дзеці як мядзведзі”, “Дару жменю медзі, каб былі дзеці як мядзведзі”, “Дару грошы медныя, каб ніколі не былі бедныя” і пад.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3453

    “ДАРУЮ ВАМ МЕДЗІ, КАБ ДЗЕЦІ БЫЛІ, ЯК МЯДЗВЕДЗІ”   

    Медзь — чырвона-аранжавы метал стаў сімвалам зямнога святла і цяпла, а таксама асацыіраваўся з моцным здароўем: “Дарую вам медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі”, прыгаворваюць і сёння на вяселлях, ідучы “на каравай”.

    * Нашы продкі лічылі, што з дапамогай медзі багі даруюць людзям здароўе і выкарыстоўвалі гэты метал з лекавымі мэтамі. Чыстую медзь засыпалі ў раны, тым самым папярэджваючы шматлікія інфекцыйныя захворванні.

    Сёння навукоўцы даказалі, што гэты метал сапраўды з’яўляецца цудоўным танізіруючым сродкам для печані і лімфатычных вузлоў. З гэтай нагоды нашы продкі насілі бранзалеты з медзі на руках і нагах.

    * З медзі выраблялі бубны і званочкі, якія выкарыстоўвалі ў розных народных рытуальных дзеяннях. Званы медзяных званочкаў павінны былі “ачысціць” дарогу ад нячыстай сілы. Таксама медзь выкарыстоўвалі для вырабу царкоўных званоў.

    * Медныя манеты клалі ў ложак маладым, каб забяспечыць ім працяглае сумеснае жыццё і здаровых дзяцей.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=23160




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz