ДЗЕДАВІЦА

КУПАННЕ, АБМЫВАННЕ, УМЫВАННЕ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КУПАННЕ, АБМЫВАННЕ, УМЫВАННЕ

    Абавязковы элемент абрадаў пераходу ад “старога” да “новага” ў рытуалах каляндарнага і сямейнага цыклу. Сутнасць рытуальнага К. вынікае з міфалагічнай амбівалентнасці вады, якая з’яўляецца адной з сусветных стыхій, крыніцай жыцця і сродкам магічнага ачышчэння і ў той жа час сімвалізуе мяжу (дарогу) паміж “гэтым” і “тым” светам, выступае прыстанішчам душаў памерлых, нячыстай сілы і ўвасабленне хаосу.

    У сямейнай абраднасці з дапамогаю К. адбываецца “змыванне” прыналежнасці папярэдняга стану з галоўнага персанажу рытуалу (немаўля, нявеста, нябожчык), калі апошні прыводзіцца ў зыходны, прыродны стан (аголенасць падкрэслівае адчужанасць ад свету культуры), толькі пасля гэтага магчымы пераход у іншую якасць.

    Так, першае К. немаўляці (якое разумелася госцем з “таго” свету – чужынчыкам) “змывала” з дзіцяці “чужынскасць” і адначасова з’яўлялася адным з актаў сацыялізацыі, прымання ў чалавечую супольнасць. Паказальна, што ў часе К. дзіцяці маглі задавацца пажаданыя якасці, здольнасці. Дзеля гэтага ў ваду клалі грошы, жыта (на багацце і шчасце), калядны попел і купальскія зёлкі (на здароўе – супраць сурокаў), дадавалі піва ці малако (на прыгажосць).

    Ваду, у якой купалі, вылівалі на парог, каб дзяўчына пайшла замуж, або пад печ, каб хлопец быў добры гаспадар (слуцкі пав.). У іншых варыянтах яна вылівалася ў месцах, дзе не свеціць Сонца, не ходзіць ні чалавек, ні скаціна, г. зн. месцах, памежных (як парог і печ) з “тагасветам”. Апошняе прадпісанне было абавязковым і пры абмыванні нябожчыка.

    Прычым у гэтай сітуацыі з дапамогай К. здзяйсняўся зваротны пераход, і з мёртвага чалавека як бы змываліся яго жыццёвыя прыкметы (параўн. выраз “мёртвы не пацее”). У вясельнай абраднасці К. маладой у лазні напярэдадні шлюбу фактычна сімвалізавала апошнюю кропку ў ланцугу дэструкцыі яе папярэдняга дзявоцкага статуса.

    К., абмыванне як сімвалічная аперацыя вяртання да першапачатковага (“чыстага”, “нулявога”) стану і ўзнаўлення ў запраграмаванай якасці шырока выкарыстоўвалася ў лекавай магіі, асабліва ў выпадку дзіцячых хваробаў. Гэткім чынам хворы дзіцёнак “знікаў”, адсылаўся ў сферу хаосу (“іншасвет”), а “нараджаўся” з дапамогай пэўных магічных аператараў здаровы.

    Так, ад “крыксаў” дзіця купалі ў вадзе з чацвярговай соллю, ад пуду – з асотам, ад “плаксаў” – з саломай, скрадзенай з чужой страхі, і да т. п. Паказальна, што К. дзіцяці ў беларускім народным сонніку азначала ягонае выздараўленне. Семантыка пераходу ад старога да новага выразна праяўляецца і ў К., што суправаджаюць рытуалы каляндарнага цыкла.

    У якасці абрадавага ачышчэння К. фігуруе ў найбольш значных гадавых святах: Калядах, Вялікадні (чысты чацвер), Юр’і, Купаллі. Аднак К. у адкрытай вадзе напярэдадні вялікіх святаў, калі межы паміж “гэтым” і “тым” светам рабіліся празрыстымі, адначасова разглядалася як патэнцыйна небяспечнае.

    На Палессі лічылі, што той, хто купаецца напярэдадні Сёмухі, св. Яна, св. Пятра ці веснавога Міколы, мае пагрозу ўтапіцца. К. як беспасярэдні кантакт чалавека са сферай “чужога” было даволі жорстка рэгламетаванае. Так, забаранялася купацца ў “пераходныя”, “крытычныя” адрэзкі часу.

    Беларусы Смаленшчыны, напрыклад, лічылі што ахвярай Вадзяніка ў першуючаргу становяцца тыя, хто купаецца апоўдні ці апоўначы. Падобная перасцярога датычыла К., мыцця ў лазні, бо пасля апоўначы Лазнік мог знявечыць ці нават забіць чалавека, што быў у лазні. На Палессі засцерагалі купацца пасля заходу Сонца, бо да купальшчыка магла прычапіцца малярыя.

    Асабліва знакавым лічылася першае К. чалавека. Падчас яго ў ваду кідалі верхнюю скарынкухлеба, і, калі яна танула ці была з’едзена рыбамі ( г. зн. забраная ў “тагасвет”) хутчэй, чым выкупаецца чалавек, гэта азначала небяспеку К. гэтым летам (Віцебская губ.). Агульны дазвол на К. даваўся на Віцебшчыне ў час, калі распускаўся лясны дуб (дрэва – атрыбут Перуна).

    А паўсюль вядомая забарона на К. датычыла дня св. Іллі (хрысціянскі заменнік Перуна) ці гэтак званай “арабінавай ночы”, калі адбывалася самая жорсткая бітва паміж богам Грымотнікам (Іллёй) і “нячыстай сілай”, якая мусіла ратавацца ўцёкамі з зямлі ў ваду. У больш шырокай інтэрпрытацыі забарона К. пасля іллі тлумачылася тым, што ён укінуў у ваду лёду ці памачыўся туды.

    Ад чаго яна стала халодная. К. як адзін са спосабаў “пераходу” выкарыстоўваўся і ў сітуацыях дзейснай камунікацыі з іншасветам. Так, неабходнай перадумовай святкавання Змітраўскіх дзядоў (сумеснай рытуальнай трапезы з продкамі) было абавязковае К. усіх сямейных у лазні. У Заходняй Беларусі падчас засухі жанчын гналі на раку купацца – “каб быў дождж”.

    А трайное К. дзяўчыны ў жытнёвай расе ў купальскую ноч гарантавала ёй прарочы сон аб яе долі. Чысціня (абноўленасць), атрыманая ў выніку К., мела выразнае лагічнае значэнне і ў абрадах гаспадарчага цыкла. Так, ідучы першы раз араць, гаспадар старання ўмываўся і апранаў чыстую бялізну з тым, каб збожжа было чыстае ад зелля (Слуцкі пав.). Гэткае ж прадпісанне выконвала і жанчына, якая мусіла зажынаць жыта.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2893




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz