ДЗЕДАВІЦА

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

    Міфапаэтычны вобраз, які выяўляе ўніверсальную канцэпцыю жыцця ва ўсіх яго праявах: нараджэнне – максімальная стадыя развіцця – смерць – новае нараджэнне. Разгляданы культурны канцэпт можна лічыць і мадэллю жыцця, і формулай яго дынамікі. Рэпрэзентантам Д. ж. станавіліся расліны, якія відавочна адрозніваліся ад іншых.

    Іх характарызавалі звычайна такія ўласцівасці, як даўгавечнасць, вялізныя памеры, а таксама шырокае ўжыванне ў розных практыках. У беларускіх народных уяўленнях, генетычна звязаных з агульнаіндаеўрапейскімі, такімі дрэвамі з’яўляліся явар, дуб і жаночая пара да іх – ліпа.

    З жаночых дрэваў таксама асаблівай жыццёвай сілай надзяляліся вярба і бяроза, што адбылося дзякуючы вялікай жыццяздольнасці гэтых дрэваў, якая праяўляецца ў непатрабавальнасці да ўмоваў жыцця, хуткім росце, раннім цвіценні і выпусканні лістоты.

    У народнай культуры названыя дрэвы сімвалізавалі плоднасць, выкарыстоўваліся як сродак павелічэння жыццёвай моцы, як абярэг, здольны засцерагчы чалавека і яго маёмасць ад уздзеяння дэструктыўных сіл, а таксама кадзіравалі ідэю абнаўлення космасу і соцыуму, натуральна станавіліся сімваламі роду (параўн. абазначэнне бярозай без вяршаліны няпоўнага роду і г. д.), звязвалі жывых са светам памерлых, макракосм з мікракосмам.

    Ідэя жыццясцвярджальнага пачатку, увасобленая ў Д. ж., прысутнічае і ў міфапаэтычных матывах першанароджанага дрэва (дуба, явара), а таксама ў веры пра магчымасць паходжання чалавека ад дрэва ці з дапамогаю яго ўздзеяння (на беларускім матэрыяле яна прасочваецца ў легендах і казках).

    Разам з тым дрэвы – рэпрэзентанты Д. ж. – звязваліся і са “злым” пачаткам і успрымаліся як локус дэманічных істот (лесавіка, русалкі, чорта, увасабленняў хваробаў ды інш.). Такая амбівалентнасць тлумачыцца тым, што Д. ж. можа выяўляць не толькі ўзыходзячую жыццёвую лінію, але і звязвацца з адмоўным складнікам дыхатаміі жыццё/смерць.

    Падобныя ўяўленні знайшлі пэўны адбітак у этыялагічных міфах пра названыя дрэвы, паўстанне якіх малюецца як вынік метамарфозы чалавека. Пры гэтым звяртае ўвагу факт дачаснай абарванасці чалавечага жыцця, якое знаходзіць працяг у іншай форме – дрэве (параўн. матывы беларускіх баладаў:

    “Яго бацька моцна скляў,

    Яго конік гарой стаў.

    А сядзельца – каменем,   

    Ён, малады, - яварам”,

    “Не сячы, мой татулька,/

    Пры дарозе бярозы…  

    Пры дарозе бяроза

    – Я сама маладзенька”,

    ці вераванне: “Нахіліўшыеся над вадою вербы – гэта праклятыя богам тыя мацеры, што страцілі сваіх дзяцей”). Шырока вядомыя таксама матывы беларускіх баладаў пра загубленых закаханых, якія працягваюць кахаць адзін аднаго ў выглядзе дрэў, што, вырасшы з магіл, сплятаюць свае галіны.

    Каля дрэваў, якія сімвалізуюць Д. ж., здзяйсняліся абрады, развязваліся важныя маральна – прававыя пытанні. У фальклорных творах прысутнасць такіх дрэваў служыла сродкам вылучэння, месца і надавала асаблівую вызначанасць падзеям, што адбываліся каля дрэва.

    А ў велічальных песнях – узвялічвала тых людзей, якім яны спяваліся. З цягам часу вобраз Д. ж. пачаў фармалізавацца, улучацца ў формулы паралелізму, набываць чыста эстэтычнае значэнне.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1432




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz