ДЗЕДАВІЦА

АХВЯРНІК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АХВЯРНІК

    Э.М. Зайкоўскі

    АХВЯРНІК (стараслав. трэбішча), месца прынашэння дароў (матэрыяльных рэчаў, прадуктаў харчавання, паляўнічай здабычы, грошай і інш.) духам продкаў, багам, святым. Ахвярапрынашэнне - абавязковая частка рэлігійнага культу, яго звязваюць з традыцыяй задобрывання і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У старажытнасці ў ахвяру часам прыносілі і людзей.

    Паводле сведчанняў візантыйскага гісторыка Пракопія Кесарыйскага (6 ст.), славяне прыносілі ахвяру з паяўленнем небяспекі, а калі яна мінавала, ахвяравалі ў знак удзячнасці. Валы язычніцкіх свяцілішчаў Паўночнай Букавіны (Украіна) мелі плоскую вяршыню або ступеньку на схіле, дзе гарэлі агні. У неглыбокіх равах з плоскім дном, на адмыслова зробленых выбрукоўках з камянёў разводзіліся вогнішчы, куды кідалі мяса жывёл і рытуальна разбітыя пасудзіны.

    У Беларусі тыпалагічна блізкія да ахвярнікаў Паўночнай Букавіны - Верхаўлянскае свяцілішча, Ходасавіцкае свяцілішча. У якасці ахвярніка да нашага часу выкарыстоўваецца Дажбогаў камень Крамянецкага свяцілішча.

    На этнічна беларускай тэрыторыі, каля в. Гачкі паблізу г. Бельск-Падляскі (усх. Беласточчына), у 1970 пры раскопках гарадзішча выяўлена ахвярная яма з вялікай колькасцю гліняных місак і касцямі буйной рагатай жывёлы. У 6 ст. пляцоўка гарадзішча была аперазана кальцом жылой забудовы. Выяўленыя на ім сляды заняткаў каляровай металургіяй сведчаць аб былой прысутнасці тут "чараўнікоў", якія часта паходзілі з асяроддзя кавалёў.

    Мяркуюць пра існаванне ахвярніка на гарадзішчы (10-11 ст.) каля г. Косава Івацэвіцкага раёна. Яно размешчана на вяршыні высокай гары, мае сістэму размяшчэння равоў і валоў, у многім аналагічную свяцілішчам Смаленшчыны і Букавіны. Акрамя помнікаў, на якіх праводзіліся раскопкі, па запісаных у 19 ст. легендах язычніцкія ахвярнікі існавалі таксама на гарадзішчах каля вёсак Васькаўцы і Хоўхлава Маладзечанскага раёна, ва ўрочышчы Святая Грыва Ровенска-Слабодскай воласці былога Рэчыцкага павета.

    Паводле меркаванняў К.П.Тышкевіча, ахвярнікі былі таксама на гарадзішчы каля вёскі Быстрыца Астравецкага раёна і каля культавага каменя паблізу былога хутара Тупальшчына Смаргонскага раёна. Пра месцы прынясення славянамі-язычнікамі ахвяр згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" (пач. 12 ст.). Пазней частка язычніцкіх ахвярнікаў, асабліва святых крыніц і камянёў, была адаптавана да хрысціянскіх абрадаў і выконвала функцыі прошчаў.

    Крыніца: http://jivebelarus.net/for-pupils-and-students/archaeology-of-belarus-encyclopedia/letter-a/altar.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz