ДЗЕДАВІЦА

ПАНТЭОН
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАНТЭОН

    Сукупнасць усіх багоў у якой-небудзь політэістычнай рэлігіі. Беларускі паганскі П. па меры развіцця міфалогіі не заставаўся нязменным. У адпаведнасці з герархічным месцам кожнага з багоў П. дзяліўся на некалькі роўняў. Да вышэйшага роўню належалі багі з найбольш важнымі і разнастайнымі функцыямі, як правіла, найбольш архаічныя па паходжанні.

    Да самай старажытнай часткі П. трэба аднесці жаночы персанаж (умоўна – Вялікую багіню), які пасылаў як жыццё (нараджэнне), так і смерць, быў звязаны з агнём і вадой, распараджаўся лёсам чалавека. Звалі гэты персанаж Мара, пазней ён дэградаваў да роўню адной з постацяў ніжэйшай дэманалогіі. Вобраз Мары зарадзіўся прыблізна ў верхнім палеаліце.

    Да мужчынскай пары Мары трэба далучыць хтанічны персанаж, які лічыўся апекуном жывёльнага свету, палявання (найбольш старажытнай галіны гаспадаркі), замагільнага свету – прататып пазнейшага Вялеса. Пра архаічнасць гэтага вобраза сведчыць тое, што Вялесу прыпісвалася здольнасць увасабляцца ў выглядзе змея, мядзведзя, ваўка, быка.

    Этымалагічна і функцыйна Вялес мае адпаведнікаў у міфалогіях балтаў і іншых індаеўрапейскіх этнасаў. Культ гэтага архаічнага персанажа характарызаваўся пакланеннем буйным валунам без усякіх слядоў апрацоўкі. На думку А. Голана, архаічны хтанічны бог першапачаткова з’яўляўся ў той жа час змеепадобным богам маланкі.

    У гістарычны час, прадстаўлены звесткамі пісьмовых дакументаў, да найвышэйшага, першага роўню міфалогіі належалі вярхоўныя багі. Гэта Бог – стваральнік Сусвету і бацька багоў, які жыве на небе і звязаны з гадавымі цыкламі прыроды, які лічыўся ўвасабленнем неба і святла, бацькам Сонца і агню. У летапісах гэты персанаж яшчэ называецца сварог.

    Да вярхоўных багоў належалі таксама Вялес, бог жывёльнага свету, багацця замагільнага свету, зямных водаў (меў дачыненне да крыніц і вытокаў рэк), клятвы і дамовы, з’яўляўся апекуном жрацоў, і Пярун – бог маланкі і навальніцы, апякун вайсковай справы і княскай дружыны, князёў, змагар супраць холаду і цемры.

    Жаночымі парамі вярхоўных багоў былі: у Бога (Сварог) – Лада, у Перуна – Мокаш (Цёця), у Вялеса – персанаж, якому на змену пасля прыняцця хрысціянства прыйшла святая Кацярына. Магчыма, гэтыя вярхоўныя багіні пазней у царкоўных навучаннях супраць паганства называліся рожаніцамі.

    Больш нізкі ровень утварала малодшае пакакленне багоў: бог сонца Дажбог, які лічыўся сынам Бога (Сварога) і Лады; сын Перуна Ярыла, бог вясновай урадлівасці, адначасова звязаны і з ваярскай функцыяй; Вялесу быў падпарадкаваны бог падземнага агню Жыжаль, які вядомы толькі на фальклорным матэрыяле. Фальклорны Зюзя – відавочна, усяго толькі зімовая іпастась Вялеса.

    Да нашчадкаў Сварога і Лады варта далучыць таксама багіню вясны Лёлю (Лялю). З ніжняй сферай, і значыць з Вялесам, мог быць звязаны па паходжанні Стрыбог, хоць ён і не здагадваецца ва ўласна беларускіх крыніцах.

    З прычыны фрагмантарнасці звестак цяжка вызначыць месца ў герархіі багоў Сотвара (ушаноўваўся на беларуска – літоўскім сумежжы), Белуна і Аўсеня, а таксама магчымасць існавання дуалістычнай пары Белабог – Чарнабог. Да багоў не належалі, але былі з імі досыць цесна звязаныя падпарадкаваныя ім істоты накшталт гарцукоў (слугі Перуна), волатаў і асілкаў.

    Шматлікія персанажы дэманалогіі, што згадваюцца ў фальклорных запісах XIX- XX стст., маглі быць вядомымі як да прыняцця хрысціянства, так і створанымі дзякуючы пазнейшай міфатворчасці. Афіцыйная хрысціянізацыя верхніх пластоў грамадства не азначала яшчэ аўтаматычнага адрачэння ад паганства шырокіх грамадскіх мас.

    На працягу перыяду двухвер’я ішоў доўгі і пакутлівы, з неаднаразовымі вяртаннямі да старога, працэс выцяснення ранейшых вераванняў, які закрануў у асноўным толькі П. і амаль не датычыў істотаў ніжэйшага роўню. Паколькі міфалагічнае мысленне захоўвалася, то павінна была працягвацца і міфатворчасць.

    Менавіта позняга паходжання могуць быць вядомыя па фальклоры Гаёвы Дзед, Жытняя Баба, Каляда, Купала, Люмбел, Рай, Спарыш, Шчадрэц, Вазіла ды іншыя персанажы народнай міфалогіі. На роўні ж верхняга П. шматвяковая барацьба хрысціянства з паганствам прывяла да замены багоў на блізкіх ім па функцыях хрысціянскіх святых.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3973




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz