ДЗЕДАВІЦА

“ШТО ГЭТА ЗА ВОЧЫ: АДНО СВЕЦІЦЬ УДЗЕНЬ, А ДРУГОЕ — УНОЧЫ”
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    “ШТО ГЭТА ЗА ВОЧЫ: АДНО СВЕЦІЦЬ УДЗЕНЬ, А ДРУГОЕ — УНОЧЫ”

    У народных уяўленнях Месяц заўсёды супрацьпастаўлялі Сонцу. Сонца свяціла ўдзень і давала жыццё ўсяму жывому на Зямлі. Месяц, наадварот, свяціў ноччу, таму асацыіраваўся з “тым” светам, светам памерлых:”.

    Па меркаваннях сялян Заходняй Беларусі, Месяц — гэта “пусты незаселены свет, дзе няма нічога, толькі крыжык стаіць”. У час, калі на небе з’яўляўся малады Месяц, трэба было маліцца за тых, хто памёр нядаўна, пры гэтым прыгаворвалі: “За тыя душы, што не дачакаліся Месяца маладога”.

    * На Беларусі вельмі часта Месяц называлі “цыганскім сонцам”, таму што яно свеціць “чужым”, тым, хто “не знае божай веры”.

    * “З высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі” — так у першую і трэцюю фазу звалі Месяц. Аднак часцей за ўсё ў загадках яго называлі рагатым пастухом, які пасе на небе авечак (зоры): “Поле не мерана, авечкі не злічаны, пастух рагаты”.

    * Неабходна адзначыць яшчэ адну цікавую акалічнасць: у славянскіх народаў Месяц мае дзве назвы: і мужчынскую — Месяц, і жаночую — Луна. У любоўных, вясельных і жніўных песнях жаніх часцей за ўсё параўноўваецца з Месяцам.

    * Месяц самым актыўным чынам уплываў на час нараджэння дзіцяці. Калі ён аказвае ўплыў на прылівы і адлівы на Зямлі, то, безумоўна, падпарадкоўвае сабе і тую “ваду”, у якой развіваецца эмбрыён чалавека.

    * У народзе спрадвеку існавала правіла: усе справы, скіраваныя на працяг роду, паляпшэнне дабрабыту, пачатак будаўніцтва хаты, улазіны і г.д., трэба рабіць на “мужчынскі” Месяц — “маладзік”, і ніколі не рабіць у “жаночую” — Поўню. Параўнайце, сярод беларусаў існавала павер’е: калі на Новы год першым у хату зойдзе мужчына, гэта будзе знакам шчаслівага навалецця, дабрабыту, спрыяльных навін, а калі жанчына — наадварот.

    * У народнай культуры два нябесныя свяцілы заўсёды суадносілі адно з другім, надзяляючы іх рысамі чалавека і далучаючы адно да другога пэўнай ступенню сваяцтва. Часцей за ўсё Сонца і Месяц лічылі мужам і жонкай, радзей — братам і сястрой.

    Матыў адвечнага суіснавання двух нябесных свяціл па-свойму асэнсоўваецца ў загадках і легендах: “Сястра да брата ў госці ідзе, а брат ад яе хаваецца”. Сэнс гэтай загадкі тлумачыць легенда пра тое, што некалі Сонца і Месяц былі роднымі братам і сястрой. Але злыя сілы разлучылі іх.

    Аднойчы яны сустрэліся і пакахалі адзін аднаго. Маці прыйшлося прызнацца, што яны родныя. Пасля таго, як іх шлюб не ўдаўся, Месяц бяжыць ад Сонейка, як толькі ўбачыць яго на небасхіле, і з’яўляецца толькі ноччу.

    Гэта легенда захавала ў сабе надзвычай старажытныя сямейна-родавыя стасункі і перш за ўсё тыя архаічныя часы, калі існаваў інцэст — дазвол на шлюб паміж роднымі братам і сястрой. У больш познія часы такія шлюбы былі забаронены.

    Узгаданая легенда якраз і адлюстравала гэтую памежную сітуацыю. Калі ж забарона парушалася, і маладыя ўступалі ў шлюбныя адносіны, то іх магло чакаць самае жахлівае пакаранне — праклён маці, які, як вядома, нейтралізаваць было немагчыма.

    * На працягу некалькіх стагоддзяў у храмах жаніх заручаўся залатым пярсцёнкам, а нявеста — срэбраным, што адпавядала старажытным уяўленням і сімвалізавала саюз паміж Сонцам і Месяцам: “Залаты пярсцёнак залатым бляскам сімвалізаваў сонца, святлу якога прыпадабняўся муж у шлюбным саюзе; срэбраны — падабенства месяца — меншага свяціла, якое зіхацела адлюстраваным сонечным святлом”.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=24189

    Стаўленне да Месяца ў народных вераваннях. З цягам часу ў асяроддзі ўсходніх славян сфарміравалася цэлая сістэма арыентацый, падмацаваных шэрагам рытуальных дзеянняў, для якіх было характэрна адзінства ацэнкі абодвух свяцілаў.

    Так, у той момант, калі на небе ўзыходзіла Сонца або нараджаўся Месяц, было прынята здымаць шапку і хрысціцца, чытаць малітву, вітацца з нябеснымі свяціламі. Катэгарычна забаранялася гаварыць у адрас Сонца і Месяца кепскія словы, слаць праклёны, паказваць пальцам, плявацца.

    Лічылася, што за гэта нябесныя сілы пакараюць нявыхаванага чалавека: рука адсохне, усё будзе валіцца з рук, нехта з родных памрэ.

    * Пасля заходу Сонца, у той час, калі на небе пачынаў панаваць Месяц, забаранялася выносіць што-небудзь з хаты, аддаваць ці пазычаць, пачынаць новы бохан хлеба. Вельмі строга ставіліся да таго, што пасля заходу сонца забаранялася выносіць з хаты агонь, каб не трапіць з ім у “царства памерлых”.

    Нашы продкі верылі ў магутную сувязь агню і Сонца, што той, хто разбурыць гэтую нябачную вокам еднасць, згубіць шчасце, удачу, дабрабыт.

    * Па вераваннях нашых продкаў, у час, калі на небасхіле свеціць Месяц, нячыстая сіла праяўляе найбольшую актыўнасць. Таму пасля заходу сонца імкнуліся не працаваць, зачынялі дзверы і вокны, дамачадцы збіраліся ў хаце.

    Ноччу забаранялася выносіць у двор малых дзетак, хадзіць у лазню, купацца ў адкрытых вадаёмах, мыць і вывешваць на вуліцу бялізну і дзіцячае адзенне. Таксама забаранялася пакідать пад месяцовым святлом ваду, якой будуць карыстацца для сябе і для жывёлы, на ноч абавязкова зачынялі калодзежы.

    * Свет Месяца заўсёды лічылі небяспечным і нават шкодным для чалавека. Асабліва перасцерагалі цяжарных жанчын і нованароджаных. Лічылася, калі цяжарная жанчына будзе спаць пад месяцовым святлом (а самае яркае святло ад Месяца — у поўню), яе дзіця народзіцца лунацікам і будзе пакутаваць усё жыццё.

    Таксама лічылася, што бяссонніца і “крыксы” ў дзяцей часцей за ўсё справакаваны месяцовым бляскам. Пра такіх дзяцей казалі, што іх “месяц засвяціў”. Таму, каб засцерагчыся ад такіх хвароб, трэба было зачыняць і завешваць вокны, калі на небе з’яўляўся Месяц, не ставіць ложак пад акно, каб “не падстаўляць твар святлу”.

    * Калі Месяц “змяняў” свой жоўта-залаты колер на чырвоны (быццам бы “заліты людской крывёю”), гэта заўсёды лічылася дрэнным знакам, які прадказваў вайну, эпідэмію, голад, мор, неўраджай.

    * “Барвовы колер месяца, а таксама яго зацьменне адбываецца таму, што месяц ужо надта напіўся чалавечай крыві ў выніку кровапралітнай вайны, якая дзесьці адбываецца” — так тлумачылі нашы продкі тыя незвычайныя з’явы, якія адбываліся са станам ці колерам Месяца.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=24206




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz