ДЗЕДАВІЦА

ГУКАННЕ ВЯСНЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ГУКАННЕ ВЯСНЫ

    Старажытны язычніцкі абрад; першае па часе вяснавое свята. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысціянскае свята Аўдакеі), усюды – з 25 сакавіка на благавешчанне).

    Удзельнікі абраду выходзілі на высркае месца (горку, бераг ракі, возера, куды звычайна збіралася моладзь), раскладалі вогнішчы ( на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце – ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ – водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю (“Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”).

    У свята Г. в. пранік і культ расліннасці: ушанаванне бярозы (звычай кідаць на бярозу кастрыцу і інш.). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся і ў печыве, якое рабілі ў вяглядзе птушак ( жаўрукоў, буслоў; гл. Галёпы).

    З хлебам звязаны і звычай закопваць у зямлю гаршчок кашы – своеасаблівая ахвяра зямлі. Сярод інш. дзеянняў абрадавага характару – гушканне на арэлях, звычай “заскоквання”, “затанцоўвання” вясны (на Салігоршчыне), абход двароў. Паступова абрад Г. в. ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/11933

    ГУКАННЕ ВЯСНЫ

    З кожным днём сонца ўздымалася ўсё вышэй, больш працяглым станавілася светлая частка сутак. А пад нагамі па-ранейшаму макрэча змянялася ранішнімі маразамі. І паветра ўсё яшчэ сцюдзёнае ды золкае.

    Здаецца, усё навокал існавала і жыло ў напружаным чаканні таго, калі ж нарэшце вясна ўзарве паднябессе доўгачаканай песняй жаўранка, а зямля ажыве-зазвініць спевам-пералівам раўчукоў і гулкім гулам-скрыгатам крыгаходу на вялікіх рэках. А вясна марудзіла, не спяшалася. А можа, гэта зіма не хацела выпускаць са сваіх рук прыгажуню — багіню вясны Лялю.

    Чакалі, чакалі нашы продкі гэтай веснавой прыроднай сімфоніі, ды ў рэшце рэшт пачыналі брацца за сваю адвечную справу — гукаць вясну, клікаць яе, запрашаць з дапамогай магічных формул — песень-заклічак.

    Благаславі, Божа,

    Вясну заклікнуці,

    Лета сустракаці!

    Прыйдзі, вясна,

    Прыйдзі красна!

    Кожны радок гэтай песні заканчваецца працяглым выгукам выклічніка “Гу-у-у!”, з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў. Зразумела, што найбольшага эфекту рэфрэн-узбуджальнік мог дасягнуць тады, калі абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах.

    Калектыўная магія ўвогуле была адной з самых важных складовых частак каляндарных сямейна-родавых абрадаў беларусаў. У адрозненне ад пераважнай большасці каляндарных свят, якія маюць дакладную па часе прымеркаванасць, гуканне вясны адзначалася ў розных геаграфічных зонах і нават невялікіх лакальна-рэгіянальных традыцыях у розны час.

    Амплітуда ваганняў часавой прымеркаванасці была даволі значнай — ад Масленіцы да другога дня Вялікадня. Такі вялікі дыяпазон рухомасці можна патлумачыць двума прычынамі.

    Па-першае, геаграфічна-кліматычнымі ўмовамі; па-другое, значным уплывам хрысціянскага календара і ўвядзеннем Вялікага посту. Якраз гэтыя фактары “прымусілі” вяскоўцаў выйсці за межы посту і сумясціць абрад “Гуканне вясны” з Масленіцай або прымеркаваць яго да значных свят хрысціянскага календара — Саракоў (дакладней, дня ушанавання Сарака севастыйскіх мучанікаў) — 22 сакавіка (9 сакавіка) і Дабравешчання (Благавешчання, Звеставання) — 7 красавіка (25 сакавіка).

    У той год, калі Вялікдзень святкавалі даволі рана (сакавік, пачатак красавіка) свята “Гуканне вясны” адзначалі на другі дзень яго святкавання, зноў-такі выходзячы за межы посту і саступаючы дарогу найвялікшаму святу Уваскрэсення Хрыстова.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30126




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz