ДЗЕДАВІЦА

РАНАК - ПЕРАХОД АД ЦЕМРЫ ДА СЬВЯТЛА
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    РАНАК - ПЕРАХОД АД ЦЕМРЫ ДА СЬВЯТЛА

    Размова з Тацянай Валодзінай

    Напэўна, шмат каго зь людзей наведвае час ад часу навязьлівая думка, што ён не самастойны ў сваіх дзеяньнях, што ім нехта кіруе. Чалавек нібыта змушаны штодня падпарадкоўвацца завядзёнцы, нейкім правілам, якіх ён ня можа парушыць, ад іх ён залежыць. Жыцьцё ўвогуле й распарадак кожнага дня падпарадкаваны пэўнай схеме, а значыць, ужо ад самага ранку кімсьці абмяжоўваецца ягоная свабода.

    -- Чалавек намагаецца вырвацца з жорсткіх рамак традыцыі й зрабіць па-свойму. Але гэтыя рамкі не адпускаюць яго,сьціскаюць. Кім? Чым? І чаму?

    -- Намі кіруюць продкі. Гэта яны, іхныя некранутыя ўстановы сьціскаюць нашу падсьвядомасьць. Таму чалавек сваім нараджэньнем і ўсім жыцьцём, кожным сваім годам і кожным днём, паўтарае тую адну, вызначальную, галоўную архетыповую дзею -- пачатак Сусьвету. У строгай цыклічнасьці -- зарука гармоніі й стабільнасьці. Чалавек мусіць трымацца спрадвечных, касмалягічна вывераных законаў і штодзень -- разам з Сонцам -- праходзіць іхны агульны шлях.

    -- Гэты цыкль пачынаецца ранкам. Якая міталёгія, магія, рэлігія ці дыктат продкаў прасочваецца ў той першай гадзінцы нашага дня?

    -- Прачынаньне ў структуры дня, сутак -- гэта першы міні-пераход, першае пераадоленьне мяжы паміж дзьвюма досыць аўтаномнымі часткамі рэчаіснасьці, у дадзеным выпадку, паміж двума адрэзкамі часу. Кожны ж пераход у нашым жыцьці ўлучае й вызваленьне ад уплываў і ціску папярэдняга, і пераадоленьне ягоных магчымых узьдзеяньняў. Для ранку ж такім папярэднікам выступае ноч.

    -- Ноч і для сучаснага гараджаніна -- час асаблівы, напоўнены прыцягальнай таямнічасьцю...

    -- І не дарма, бо лічылася ноч часам ня толькі проста цёмным, але й небясьпечным, бо актывізуецца нечысьць усіх рангаў і званьняў. Чалавек, які сьпіць, знаходзіцца ва ўладаньнях царства ночы, і шматлікія павер'і сьцьвярджаюць, што душа ягоная, аддзяліўшыся ад цела, вандруе дзесьці воддаль. Таму першай забаронай выступае непажаданасьць раптоўнага абуджэньня. Трэба, каб душа пасьпела вярнуцца да цела. Здаровым і найбольш прымальным ёсьць натуральнае прачынаньне. Нездарма мы так і не палюбілі монстраў цывілізацыі -- гучныя будзільнікі. Зь іншага боку, сымбалічнае прыпадабненьне сну да сьмерці вызначае разуменьне ночы як падарожжа чалавека на той сьвет. У народзе гэтак і кажуць: Як чалавеку сьніцца, што дзе далёка быў або што рабіў, то гэта-такі праўда, што быў і рабіў, бо як чалавек засьне, то зь яго душа вылезе, то ходзіць усюды і ўсё робіць, а потым як назад у цела вернецца, то й чалавек прачнецца. Таму арганічнымі бачацца рытуалы ачышчэньня, вы- зваленьня з-пад узьдзеяньня ночы й ейных насельнікаў. Калі ўбачылі дрэнны сон, жагналіся й казалі тры разы: «Куды ноч, туды й сон», а таксама глядзелі ў акно, а гэта значыць, зьвярталіся па дапамогу да сьвятла, што зможа нэўтралізаваць шкодныя наступствы ночы.

    -- Прачнуліся, усталі з ложка. Чаго далей патрабуе ад чалавека традыцыя?

    -- Уранку, абудзіўшыся, чалавеку належыць адразу ж аддаць перавагу станоўчаму. Станоўчае ж рэалізуецца ў больш прыватных катэгорыях, прыкладам, ва ўсім правым у процівагу леваму. Хрысьціянства толькі напоўніла канкрэтнымі пэрсанажамі гэтую арха- ічную пару левага й правага, калі зьмясьціла з правага боку ў нас анёла, апекуна, а зь левага -- чорта, спакусьніка, на якога й сплёўваем мы часам празь левае плячо. Гэтаксама й ранкам перавага за правым бокам: Устаючы рана з пасьцелі, няможна станавіцца на зямлю перш леваю нагою, бо цалюсенькі дзень будзеш злаваць як паганы сабака альбо гад; перш трэба абуваць і правую нагу, тагды перш прыступіцца анёл і адгоніць ліхую сілу, каторая заўжды вартуе зь левага боку; хто рана ў першы раз ступіць на левую нагу, таго спаткае якоесь няшчасьце. -- Таму й кажуць -- зь левай нагі ўстаў? А калі сьпіш на жываце, што тады?

    -- У традыцыйнай мадэлі сьвету левае сынанімічна ніжняму альбо задняму, і таму забараняецца ўставаць ня толькі зь левай нагі, але й сьпінаю ўверх. І пра таго скажуць: ліхі, бо, мусіць, устаў ракам. Хада задам наперад успрымалася як рух у прастору за сьпінай, а гэта значыць, на той сьвет, у антыпрастору, дзе чакаюць чалавека ўсе адпаведныя падзеі.

    -- Наступны этап -- адзяваньне. І гэта такое звыклае й будзённае дзеяньне, напэўна,таксама аздабляецца пэўнымі прадпісаньнямі й правіламі традыцыі. А калі, спазьняючыся,надзенеш штосьці навыварат?

    -- Што ж, гэта значыць -- сёньня цябе нехта паб'е, альбо, зыходзячы з законаў імітатыўнай магіі, чакае цябе прыкрасьць з нагоды таго, што ад цябе гэтак жа адвернуцца твае знаёмцы. Калі ж у час апрананьня залупіцца падол, то ў той самы дзень будзеш п'яны. Як і калісьці, сучасьнік успрымае выпадковасьці як пэўныя знакі, якія ён расшыфроўвае, зыходзячы з тых ці іншых асацыяцыяў ці аналёгіяў.

    -- Далейшы істотны пункт будзённага распарадку -- умываньне. Гэтае дзеяньне сёньняшнімі так званымі акультнымі навукамі разглядаецца ня толькі ў сваім фізіялягічным аспэкце,а як і ачышчэньне духоўнае, змываньне граху. А ў народнай традыцыі?

    -- Продкі нямытага чалавека прыпадабнялі да «нячыстага» ў шырокім разуменьні гэтага паняцьця. Згадаем адно зь іншасказальных найменьняў чорта -- нямыцік. І што важна, нямыты чалавек успрымаўся як асабліва падуладны чорту, які мог беспакарана зрабіць яго сваёй ахвяраю. Дарэчы, нашы папярэднікі адмоўна ставіліся да фарбаваньня твару, прычынай таму было нэгатыўнае стаўленьне да ўсяго ненатуральнага ды сакральны статус чысьціні наагул. Лягічны працяг умываньня -- выціраньне -- таксама было рэглямэнтаванае. Катэгарычна забараняецца выціраць твар чымсьці непрыдатным, скажам, анучаю, бо спрацуе закон аналёгіі -- людзі стануць табой пагарджаць.

    -- Памыліся. Далей -- прычэсваемся, парадкуем валасы. Валасы ж ва ўсіх культурах надзяляюцца розным сэнсам. Дык,можа,ня толькі з эстэтычных меркаваньняў патрэбныя нам грабянцы?

    -- Ня толькі. Валасы распушчаныя, непакрытыя і ўскудлачаныя лічыліся характэрнай прыкметай пэрсанажаў нячыстай сілы, выступалі сымбалем хаосу й чужасьці. Прычасаныя, упарадкаваныя валасы, у сваю чаргу, сымбалізуюць прыналежнасьць да культуры, соцыюму. Само прычэсваньне тлумачыцца як пераход з пэўнага стыхійнага стану да культурнага існаваньня. А раніцай патрабавалася вызваліцца з-пад улады ночы, калі забаўляліся з валасамі розныя нашы нябачныя суседзі, і замацаваць пераход да дня, сьвету й культуры ўпарадкаваньнем валасоў. Расказвалі, што ...дамавік, як залюбіць хазяйку, дык пачне к ей ноччу хадзіць. Валасы пазаплятае, касічак наробіць, не разьдзераш. І Пятніца такая была, як баба, хадзіла па хатах, дык хто ў пятніцу праў, таму валасы ўзаб'е, як кудзелю, ды каўтун напусьціць.

    -- Такім чынам, пачатак працоўнага дня, як і шмат гадоў таму, і сёньня, выглядае прыблізна аднолькава. Дык які вышэйшы сэнс гэтага звыклага парадку?

    -- Асноўнай сэмантычнай дамінантай як кожнага зь міні-рытуалаў, гэтак і ўсяго ранішняга абраду выступае ідэя пераходу -- пераходу ад дня да ночы, ад цемры да сьвятла, ад сну да бадзёрасьці й, у выніку, ад паўпрыроднага, амаль хаатычнага й блізкага да іншасьвету стану ў сьвет культуры й сацыяльных дачыненьняў. У традыцыйнай культуры розныя часавыя цыклі ў сваім значэньні тоесныя адзін аднаму. Так і ранак у сутачным цыклі раўнуецца да нараджэньня, пачатку жыцьця чалавека. Выходзіць, чалавек, як і навародак, штораніцы вызваляецца з-пад ціску іншасьвету, змывае ўсё старое й нячыстае й, апрануўшыся ды прычасаўшыся, уваходзіць у соцыюм. http://pawet.net/library/history/bel_history/_books/rakicki/%D0%A0%D0%B0%D0%BAi%D1%86%D0%BAi_%D0%92%D1%8F%D1%87%D0%B0%D1%81%D0%BB%D0%B0%D1%9E._%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%90%D1%82%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%82%D1%8B%D0%B4%D0%B0.html




    Copyright MyCorp © 2018
    Конструктор сайтов - uCoz