ДЗЕДАВІЦА

“ВАДЗІЦЬ ПА ВЁСЦЫ ПЕЎНЯ”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “ВАДЗІЦЬ ПА ВЁСЦЫ ПЕЎНЯ”

    Своеасаблівы варыянт выканання абраду калодкі зафіксаваны ў вёсцы Станіслава Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. “На Масленку хадзілі па дзярэўні, калодкі цаплялі. Во, найдзем палку харошу, на ету палку канфет начапаем, баранкаў начапаем, пятуха жывога на ету палку.

    Палка ж бальшая, а мы ж крылля звязываем яму, каб ня ўцёк. Тады, дзе ета вяроўка, усажваем на ету палку яго, а ён і сядзіць, і так: “Хо-хо-хо, хо-хо-хо!” Мы чэраз плечы палку і пашлі хадзіць з етым пятухом.

    К каму як зайдзем, так і пяець: “Ку-ка-рэ-ку!” — пятух еты. У кажную хату заходзім і прыглашаем у калодкі. Кажам: “Прыхадзіце, будзем гуляць там і там”, — гаворым у каго. Калодку гэту вешалі мужчынам, хто пападзецца.

    А ён жа тады адкупляецца. І ў кантору зайдзем, павесім каму — тады грошы дадуць. Як заходзілі ў хату, вешалі хазяіну. Сабіраюцца, гарманістаў наймем — поўна хата. Хто і сваю закуску нясець, а што насабіраем. Там гуляем, танцуем, пяём”.

    Прыведзенае апісанне зафіксавана сучаснымі збі-ральнікамі беларускай вуснапаэтычнай спадчыны. Каштоўнасць яго ў тым, што фалькларысты запісалі даволі рэдкі варыянт абрадавай практыкі з удзелам шмат у чым сакралізаванай хатняй птушкі — пеўня.

    У традыцыйнай культурнай спадчыне нашага народа певень быў надзелены даволі высокім статусам. Ён лічыўся птушкай-вешчуном, якая магла прадказваць долю чалавека. Менавіта таму ў асяроддзі беларусаў шырока бытавалі калядныя варожбы дзяўчат з удзелам пеўня.

    Клалі на падлогу абруч, кожная з удзельніц варажбы сыпала на падлогу ў межах абруча жменьку жыта. Затым у круг ставілі пеўня і чакалі, пакуль ён агледзіцца ў напалову асветленай хаце і нарэшце зробіць “свой выбар”. Былі перакананы: чыё зерне пачне дзяўбці першым, тая раней за іншых замуж пойдзе.

    У самай цеснай сувязі з калядна-навагоднімі варожбамі знаходзіцца абрад калодкі з удзелам пеўня. Вось тут становіцца зразумелым, што аўтар сучаснага апісанання не зрабіў вельмі патрэбнага ўдакладнення.

    Хаця жанчына-інфарматар робіць заўвагу: “У кажду хату заходзім!” — аднак, хутчэй за ўсё, жанчыны заходзілі ў тую “кожную хату”, у якіх або справілі вяселле і тады жадалі, каб “певень курачку патаптаў” (шырока распаўсюджаная эратычна-вясельная сімволіка), “а дзед унукаў даждаў”, або наведвалі тыя хаты, у якіх былі дзяўчаты на выданні, каб ім певень добрую долю наваражыў.

    Не выключана і тое, што на апошняй стадыі існавання некалі дакладна арыентаванае рытуальнае дзеянне набыло больш шырокі — агульнавясковы — гульнявы пачатак. Гурт жанчын рабіў абход вёскі і запрашаў усю абшчыну сабрацца ў складчыну і адзначыць яшчэ адзін святочны дзень.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29919




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz