ДЗЕДАВІЦА

ПАХАВАННЕ ДЗЕДА І БАБЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПАХАВАННЕ ДЗЕДА І БАБЫ

    У шэрагу вёсак Полацкага, Шумілінскага, Гарадоцкага р-наў Віцебскай вобл. Зафіксаваныя масленкавыя пахаванні спецыяльна вырабленых лялек Дзеда і Бабы. У вобразе Дзеда персаніфікуюцца і матэрыяльна ўвасабляюцца “мясныя запусты” – як кажуць: “Дзед падавіўся косткай”.

    У першы дзень Масленкі выраблялі пудзіла ў чалавечы рост з падкрэсленымі мужчынскімі атрыбутамі, якое затым клалі на лаве ў кут. Збіраліся жанчыне і аплаквалі Дзеда.

    Уласна для фігуры Дзеда ў прыгаворах і галашэннях падкрэсліваецца яго ўзрост (“сто гадоў жыў”), тое, што “ўсім быў дзед”, г. зн. з’яўляўся агульным продкам, і яго мнагажонства, нявернасць і гіперсексуальнасць (праз нагавіцы прадзявалася вяроўка з палкай – качалкай, якую час ад часу прыводзілі ў рух, што выклікала смерць прысутных).

    Надзвычай істотнае і імя Дзеда – Сідар, Сідока (У. М. Тапароў залівае гэтае імя да варыянтаў кадзіравання самога Грымотніка). “Хавалі” Дзеда, выносячы з хаты і кладучы ў сані. Завяршаўся тыдзень вырабам і пахаваннем аналагічнай лялькі – Бабы, у вобразе якой у сваю чаргу важную ролю адыгрывала жаночая атрыбутыка.

    Смерць Бабы тлумачылі тым, што яна “падавілася сырніцай”. Як і Дзеда, Бабу аплаквалі, неслі на вуліцу, там здымалі адзенне і разбіралі пудзіла. На думку даследнікаў, Сідар – першы памерлы чалавек і нават апякун свету продкаў. Яго пахаванне і меркавала наступнае ўваскрэсенне са стымуляцыйя урадлівасці і вегетацыі.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4053

    АБРАД ПАХАВАННЯ ДЗЕДА І БАБЫ НА МАСЛЕНІЦУ

    Некалі Масленіцу беларусы гулялі весела, з разнастайнымі абрадамі ў розных рэгіёнах. Паўсюдна захоўвалася традыцыя гасцявання з частаваннем вялікай колькасцю аладак, бліноў, сыру, масла, іншых страваў, катаннем на конях — на доўгі лён. Дзеці ладзілі шмат гульняў на вольным паветры, каталіся з горак на санках.

    Дарослыя весяліліся, праводзілі зіму з элементамі карнавалу і эротыкі ў прыпеўках, абрадах, паводзінах. Асаблівую распушчанасць у паводзінах дазвалялі сабе жанчыны, якія звычайна паводзілі сябе сціпла: яны пілі піва з даёнак, каб столькі давалі малака іх кароўкі, непрыстойна жартавалі паміж сабой і з мужчынамі — гэта павінна было адагнаць зіму і паклікаць вясну, падчас якой усё ў прыродзе абуджалася дзеля працягу жыцця.

    Моладзь гушкалася на арэлях, бабы спявалі песні пра жаночую долю… Гуртамі адведвалі маладух, якія выйшлі замуж у Мясаед, прасілі вынесці ім сыру, каб нарадзіла сына, да яго мачок, каб было ў сям’і некалькі дачок.

    Муж маладухі частаваў жанчын, а яны весяліліся ад душы. Сярод вялікай разнастайнасці беларускіх абрадаў і звычаяў на Масленіцу невялікімі месцамі на Паазер’і існаваў абрад пахавання Дзеда і Бабы — у Шумілінскім, Лёзненскім, Гарадоцкім раёнах. Абрад праводзілі пажылыя жанчыны, а ўдзельнічаць магла ўся вёска.

    Перад Масленіцай у краме ці на вуліцы нагадвалі адно аднаму, што захварэў Дзед — мусіць, хутка памрэ, прыходзьце адведаць. Хата, дзе праводзіўся абрад, звычайна была пастаяннай. Напрыклад, у вёсцы Маскаляняты Гарадоцкага раёна да нядаўняга часу яго захоўвала Марыя Кузьмінічна Сафронава, якая пераняла традыцыю ад сваёй маці.

    Цяпер старэнькая Марыя Кузьмінічна занядужала, а ў абязлюджанай вёсцы ніхто іншы не адважваецца ўзваліць на сябе такі клопат. Затое ў вёсцы Даўгаполле некалькі жанчын, якія некалі ўдзельнічалі ў гэтым абрадзе, калі жылі ў іншых вёсках, аднавілі яго. Абрад у 2013 годзе ўзяты пад ахову дзяржавы, яму нададзены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Даўгапольскія жанчыны таксама бралі ўдзел у абрадзе, які ладзіла Марыя Кузьмінічна.

    Па-першае, усім у вёсцы абвяшчалі, што Дзед Сідорка касцёй падавіўся ў мясаед і памёр. На акно ставілі шклянку з вадой, накрывалі лустачкай хлеба. Хлеб клалі ў ручніку на Куце, там жа запальвалі свечку. Сідар Міхайлавіч сапраўды некалі жыў у гэтай вёсцы, быў падобны па паводзінах да гэтага карнавальнага Дзеда, таму за ім і захавалася такое імя.

    Старэйшыя жанчыны напярэдадні Масленіцы рабілі саламяную ляльку ў чалавечы рост, апраналі ў мужчынскае адзенне, галасілі над гэтым Дзедам, а час ад часу цягнулі за вяровачку ў штанах, адкуль выскоквала раней костка, а ў пазнейшыя гады морква, што нязменна выклікала смех і здзіўленне: “сам памёр, а ягоны струк яшчэ жывы!”.

    Дзед быў абжора, п”яніца, меў шмат жонак і дзяцей. Як толькі ў хату, дзе на лаве ў Чырвоным куце ляжаў Дзед, прыходзіў новы чалавек, торгалі за вяровачку. Мужыкі адразу лаяліся (у гэтым абрадзе лаянка рытуальная), жанчыны выказваліся больш далікатна і адразу ж уваходзілі ў ролю, якой іх надзялялі ўдзельніцы абраду.

    “Во, — кажуць, — пабочная дачка прыляцела на самалёце здалёк, аж з Краснаярска. Паспела, дзякуй Богу, зможа прасціцца з бацькам”. Тая дачка гаворыць: “А я яго ж ніколі не бачыла. Хоць далёка, але ж трэба хоць памерлага бацьку пабачыць. А мой жа ты родненькі! А чаго ж ты нас пакінуў! А мая ж мамачка цябе так любіла, калі ты быў маладзенькі і ў арміі служыў…”

    Нешта накшталт такой сцэнкі я назірала ў выкананні пляменніцы Марыі Кузьмінічны. І такія ролі раздавалі па рознай ступені сваяцтва ўсім, хто заходзіў паглядзець на Дзеда. Кожны казаў: “Ён усім быў Дзед”, што сведчыла пра тое, што яго ўяўлялі продкам, як і Бабу.

    Абавязкова прыходзіў ці то прафсаюзны дзеяч, ці то кіраўнік мясцовай гаспадаркі (такую ролю давалі штогод пэўнаму мужыку, які добра яе выконваў) — ён вёў рэй на гэтым абрадзе, як пры сапраўдным пахаванні: гаварыў прамовы, ухваляў Сідара Міхайлавіча за добрую працу і “трудовые заслугі”, расказваў біяграфію — толькі станоўчыя якасці “нябожчыка” высвечваў у параўнанні з жанчынамі, якія ў большасці ганілі Дзеда, але ж і шкадавалі, галасілі па ім, папракаючы за адмоўныя паводзіны: “

    Ой, Дзед ты наш, што ж ты нарабіў, такое нам гора…”, “А куды ж ты сабраўся, у якую далёкую дарожачку? А чаго ж ты так рана ў гэтую дарожку выбраўся?”, “Прылятай ты к нам пад акошачка!

    А мы ж цябе чакаць будзем, якую ты нам вестачку прынясеш пра нашу мамачку Васілісачку. А ці добра ёй на том свеці ці нядобра…” Але наступаў момант, калі ў хату прыходзіў Лекар і пачынаў шукаць прычыну, ад якой памёр Дзед: мацаў рукі, ногі, галаву, нарэшце даставаў з жывата вялікую костку і абвяшчаў, што той яе праглынуў.

    Бабы смяяліся: “Мы ж казалі, што касцёй у Мясаед падавіўся!” Пасля Лекара прыходзілі Поп і Дзяк адпяваць Дзеда. Поп махаў кадзілам і спяваў, а Дзяк яму падпяваў — нешта смешнае яны спявалі і гаварылі, але ўсе смяяліся стрымана, хаваючы твары ў адзенне. Нарэшце Дзеда грузілі на санкі і везлі ў канец агарода (раней — у канец вёскі), закопвалі з галашэннямі, прамовамі, як на сапраўдным пахаванні.

    Па-сапраўднаму накрывалі ў складчыну і памінальны стол, садзіліся за яго і тры разы выпівалі, закусвалі моўчкі, адкладаючы на асобны сподачак для Дзеда, але як толькі Кузьмінічна камандавала, гарманіст расцягваў мяхі, пачыналіся танцы, прыпеўкі, весялосць і далейшае застолле з песнямі.

    Такім самым чынам стараюцца хаваць Дзеда і Бабу жанчыны з Даўгаполля. Толькі іх нямнога, і вёска, калі і мела некалі гэты абрад, то даўно страціла, таму жыхароў прыходзіць мала.

    У вёсцы ўвогуле засталося мала жыхароў. Ды і панядзелак — працоўны дзень… Але ўсё ж гэты абрад праводзіцца, жыве. Можа, і захаваецца, калі гэтаму будуць садзейнічаць культработнікі, а ўся вясковая супольнасць падтрымае і ўключыцца ў гэты дзіўны карнавал.

    Рэгіна Гамзовіч Фота: Аляксей Сталяроў

    Крыніца: http://budzma.by/news/abrad-pakhavannya-dzyeda-i-baby-na-maslyenicu.html




    Copyright MyCorp © 2019
    Конструктор сайтов - uCoz