ПЯРЭВАРАЦЕНЬ
Паводле народных уяўленняў, чалавек, здольны ператварацца ў адушаўлёныя i неадушаўлёныя прадметы i зноў вяртаць свой ранейшы чалавечы выгляд. Пры неабходнасцi П. можа зрабiць серыю метамарфоз. Здольнасцямi набываць iншы фiзiчны выгляд валодаюць ведзьмы, ведзьмакi, чэрцi, дамавiкi, лесавiкi, вупыры ды iнш. прадстаўнiкi народнай дэманалогii. Да П. нельга залiчваць асобаў, што назусім перакiнулiся ў iншыя прыродныя аб'екты: дрэвы, кветкi, камянi, водныя аб'екты, жывёлаў, птушак, даўшы iм пачатак, узнiкненне (гэты матыў ляжыць у аснове шматлiкiх этыялагiчных мiфаў). П. становяцца па ўласнай волi цi пад уздзеяннем вонкавай надпрыроднай сiлы. М. Нiкiфароўскi рабiў адрозненнi памiж П. i вобаратнямi па вышэйназванай прыкмеце: П. падвяргаецца метамарфозе пад уздзеяннем сiлаў звонку, вонкавага ўздзеяння, вобарацень па ўласнай волi i здольнасцi, набытай пры кантактах i дамовах з «нячыстай сiлай»; цi на спрыроджаных здольнасцях, цi на набытых практыкай i перайманнем ад дасведчаных вобаратняў. «Тэхналогiя» перакiдвання ў iншыя iстоты цi прадметы складаная i небяспечная, яно адбываецца ў таямнiцы, адзiноце, на глухiм адлюддзi. Дзеля пераварочвання патрэбна перакульванне праз нажы, уваткнутыя вастрыямi ўверх (пяць, сем, дванаццаць нажоў). Дзеля ператварэння ў ваўка, лiсу, тхара дастаткова сем нажоў, дзеля перакiдвання ў паўзуна, птушку, казурку дастаткова асiнавага пня, калі яго не перахрысцiлi пры ссяканнi дрэва: чалавек хапаецца зубамi за край такога пня i iмклiва перакiдваецца адразу становiцца выбранай iстотай. Куляннем у адваротным напрамку праз тыя ж нажы цi асiнавы пень П. можа вярнуць сабе ранейшы выгляд. Але гора яму, калi частку нажоў цi ўсе нажы хтосьцi забярэ: тады перакiдванне становiцца незваротным. Па ўласнай волi П. надзвычай рэдка прыбягаюць да метамарфозы, бо кожная такая працэдура скарачае жыццё на некалькi дзён. П. становяцца дзеля карысцi, нажывы (ведзьмы перакiдваюцца ў жаб, каб адбiраць малако ў кароў ды iнш.). Калi ж П. адмаўляюцца ад такой чыннасцi i добрымi справамi апраўдваюць свае заганныя практыкi ў мiнулым, то становяцца звычайнымi людзьмi i не маюць пакутлiвага канання, як ведзьмы, чараўнiкi ды iнш. Матывы пра П. з'яўляюцца скразнымi ў многiх жанрах беларускага фальклору: у казках, замовах, паданнях, заклёнах, прыкметах. Вельмi пашыраныя мiфы пра самых вядомых беларускiх П. ваўкалакаў, людзей, перакiнутых у ваўкоў. Матывы метамарфозаў арганiчна ўлучаюцца ў сiстэму магiчных уяўленняў.
http://mifijslavyan.ru/stories2/257.htm
ПЯРЭВАРАЦЕНЬ
Каб ператварыцца ў якую-небудзь жывёліну, беларус уторквае ў глухім месцы лесу, аддаленай пусткі дванаццаць аднолькавых нажоў у зямлю, вастрыём угору, і тройчы куляецца цераз іх, імкнучыся не скрануць нажы з месца. Пасля першага куляння чалавек губляе дакладныя рысы свайго твару, пасля другога — застаецца бясформеннай жывой істотай, пасля трэцяга — набывае поўны выгляд жывёлы, у якую пажадаў ператварыцца. Калі надыходзіць час вярнуць першапачатковы воблік, пярэварацень зноў тройчы куляецца цераз тыя ж нажы, але з адваротнага боку, прычым змена яго знешнасці адбываецца ў адваротным парадку.
Для ператварэння ў ваўка, лісу, тхара ці ласку дастаткова сямі нажоў, цераз якія адбываецца тое ж трохразовае кулянне. Але каб ператварыцца ў дробную птушку, паўзуна ці казяўку, можна абысціся і без нажоў, толькі з дапамогаю асінавага пня. Чалавек хапаецца за верхні край пня і імкліва куляецца цераз яго — на друтім баку ён адразу робіцца жаданаю жывёлінай. Адваротным куляннем пярэварацень зноў ператвараецца ў чалавека.
Калі сам пярэварацень скрануў з месца адзін з прадметаў, цераз якія куляўся, ці гэта зрабіў старонні і тым больш знёс прадметы, пярэварацень назаўсёды застанецца ў набытым выглядзе, хіба што яго выручыць пасвечаны ў таямніцы такога пярэваратня блізкі чалавек.
Бывалі выпадкі, калі няшчасны пярэварацень гінуў ад стралы, трапляў у пастку, сіло, у паляўнічую сетку. Здымаючы скуру з забітага пярэваратня, знаходзілі пад ёю струхлелае адзенне, пацеркі, завушніцы, пярсцёнкі, і адзначалі, што цела мае чалавечыя формы. Часцей за ўсё пярэваратні ператвараюцца ў жывёл для продажу — каня, карову, авечку, свінню, гусь, курыцу. Згодна з папярэдняй дамоўленасцю з блізкай асобаю пярэварацень прадаецца як сапраўдная жывёліна, якая неўзабаве сыходзіць ад свайго новага гаспадара. Прададзеная другі раз, у іншыя рукі, яна зноў сыходзіць ці ператвараецца ў новую жывёліну, і так некалькі разоў.
Ператварэнні пярэваратняў не адбываюцца беспакарана для іх саміх. 3 кожным такім дзеяннем жыццё іх скарачаецца на некалькі дзён. У выніку пад старасць пярэваратні адступаюцца ад сваёй дэманічнай дзейнасці, тым ці іншым сродкам выкупляюць жыццёвыя грахі і паміраюць звычайнымі дабрачыннымі людзьмі.
http://mifijslavyan.ru/stories4/104.htm
ПЯРЭВАРАЦЕНЬ
Фантастычны персанаж нар. павер’яў і казак; чалавек, ператвораны ці здольны сам дзівосным чынам ператварыцца ў звера, расліну, камень. Узнік на аснове татэмізму. Найчасцей П. – гэта чалавек, ператвораны чараўніком у воўка, ці сам чараўнік у воўчай выяве. Пра П. расказваў яшчэ стараж. – грэчаскі вучоны Герадот у сваіх сказаннях пра Скіфію. На Беларусі і ў наш час бытуюць творы пра П. у розных жанрах фальлору, пра ператварэнні чалавека ў мядзведзя, лася, казу, птушак, дрэвы, кветкі, камяні. Асабліва папулярны нар. баладныя песні пра дачку, якая ператварылася ў зязюлю і паляцела адведаць маці; ці ператварылася ў таполю; пра брата і сястру, якія ператварыліся ў расліны браткі, Іван ды Мар’я. http://rv-blr.com/dictionary/show/18645