ДЗЕДАВІЦА

У ЧАВУСКІМ РАЁНЕ ГУКАЛІ ВЯСНУ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    У ЧАВУСКІМ РАЁНЕ ГУКАЛІ ВЯСНУ

    Адна з даўніх традыцый беларускага народа – гукаць вясну-красуню, прасіць, каб тая прыйшла найхутчэй і прынесла ўсялякія даброты: “старым бабкам – па кіёчку, красным дзеўкам – па вяночку, малым дзеткам – па яечку” і г.д. 7 красавіка вясну гукаюць у в. Галавенчыцы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

    Гэты абрад нязменна ладзіцца жыхарамі Галавенчыц на праваслаўнае Благавешчанне, і яму ўжо крыху больш за 100 год. Зараз ініцыятарамі святкавання з’яўляюцца вясковыя жанчыны – удзельніцы народнага аўтэнтычнага гурта “Незабудкі”. Яны з’яўляюцца носьбітамі стражытных абрадаў, звычаяў, песень, гульняў і народнай прозы.

    Жанчыны згадваюць, што на Благавешчанне яшчэ іх матулі і бабулі спявалі песні і вадзілі карагоды. А яшчэ дагэтуль усе палявыя работы былі пад забаронай – нельга было кранаць зямлі, нават калі надвор’е было спрыяльным. Вось і сёлета на Благавешчанне ў полі паблізу вёсак Вусце і Галавенчыцы сабраліся жанчыны, мужчыны і дзеці.

    Дзень выдаўся пахмурны, ветраны, ішоў дождж. Сажалка была скаваная лёдам. І нішто навокал не нагадвала пра блізкую вясну: панавалі адценні шэрага і карычневага, ніводнай зялёнай былінкі-травінкі ці пупышкі.

    Але ў тых, хто сабраўся ў полі, настрой быў радасны і бадзёры. – Мы заўсёды вясёлыя, калі гукаем вясну! – усміхаліся галавенчыцкі жанчыны. – Трэба весяліцца, каб усё добра было! Было вырашана перачакаць дождж у сельскім клубе, пагаманіць пра тое-сёе, згадаць мінуўшчыну. І вось дождж нечакана скончыўся, неба стала святлець.

    Тады ўсе выйшлі вялікім гуртом у поле гукаць вясну. Старэйшыя жанчыны былі апрануты ў саматканыя андаракі і вышыванкі, на галовах былі завязаны вялізныя рознакаляровыя хусткі, праўда, давялося накінуць на плечы сучасныя курткі.

    Працэсія рушыла на “курган” – пагорак ля вёскі, куды, па словах мясцовых жанчын, заўсёды хадзілі на Благавешчанне. Вяскоўцы называюць яго “шведскім курганом” – найхутчэй, гэта адзін з тых шведскіх капцоў, што засталіся ад Паўночнай вайны.

    – Будзем гучна спяваць, гуляць, карагоды вадзіць, – кажуць жанчыны.

    – Абабвязкова на пагорку, каб уся ваколіца чула і бачыла, што мы вясну гукаем. Каб чула і зямля, луг, рэчка і лес. Каб сам Гасподзь нас благаславіў і прыйшла вясна! Удзельніцы гурта “Незабудкі” пачалі спяваць песню, якой яны штогод запрашаюць вясну ў свой край:

    Благаславі, Божа, Прачыстая Маці, у-у-у!

    Нам вясну гукаці, нам вясну гукаці, у-у-у!

    Вясна недалёчка, вясна недалёчка, у-у-у!

    Хлеба ні кусочка, хлеба ні кусочка, у-у-у!..

    Свята працягнулася традыцыйнымі гульнямі “Гарлачыкі”, “А чыя гэта дзеткі?”, “А мы проса сеялі”. У іх з ахвотай прымалі ўдзел і дарослыя, і дзеці. Таксама вадзілі карагоды, спявалі песні-вяснянкі і прыпеўкі. А потым усе частаваліся прынесенымі на курган вясковымі прысмакамі, сярод якіх быў і традыцыйны блін-сонца – “фірмовая” страва галавенчыцкіх жанчын.

    Час ляцеў імкліва. Шчырая радасць, весялосць апанавала ўсіх – і малых, і дарослых – здавалася, што яна перадавалася і ўсяму наваколлю. І нягледзячы на тое, што зноўку заімжыў дождж і сонейка схавалася за хмарамі, людзі сыходзілі з поля з добрым настроем. Бо ведалі, кажучы словамі галавенчыцкай песні, што “вясна – недалёчка”!

    Алена Цішкевіч, Вольга Семчанка. Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы

    Крыніца: http://mogilev-region.gov.by/page/u_chavusk%D1%96m_raene_gukal%D1%96_vyasnu




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz