ПТУШКІ
Вобразы П. у мiфапаэтычнай мадэлi свету беларусаў абумоўлены перадусiм прыродна-геаграфiчна-клiматычнымi ўмовамi. Фальклорная iнтэрпрэтацыя гэтых вобразаў захавала i глыбока архаiчныя агульнасусветныя матывы. Сусветнай унiверсалiяй выступае размяшчэнне П. (перадусiм арла, сокала, ворана) на вяршынi Сусветнага дрэва. Часцей гэтая П. судачыняецца з богам Грымотнiкам, пазней з хрысцiянскiм богам. Сувязь Сусветнага дрэва, яго вяршынi, з выраем месцам знаходжання душаў памерлых абумовiла унiверсальную мiфалагему «птушкi-душы». У вераваннях беларусаў памерлая мацi П. прылятае да свайго дзiцятка; на Дзяды на могiлках кармiлi П., а тых, хто павесiўся, памiналi два разы на год: сыпалi на ростанi для П. зерне. Найбольш поўна вераваннi аб перасяленнi душаў памерлых у П. адлюстравалiся ў пахавальных галашэннях: «Усе птушачкi iз вырая ляцяць, а ты, мой татачка, у вырай ляцiш»; «З якiмi птушачкамi прыляцiш, чы з салаўямi, чы з зязюляю?» У каляндарных памiнках захавалася тая ж сiмволiка душаў, як П. «Светлыя дзяды. Вы сюды прыляцелi, пiлi i елi... А лепей ляцiце да неба. Акыш, акыш». У беларусаў, як i ў iншых народаў свету, «птушкi выступаюць як мiфапаэтычныя класiфiкатары i сiмвалы божай iснасцi, верху, неба, Сонца, грому, ветру, воблака, свабоды, росту, жыцця, урадлiвасцi, багацця, узыходжання, прадказання, сувязi памiж касмiчнымi зонамi, душы, духа жыцця» (Вяч. Ус. Iванаў, У. М. Тапароў). Мае месца i пазначэнне праз сiмволiку П. сацыяльных, узроставых i полавых катэгорый жыцця. Найбольш папулярнае i вядомае ў мностве варыянтаў замяшчэнне вобразамi П. дзяўчыны/нявесты, хлопца/жанiха. Вядомае беларусам i разуменне П. як сродкаў магiчнага ўздзеяння прадукавальнага цi абарончага характа ру. Даўней шырока практыкаваліся прадказанні па палёце П. лёсу, долі, здароўя, дабрабыту, надворя. П. у народным мастацтве беларусаў сустракаюцца ўжо з часоў неалiту. Пададзеныя схематычнымi адлюстраваннямi на побытавых вырабах цi ў выглядзе дробнай пластыкi сiлуэты i фiгуркi дзiкiх i свойскiх П. выконвалi магiчныя i абрадавыя функцыi, заклiканыя дапамагаць у паляваннi, ахоўваць жыллё ад ліхіх духаў ды iнш. (напрыклад, схематычны малюнак качкi на аскепку чарапка з паселiшча Крывiн Сенненскага р-на, чалавека i качкi на сценцы пасудзiны з паселiшча блізу в. Юравiчы Калiнкавiцкага рна). Дакладна з перадачай драбнейшых дэталяў зроблена галоўка вадаплаўнай П. са стаянкi Асавец Бешанковiцкага р-на. У народным мастацтве выявы П. да нашага часу з'яўляюцца папулярнымi матывамi ў аздабленнi вырабаў побытавага i ўтылiтарна-мастацкага прызначэння або асноваю iх формаўтварэння. Найбольш старажытныя i пашыраныя вобразы качка (сiмвал дабрабыту), певень (сiмвал пачатку новага дня, усходу Сонца, знiкнення нячыстай сiлы) ды iнш. Iх сiлуэты можна бачыць у афармленнi вiльчакоў, лiштваў i iншых элементаў народнага жытла, яны з'яўляюцца даўнiмi i папулярнымi вобразамi глiняных цацак свiстулек. У вобразе качкi зробленыя формы драўляных сальнiчак, чарпакоў ды iнш., вобраз пеўня можна бачыць на драўляных дошках для выпечкi фiгурнага абрадавага печыва, у вырашэннi ручак чарпакоў карцоў. Асаблiва папулярныя гэтыя вобразы ў дэкоры тканых i вышываных вырабаў. Сiлуэт качкi часта ўводзіцца ў арнаментыку ручнiкоў, певень звычайна паказваецца папарна абапал «дрэва жыцця», букета, вазона. Ручнiкi з матывамi качак i пеўняў былi звязаны з многiмi народнымi абрадамi, асаблiва вясельнымi. Пэўна, больш позняе паходжанне маюць вобразы голуба, зязюлi, паўлiна, хоць галубы вельмi частыя ў дэкоры посцiлак i вясельных ручнiкоў, на якiх сiмвалiзавалi сямейнае шчасце i згоду. У сучасным народным мастацтве вобразы П. страцiлi сваю ахоўную ролю, сталi чыста дэкаратыўнымi элементамi (у ткацтве, вышыўцы, карункапляценнi) або асноваю формаўтварэння вырабаў (саламяная пластыка, глiняная цацка, драўляныя вырабы ўтылiтарна-мастацкага прызначэння). Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories2/267.htm