ДЗЕДАВІЦА

ЗВАНЫ — ЗВАНОЧКІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗВАНЫ — ЗВАНОЧКІ

    Званы ў шматлікіх культурах розных народаў свету сталі інструментам, голас якога збіраў народ і быў надзелены сакральнымі і рытуальнымі функцыямі. Званы былі запазычаны ў Еўропе і ўвайшлі ў культуру ўсходніх славян даволі позна, прыблізна ў X—XIII стагоддзях, але яны арганічна ўпісаліся ў іх абрадавае жыццё.

    У народнай культуры званы сталі сімвалізаваць генетычную памяць і папярэджанне аб магчымай бядзе. * Часам званы мелі сваё імя, як чалавек; асобныя часткі іх таксама называлі часткамі цела чалавека: “тулава”, “аплечча”, “язык”. Пра гукі, якія падавалі званы, казалі, як пра чалавечы голас. * На званіцы заўсёды быў званар, які валодаў высокім майстэрствам і ведаў шмат прыказак.

    Але ў народзе існавала перакананасць, што званы могуць званіць і без званара, калі ў вёсцы жыве народ праведны, а званы жадаюць папярэдзіць яго аб хуткай небяспецы; верылі, што перад пажарам, градам, эпідэміяй ці іншымі пагрозамі званы “пяюць” самі.

    Існуе шмат паданняў, дзе гаворыцца, што званы “прадчувалі” набліжэнне небяспекі: напады ворагаў, якія маглі абразіць царкву і званы, і тады горад разам з жыхарамі “сыходзіў” пад зямлю, а на месцы былога паселішча ўтвараліся возера, гара ці пачынала біць крыніца. У некаторых паданнях такі сыход пад зямлю тлумачыцца як пакаранне мясцовых жыхароў за грахі і бязвер’е.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=24320

    Званы сталі атрыбутам хрысціянскага богаслужэння і атрымалі статус сакральнай рэчы. Яны запрашалі на набажэнства і сімвалізавалі чысціню, праведнасць і святасць. Таму, калі званы падалі са званіцы, давалі трэшчыну, гучалі пагрозна і глуха, лічылася, што на званіцы прысутнічаюць грэшнікі, званы выліты на “грахоўныя” грошы ці з удзелам грэшнікаў (забойцаў, бязбожнікаў і г.д.).

    Гук званоў асацыіраваўся з чалавечай мовай. Таму ў народнай магіі чалавека, які быў нямы, вадзілі да званоў, бо лічылі, што з першым ударам званоў у вялікія царкоўныя святы да яго вернецца здольнасць размаўляць. З той жа мэтай хворага чалавека паілі вадой, у якой мылі “языкі” званоў. Перазвон званоў у народнай культуры атрымаў таксама і негатыўную афарбоўку.

    Аб плётках ці дрэнных навінах, якія расказваў чужы, лёзны чалавек, казалі так: “быццам у саборныя званы звоніць”. Асацыяцыя званоў з плёткамі, чуткамі, навінамі, якія разносяцца, як вецер, пакладзена ў аснову абраду, які выконвалі пры вырабе новых званоў. Для гэтага за некалькі дзён перад пачаткам адлівання званоў майстры павінны былі “разнесці” некалькі самых непрадказальных і незвычайных “навін”.

    Лічылася, чым далей “распаўсюдзяцца” гэтыя плёткі, тым мацней і званчэй будзе “голас” новых званоў. Лічылася, што той момант, калі звоняць званы, асабліва спрыяльны для пачатку адказных спраў у доме і гаспадарцы, для магічных і рытуальных дзеянняў. Часам званы асацыіраваліся з біццём сэрца.

    У любоўнай магіі выконвалі наступны абрад: дзяўчаты мылі крынічнай вадой языкі званоў і пры гэтым казалі: “як вашы сэрцы б’юцца-разбіваюцца, так і сэрца майго дружкі (імя хлопца) каб па мне білася-разбівалася”. Лічылася, што з дапамогай званоў можна даведацца, хто злодзей. На Віцебшчыне лейцы скрадзенай кабылы прывязвалі да званоў, казалі, што злодзей з’явіцца сам і прывядзе кабылу, таму што будзе яму дрэнна пры кожным удары званоў.

    Паўсюдна асаблівую прадуцыравальную і аднаўленчую сілу надавалі гучанню званоў у перадвелікодную суботу і на Вялікдзень. Калі на Вялікдзень пачуеш званы, неабходна тройчы сказаць: “Хрыстос ўваскрос, а маёй сям’і здароўя, майму дому багацце, майму полю ураджай. Амінь”. З надзеяй на хуткі шлюб пры першым удары званоў дзяўчаты шапталі: “Хрыстос уваскрос, а мне жаніха. Амінь”. Выкарыстоўвалі гэты момант і паляўнічыя.

    Яны спецыяльна падыходзілі да царквы са стрэльбай, і калі ўпершыню спявалі “Христос воскресе” і званілі званы, стралялі ў паветра з надзеяй, што гэтым стрэлам яны паклічуць удачу на ўвесь год. Паўсюдна ў час вянчання сваякі маладых прасілі доўга званіць у званы, каб адагнаць нячыстую сілу на доўгія гады сямейнага жыцця маладой пары.

    У народнай медыцыне гукі званоў лічыліся дзейсным сродкам пры лячэнні шматлікіх хвароб. Існавала шмат абрадаў, калі хворых прыводзілі ў вялікія царкоўныя святы, каб яны пачулі першы ўдар званоў, бо лічылася, што нячыстая сіла ў гэты момант “слабее, памірае і выпускае” са сваіх рук душу хворага чалавека.

    Такім спосабам лячылі ліхаманку, спалохі, сурокі. Паўсюдна лічылася, што гукі званоў ачышчаюць зямлю ад брыдоты, псоты, “забівае” нячыстую сілу. З той жа мэтай усходнія славяне выкарыстоўвалі званочкі, як у абрадавым, так і ў паўсядзённым жыцці.

    Маленькія званочкі прымацоўвалі да збруі, каб па дарозе не здарылася нічога дрэннага ні з жывёлай (канём), ні з ездакамі. Званочкі, бразгалкі сталі абавязковымі для ўпрыгожвання вясельнага поезда. Яны лічыліся самым надзейным абярэгам на ўсім шляху маладых.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=24363




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz