ДЗЕДАВІЦА

ЗОРКІ, ГВЯЗДЫ, ЗВЁЗДЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗОРКІ, ГВЯЗДЫ, ЗВЁЗДЫ

    Элемент астанамічнага кода традыцыйнай мадэлі свету. Мадэлюючыя функцыі З. найперш выяўляюцца ў матыве “Нябеснай сям’і”, дзе З. аказваюцца дзецьмі маці-Сонца і бацькі-Месяца, якія ў сваю чаргу рэпрэзентуюць ідэальную сямейную пару. Гэты матыў добра прадстаўлены ў беларускіх фальклорных тэкстах кшталту:

    “Стаіць цярём вышы ўсіх харом.

    А ў тым цераме да чатыры углы,

    Чатыры углы да чатыры акны…

    У адным акне – ясён месіц, 

    У другім акне – ясна заря, 

    А ў трэцім акне – дробныя звёзды,

    А ў чацьвёртым акне – цёмная ночка.  

    Ясна зара – яго жана,   

    Дробныя звёзды – яго дзеткі, 

    Цёмная ночка – ўсяго яго сім’я”

    (варыянт:

    “У другім вакне – красна сонца…  

    Красна сонца – жана яго…” і пад.).

    Матыў “Нябеснай сям’і” можна лічыць за згорнуты этыялагічны міф пра паходжанне З. Існавала і іншая версія такога этыялагічнага міфа, заснаваная на праекцыі астранамічнага кода ў рэчавы код і звязаная з уяўленнямі пра З. як пра нябесныя свечкі (параўн. загадку: “Свечак многа гарыць, а ні воднай не патушыць” (зоркі на небе), якія

    1) штовечар запальваюцца анёламі;

    2) запальваюцца анёламі, калі нараджаецца новы чалавек.

    Да гэтага ж шэрагу належыць і павер’е, што сузор’е Сіта (Пляяды) – гэта свечкі, якія гараць на небе там, дзе анёлы збіраюць душы праведнікаў ад душ грэшнікаў. У прынцыпе колькасць З. на небе адпавядае колькасці жывых людзей на зямлі, але аднак рэальна іх заўсёды болей, бо Бог некаторых праведнікаў забірае на неба жывымі.

    Калі чалавек памірае, анёлы гасяць яго свечку і тая падае з неба (гл. Зоркі падучыя). Прычым калі памірае грэшнік, яго З. адразу падае долу, З. ж чалавека справядлівага ляціць або ў бок, або проста ўгару. Існавала і атясамленне З. з душамі памерлых, якіх Бог выпускае на прагулку, каб яны маглі з вышыні паглядзець на сваіх жывых сваякоў, з душамі няхрышчаных дзяцей, якія з неба свецяць сваім бацькам, а таксама прыпадабненне З. да светлякоў.

    Апекуном, “зорка-водам” душ – З. на небе ў песнях і загадках выступае Месяц:

    “Хадзіў, пахадзіў 

    Месяц па небу, 

    Ой, зваў, перазваў 

    Зоры з сабою:

    - Зоры, зараніцы, 

    Мае сястрыцы,   

    Хадзіце са мною 

    Бога шукаці”;

    “Адзін пастух пасе тысячу авец” (неба і зоркі) і да т. п. Менавіта гэтае атаясамленне З. і душ ляжыць у падваліне ўяўленняў пра сувязь З. і лёсаў людзей і заснаваных на іх гаданнях і прадказаннях. Усе З. маюць свае спецыфічныя асаблівасці.

    Насамай справе З. вельмі вялікія. Калі б якая з іх упала на зямлю, то палову свету заняла б. Праўда, сцвярджалі, што некаторыя знаходзілі З., якія абрынуліся на зямлю. Іх насілі ў розных аздабленнях, аднак толькі староннія людзі маглі бачыць хараство такіх З., уладальніку ж яны падаваліся простым каменем. З. розняцца сваім бляскам.

    З. добрых людзей гараць ясна, зіхотка, а грэшнікаў – ледзь свецяць, а то і не свецяць зусім. Пра апошніх людзей казалі, што “ён шэльма з-пад цёмнае зоркі”. Вялікія зоркапады лічыліся кепскімі знакамі. Яны паказвалі на тое, што або дзесьці адбываецца страшная “рубаніна”, або што год будзе ўраджайны толькі на адну якую збажыну, аднак не ўсе дачакаюць спажыць яе, бо будзе моцны паморак.

    Фальклорны вобраз З. актуалізуе ідэю множнасці, а адсюль багацця, дастатку. У загадках З. згадваюцца або праз мноства нейкіх дробных рэчаў (гарох, бульба, “Сярэброаны плясочак”, дзірачкі, зерне), або праз мноства хатніх жывёлін (“шмат белых парасят”, “быдла незлічона”, “авечкі не лічаны”). Адсюль калядныя варожбы на ўраджай і прыплод.

    Так, зорнае неба на куццю прадвяшчала багатыя пчаліныя раі і наагул прыбытак на ўсё: збажыну, скаціну і дзяцей, таксама ўраджай грыбоў , ягад і арэхаў, а таксама раі на пачатку лета, на другую куццю- ураджай сярэдняга ячменю, грэчкі або ўраджаі пад канец лета.

    Тая ж ідэя ляжыць у аснове формул-зычэнняў: колькі З. на небе, каб столькі снапоў на полі, і да т. п. Святло ясных З. лічылася вельмі спрыяльным, таму пад “божую страху”, пад зорнае неба выстаўлялася прыгатаванае для сяўбы насення, соль у ноч на Чысты чацвер (чацвярговая соль) ды інш.

    Казачны эпас ведае матыў скрадання З. (разам з сонцам і месяцам) з неба, які мае яўны касмаганічны кантэкст. У казцы “Пра Івана – Дарагана” іх скрадае “з пачатку света” Кашчэй Бяссмертны (гл. Кашч).

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1962




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz