ДЗЕДАВІЦА

ВЯЛІКДЗЕНЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЯЛІКДЗЕНЬ

    Веснавое свята старажытных славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу "вялікіх дзён" палявых работ; пазней да яго прымеркавана гал. хрысціянскае свята - "уваскрэсенне" распятага Хрыста. Лакальныя назвы вяліканне, вялічка.

    Паводле нар. павер'я на В., як і на купалле, сонца "іграе", або "купаецца" (сонца на бясхмарным небе абяцала багаты ўраджай, шчаслівыя вяселлі). У залежнасці ад месячнага календара В. прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая.

    Быў адным з самых радасных свят у жыцці земляроба. Адзначалі яго вельмі ўрачыста, гатавалі багата страў. Найважнейшыя бытавыя прыкметы і характэрная асаблівасць В. у беларусаў - фарбаванне яек (гл. Пісанкі), гульні ў біткі, хаджэнне валачобнікаў і спяванне на першы дзень свята валачобных песень.

    Абрадавы сэнс іх - пажаданне селяніну перад пачаткам палявых работ плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі ў сям'і. Да В. былі прымеркаваны таксама велікодныя песні, якія спявалі больш доўгі час. Яны мелі бытавы, пераважна гумарыстычны характар. З В. пачыналі вадзіць веснавыя карагоды.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/11033

    ВЯЛІКДЗЕНЬ, ВЯЛІКАДНЕ, ВЯЛІЧКА, ПАСХА

    Вялікае старажытнае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона. Верагодна, што з В. некалі мог пачынацца каляндарны год. У эпоху хрысціянства В. стаў прымяркоўвацца да ўваскрэсення ўкрыжаванага Хрыста.

    Дзень правядзення В. залежыць ад месячнага каляндара: у праваслаўных ён святкуецца ў нядзелю пасля поўні, якая з’явіцца на небе пасля дня веснавога раўнадзення, г. зн. Паміж 4 красавіка і 8 траўня н. ст. Да В., такім чынам, прывязаныя і іншыя рухомыя святы і перыяды народнага календара: Масленіца, Вялікі пост, Вербніца, Чысты чацвер, Радаўніца, Ушэсце, Сёмуха ды інш.

    В. – самае доўгачаканае і радаснае свята ў хрысціян, якое прыходзіла пасля працяглага сямітыднёвага посту. Да В. усе старанна рыхтаваліся, прыбіралі хату і падворак, напярэдадні гатавалі самыя разнастайныя стравы, каб належным чынам сустрэць свята.

    У суботу ўсе, хто мог, ішлі на святочную службу ў храм, а тыя, хто заставаўся дома, не клаліся спаць, раскладвалі на вясковых вуліцах вогнішчы і чакалі, калі апоўначы зазвоняць званы і паведамяць усім, што Хрыстос уваскрос. Казалі, што ад гэтага звону абуджаюцца пасля зімы пчолы і пачынаюць спяваць птушкі, і першым з іх наймілейшая Богу птушка – салавей.

    Напярэдадні В. ці на самым яго пачатку людзі неслі асвячаць у храм розныя стравы і перадусім яйкі, пафарбаваныя галоўным чынам у адвары шалупіння цыбулі ці кары дрэў, што надавала ім чырвоны колер ( былі і пісанкі, маляванкі – яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі). Яйка для асвячэння трэба было крыху аблупіць, каб святасць лепш прайшла ў яго.

    “Свято Вялічка – з красным яічкам” – менавіта ім разгаўляліся на В. за святочным сталом. А прынёсшы яйка дадому з царквы, апускалі яго ў ваду, каб ёю памыцца і потым быць румяным, прыгожым і здаровым увесь год. Адно велікоднае яйка клалі за абразы: калі яго кінуць у пажар, то ён патухне.

    З тою ж мэтаю захоўвалі шкарлупінне ад першага з’едзенага на В. яйка, нямыты абрус з велікоднага стала, косткі з асвечанага мяса спецыяльна закопвалі на гарышчы ( аднак калі іх закопвалі ў жыце, то спадзяваліся тым самым засцерагчы ніву ад буры і граду). Гарэлка, куды падсыпаны стоўчаныя скарынкі ад асвечаных булак, казалі, мае здольнасць усыпляць ведзьмароў.

    Улюбёныя гульні на В. – таксама з яйкамі: іх качалі па нахіленым жолабе і глядзелі, чыё далей пакоціцца; іх хавалі пад шапку і трэба было адгадаць, у які нпарамак глядзіць дзюбка яйка. Але найбольш пашыраная была гульня ў біткі. Стукаліся святочнымі яйкамі, і пераможцам быў той, у каго яно заставалася цэлае ( “мацак”).

    Забаранялася на В. біцца з кім бы там ні было – за бойку страшылі градабоем на ўсю вёску. У народзе верылі, што чужы чалавек, які трапіць на велікодную бяседу, мае здольнасць прыносіць шчасце ў гаспадарку. У першы дзень В. трэба было есці толькі ўсё асвечанае – гэта нібыта гарантавала, што ўлетку не ўкусіць змяя.

    Разгавеўшыся ў сваёй хаце, гаспадары прыхоўвалі рэшткі асвечаных страў, каб праз дзевяць дзён, на радаўніцу, занесці на могілкі і “пачаставаць” блізкіх нябожчыкаў. Нярэдка ў паўднёвых і цэнтральных раёнах Беларусі на В. хадзілі памінаць нябожчыкаў на могілкі. Відаць, таму, што на велікодным тыдні ў царкве стаяць адчыненыя царскія вароты, у народзе былі перакананыя: для ўсіх, хто памрэ ў гэты час, адчынены светлы рай, і душы нават самых вялікіх грэшнікаў увойдуць туды без перашкоды.

    Прыціхлыя на час посту песні, гульні, забавы цяпер зноў абуджаліся. На В. мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія ( да 10-20 чалавек) гурты валачобнікаў і хадзілі па сялу спяваць у кожным двары валачобныя песні ( “валачобнікі валачыліся”). Іх абрадавы сэнс – велічанне селяніна, пажаданне яму на пачатку палявых работ добрага здароўя, шчасця ў сям’і, прыплоту ў хляве, плёну на ніве.

    Ад В. пачыналі таксама вадзіць карагоды. Не абыходзілася і без варажбы. Дзяўчаты, каб даведацца, ці пойдуць сёлета замуж, спрабавалі пераскочыць цераз сані. Гаспадары, у якіх неўзабаве павінна была ацяліцца карова, чакалі, хто першы на В. пераступіць парог хаты: калі жанчына – народзіцца цялушачка, калі мужчына – бычок. На В. існавала багата прадказанняў надвор’я.

    Чакалася, што сонца на ўсходзе, як і на Купалле, “грае”, “ купаецца” ( гэта абяцала багатыя ўраджаі, шчаслівыя вяселлі). Адкуль вецер дзьме – адтуль будзе дзьмуць усё лета. Калі яснае і халоднае надвор’е – летам на садзе будзе поўна розных пладоў. Калі дождж – да Сёмухі трэба чакаць больш дажджоў, чым ясных дзён.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/722




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz