ДЗЕДАВІЦА

ЗАМОК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЗАМОК

    У народных вераваннях выступаў як сімвал аховы, з’ядання ці раз’ядання. Разам з ключом згадваўся і выкарыстоўваўся пры разнастайных жыццёвых здарэннях, станавіўся элементам пэўных магічных замоваў і дзеянняў, напаўняючыся ў кожным канкрэтным выпадку адметным сэнсам. Замкнуты З. выкарыстоўваўся ў часе першага выпасу жывёлы, на Юр’я, дзе выконваў функцыю абярэга ад ваўкоў. У гэты дзень яго кідалі пад дзверы хлява, яго насілі пастухі ў кішэнях (“Няхай замкнецца ў ваўка пашча на ўсё лета!”).

    Калі жывёла гублялася, замыкалі З., і знахары чыталі над ім замовы,пакуль скаціна не вярталася. Калі ж у лесе знаходзілі толькі рэшткі знішчанай каровы, да рагоў яе чэрапа чаплялі замкнуты З. і абыходзілі межы сваёй вёскі (кола магічнае), каб драпежнікі не цягалі астатняй худобы. З ім звязаны і хатнія заняткі: З. клалі на века дзяжы, каб ён даваў выцякаць цесту.

    Часта З. як магічны прадмет выкарыстоўвалі пры розных жыццёвых абставінах. З яго дапамагаю, лічылася, можна развязаць шматлікія праблемы. Пры нежаданні мець дзяцей жанчына хавала замкнуты З. дзе-небудзь высока да таго часу, пакуль у яе зноў не ўзнікала жаданне прадоўжыць свій род, пасля чаго яна павінна была яго разамкнуць.

    Здаралася, З. у адным і другім стане (у залежнасці ад жадання ці нежадання жанчыны мець дзяцей) бралі з сабою пад вянец. З. як бы прадвызначаў раскрыццё жаночага чэрава. Каб спыніць крывацечу, падчас цяжарнасці кідалі замкнуты З. у ваду і праз дзень давалі яе выпіць.Пры пагрозе выкідушу праз замкнуты З. знізу ўверх тройчы сыпалі зерне ці прасоўвалі кавалак хлеба і лічылі ў адваротным парадку.

    Роды суправаджаліся у хаце, у каморы абавязковым размыканнем З., што азначала сімвалічнае раз’яданне маці і дзіцяці. Аналагічныя дзеянні рабіліся і пры паміранні хворага, дзе размыканне З. павінна было паскорыць раз’яданне спакутаванага цела з душою. Пры пахаванні свайго дзіцяці маці мусіла пакласці яму ў труну або ў яму замкнуты З. дзеля таго, каб замкнуць смерць і каб іншыя яе дзеці не паміралі. Сваё сэнсавае напаўненне меў З. і ў варожбах.

    Дзяўчаты складвалі трэсачкі накшталт калодзежнага зруба, усярэдзіну ставілі шклянку з вадою, а зверху клалі З. – у сне павінен быў з’явіцца і адамкнуць яго той, хто неўзабаве стане мужам. Варажылі і з ключом: падвешвалі яго і, апусціўшы ў калодзеж, глядзелі, у які бок ён адхіляецца, гэтым вызначалі напрамак жыхарства будучага жаніха; альбо выцягнуўшы з-пад перавернутых пасудзін сярод іншых магчымых рэчаў менавіта ключ, меркавалі, што дзяўчына неўзабаве ці пойдзе служыць, ці стане гаспадыняю.

    У народзе жылі легенды пра міфічныя расліны – Папараць-кветку і Разрыў-траву, якія нібыта маглі адмыкаць і замыкаць любыяЗ. І прыносіць незлічоныя багацці сваім уладальнікам. Амулетам для размыкання З. магла, казалі, служыць нейкая адмысловая забытая костка ад чорнага ката. Розныя трактоўкі З. і ключа даюць народныя тлумачэнні сноў.

    Убачаныя ўвосні З. папярэджвалі чалавека засцерагчыся ад злодзеяў, а таксама ўспрымаліся парадаю памаўчаць, каб потым не прыйшлося каяцца. Згубіць ключ – значыла, што не пашанцуе, знайсці яго – тайну адкрыеш, злодзея знойдзеш, трымаць ключ у руках – будзеш пра ўсё ведаць. Нярэдка вобразы залатых і сярэбраных З. і ключоў згадваюцца ў замовах, якія гучалі пры розных хваробах, суроках, родах. Колькасць іх можа вар’іравацца ў межах сімвалічных лічбаў: “Замыкаю гэты загавор сямюдзесяццю замкамі, сямюдзесяццю ключамі; кідаю ключы ў акіян – мора”.

    Гэтымі ключамі адмыкаюць З. на царскіх варотах, паясы і сустаўчыкі парадзіхі, каб тая не так пакутліва разлучалася са сваім нараджэнцам, або раз’ядноўваць пару людзей з непадзеленым каханнем: “Залатыя замкі, разамкніцеся, царскія вароты, расчыніцеся, дзве душачкі, разлучыцеся”. Замкнуты З. у тэксце замовы як бы замацоўваў выказанае магічнае пажаданне: “Етым маім словам ключ і замок. Замок замкну, а ключ аднясу пад Латыр-камень”.

    Выразная эратычная сімволіка З. і ключа, прычым першы, натуральна, увасабляў жаночы пачатак і больш канкрэтна – жаночыя дзетародныя органы (vagina i vulva), а другі – мужчынскі (penis). Гэтая сімволіка выразна выяўляецца ў шматлікіх загадках, замацавальных формулах некаторых замоваў, накшталт: “Ключ неба, зямля замок” пры атаясамленні Неба – бацька, Зямля – маці або “Замок брошу ў мора, ключ аддам на неба”( між іншага, у замове-прысушцы- “люжбы”).

    Самі дзеянні адмыкання/замыкання З. ключом сімвалізавалі, такім чынам, полавы акт (coitus), аплпдненне. Параўн. таксама веснавое адмыканне зямлі св. Юр’ям (радзей Юр’евай маці) і, як вынік, абуджэнне і апладненне зямлі нябеснымі росамі – ключамі: “Святы Юр’я, уставай рана, адмыкай зямлю, выпускай расу…”

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1782

    ЗА СЯМЮ ЗАМКАМІ

    У народнай культуры замок заўсёды быў сімвалам таямнічасці, замкнёнасці, закрытасці і, можа, менавіта таму аховы і абароны. Практычна ўсе замовы маюць заключны выраз: “Ключ, замок, амінь” ці “Словам маім ключ і замок”. У той жа час, калі адамкнуць замок з дапамогай ключа, гэта можа сімвалізаваць уваход у якія-небудзь новыя, невядомыя вобласці пазнання.

    Калі першы раз выганялі скаціну ў поле, часцей за ўсё на Юр’я, з замком абыходзілі ўвесь статак, затым замок замыкалі і казалі: “Я замочак замыкаю ада ўсіх пашчаў”. Лічылася, што такімі сімвалічнымі дзеяннямі “закрывалі” пасткі ваўкам і скаціне нічога не пагражала. Купленая карова павінна пераступіць праз адамкнуты замок, затым яго замыкалі і ўносілі ў хату.

    Лічылі, што ў такім выпадку карову ніхто не скрадзе і яна не адаб’ецца ад статку. 8l Каб карова-першацёлка не з’ела сваё цяля, на рогі ёй вешалі замок.

    * 6 студзеня гаспадыня абмотвала стол невялікім ланцугом і замыкала на ім замок, каб на ўвесь год “закрыць” языкі ўсім нядобразычліўцам сям’і. Такія ж дзеянні выконваліся, калі камусьці з членаў сям’і неабходна было ісці ў суд.

    * Дзверы нашых продкаў ніколі не зачыняліся. Але ў час эпідэміі воспы ці іншага інфекцыйнага захворвання на дзверы спецыяльна вешалі замкнёныя замкі. Лічылася, што гэта спыніць распаўсюджванне эпідэміі.

    * Падчас вясельнай змовы свацця клала пад парог хаты нявесты адамкнёны замок. Калі жаніх са сватам і дружынай выходзіў з хаты, свацця хуценька замыкала замок, а ключ кідала ў раку, каб нішто не перашкодзіла будучаму вяселлю.

    * Перад тым як жаніх павінен быў унесці нявесту ў хату, пад ручнік, якім быў засланы парог, клалі адамкнёны замок. Потым замок замыкалі, а ключ неслі ў хату нявесты, замок жа захоўваўся ў хаце жаніха. Лічылася, як гэты замок ніхто ніколі не адамкне, так і пара заўжды будзе разам. І толькі ў тым выпадку, калі ў сям’і не нараджалася дзяцей, хтосьці з пары быў бяздзетным, “вясельны” замок неабходна было абавязкова адамкнуць.

    * Калі ў хату ўносілі куфры з пасагам маладой, пільна сачылі за тым, каб замкі на іх былі адамкнутымі, інакш нявестка не зможа нарадзіць.

    * Менавіта па той жа прычыне падчас родаў у хаце павінны быць адчынены ўсе замкі і запоры.

    * Калі муж сварыўся і біўся з жонкай, ёй раілі, мыючы мужаву кашулю, злучаць рукавы замком.

    * Калі дзяўчына засядзелася “ў дзеўках”, на Юр’я (6 мая) трэба было абавязкова адкрыць у хаце ўсе замкі і запоры.

    * Да падкінутых ці знойдзеных замкоў заўсёды ставіліся з перасцярогай і ніколі не прыносілі іх у хату.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=18915




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz