ПРЫТКА, ПРЫТЧА, ПРЫЧЫНА.
Увасабленне няшчаснага выпадку, раптоўнай хваробы. Усё, што адбываецца з чалавекам нечакана, раптам, адносіцца да прыткі. Здарся яму зламаць нагу, зваліцца, спатыкнуцца, здарся з ім раптоўны боль, удар ці невытлумачальная хвароба - усяму віной злая прытча, прычына. Яе прылічалі да нячыстай сілы, якая пераследвае чалавека і здзекуецца над ім. "Ад прыткі не сыдзеш". У сялянскіх павер'ях прытка - гэта жывая істота, увасабленне рока, лёсу, няшчасця і нават нечаканай смерці. "Без прытчы веку не пражывеш". І сёння можна пачуць, калі чалавек ні з таго, ні з сяго крычыць, такія словы: “Прычынная яго ўзяла”.
Ад прыткі, якая прыносіць хваробы, сяляне выкарыстоўвалі замовы, рабіну, аканіт.
Словы, звязаныя з Прыткай: прыткі, прыткасць, спрыт, спрытнасць, спрытны, спрытнюга