ДЗЕДАВІЦА

ВЁСКА КУКАРАВА І ЯЕ СПРАДВЕЧНЫЯ ЗВЫЧАІ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЁСКА КУКАРАВА І ЯЕ СПРАДВЕЧНЫЯ ЗВЫЧАІ

    Цікавасць да аднаго з камянёў прывяла нас у вёску Кукарава Пагосцкага сельсавета Бярэзінскага раёна, дзе захаваліся даўнія звычаі, дзе людзі і дагэтуль памятаюць і расказваюць паданні продкаў. Напрыклад, мясцовыя старажытныя могілкі, дзе ўжо даўно не хаваюць, носяць назву Дзяды, пра іх не забываюцца, шануюць. Прычым мясцін з такой назвай у вёсцы дзве.

    Адны Дзяды месцяцца пасярод вёскі, там стаіць некалькі камянёў у выглядзе стэл. Другія Дзяды знаходзяцца каля лесу побач з Ляшэўскім балотам. Захавалася паданне, нібыта ў яго пры адступленні праваліўся сам Напалеон у сваёй залатой карэце. І час ад часу нехта з вяскоўцаў здалёк бачыць, як там прасушваецца золата. Але варта падысці бліжэй, як скарб знікае.

    Яшчэ якіх дваццаць гадоў таму жанчыны гэтай вёскі выконвалі такі абрад: аралі раку ўпоперак падчас сухмені, каб выклікаць гэтым магічным дзеяннем дождж. Таму што дождж, паводле старажытнабеларускіх вераванняў, сімвалізуе сабой апладняльную сілу і асацыіруецца з міфалагічным саюзам мужчынскага пачатку — неба, і жаночага — зямлі. Паводле пазнейшых уяўленняў, дождж з'яўляецца дарам Божым.

    А калі яго няма, — гэта стыхійнае бедства, насланае на людзей за іх грахі. Таму гэты абрад павінны былі здзяйсняць людзі «чыстыя» перад Богам, а дакладней, удовы, ці, што здаралася радзей, дзяўчаты. Гэта і пацвярджае расповед сучасных жанчын з вёскі Кукарава: «Сабраліся старыя бабы, скралі плуг на калгасным двары і занеслі яго на раку.

    Адныя ўпрэгліся, а другія паганялі іх пугаю». І тут высвятляецца яшчэ адна цікавая акалічнасць, якая сягае ў глыбіні дахрысціянскага жыцця беларусаў: вельмі важна рабіць такі абрад скрадзенай рэччу, бо гэта не звычайны крадзеж, а рытуальны. У нашым выпадку такой рэччу стаўся калгасны плуг, які пасля крадзяжу набыў сакральную якасць і зрабіўся ахвярай іншасвету.

    Углыб дахрысціянскіх вераванняў сягае іншая гісторыя, якую мы пачулі ад жыхароў Кукарава. Некалькі гадоў таму здарыўся ў адной з вясковых хат пажар. Хутка, падхоплены ветрам, агонь перакінуўся на суседнія дамы. І вось ненажэрнае полымя ахапіла некалькі драўляных пабудоў. Пажар гатовы ўжо быў перакінуцца на наступную хату.

    Але старая жанчына, якая жыла ў ёй, распранулася дагала, распусціла валасы і з абразом моўчкі абышла вакол хаты тры разы. Здарыўся цуд, пажар не толькі мінуў яе хату, а неўзабаве зусім спыніўся. Насамрэч мы не ведаем, як яно было, але назіраем пераканаўчую веру ў старажытныя абрады і вераванні, якія дайшлі да нас з мінуўшчыны.

    Згодна з імі, пажар быў для людзей найвялікшым бедствам і насылаўся вышэйшымі сіламі за парушэнне нейкіх маральных ці рытуальных норм у дачыненні да гэтых самых сіл. А што за сілы такія, якія маглі так жорстка караць? Найбольшая колькасць павер'яў была звязана з культам Бога-Грымотніка, па-іншаму — Перуна, які сімвалізаваў сабою «Божы агонь».

    3 цягам часу, калі на нашых землях усталявалася хрысціянства, функцыі магутнага Бога-Грымотніка ўвабраў у сябе вобраз св. Ільі. I яшчэ: пажар, пасланы ім, ні ў якім разе нельга было гасіць. «Што Бог запаліў, таго гасіць не можна». Таму падчас пажару ўсе дзеянні людзей былі скіраваны не на выратаванне запаленай пабудовы, а на тое, каб агонь не перакінуўся на суседнія будынкі.

    І тут асноўным прынцыпам выступаў абрад магічнага «замыкання» агню з дапамогай сакральных рэчаў, якімі маглі быць і вялікоднае яйка, і асвечаны хлеб, і малако, і абраз, як у нашым выпадку. Каб суцішыць пажар, трэба было з якой-небудзь адной з гэтых рэчаў тры разы моўчкі абысці вакол запаленай будыніны і потым кінуць яе ў якасці ахвяры ў агонь.

    Такія дзеянні лічыліся самым лепшым сродкам суцішыць стыхію. У некаторых рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў в. Кукарава, абрад «замыкання» рабілі голыя дзяўчаты ці старыя кабеты. Гэта па старажытных вераваннях павінна было ўзмацніць дзейнасць абраду. Таму што, па-першае, аголенасць чалавека сімвалізавала сабой вяртанне да першаснай чысціні і бязвіннасці. Згадайце абрад хрышчэння, папулярны не толькі для хрысціянскага светапогляду.

    Па-другое, здымаючы адзенне, чалавек тым самым набліжаўся да касмічных стыхій і іх магутных сіл, да якіх звяртаўся па дапамогу. Але па дапамогу і спрыянне ў справе чалавек павінен быў звяртацца моўчкі. Бязгучнасць — неабходнае патрабаванне многіх старажытных абрадаў і рытуальных дзеянняў старадаўніх людзей, у тым ліку і былых беларусаў.

    Бо маўчанне — гэта адна з асноўных прыкмет нябожчыкаў-продкаў, якія перасяліліся ў іншасвет. Таму, каб забяспечыць сабе поспех, людзі падчас кантакту з тым светам, з продкамі, павінны былі захоўваць маўчанне. Toe, што абрад выконваўся абавязкова жанчынамі, прычым, менавіта самымі бязгрэшнымі з іх, мы тлумачылі раней. А вось чаму яны пры гэтым распускалі валасы, трэба патлумачыць асобна.

    Нашы шматлікія казкі, легенды і паданні, замовы, словам, увесь той духоўны скарб, які застаўся нам у спадчыну ад нашых продкаў, сведчыць: валасы заўсёды ўяўляліся жыццядайным і магутным патэнцыялам, у якім былі злучаны фізічныя і духоўныя сілы чалавека.

    Старажытныя людзі верылі, што доўгія шыкоўныя валасы жанчыны і густая, пульхная барада мужчыны прыносяць ім шчасце і багацце, што маніпуляцыя валасамі можа забраць у чалавека сілу і здароўе, зрабіць старога маладым, і, наадварот, ператварыць маладога ў старога.

    Адначасова нашы продкі лічылі, што валасы з'яўляюцца самым актыўным сродкам энергетычнага сілкавання людзей ад космасу. Таму жанчыны пры родах, пры варажбе, падчас ткацтва, жалобы і г.д. абавязкова распускалі валасы, што набліжала іх да касмічных першапрыродных стыхій, адкуль яны, згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі, чэрпалі жыццёвыя сілы.

    Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/28/Падарожжа_па_Бярэзінскім_раёне.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz