ДЗЕДАВІЦА

НЕАПАЛІМАЯ КУПІНА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НЕАПАЛІМАЯ КУПІНА

    Абраз Божай маці “Неапалімая купіна” лічыцца ахоўнікам ад пажараў і маланкі. “Неапалімая купіна” можа ўсцерагчы ад пажару, але можа і наслаць гром, маланкі, агонь і камяні з неба, як Ілля-прарок. Сяляне маліліся “Неапалімай купіне” пра абарону хаты, быдла ад агню. Кожны год у верасні ў Ляцягах Слаўгарадскага раёна адбываецца вясковае свята: людзі хрэсным ходам з абразом Божай Маці «Неапалімая купіна» абходзяць вёску, каб абараніць яе ад бедаў і няшчасцяў.

    Гэтая традыцыя вядзе свой пачатак ад Вялікай Айчыннай вайны. Дзень 17 верасня ў Ляцягах традыцыйна пачынаецца ў маленькай вясковай царкве. Яна знаходзіцца ў звычайным доме. Царква асвятляецца мяккім святлом свечак. Пеўчыя спяваюць тонкімі кранальнымі галасамі. Бабулі ў святочных чырвоных хустках шэпчуць малітвы і хрысцяцца.

    Айцец, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага храма ў аграгарадку Лясная вядзе службу, а потым запрашае жанчын на хрэсны ход. Крыж наперадзе нясе самая маладая жанчына, за ёй — бабулі з абразом «Неапалімая купіна», святар з крыжам у руцэ. Абраз «Неапалімая купіна» называюць у Ляцягах сваім ахоўным.

    — «Неапалімая купіна» вельмі шануецца ў Беларусі і іншых краінах, — нагадвае айцец. — У народнай свядомасці абраз ратуе ад бед і, найперш, пажараў. Таму ў гады вайны людзі да яго звярталіся з малітвамі аб заступніцтве. Абраз, што носяць вакол Ляцягаў, напісаны ў ваенны час. У 1943 годзе, калі да гэтых мясцін набліжаўся фронт, мясцовыя жыхары былі ў паніцы: яны баяліся (і не дарма), што немцы пры адступленні могуць спаліць паселішча.

    — Жанчына з вёскі, якая малілася Богу, замовіла ў Магілёве абраз «Неапалімая купіна», і дзве бабулі пешшу прынеслі яго з Чавусаў. І гэтым абразам тады абнеслі Ляцягі. Людзі ішлі па шляху, а адно гумно было ўбаку. Было позна, і вырашылі да яго не ісці. Дык пры адступленні немцы толькі тое гумно і спалілі.

    Маці Божая ночку не спала, нас ахоўвала. І мы засталіся жывыя, і хатачкі нашы цэлыя – так кажуць ў вёсцы. — Лінія фронту на Проні стаяла 9 месяцаў, і Ляцягі былі ў зоне абстрэлу. Але, у адрозненне ад суседніх, вёска засталася цэлая. Гэта дзіўна, і нават скептыкі не могуць гэта растлумачыць.

    Бо вёскі ў некалькіх кіламетрах адсюль былі спалены, і людзі жылі ў зямлянках. А тут снарады трапілі толькі ў сады ды гаспадарчыя пабудовы. З тых часоў вясковы люд вырашыў, што абносіць абразом Ляцягі трэба штогод. Так і робіцца. Хрэсны ход ад царквы спачатку ідзе да хаты захавальніцы ахоўнага абраза, які перадалі ёй старажылы.

    Ля варот дома тым часам адбываецца абрад: усе цалуюць «Неапалімую купіну» і праходзяць пад абразом. Потым маладзейшыя са святаром ідуць абходзіць вёску, усе пабудовы і палеткі, а таксама і помнік ахвярам Другой сусветнай вайны, а састарэлыя людзі застаюцца ў хаце. «Неапалімая купіна» месціцца на покуці.

    Гэтая няяркая выява на цёмнай драўніне ўбрана ў святочныя ручнікі і кветкі, перад абразом — пірог і запаленая свечка ў ім. Людзі моляцца, проста сядзяць побач, ціха размаўляюць. Пасля хрэснага хода захавальніца абраза запрашае аднавяскоўцаў і гасцей на абед. Гэта частка традыцыі, і людзі лічаць за гонар браць у ёй удзел. Ляцягі ў акрузе называюць яшчэ божай вёскай, і ўсе вельмі спадзяюцца, што яна сапраўды захаваецца і будзе жыць.

    Ілона Іванова.

    Крыніца: http://zviazda.by/globus/neapalimyya-lyacyagi




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz