ДЗЕДАВІЦА

“ПЕРШ ЧЫМ САБЕ — ПРОДКАМ”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “ПЕРШ ЧЫМ САБЕ — ПРОДКАМ”

    03.05.2008

    Адным з асноўных кампанентаў беларускіх народных святаў з’яўляецца глыбокая павага да сваіх каранёў, да тых, хто стаяў каля вытокаў нашага Роду. З цягам часу сфарміраваўся комплекс уяўленняў, у цэнтры якога аказаўся культ продкаў, які рэалізоўваўся праз выкананне спецыяльных абрадаў.

    І ўсё ж, нягледзячы на тое што ўшанаванню памяці памерлых знаходзілася самае пачэснае месца ў кожным святочна-абрадавым комплексе, у традыцыйным календары беларусаў былі два перыяды сакральнага часу, у кантэксце якіх ушаноўванне памяці памерлых з’яўлялася самай галоўнай падзеяй.

    З аднаго боку, гэта час паміж Вялікаднем і Тройцай — “веснавыя памінкі” з выразным акцэнтаваннем на першых дзевяці (!) паслявелікодных днях і абрадавым эпіцэнтрам на Радаўніцу, а таксама Сёмушныя або Траецкія Дзяды (з абрадавым ухілам на радзіцельскую суботу ці на Русальны тыдзень), а з другога — “восеньскія памінкі”, рытуальным цэнтрам якіх сталі Восеньскія Дзяды.

    Чаму сталася так, што цыкл найбольш значных земляробчых спраў аказаўся з двух бакоў (на самым пачатку і на заканчэнні) апаясаным святамі ў гонар памерлых продкаў? Адказ на гэта пытанне падказала нам жыхарка в. Уборкі Лоеўскага раёна К.М.Мельнікава. Яна сказала фразу, у якой канцэнтрацыя думкі была на ўзроўні сакральнага сімвалізму: “Не чапай зямлю да Радаўніцы — можа быць смерць у тваёй сям’і”.

    Вось яно, ключавое правіла, якое фактычна рэгламентуе нашы стасункі з продкамі: перад тым як распачаць цыкл асноўных земляробчых работ (наводзіць парадак на сваім прысядзібным участку), трэба спачатку навесці парадак на магілах сваіх продкаў. У адпаведнасці з універсальным рытмам народнай культуры 0 — 3 — 9 — 40 — 1,0 год памінальны дзень адзначаецца на дзевяты дзень пасля Уваскрэшання Хрыстова, у аўторак на другім Фаміным тыдні.

    АБРАД ПАМІНАННЯ ПАМЕРЛЫХ ...

    Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой льняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню.

    Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках ўсе разыходзiлiся да “сваіх” магiл. Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні — у так званую Жывую Радаўніцу. Іх абкладвалі дзёрнам, пасыпалі жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалi белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок — калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок — калі дзяўчына.

    Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах могілак, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну. Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне.

    Каля кожнага крыжа ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую накрывалі лустай хлеба, адно чырвонае яйка, шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно дамашняе пячэнне, адну цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца “разрывам”, “раз’яднаннем”, вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць. Абавязковым быў абрад “хрыстосавання з мёртвымi”.

    Дзеля гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабілі дзеці) брала велiкоднае яйка i качала яго крыж-накрыж па надмагільнаму насыпу. Затым прама на прыбраную магiлу “левым” бокам рассцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошкi адкласцi нябожчыку.

    Пасля гэтага па кругу пускалі памінальную чарку, якая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі. У чарку наліваўся напой і перадаваўся самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пітва той спачатку адліваў на магілу (зноў-такі: перш чым сабе — продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпіваў сам, апошнюю частку — “слязу” — абавязкова пакідаў на дне.

    Затым чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу. Так чарка хадзіла па кругу тройчы. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне — так званыя “слёзы”, вылівалася на магілу.

    Хаджэнне чары па кругу было скіравана на тое, каб аднавіць, замкнуць, паяднаць галіны радаводнага дрэва. У эстафету родавай памяці ўключаўся і яшчэ адзін атрыбут — асвечанае ў храме яйка.

    Рытуальная надмагільна-хаўтурная трапеза распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялілася на столькі кавалачкаў, колькі чалавек сабралася вакол магілы, і кожны з прысутных браў сваю долю. Пасля працяглай размовы i шматлiкiх галашэнняў рытуал памiнання заканчваўся. Другая палова дня была занята звычайнымi штодзённымi справамi: “На Радаўнiцу да абеда пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць”.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=21623

     




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz